У пачатку чэрвеня адзначыў свой 90-гадовы юбілей Станіслаў Пятровіч Мінкевіч. Гэтае імя вядома не аднаму пакаленню людзей горада Смаргоні.
На працягу 32 гадоў Станіслаў Пятровіч узначальваў педагагічны калектыў першай сярэдняй школы. Многа гэта ці мала для жыцця дырэктара школы? Бясспрэчна, гэта не проста перыяд у жыцці Станіслава Пятровіча, а пастаянная і мэтанакіраваная работа па выхаванню падрастаючага пакалення, фарміраванню згуртаванага і дужнага калектыву, самаўдасканаленню.
Напэўна, усе, хто працаваў са Станіславам Пятровічам, пагодзяцца з тым, што школай ён жыў, яна была яго радасцю і прызваннем.
Чалавек з гарачым і неабыякавым сэрцам усёй душой перажываў за школу і яе калектыў. Ён заўсёды ўмеў пахваліць і падбадзёрыць, дапамагчы ў складанай жыццёвай сітуацыі. Цаніў у людзях такія якасці, як адказнасць, працавітасць і дысцыплінаванасць.
Разумная патрабавальнасць, паважлівыя адносіны да кожнага, эфектыўнае прымяненне разнастайных метадаў матывацыі працы настаўнікаў спрыялі таму, што ўстанова адукацыі пад кіраўніцтвам С.П.Мінкевіча была ў ліку першых.
За вялікі ўклад у навучанне і выхаванне дзяцей, высокі прафесіяналізм, шматгадовую педагагічную працу Станіслаў Пятровіч узнагароджаны шматлікімі граматамі, яму прысвоена высокае званне “Заслужаны настаўнік народнай адукацыі БССР”.
Паважаны Станіслаў Пятровіч! Прыміце самыя добрыя і шчырыя віншаванні з юбілеем. Здароўя Вам, дабра, шчасця!
Людміла ДУБОЎСКАЯ,
старшыня прафсаюзнага камітэта
ДУА “Сярэдняя школа № 1 г. Смаргоні”