У майстэрню да ганчара Васіля. Комплексны занятак па азнаямленні дзяцей сярэдне-старшага ўзросту з ганчарным мастацтвам

- 11:42ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Знаёміць дзяцей з прафесіяй людзей, якія ствараюць прадметы рукатворнага свету.

 

Ала ГІРЫС,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Любчанскі дзіцячы сад”Навагрудскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

Тэма: “У майстэрню да ганчара Васіля”.

Адукацыйныя вобласці: “Дзіця і грамадства” і “Выяўленчае мастацтва”

Праграмныя задачы:

сярэдні ўзрост:

– знаёміць дзяцей з прафесіяй людзей, якія ствараюць прадметы рукатворнага свету (гліняны посуд) – ганчарствам, творамі беларускага ганчарнага мастацтва;
– узбагаціць слоўнікавы запас дзяцей назвамі твораў ганчарнага рамяства, развучыць беларускую народную гульню “Гарлачык”;
– фарміраваць уменне маляваць элементы беларускага ўзору (лініі, кропкі);
– развіваць творчыя здольнасці, увагу, маўленне, уяўленне;
– выхоўваць жаданне ўдзельнічаць у стварэнні прадметаў рукатворнага свету ў працэсе заняткаў дзіцячым дызайнам (упрыгожым гарлачыкі);
– выхоўваць павагу да працы і традыцый беларускага народу;

старэйшы ўзрост:

– развіваць цікавасць да нацыянальнай культуры;
– пашырыць уяўленні пра беларускае народнае рамяство – ганчарства;
– замацаваць беларускую народную гульню “Гарлачык”, практыкаваць у маляванні беларускага расліннага ўзору;
– развіваць творчыя здольнасці, увагу, маўленне, уяўленне;
– выхоўваць пачуцце прыналежнасці да гісторыі і культуры Беларусі, павагу да працы і традыцый беларускага народа.

Матэрыял: фотавыстава “У майстэрні ганчара Васіля”, керамічныя вырабы беларускіх промыслаў, контур гарлачыка з паперы, фарбы, пэндзлі, сурвэткі, слоікі з вадой.

 

Ход занятку

Выхавальнік вітаецца з дзецьмі і праводзіць гульню “Добры настрой” на стварэнне атмасферы добразычлівасці. Затым прыносіць пасылку з керамічнымі вырабамі.

Паглядзіце, якую пасылку я сёння атрымала.

Выхавальнік дастае з пасылкі керамічныя вырабы. Дзеці разглядаюць і любуюцца іх прыгажосцю, вызначаюць, з чаго выраблены, як упрыгожаны (элементамі геаметрычнага і расліннага ўзору).

Знаходзяць у пасылцы пісьмо. Выхавальнік чытае пісьмо.

“Добры дзень, дарагія дзеці! Мяне завуць дзядзька Васіль. Я ганчар, вырабляю гліняны посуд. Праца мая нялёгкая, але вельмі патрэбная. Пасылаю вам сёння некалькі прадметаў сваёй працы і запрашаю вас да сябе ў майстэрню, дзе вы зможаце даведацца пра беларускае народнае рамяство – ганчарства.”

Дзеці выбіраюць від транспарту і “едуць” на ім у майстэрню ганчара. (фотавыстава здымкаў аб рабоце ганчара і яго вырабах).

Вось мы і ў майстэрні.

Разглядаючы здымкі, выхавальнік распавядае выхаванцам.

Нялёгкая ў ганчара праца. Спачатку патрэбна накапаць гліны, прывезці, перамясіць, нацерці на тарках, каб ні каменьчыка, ні травінкі не было. Потым сесці за ганчарны круг, хутка-хутка варочаць яго, у той самы час згладжваючы злепак з усіх бакоў, надаць яму формупатрэбнай рэчы. Зробленыя рэчы трэба паставіць у спецыяльныя печы і абпаліць, каб вырабы былі больш трывалымі.

У гаршках гатавалі ежу. У аснове іх формы ляжыць шар, крыху звужаны ў ніжняй частцы.

Два невялікія злепленыя паміж сабой гаршчочкі ўтваралі спарыш. У адзін гаршчочак налівалі суп, а ў другі клалі кашу і неслі абед жнеям ці касцам, якія працавалі ў полі.

Міскі прызначаліся для ежы, вызначаліся незвычайнай вышынёй і шырокасхіленымі берагамі.

Гляк прызначаўся для захоўвання алею, квасу, вады. Ён мае шарападобную форму, вузенькую гарлавіну і адну ручку.

Колькі год яму? Хіба ўспомніш?
Уталяў ён наш голад не раз:
Сырадоем бываў напоўнен,
Дастаўляў на пакосы квас.

Гэты верш называецца “Матулін збан”

Збан – гэта пасудзіна, у якай так добра трымаць малако – яно доўга не скісае і ў гарачыню халаднаватае.

Падобны на яго гладыш або гарлач, адрозніваецца адсутнасцю ручкі і носіка для заліву вадкасці.

Гульня “Гарлачык

А зараз, дзеці, давайце пагуляем з вамі ў гульню “Гарлачык”. Гэта беларуская народная гульня, у якую гулялі нашы продкі, калі былі такімі, як вы.

Дзеці сядаюць у круг на кукішках – гэта “гарлачыкі”. Па крузе ходзіць “пакупнік”. Ён выбіраецца любой лічылкай. Спыніўшыся каля каго-небудзь пытае: “Колькі каштуе гарлачык?” Дзіця адказвае:

За гарлачык гэты дай нам зусім крышку,
каб ніколі не хварэць – маннай кашы лыжку.

Пасля гэтых слоў дзіця-“гарлачык” паднімаецца і бяжыць па крузе ў адным напрамку, а “пакупнік” – насустрач яму. Кожны імкнецца заняць свабоднае месца. Той, хто спазняецца, становіцца “пакупніком”.

Выхавальнік паведамляе, што ганчар дзядзька Васіль зрабіў вось такія гарлачыкі (паказвае дзецям папяровыя загатоўкі ў форме гарлачыкаў), а ўпрыгожыць іх папрасіў вас.

Давайце дапаможам дзядзьку Васілю размаляваць гарлачыкі.

Выхавальнік звяртае ўвагу дзяцей на тое, якім узорам можна ўпрыгожыць вырабы (разглядаюць узоры гарлачыкаў з элементамі расліннага і геаметрычнага ўзору, выхавальнік тлумачыць, як можна намаляваць такі ўзор).

Пальчыкавая гімнастыка

Каб пальчыкі добра малявалі, прапаную вам выканаць пальчыкавую гімнастыку.

Абедзве рукі згорнуты ў кулачок.

Ранкам усталі пальчыкі(Выпрастаць пальчыкі),
Сталі прысядаць:
Раз, два, тры, чатыры, пяць, (Загінаць па адным пальчыку).
Пацягнуліся пальчыкі (Разагнуць і пацягнуцца пальчыкамі),
Будзем танцаваць. (Паварушыць пальчыкамі).
Не лянуйцеся, пальчыкі,

Зноў, вы, прысядаць:
Раз, два, тры, чатыры, пяць (Загінаць па адным пальчыку).

Мастацкая праца

Дзеці пераўвасабляюцца ў мастакоў, сядаюць за сталы і размалёўваюць загатоўкі гарлачыкаў.

Дзеці сярэдняга ўзросту размалёўваюць гарлачыкі прасцейшым узорам: лініяй і кропкамі. (Пасля выканання работы дзеці сярэдняга ўзросту ідуць адпачываць).

Дзеці старэйшага ўзросту – элементамі расліннага ўзору.

У канцы занятку дзецям прапаноўваецца выставіць усе вырабы разам, разгледзець і параўнаць іх.

Рэфлексія

Што спадабалася і запомнілася вам больш за ўсё?
Што больш спадабалася?
Што было складана?

Можа, і з вас хто захоча стаць ганчаром і вырабляць такі патрэбны і прыгожы посуд? (Адказы дзяцей)

Малайцы! Вы сёння вельмі добра стараліся і працавалі. На гэтым наш занятак скончыўся.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий