Матэрыял накіраваны на фарміраванне ў выхаванцаў уяўленняў пра беларускую культуру, асаблівасці жыцця, традыцыі і побыт беларускага народа.
Вольга ПЛАЎСКАЯ,
выхавальнік-метадыст
ДУА “Дзіцячы сад № 111 г. Гродна”
Мэта: фарміраванне ў выхаванцаў уяўленняў пра беларускую культуру, асаблівасці жыцця, традыцыі і побыт беларускага народа.
Задачы:
– садзейнічаць фарміраванню ў удзельнікаў мерапрыемства грамадска-патрыятычных пачуццяў;
– развіваць станоўчыя адносіны да традыцый і культуры беларускага народу і жаданне захоўваць іх у сучасны момант;
– вучыць шанаваць гісторыю і культуру свайго народа, павагу да культурных традыцый.
Ролі: Вядучая, Бабуля, Дзядуля – дарослыя; Унучка – дзяўчынка, дзяўчынка і хлопчык.
Матэрыялы музейнага кутка: музычны цэнтр, народныя касцюмы (дзіцячыя і дарослыя), каравай.
Ход мерапрыемства
На вуліцы гасцей сустракае дзяўчынка, апранутая ў народны касцюм.
Дзяўчынка. Вітаю, вас, госці даражэнькія, праходзьце, калі ласка.
Дзеянне адбываецца каля беларускага кутка, дзе размясціўся міні-музей “Беларуская хатка”. Там вядучая сустракае гасцей з караваем у руках.
Вядучая. Добры дзень, сябры, шаноўныя госці! Вельмі рады, што вы завіталі да нас. Кожны павінен ведаць культуру і традыцыі сваёй Бацькаўшчыны. У нашага народа ёсць традыцыя – калі завітаюць шаноўныя госці, сустракаць з хлебам і соллю. Калі ласка, паспрабуйце наш каравай.
Уручае каравай гасцям і прапануе паспрабаваць, адламаць кавалак і з’есці.
Вядучая.
Твой родны край, твая Айчына,
Жыццё тваё і гонар твой.
І ты яе запомні імя,
Як неба, сонца і зару.
Твая зямля, твая Радзіма
Названа светла – Беларусь.
Гучыць беларуская полька “Янка”, выходзяць дзяўчынка з хлопчыкам.
Дзяўчынка.
Я – дзяўчынка-беларуска
З васільковымі вачыма,
Хоць малая, але знаю:
Беларусь – мая Радзіма.
Словы родныя люблю я,
Вершаў ведаю багата.
Гукі мовы беларускай
Пахнуць верасамі, мятай.
Хлопчык.
Я – беларус, я нарадзіўся
На гэтай казачнай зямлі,
Дзе між лясоў і пушчаў дзікіх
Адвеку прашчуры жылі.
Я – беларус, я ганаруся,
Што маю гэтае імя:
Аб добрай славе Беларусі
У свеце знаюць нездарма!
Я – беларус, я нарадзіўся
На гэтай казачнай зямлі.
Дзе між лясоў і пушчаў дзікіх
Адвеку прашчуры жылі.
Вядучая. Наша зямля заўсёды славілася працавітымі людзьмі, прыгожай пляскай і цудоўнай песняй. Людзі любілі спяваць і ў песнях славілі нашу Радзіму.
Выходзяць дзяўчынкі ў нацыянальных касцюмах і спяваюць песню “Беларусь мая- Радзіма”.
Вядучая. Сёння нам вельмі пашанцавала сустракаць гасцей у нашай беларускай хатцы. Калектыў дзіцячага сада разам з дапамогай бацькоў нашых выхаванцаў стварыў вось гэты куточак беларускага побыту нашых продкаў. Ён дазваляе нам знаёміць дзяцей з вытокамі беларускага жыцця. Мы прапануем яшчэ раз узгадаць, чым карысталіся нашыя продкі. Давайце перамесцімся ў сялянскую хатку, у мінулае і паўзіраемся, як жыў, чым карыстаўся просты беларускі селянін і яго сям’я.
Выходзяць Бабуля, Дзядуля, Унучка і займаюць свае месцы ў хатцы: Бабуля накрывае на стол, Дзядуля б’е масла ў маслабойцы, Унучка гуляе з лялькай.
Бабуля. Мне здаецца, што настаў час паесці. Мы сёння добра папрацавалі.
Унучка. Бабуля, а што робіць наш дзядуля?
Бабуля. Наш дзядуля б’е смачнае масла.
Дзядуля. Гэта, унучка, маслабойка ці проста бойка – посуд для збівання масла. Сюды залівалі малако і доўгі час збівалі яго, каб атрымалася масла. Вось як гэта раблю я!
Унучка. Я зразумела. (Падыходзіць да стала і разглядае посуд на ім)
Унучка. Бабуля, які цікавы посуд у вас.
Бабуля. Гэта гліняны посуд. Вось гэта збанок. У яго налівалі малако ці ваду.
Дзядуля. Збанок мае цудоўную ўласцівасць. У жару з яго можна напіцца халоднай вады ці малака. А яшчэ можна хутка сквасіць малако, паставіўшы збанок каля цёплай печы. (Бярэ збанок і нясе да печы)
Бабуля. Ён можа захоўваць цяпло ці холад, і затым доўгі час утрымліваць.
Унучка. Як цікава! Мне так падабаецца бываць у вас. Асабліва мне падабаецца сядзець каля цёплай печы.
Дзядуля. Печ – гэта сэрца нашай хаты. Усё лета мы нарыхтоўваем дровы і затым зімой палім імі печ. У печы мы выпякаем хлеб, на ёй рыхтуем ежу, адпачываем, сушым вопратку і абутак. Яна сагравае цяплом усіх членаў сям’і.
Унучка. А што гэта за прылады працы? (Падыходзіць да качаргі і вілаў)
Бабуля. Гэта качарга. Яна патрэбна, каб павярнуць дровы ў печы і не абпаліць рукі. А вось гэтымі вілкамі вельмі зручна даставаць гарачыя чыгуны з печы. Як раз ужо гатовая каша.
(Бабуля адчыняе печ і з дапамогай вілаў дастае чыгунок з духмянай кашай. Дзяўчынка заглядае ў чыгунок і чапляецца за калаўрот)
Дзяўчынка. Ой, што гэта такое?
Бабуля. Гэта калаўрот – прыстасаванне для прадзення. На ім усе жанчыны прадуць кудзелю, каб пасля на кроснах ткаць палатно. У нас таксама ёсць абрусы, сурвэткі, дзяружкі.
Дзядуля. Ой, унучка, у нашай бабулі столькі ручнікоў!
Бабуля. Ручнікі з’яўляюцца сапраўднымі творамі сялянскага мастацтва, яскравым пасведчаннем прыроднага таленту і майстэрства беларускіх вясковых жанчын.
Унучка. Бабуля, давай прысядзем. (Селі на лаўцы)
Бабуля. Паглядзі, унучка, пасярод пакоя звычайна павінен быць драўляны стол, пакрыты абрусам. На стале стаіць гліняны посуд. Каля стала і ўздоўж сцен стаяць лавы: дубовыя, добра ўмацаваныя, на якіх мы сядзім.
Дзядуля. А ў хаце, дзе ёсць маленькія дзеці, вісіць падвязаная да столі люлька. У такой люльцы маці гушкала немаўля.
Унучка.
Няхай шчасце будзе ў кожнай хаце.
Няхай шчасце будзе не выпадкам,
А частым госцем кожнага чалавека.
Давайце жыць у міры і ў згодзе
Пад шчаслівым дахам нашай Беларусі.
Устаюць і выходзяць з хаткі.
Вядучая. Беларускі народ вельмі шчодры, заўсёды рады сустракаць гасцей. У нас для вас таксама ёсць падарункі – гэта лялька-абярэг. Яна будзе ахоўваць вашы хаты, гаспадароў ад рознага ліха.
Выходзяць дзеці, уручаюць падарункі.
Вядучая. Мы, беларусы, вельмі ганарымся тым, што жывём у цудоўнай краіне.
Выходзяць дзеці ў нацыянальных касцюмах і выконваюць парны танец “Полька з піскам” па матывах беларускага народнага танца “Мітусь”.
Вядучая.
Звычаі народа – наша багацце,
Скарбніца, што засталася на шчасце.
І скарб гэты трэба ўсім захаваць,
Каб потым нашчадкам сваім перадаць.
Гучыць беларуская інструментальная музыка.