Беларускія фальклорныя пасядзелкі. Канспект музычнай забаўкі ў старшай групе (5–6 гадоў)

- 11:22ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Стварыць умовы для далучэння дзяцей да вытокаў народнай культуры ў працэсе развучвання малых формаў беларускага музычнага фальклору.

 

Наталія ВАЛУЕВІЧ,
музычны кіраўнік
ДУА “Дзіцячы сад № 77 г. Гродна”

 

Мэты:

– стварыць умовы для далучэння дзяцей да вытокаў народнай культуры ў працэсе развучвання малых формаў беларускага музычнага фальклору, знаёмства з народнымі гульнямі, забавамі, звычаямі;
– развіваць музычныя здольнасці дзяцей, размову, увагу, памяць праз розныя формы фальклору;
– выхоўваць любоў і павагу да беларускай народнай творчасці, традыцый роднага краю.

Гаспадыня.

Пасядзелкі ў маёй хаце,
У беларускім нашым краі.
Прыйдуць Сцёпкі, Пеці, Васі,
Прыйдуць Каці, Мані, Надзі,
І, як кажуць нашы людзі,
Хай вам даспадобы будуць
Жарты, песні, смех!
Бо без песні, хоць ты трэсні,
Без гармоніка й дуды
Ходзяць ногі не туды

 

Дзяўчаты ўваходзяць у залу.

Гаспадыня. Добры дзень, дзяўчаты! А чаму ж вы адныя прыйшлі? Дзе ж вашыя хлопцы падзеліся?

Дзяўчаткі. Ды не патрэбныя нам такія хлопцы!

Гаспадыня. Чаму ж так?

Дзяўчаткі.

Нашы хлопцы задаюцца
Што ўмеюць танцаваць
У адной руцэ – качарэжку,
А ў другой – штаны дзяржаць.

Гаспадыня. Ну, калі так, праходзьце, сядайце, прымайцеся за працу. (Пад спакойную музыку дзяўчаткі працуюць: намотваюць клубочкі, вяжуць, вышываюць.) Дзяўчаткі, хіба хлопцы ідуць! (Дзяўчаткі спыняюць працу, кідаюцца да люстэрка, прыхарошваюцца).

Хлопцы. Добры дзень у хату!

Дзяўчаткі. Добры дзень!

Хлопцы:

Мы прыйшлі не з пустымі рукамі, а з падарункамі!
Вось капуста, каб у вашых засеках не было пуста.
А тут рэпа, морква, бурак, каб вашыя шчочкі пылалі, як мак.
А вось бульбачкі мех, каб ваш заўсёды чуўся смех.
А вось яблыкаў воз, каб вас абмінуў авітаміноз.
А гэта гарох, каб кожная ела за трох.
І крыху крынічнай вады, каб вы не зведалі ніякай бяды.

Гаспадыня. Дзякуй, хлопцы, за гасцінцы! Праходзьце, сядайце, калі ласка.

З глыбокай даўніны прыйшоў да нас гэты народны звычай – беларускія пасядзелкі. Доўгімі зімнімі вечарамі збіраліся людзі для рукадзелля і пражы, а больш – для забаў і песень. Таму, як ні цяжка было жыць у тыя далёкія часы, але ўсе роўна заставалася любоў народа да песень, танцаў, гульняў, жартаў.

А зараз, паспяваем, пагуляем ды гасцей пазабаўляем

Хуценька сюды, народ,
Запрашаю ў карагод!

Карагод “Саўка ды Грышка”

Гаспадыня. Дзеці, узгадайце, з чаго пабудавана вясковая хата? Навошта патрэбна печ у хаце? А ўздоўж сцен заўсёды стаялі лаўкі, на якіх сядзелі, а часамі і спалі сяляне. У кожнай хаце быў калаварот, на якім жанчыны пралі ваўняныя ніткі, а потым з іх вязалі шкарпэткі, рукавіцы і іншыя рэчы. Паглядзіце, колькі ў маёй хаце цікавых рэчаў. Усе гэтыя вырабы зроблены чалавечымі рукамі: посцілкі, вырабы з саломы, вышыванкі, кераміка, жбаны, гарлачыкі. А ці ведаеце вы прымаўкі пра працу?

Хочаш добра жыць – павінен працу любіць.
Нічога само не робіцца.
Чалавек без працы, што птушка без крылаў.
Не за сваю працу не бярыся.

Гаспадыня. Добра, паглядзіце, што я трымаю зараз у руце? Так, так, гэта гарлачык. А ці ведаеце вы гульню “Гарлачык”? Тады давайце пагуляем!

Гульня “ Гарлачык”

Дзеці сядзяць у крузе на кукішках. Гэта “гарлачыкі”. Па кругу ходзіць “пакупнік”. Спыніўшыся каля каго-небудзь, ён пытаецца: “Колькі каштуе гарлачык»?” Дзіця адказвае:

За гарлачык гэты
Дай нам зусім крышку:
Каб ніколі не хварэць,
Маннай кашы лыжку.

Пасля гэтых слоў дзіця-“гарлачык” паднімаецца на ногі i бяжыць па крузе ў адным напрамку, а “пакупнік” – насустрач яму. Кожны імкнецца заняць свабоднае месца. Той, хто спазняецца, становіцца “пакупніком”.

Дзеці павінны бегчы па крузе ў розных напрамках пасля слоў “…маннай кашы лыжку”; кожны з ix імкнецца заняць свабоднае месца.

Гаспадыня. Калі людзі збіраліся на пасядзелкі, хто пеў, а хто граў на музычных інструментах, якія майстравалі самі. Хто мне скажа, як называюцца такія інструменты? (Народныя) А чаму? (Бо іх зрабілі людзі, народ). А якія народныя інструменты вы ведаеце? (Бубны, балалайкі, гуслі, драўляныя лыжкі, бразготкі)

Гаспадыня. Малайцы! А зараз зайграйце вясёлую музыку, каб ногі самі пусціліся ў скокі!

Аркестр

Гаспадыня. А зараз я вам лепей загадкі загадаю пра тое, што ў маёй гаспадарцы есць.

Загадкі:

Не кароль, а ў кароне,
Не гусар, а пры шпорах.
Гадзінніка не мае, а час знае. (Певень)

З барадою, а не стары;
З рагамі, а не бык? (Казел)

Сярод двара стаіць каппа,
Спераду вілы,ззаду мятла? (Карова)

На двары ля хаты
Ходзяць…(Кураняты)

Гаспадыня. Дзеці, напэўна, казачкі любіце? Паглядзіце, у мяне ёсць незвычайны куфар. У ім схавана шмат казак.

Ну, чаго ж вы стаіце
Вы ў куфар зазірніце!

Хатнік (за куфрам). Стойце, стойце, спыніцеся, сябры мае.

Гаспадыня. Хто гэта размаўляе з намі?

Хатнік. Хто-хто, гэта я!

Гаспадыня. Хто ты, пакажыся нам.

Хатнік. Дык гэта ж я, ваш Хатнік. Сядзеў, сядзеў за куфрам, слухаў, як вы спяваеце, ды і мне захацелася з вамі трошкі павесяліцца. Калі пагуляеце са мною, тады і казку вам пакажу са свайго куфра. Згодны?

Дзеці. Так!

Гульня “Запляціся, пляцень”

Дзеці, якія граюць, дзеляцца на дзве роўныя па сілах каманды – зайцы і плот. Малююць дзве паралельныя лініі – калідор шырынёй 10–15 см. Гульцы-“плот”, узяўшыся за рукі, становяцца ў цэнтры калідора, а зайцы – на адным з канцоў пляцоўкі. Дзеці-“плот” чытаюць:

Заяц, заяц, не хадзі,
Ў гародзе не блудзі!
Пляцень, заплятайся,
Зайцы лезуць, спасайся!

Пры апошнім слове зайцы бягуць да “плятню” і імкнуцца разарваць яго ці праскочыць пад рукамі гульцоў. Зайцы, якія праскочылі, збіраюцца на іншым канцы калідора, а тым, каго затрымалі, кажуць: “Ідзі назад, у лес, асінку пагрызі!” І яны выбываюць з гульні. Дзеці-“плот” паварочваюцца тварам да зайцаў і чытаюць:

У лес заяц паскакаў,
Нас пляцень уратаваў.

Гульня паўтараецца, пакуль не пераловяць усіх зайцоў. Пасля гэтага мяняюцца ролямі. Правілы гульні. Перамагае тая група, якая пераловіць усіх зайцоў пры меншай колькасці запеваў.

Хатнік.

Прынёс я мех, а ў мяху – смех!
Дзеткам на пацеху, лопнуў мех ад смеху.
Вось вам, дзеткі, смешкі, вось вам і пацешкі,
А яшчэ дразнілкі ё?
Слухаць будзеце ці не?

Дзеці. Будзем!

Хатнік.

Антось барадаты вёз казу каля хаты,
Антаніна паганяла, на цукеркі зарабляла.
Віця, Віця, Віцяля з’еў карову і цяля,
І дванаццаць парасят, толькі хвосцікі вісяць.

Хатнік. Ну што, смешна! А чым вы мяне пацешыце?

Гаспадыня. А якія ж вячоркі без прыпевак!

Дзяўчынка.

Выхадзіце, хлопцы, дзеўкі,
Праспявайце нам прыпеўкі!

Беларускія прыпеўкі

Эх, ты, Жора – галава:
Колькі будзе двойчы два?
Ён і гэтак, ён і сяк,
А таблічкі аніяк.

Як урокі ўсе зраблю,
Кніжкі я чытаю,
Гультаёў я не люблю,
Усюды іх пазнаю.

Хатнік. Пажартавалі крыху – і добра. Казачку вам абяцаў? Абяцаў! А можа, хто з вас мне дапаможа? Добра. А астатнія – сядайце бліжэй, ды слухайце ўважліва. Куфар свой я адчыняю, казку баіць пачынаю.

Батлейка: п’еса-казка “Гарлачык”

Гаспадыня. Дзякуй, Хатнік, за цікавую казку. За гэта табе дзеці вясёлую полечку паскачуць.

Полька “Весялуха”

Гаспадыня. Паважаны хатнік, ці заўважыў ты, як нашы дзеці любяць свой край.

Хатнік. Так, Гаспадынька, я ўсе бачыў і ўсё чуў і вельмі моцна хачу пасябраваць с такімі добрымі і такімі таленавітымі дзецьмі, якія любяць сваю Радзіму Беларусь і паважаюць беларускую мову. Бо я, так сама, люблю размаўляць на беларускай маве.

Гаспадыня. Тады, заспявай з намі разам песню аб нашай любімай Радзіме.

Песня “Беларусь – мой дом”( Сл. і муз. Ірына Бейня)

Гаспадыня. Паважаныя госці, я вельмі рада была бачыць вас у сваёй хаце.Але ж час мне з вамі развітацца. На развітанне ўсім жадаю:

Жывіце шчыра ў дастатку.
Хай будзе ўсе ў вас у парадку.
А вы, дзеткі, дружна жывіце,
Хутка расціце, край свой любіце.
Не таму любіце,
Што за ўсе цяплейшы,
А таму любіце,
Што за ўсе мілейшы, за ўсе даражэйшы!

Хатнік. Гаспадынька, а чым так смачна пахне ў нашай хаце?           

Гаспадыня. Ды гэта ж я пірагі ў печ паставіла. Як раз паспелі. Усіх пачастую.

Дастае пірог і частуе ўсіх.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий