Лэпбук “Космас”. Наглядны дапаможнік для выхаванцаў старшай групы

- 13:43ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Идеи, Методичка

Лэпбук “Космас” прызначаны для фарміравання ўяўленняў дзяцей дашкольнага ўзросту пра космас, усведамлення таго, што ўсе людзі на Зямлі – адна вялікая сям’я, а сама Зямля – наш агульны дом. Лэпбук можа дапамагчы хутка і эфектыўна засвоіць новую інфармацыю і замацаваць пройдзены матэрыял у займальна-гульнявой форме.

 

Людміла КІВЕЙША,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дубненскі дзіцячы сад” Мастоўскага раёну,
Гродзенская вобласць

 

Дапаможнік створаны для арганізацыі сумеснай адукацыйнай дзейнасці. Лэпбук прызначаны для індывідуальных, падгрупавых заняткаў з дзецьмі дашкольнага ўзросту, а таксама для самастойнай дзейнасці дзяцей.

Гэты тэматычны дапаможнік змяшчае яркае афармленне, выразную структуру, шматфункцыянальны, камфортны як для выхаванцаў, так і для педагога. Матэрыял падабраны з улікам індывідуальных і ўзроставых асаблівасцей дзяцей.

У ходзе работы з лэпбукам у дзяцей пашыраецца і актывізуецца слоўнікавы запас па тэме “Космас”.

У ім шмат кішэняў, якія змяшчаюць неабходны дыдактычны матэрыял, у тым ліку ілюстрацыйны, для вывучэння і замацавання ведаў па тэме.

Перш чым прыступаць да працы з лэпбукам рэкамендуецца:

– растлумачыць дзецям, чаму святкуюць Дзень касманаўтыкі, што гэта за свята;
– разгледзець карцінкі і ілюстрацыі з выявай космасу, касманаўтаў і касмічнай тэхнікі; расказаць дзецям пра першага касманаўта Юрыя Гагарына (выкарыстоўваючы дыдактычны матэрыял лэпбука).

Матэрыял для апавядання

12 красавіка ў нашай краіне адзначаецца Дзень касманаўтыкі. У гэты дзень у 1961 годзе па нашай планеце праляцела нечаканая вестка: “Чалавек у космасе!” Імгненна мара людзей пра палёт у космас спраўдзілася. Сонечнай красавіцкай раніцай магутная ракета вывела на арбіту касмічны карабель “Усход” з першым касманаўтам Зямлі, нашым суайчыннікам Юрыем Гагарыным на борце. Палёт вакол Зямлі доўжыўся 108 хвілін. Так пачаўся час касмічных ракет, спадарожнікаў, месяцаходаў, міжнародных касмічных экіпажаў. Людзі заўсёды марылі даведацца пра космас як мага больш, бо свет зорак вялізны і таямнічы. У ім шмат невядомага і загадкавага.

Мэта дыдактычнага дапаможніка: развіццё ўяўленняў пра касмічную прастору праз пазнавальную, прадуктыўную і маўленчую дзейнасць.

Задачы дыдактычнага дапаможніка:

– фарміраваць і пашыраць веды пра космас, планеты, зоркі, касманаўтаў;
– узбагачаць веды пра разнастайнасць свету ў сістэме ўзаемасувязей і ўзаемазалежнасцей у Сусвеце;
– развіваць пазнавальныя інтарэсы дзяцей, патрэбнасці ў самастойнай пошукавай дзейнасці, лагічнае мысленне, увагу, памяць;
– выхоўваць любоў да сваёй планеты, пачуццё гонару за сваю Радзіму.

 

Дыдактычныя гульні, прадстаўленыя ў лэпбуку

Дыдактычная гульня “Правільна расстаў планеты”

Мэта: вучыць дзяцей называць і запамінаць размяшчэнне планет Сонечнай сістэмы па меры іх выдалення ад Сонца. Замацаваць уяўленне пра іх памеры і колькасць ў Сонечнай сістэме.

 

Дыдактычная гульня “Палічым планеты”

Мэта: удасканаленне граматычнага ладу маўлення: узгадненне лічэбнікаў з назоўнікамі; замацаванне парадкавага ліку.

Дыдактычная гульня “Касмічныя загадкі”

Мэта: пашырыць кругагляд дзяцей па тэме “Космас”; замацаваць актыўны слоўнік па тэме; развіваць увагу, лагічнае мысленне.

Дыдактычная гульня “Падбяры сузор’е”

Мэта: развіваць зрокавую ўвагу і ўспрыманне.

Дыдактычная гульня “Складзі ракету”

Мэта: замацаваць уяўленне пра касмічную тэхніку, мэты яе выкарыстання.

“Касмічныя размалёўкі”

“Абвядзі, дамалюй, размалюй”

Мэта: развіццё дробнай маторыкі, каардынацыі рук і вачэй, рухальных навыкаў, арыенціроўкі ў прасторы; прафілактыка дысграфіі; актывізацыя міжвольнай і фарміраванне адвольнай увагі; развіццё вакамера, цярпення, спрыту, хуткасці рэакцыі.

Гульня “Разразныя карцінкі”

Мэта: фарміраваць уяўленне пра цэласны вобраз выявы, правільна збіраць выяву прадмета з асобных частак; развіваць мысленне.

Гутарка “Першыя ў космасе”
Мэта: пашырэнне і сістэматызацыя элементарных ведаў пра космас, як неад’емную часткі Сусвету.
Задачы:

– замацоўваць у дзяцей паняцці “космас”, “касмічная прастора”;
– уменне тлумачыць, што ўяўляе сабой “Сонечная сістэма”, “зорка” і інш.;
– уменне дакладна, коратка адказваць на канкрэтна пастаўленыя пытанні;
– развіваць памяць, дыялагічнае маўленне;
– выхоўваць мэтанакіраванасць, пачуццё таварыства, камфортнасці і ўпэўненасці ва ўласных сілах.

Ход гутаркі

Загадкавы свет зорак і планет з даўніх часоў прыцягваў да сябе ўвагу людзей. Але бліжэй і даступней ён стаў толькі з пранікненнем чалавека ў космас. Кожны год у красавіку наша краіна святкуе Дзень Касманаўтыкі.

Хто мне скажа чаму?
Як звалі чалавека, які першым паляцеў у космас?
Перад тым як чалавек паляцеў у космас, хто першым пабываў там?
А чаму ў космас запусцілі спачатку жывёл?
У космасе пабывалі не толькі мужчыны, але і жанчыны.
Як звалі першую жанчыну-касманаўта?
Якіх беларускіх касманаўтаў вы ведаеце, назавіце іх?
Як вы думаеце, якім павінен быць касманаўт? І г.д.

Дыдактычная гульня “Складзі сказ”

Мэта: развіваць звязнае маўленне, замацоўваць уменне правільна будаваць сказы, развіваць слыхавую ўвагу.

Космас, ракета, ляціць, у – …
Зоркі, неба, у, свяціць – …
Карабель, палёт, касмічны, у, адпраўляецца – …
Падае, з, камета, неба, хвастатая – …і г. д.

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий