Фарміраваць уменне ўзнаўляць мастацкі твор на беларускай мове, адказваць на пытанні па змесце твора.
Вольга БУРАВА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі,
ДУА “Смаргонскі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці”,
Гродзенская вобласць
Тэма: Пераказ апавядання Васіля Хомчанкі “Яшава рукавічка”.
Праграмныя задачы:
– фарміраваць уменне ўзнаўляць мастацкі твор на беларускай мове, адказваць на пытанні па змесце твора;
– працягваць фарміраваць уменне ўтвараць родны склон назоўнікаў, правільна вымаўляць заўсёды цвёрды гук [ч] у словах і фразах;
– развіваць элементарныя навыкі зносін на беларускай мове;
– выхоўваць станоўчыя адносіны да беларускай мовы.
Абсталяванне: клубок нітак, куфэрак, рукавічкі, партрэт Васіля Хомчанкі, ілюстрацыі да апавядання, шапачка “іголка”, рэфлексійны кубік, беларуская народная музыка “Полька-Янка”, “Купалінка”.
Ход занятку
Арганізацыйны момант “Клубок прыемных слоў”. Дзеці становяцца ў круг, перадаюць па чарзе клубок і гавораць прыемныя словы адно аднаму.
Выхавальнік прыносіць у групу куфэрак.
Выхавальнік. Я хачу расказаць вам гісторыю. Жыла-была бабуля Алеся. І быў у яе чароўны куфэрак. Алеся вельмі яго любіла. Як толькі бабуля хацела штосьці загадаць, яна брала ў рукі чароўны куфэрак, шаптала яму чароўныя словы; яшчэ трэба было пакруціцца, прытопнуць, прыхлопнуць – і ў куфэрку з’яўляўся загаданы прадмет або збывалася якое-небудзь жаданне. Аднойчы бабуля Алеся вырашыла, што гэты куфэрак больш спатрэбіцца дзеткам і падарыла яго нам. Бабуля нас папярэдзіла аб тым, што ёсць два вельмі важныя правілы, без якіх куфэрак не працуе. Першае – трэба добра ведаць чароўныя словы, а другое – куфэрак выконвае толькі добрыя жаданні.
Я прапаную нам праверыць, як працуе куфэрак. Спачатку давайце ўспомнім чароўныя словы, з якімі мы можам звярнуцца да куфэрка (калі ласка, будзь ласкавы, будзь добры, будзьце так ветлівы, калі вам не цяжка, прабач за турботу).
Я загадала прадмет, словы ветлівыя мы сказалі, цяпер давайце пакруцімся, прытопнем, прыхлопнем…
Выхавальнік адчыняе куфэрак, а там рукавічкі.
Якія прыгожыя рукавічкі начараваў нам куфэрак. Давайце мы з імі пагуляем.
Гульня “Чыя рукавічка”
Пакуль іграе музыка (“Полька-Янка”), дзеці перадаюць рукавічку па крузе. Як толькі музыка прыпыняецца, той, у каго рукавічка, называе, чыя рукавічка. ( Захарава рукавічка, Ягорава рукавічка і гэтак далей).
А цяпер давайце прысядзем. Прапаную вам пагуляць у гульню “Скажы правільна” (чыстагаворкі), для таго каб нашае маўленне было прыгожае. Выхавальнік напамінае правілы вымаўлення гука [ч] у беларускай мове.
Чу-чу-чу – я сукенку хачу.
Чы-чы-чы – рукавіцы не мачы.
Ач-ач-ач – на кашулі сіні мяч.
Я сёння вельмі хачу пазнаёміць вас з апавяданнем, якое называецца “Яшава рукавічка”. Напісаў яго Васіль Хомчанка (выхавальнік паказвае партрэт аўтара).
Выхавальнік чытае апавяданне. Пытанні па творы:
– Як звалі ўнука?
– Што вырашыла бабуля зрабіць для Яшы?
– Дзе бабуля вязала рукавічку?
– Якая была раніца?
– Хто бегаў у траве?
– Калі была гатова рукавічка?
– Што здарылася з бабуляй?
– Што зрабіў коцік з клубком?
– Што Яша зрабіў з клубком і ніткай?
– Што сказала бабуля, калі прачнулася?
– Што здарылася з рукавічкай?
У мяне ёсць малюнкі да гэтага апавядання. Але я сёння іх незнарок пераблытала. Дапамажыце, калі ласка, раскласці іх па парадку. (Дзеці разам з выхавальнікам раскладваюць малюнкі да апавядання адпаведна зместу).
Дзякуй вам вялікі! А цяпер прапаную трошкі адпачыць і пагуляць у яшчэ адну гульню.
Гульня “Іголка з нітачкай”
Дзеці строяцца адзін за адным у калону. Выхавальнік першы, у яго на галаве шапачка з выявай іголкі. Усім дзецям дае ў правую руку нітачку з аднаго клубка. “Нітачка ідзе за іголачкай” пад музыку змейкай (“Купалінка”).
Дзеці садзяцца на месца. Выхавальнік чытае апавяданне “Яшава рукавічка” з устаноўкай на запамінанне. Затым пераказ па ланцужку. Потым пераказ дзецьмі цэлага апавядання.
Мы сёння з вамі вельмі старанна папрацавалі. Мне вельмі спадабалася, як вы прыгожа размаўлялі на беларускай мове. А як прайшоў занятак на ваш погляд, вы мне раскажаце з дапамогай нашага кубіка-дапамагайкі.
Дзеці кідаюць кубік і адказваюць на пытанне, якое выпала. На кожнай грані кубіка малюнак, які адпавядае пэўнаму выказванню, якое трэба дапоўніць.
– На занятку мне вельмі спадабалася…
– Сёння ў мяне атрымалася…
– На занятку было цяжка…
– Асабліва мяне здзівіла…
– Сёння я хачу пахваліць…
– Я б яшчэ раз пагуляў у…