Фальклорнае свята “А ўжо недалечка чырвонае яечка”

- 9:34I СТУПЕНЬ, Методичка, НАЧАЛЬНАЯ ШКОЛА, Начальная школа. Группа продленного дня

Знаёмства з традыцыямі святкавання Вялікадня, абрадамі, гульнямі.

 

Галіна УС,
выхавальнік
ДУА “Іўеўская пачатковая школа”,
Гродзенская вобласць

 

Мэта: знаёмства з традыцыямі святкавання Вялікадня, абрадамі, гульнямі, якія суправаджаюць гэта свята.

Задачы:

– садзейнічаць засваенню ведаў пра свята Вялікдзень;
– фарміраваць цікавасць да беларускай мовы;
– удасканальваць творчыя здольнасці малодшых школьнікаў;
– выхоўваць павагу да культуры свайго народа, яго традыцый, звычаяў, абрадаў.

Дзеючыя асобы: Вядучы, гаспадыня Тэкля, гаспадар Мікола, валачобнікі, механоша, унукі Ганначка і Васілёк, музыкі.

Месца правядзення: гульнявы пакой групы падоўжанага дня.

Аўдыторыя і яе ўзрост: вучні 1–2-х класаў.

 

Ход мерапрыемства

Уводзіны

Вядучы. Добры дзень, хлопчыкі і дзяўчынкі! Шаноўныя госці, і вам добрага здароўя! Сёння мы святкуем цудоўнае свята, свята вясны, весялосці і дабра. Свята, калі ўсе адзін аднаму даруюць дрэннае, радуюцца і сустракаюць вясну. Свята ўсіх хрысціян – Вялікдзень (Вялікадзень, Вялічка, Пасха, Светлае Хрыстова Уваскрэсенне).

Да свята загадзя старанна рыхтаваліся, пасцілі, прыбіралі сваё жыллё, хадзілі мыцца ў лазню, фарбавалі яйкі. Традыцыя фарбавання яек была звязана з веснавымі святамі і сімвалізавала абуджэнне прыроды. Фарбаваныя яйкі выкарыстоўваліся ў разнастайных абрадах: іх клалі на парог хлява, першы раз выганяючы жывёлу ў поле. Закопвалі на ніве, каб добра расло збожжа, клалі на покуці за абраз, лічачы яйка цудадзейным, здольным абараніць хату ад пажару і маланкі. Гладзілі па твары дзетак, каб раслі здаровенькімі ды прыгожанькімі. Выкарыстоўвалі таксама ў абрадзе памінання продкаў.

Велікодны тыдзень пачынаўся ўсяночнай службай у Вялікую Чырвоную суботу. У царкве свяцілі пафарбаваныя яйкі, пірагі, мак, хрэн, соль, мяса і інш. Раніцай у нядзелю хадзілі глядзець “гульню” сонца, пафарбаванымі яйкамі гулялі ў “біткі”, качалі іх, гушкаліся на арэлях, вадзілі карагоды.

Прапануем і вам стаць удзельнікамі фальклорнага свята “А ўжо недалечка чырвонае яечка”.

 

Тэатральна-гульнявая дзейнасць

У святочна прыбраны пакой, спяваючы песню “А ўжо недалечка чырвонае яечка”, уваходзіць гаспадыня, ставіць на стол хлеб, соль, клінковы сыр, галінкі вярбы. Уваходзіць па-святочнаму апрануты гаспадар.

Гаспадар. Вось, Тэклечка, і дачакаліся Вялікага дня! На душы так хораша: птушкі абудзіліся, спяваюць, на досвітку неба заружавела, сонейка хутка выгляне.

Гаспадыня. Ведаеш, Мікола, і мне вельмі радасна. Сёння мы святкуем цудоўнае свята, свята вясны, весялосці і дабра.

Гаспадар. Тэклечка, а колькі розных прысмакаў ты падрыхтавала да гэтага свята! Можа пара на стол накрываць ды гасцей чакаць, а то прыйдуць – тады не паспеем.

Гаспадыня. Не хвалюйся, Мікола, паспеем, а пакуль нясі кошык з фарбаванымі яйкамі ды на стол стаў.

Гаспадар. Нясу, нясу, мая даражэнькая. (Ставіць на стол. Убягаюць Ганначка і Васілёк.)

Ганначка і Васілёк. Добрай раніцы, бабулечка і дзядулечка! (Падбягаюць да дзядулі і бабулі.)

Дзеці. Хрыстос уваскрэс! (3 разы.)

Гаспадыня і Гаспадар. Сапраўды ўваскрэс! (3 разы.)

Ганначка і Васілёк. Бабулечка, дзядулечка, любыя нашы! Віншуем вас са святам!

Гаспадыня. Дзякуй вам, дзетачкі-кветачкі мае, красачкі любыя!

Гаспадар. Яшчэ і сонейка не заззяла, а вы ўжо тут. Дзякуй вам!

Гаспадыня. Бачу ў вочках вашых яшчэ сон. Тады падыходзьце бліжэй, будзем умывацца святой вадзічкай. А ў вадзічку пакладзём яечка чырвонае, каб здаровымі ўсе былі, прыгожымі, чырвонашчокімі і моцнымі, як шкарлупіна гэтага яйка. (Кладзе ў ваду чырвонае яйка.)

Гаспадар. Бачыце, як трэба ваду рыхтаваць да мыцця ў Вялікдзень!

Ганначка. Ой, як цікава!

Васілёк. А чаму так трэба мыцца?

Гаспадар. А таму, што існуе такое павер’е – калі памыешся гэтай вадой, то ачысцішся ад усялякіх нягод.

Гаспадыня (гаспадыня трымае ваду.) Мыйце вочкі свае светлыя, тварыкі белыя, каб былі чыстыя, а шчочкі ружовыя, як яйкі, каб жыццё ваша было чыстым і празрыстым, як крынічка лясная.

Гаспадар (гладзіць па твары дзетак фарбаваным яечкам.) Дай вам Бог вырасці здаровенькімі ды працавітымі. (Дзеці заканчваюць мыцца. Выціраюцца белым ручніком.)

Гаспадыня. Ну вось, вочкі засвяціліся радасцю, як зорачкі, і сонейка ўжо ўзышло, заглянула да нас у акенца.

Гаспадар. Ведаеце, дзеткі, што Вялікдзень – гэта свята сонца, абуджэння прыроды і надыходу палявых работ.

Ганначка. Ведаем, ведаем, дзядулечка. Нам матуля пра гэта гаварыла.

Васілёк (выглядае ў акно). О, дождж пачаўся!

Гаспадар. Будзе дождж ісці – будзе хлеб расці!

Гаспадыня. А цяпер запрашаю ўсіх да стала. Снедаць будзем. Хачу вас спытаць, якія стравы былі абавязковымі на стале ў гэта свята?

Ганначка і Васілёк. Пірагі, яйкі, пасха.

Гаспадар. Так, але ўсе пачыналі снедаць пасля таго, як кожны паспрабуе свянцоную страву – яйка, хлеб, соль.

Гаспадыня. А яшчэ свянцонае яйка клалі на покуці за абраз, лічачы яго цудадзейным, здольным абараніць хату ад пажару, а ўраджай – ад граду.

Гаспадар. А каб кулічы ўдаліся на славу, нельга сварыцца падчас іх прыгатавання.

Гаспадыня. Раней святочнай ежы на Вялікдзень надавалася вялікае значэнне. Пасля асвячэння пасхі ў царкве кожны гаспадар імкнуўся як мага хутчэй данесці яе дадому. Гэты звычай быў заснаваны на народным павер’і: хто першы прыбяжыць з пасхаю дамоў, у таго будзе лепшы ўраджай і той гаспадар першым скончыць палявыя работы.

Гаспадар. Існавалі і іншыя павер’і: хлеб будзе расці так хутка, як бяжыць з пасхай гаспадар; хто ўсіх абгоніць, у таго конь будзе самы дужы і цэлы год будзе ў рабоце абганяць іншых.

Гаспадыня. Паслухайце ўважліва, што яшчэ вам раскажу. У дзень Светлага Хрыстова Уваскрэсення было прынята наведваць бальніцы, бедных людзей і дарыць ім падарункі. Нават жорсткія, злыя людзі стараліся быць добрымі, ветлівымі ў Вялікдзень.

Гаспадар. Неад’емнай часткай свята было і застаецца ўпрыгожванне яек. Першапачаткова яйкі фарбавалі ў чырвоны колер (крашанкі), пазней – размалёўвалі рознымі ўзорамі (пісанкі).

Гаспадыня. Ганначка, Васілёк, а вы ведаеце, адкуль павёўся звычай хрыстосавацца фарбаванымі яйкамі?

Васілёк. Не, не ведаем.

Ганначка. Але вельмі цікава паслухаць пра гэта.

Гаспадар. Я раскажу вам паданне даўніны глыбокай. Паданне расказвае, што святая Марыя Магдаліна прыйшла да цара Тыберыя, каб паведаміць яму радасную вестку аб уваскрашэнні забітага Ісуса і паднесла яму ў падарунак звычайнае яечка. Але цар ёй не паверыў і сказаў: “Хай гэтае яйка пачырванее, тады паверу, што Ісус уваскрэс”. І яйка ў тое ж імгненне стала чырвоным. Марыя Магдаліна сказала: “Хрыстос уваскрэс”, а Тыберый адказаў: “Сапраўды ўваскрэс”. З той пары людзі ў светлы дзень Вялікадня фарбуюць яйкі, пры сустрэчы вітаюцца “Хрыстос уваскрэс”, а ім адказваюць “Сапраўды ўваскрэс” і абменьваюцца яечкамі.

Ганначка. Бабулечка, дзядулечка, дзякуй вам за цікавае паданне.

Гаспадыня. Чуеш, Мікола, здаецца валачобнікі ідуць? (Уваходзяць валачобнікі.)

Першы валачобнік. Гаспадары, шырока дзверы адчыняйце, валачобнікаў запрашайце!

Другі валачобнік. Дазвольце павіншаваць са святам, святам абуджэння прыроды, святам Сонца і надзеі.

Усе разам. Хрыстос уваскрэс!(3 разы.)

Гаспадар. Сапраўды ўваскрэс!(3 разы.) Калі ласка, заходзьце ў хату, госцейкі доўгачаканыя.

Трэці валачобнік.

Валачобнікі валачыліся,
У веснавой вадзе замачыліся.

Чацвёрты валачобнік.

Замачыліся, не сушыліся,
У вашу хату прыйшлі – заваліліся.

Пяты валачобнік.

Як нам рады – запрашайце,
Песні велічальныя слухаць пачынайце.

Гаспадар. Калі ласка, даражэнькія валачобнікі, на лавы зручней сядайце і песню заспявайце.

Шосты валачобнік (гучна, звяртаючыся да першых двух).

Пачынальнічкі, запявайце,
А падхватнічкі, прадаўжайце!

Выконваецца песня “Пришла весна пасхальная”.

Гаспадар. Добра спявалі, нам вельмі спадабалася. А цяпер гульню-карагод пачынайце.

Гульня-карагод “Сонейка”

Дзеці.

Гары, сонца, ярчэй
Лета будзе гарачэй,
А зіма цяплейшая,
А вясна мілейшая!

На два радкі дзеці ідуць карагодам. На два іншыя – паварочваюцца адзін да аднаго і робяць паклон. Затым падыходзяць бліжэй да “Сонца”, якое водзіць. Яно кажа: “Горача”,  – і даганяе іх. “Сонца” дакранаецца да спячых. Яны прачынаюцца.

Гаспадар. Вось як весела ў нас у гэты велікодны час. Запрашаем прыняць удзел у велікодных забавах. (Раздае ўсім яйкі).

Гаспадыня.

А каб добра пагуляць
Ды моц яек паспытаць,
Спачатку аб зубкі трэба пастукаць,
Да вушка прыкласці, паслухаць:
Калі яйка гудзе – значыць моцным будзе,
А калі не – значыць, нехта разаб’е.

Гульня “Біткі”

Адзін б’е. І той, чыё яйка пабілася, аддае “бітку” пераможцу.

Гульня “Чыё яйка далей пакацілася”

З горкі або падвешанай з аднаго боку дошцы дзеці парамі пускаюць яйкі. Неабходна пракаціць яйкі па горцы так, каб яно не ўпала, не разбілася і пакацілася як мага далей за яйкі сапернікаў; чыё яйка пракоціцца далей, той і пераможца.

Гульня “Катанне яек насустрач адзін аднаму”

Яшчэ адна гульня з велікоднымі яйкамі. Гуляюць на гладкай падлозе ці стале. Двое гульцоў становяцца насупраць адзін аднаго і коцяць яйкі насустрач адзін аднаму. Адзін кажа: “Хрыстос Уваскрэс!”, іншы адказвае яму: “Сапраўды ўваскрэс!”. Яйкі павінны сутыкнуцца адноз адным. У каго яйка разаб’ецца, той прайграў і аддае яго пераможцу.

Гульня “Раскруці яйка”

Гуляюць двое, у кожнага сваё яйка. Адначасова гульцы раскручваюць велікодныя яйкі на стале, у каго яйка будзе даўжэй круціцца – той і выйграў. Пераможца забірае яйка ў прайграўшага саперніка. Гуляць можна не толькі ўдваіх, але і ўтрох, учатырох, тады пераможца забірае ўжо не адно яйка, а ўсе.

Гаспадыня.

Конкурс пачынаем новы!
Падыходзьце, хто гатовы?

Гульня “На паляўнічы спрыт”

Гульцы з завязанымі вачыма мусяць з трох разоў патрапіць вялікай лыжкай па яйку.

Гаспадар. Малайцы, дзеткі, дружна гулялі, нікога не крыўдзілі.

Гаспадыня (запальвае свечку). Мае даражэнькія, я хачу, каб у вашых руках таксама гарэлі свечкі. Запаліце маленькія свечкі ад гэтай вялікай свечкі. А зараз давайце станем у круг, падобны на вясновае сонца. Уявіце сабе, што ў гэтае Вялікае свята спраўджваюцца жаданні. Гледзячы на запаленыя свечкі, вы можаце загадаць патаемнае жаданне, якое вымавіце пра сябе. (Дзеці загадваюць жаданні.) А цяпер сядайце, калі ласка.

Гаспадар і Гаспадыня.

Сядзем побач на лаўку,
Разам з вамі пасядзім,
Загадаем вам загадкі,
Хто разумны паглядзім.

Гаспадар.

Беленькая бочка,
На ёй ні сучочка,
Ні абручыка, ні дна,
Хоць бы клёпачка адна. (Яйкі).

Гаспадыня.

Жаркае, яркае
Па небе плыве.
На сябе глядзець не дае… (Сонейка).

Гаспадар. Якія вы разумненькія, люба на вас паглядзець.

Сёмы валачобнік. Вось вам, паважаныя гаспадары, словы падзякі і пажаданні.

Восьмы валачобнік. Жадаем цэлы год быць без хвароб!

Першы валачобнік. Грошай поўны кашалёк!

Другі валачобнік. Хай усё ў вас вядзецца!

Усе разам. Шчасце-радасць не звядзецца!

Пяты валачобнік. Дай вам Божа сыноў гадаваць, дамы будаваць, лічыць тысячамі, даваць мільёнамі.

Шосты валачобнік. Здароўя, шчасця вам без турбот на многа-многа год.

Сёмы валачобнік. Мы прыйшлі вам пра гэта свята сказаці, Хрыста Бога ўсхваляці.

Восьмы валачобнік. Няхай споўніцца, што жадаецца, што задумана – усё прыдбаецца.

Трэці валачобнік. А найперш няхай будзе з вамі Бог, каб нягоды ўсе абысці дапамог.

Усе разам. Хрыстос уваскрэс! (3 разы.)

Гаспадары. Сапраўды ўваскрэс! (3 разы.)

Гаспадар. Дзякуй і вам за віншаванні, за добрыя словы і пажаданні. А цяпер, паважаныя, за стол сядайце, чым Бог адарыў – паспытайце. (Госці частуюцца.)

Чацвёрты валачобнік.

Гаспадар ты наш з гаспадыняю,
Не тамі нас доўга, падары нас борзда
Не вялікім скарбам,
А чырвоным яйкам.
Са двара пойдзем, прыпяваючы,
Пана гаспадара велічаючы.

Гаспадыня (да валачобніка-механошы).

Даражэнькі механоша!
Як пайсці за парог –
Вазьміце пірог.

Гаспадар.

Каб весялей, саладзей,
Вось цукеркі для гасцей.

 

Гаспадыня.

А яшчэ, каб было пад вузялок,
Дару рэшата яек у мяшок.

Шосты валачобнік. Дзякуй, нашы шчодрыя гаспадары, за падарункі, за ласку і дабрыню.

Сёмы валачобнік. Бывайце, нас другім годам чакайце. (Валачобнікі выходзяць.)

Гаспадыня. Ой, Мікола, як свята ўдалося!

Гаспадар. Пэўна, Тэклечка, добрае ўражанне ад яго засталося.

Гаспадыня. Дзякуй усім, хто завітаў на нашае свята. Але ж час прыйшоў развітацца. Жадаем вам здароўя, шчасця, радасці, міра. Радуйце, дзеткі, сваіх бацькоў добрымі ўчынкамі, адзнакамі і паводзінамі.

Гаспадары. Хрыстос уваскрэс!

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий