Лексічнае значэнне слова. Урок беларускай мовы ў 5-м класе

- 9:19II И III СТУПЕНИ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

Урок з прымяненнем гуманна-асобаснага падыходу.

Вольга КАШКО,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Гімназія № 31 г. Мінска імя К.Т.Мазурава”

 

 

 

 

 

Клас: 5-ы.

Тэма: “Лексічнае значэнне слова”.

Мэты:

– даць паняцце пра лексічнае значэнне слова;
– вучыць вызначаць лексічнае значэнне слоў па кантэксце, раскрываць значэнне слова рознымі спосабамі, ужываць словы ва ўласным маўленні ў адпаведнасці з іх лексічным значэннем;
– выхоўваць у дзяцей павагу да слова, да бліжняга, да самога сябе.

Абсталяванне: раздатачныя карткі, яблыкі (могуць быць намаляваны).

 

Ход урока

І Арганізацыйны момант

– Добры дзень, дзеці. Сядайце. Ці задумваліся вы калі-небудзь, чаму беларусы вітаюцца словамі “Добры дзень”?

– “Здароў”, “Добры дзень”, “Прывітанне”… Мы прывыклі вітаць адзін аднаго, але не кожны задумваўся, ці любое прывітанне будзе да месца.

– Прывітанне фармальнае. “Добры дзень!” – так можна звяртацца ў любы час сутак да людзей, старэйшых па ўзросце, начальства, суседзяў, людзей малазнаёмых, з якімі вы не маеце зносін цесна. Пры гэтым трэба суправаджаць сваё прывітанне поглядам у твар знаёмаму, прыемнай усмешкай. Калі вітаюцца мужчыны, то часцей суправаджаюць прывітанне поціскам рукі.

– Прывітанне сяброўскае. “Прывітанне”, “Вітаю”, “Здароў” – гэтыя прывітанні больш цёплыя. Так мы вітаемся з сябрамі, сваякамі, з тымі, з кім маем зносіны на “ты”.

– Вітацца можна па-рознаму: казаць розныя словы, усміхацца, аднак пры гэтым помніць, што вітацца – гэта значыць жадаць дабра, а таму жадайце яго з задавальненнем усім вашым знаёмым людзям.

Бачыце, як важна ведаць, што нясе ў сабе слова, каб не трапіць у нечаканае становішча.

 

ІІ Мэтавызначэнне. Стварэнне ўнутранай матывацыі вучняў

– Як вы думаеце, чым мы сёння будзем займацца на ўроку? (Дзеці самастойна выводзяць мэты ўрока).

– Кожны чалавек раз у год адзначае свой дзень нараджэння. А ці хацелі б вы часцей яго адзначаць? Чаму? (Госці, падарункі). Давайце зараз паслухаем адну прытчу.

Адзін хлопчык адзначаў свой дзень нараджэння. Да яго прыходзілі госці і прыносілі падарункі.

– Дзеці, а што зараз дораць на дзень нараджэння? (Дзеці пералічваюць).

Хлопчык чакаў гасцей. Прыйшоў адзін і падарыў падарунак, другі падарыў падарунак, трэці…
Вось ізноў раздаўся званок. Хлопчык адчыніў дзверы і ўбачыў незнаёмага хлопчыка.
– Хто ты? – пытаецца юбіляр. – Я цябе не ведаю.
– Я хачу падарыць табе падарунак, – адказаў незнаёмец.
– У цябе ж нічога няма.
– Я табе прашапчу падарункі на вуха. – Ён падышоў блізка і нешта ціхенька сказаў хлопчыку на вуха.
Калі юбіляр падняў вочы, каб глянуць на незвычайнага госця, то яго ўжо не было.
Хлопчык зайшоў у кватэру. Ён быў моцна здзіўлены і толькі ўслых сказаў:
– Словы… Знайшоў мне падарункі…

– Як вы думаеце, хто гэты сябар?

– Ці важкія падарункі падарыў ён хлопчыку? Чаму?

– Як гэта прытча можа быць звязана з тэмай нашага ўрока?

 

ІІІ Вывучэнне новай тэмы

– Я таксама прынесла вам падарункі. Калі яны вам не спадабаюцца, аддасце мне іх назад, я іх забяру з сабой. Але словы я вам проста так не аддам, вы павінны будзеце іх разгадаць. Для пачатку адкажыце на пытанні:

– Што такое лексічнае значэнне? (Правіла на с. 82–83).

– Назавіце лексічнае значэнне слова слова.

– Бачыце, колькі ў слова значэнняў. Яно мнагазначнае. Якімі спосабамі мы тлумачылі слова?

1) Апісалі, пералічылі галоўныя прыметы прадмета;
2) Падабралі блізкія па значэнні словы.

На с. 84 вучні знаёмяцца з іншымі спосабамі тлумачэння значэння слова.

 

Работа на картках

– Словы вельмі важкія ў нашым жыцці. І ад таго, як мы імі карыстаемся, многае можа залежыць.

– Як вы разумееце адзінае выказванне, што размешчана на аркушы?

(Першы радок у Евангеллі ад Іаана; важкасць слова ў нашым жыцці).

– Звярніце ўвагу на суседні малюнак. Расшыфруйце яго. (Любоў).

– Вызначце яго лексічнае значэнне. (Пачуццё глыбокай прыхільнасці да каго ці чаго-небудзь, адданасць. Любоў да радзімы, любоў чытача, любоў маці).

– Якое слова існуе ў беларускай мове, каб перадаць пачуцці паміж мужчынам і жанчынай? (Каханне).

– Першае слова, якое я вам хачу падарыць, – гэта ЛЮБОЎ. Пакідаеце яго сабе?

 

Фізкультхвілінка

 

– Паслухайце яшчэ адну прытчу.

Жылі-былі два суседы. Жылі яны доўга і ніколі не сварыліся. Аднойчы вырашылі паглядзець, а як яно будзе: жыць у сварцы. Адзін другому гаворыць:
– Давай я вазьму яблык, а ты скажаш, што ён твой. Гэта і будзе пачатак нашай сваркі.

– А цяпер уявім, быццам я і кожны з вас – суседы, якія распачалі гэтую сварку.

Настаўнік падыходзіць да вучняў і прагаворвае:

– Гэта мой яблык… А што адкажа мой вучань? (На пэўным вучні спыняецца і перарывае спрэчку, каб пазней зноў да яе вярнуцца).

 

Выкананне заданняў

– Паглядзіце на крыжаванку і паспрабуйце назваць, якое слова ў ёй зашыфравана (адказ дзеці шэпчуць на вуха настаўніку).

– Якое дачыненне словы крыжаванкі маюць да выдзеленага слова?

Чалавек: ён чыёсьці чада (дзіця, устар.сл.); дзякуючы пэўнаму жыццёваму вопыту яго думкі і выказванні становяцца мудрымі (параўн. мудрасць – штосьці цяжкае для разумення); калі яго грандыёзнасць і незвычайная сіла выклікае вялікую павагу, то мы можам гаварыць пра яго веліч (параўн. веліч – штосьці вялікіх памераў); яго ўчынкі і справы павінны быць добрымі (параўн. дабро – маёмасць); ззянне і бляск вачэй пад уплывам якога-небудзь пачуцця выпраменьваюць святло (параўн. святло – светлая пляма, блік, напрыклад, на карціне); перакананне, упэўненасць нараджае вера; мысленне, мысліцельны працэс характэрны толькі для чалавека.

– Якімі спосабамі вы растлумачылі значэнні слоў?

– Слова ЧАЛАВЕК – другі мой вам падарунак. Пакідаеце слова сабе?

Настаўнік вяртаецца да прытчы і разбіраецца, чый жа яблык, да таго часу, пакуль хтосьці з дзяцей без падказкі настаўніка не скажа, што “яблык яму не патрэбны” ці “вазьміце яго сабе”, “я вам яго аддаю”. Такім чынам ён загляне ў сябе, пераадолее сябе, узвысіцца да Асобы – і зробіць прыемнае іншаму.

– І апошняе заданне – па прапанаваных значэннях запішыце словы. Агучце толькі тое слова, якое зашыфравана ў крыжаванцы. (Адказ вучні шэпчуць на вуха настаўніку).

– Разам называем усе словы, што раскрываюць слова СЭРЦА: сумленне, міласэрнасць, высакароднасць, адданасць, сонца.

– Звяжыце ўсе словы з цэнтральным словам СЭРЦА.

– Трэцяе слова-падарунак вам – СЭРЦА. Пакідаеце яго сабе?

– Тры падарункі: СЭРЦА, ЧАЛАВЕК, ЛЮБОЎ.

Заданне.

Устаўце ў сказы неабходныя па значэнні словы.

Ты нарадзіўся, але павінен стаць.
Сонца ўсіх сонцаў ёсць .
ёсць вышэйшая мужнасць: яна гатова на любыя ахвяры.
у   – што і раніца з сонцам.

Ты чалавекам нарадзіўся, але Чалавекам павінен стаць.
Сонца ўсіх сонцаў ёсць сэрца.
Любоў ёсць вышэйшая мужнасць: яна гатова на любыя ахвяры.
Любоў у сэрцы чалавека –што і раніца з сонцам.

– Чым вы карысталіся, устаўляючы прапушчаныя словы?

– Растлумачце сэнс выказванняў.

– Чаму ў першым выказванні слова чалавек напісана па-рознаму? Чым абумоўлена напісанне слоў?

 

IV Рэфлексія

– Чаму вы сёння навучыліся?

– У чым каштоўнасць слоў-падарункаў?

– На яблыку напішыце сваё слова-падарунак настаўніку.

 

V Дамашняе заданне

§ 22, прыдумаць сваё слова-падарунак.

– Напішыце лексічнае значэнне свайго слова-падарунка.

– Падумайце, каму вы яго падорыце.

– Запішыце сказ з гэтым словам, у якім будзе выражацца асноўны сэнс таго, што вы б хацелі сказаць таму, каму гэта слова прызначана.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий