Фарміраваць уменні ўжываць назвы беларускіх народных цацак, называць іх асабістыя якасці.
Ларыса БОБР,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дзіцячы сад № 27 г. Мазыра”,
Гомельская вобласць
Тэма: “Беларускія народныя цацкі”.
Задачы:
– фарміраваць уменні ўжываць назвы беларускіх народных цацак, называць іх асабістыя якасці;
– разумець вершаваны твор на беларускай мове, адказваць на пытанні;
– самастойна правільна вымаўляць фрыкатыўны гук [г] і зацвярдзелы гук [ч];
– называць цацкі ў адзіночным і множным ліках;
– развіваць уменне апісваць беларускую цацку па схеме;
– выхоўваць любоў да роднай мовы, жаданне авалодаць ёю.
Слоўнікавая работа: цацкі, скрыня, лялька, падарунак, свістулька, дыван, свішча, гуляць, гліняная, саламяная, драўляная, ільняная.
Папярэдняя работа: дыдактычная гульня “Што з чаго?”, разглядванне малюнкаў з выявамі прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, гутаркi па тэме “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, дыдактычная гульня “Складзі цацкі”.
Матэрыял: скрыня, лялькі Янка і Арынка, малюнкі з выявамі адной і некалькіх цацак, схема апісання цацкі, беларускія народныя цацкі (з ільну, саломы, нітак, дрэва, гліны), запіс беларускай народнай песні “Саўка ды Грышка”, разразныя малюнкі цацак.
Ход занятку
Уступная частка
Выхавальнік. Янка і Арынка былі ў гасцях у сваёй бабулі і прывезлі падарункі. Яны тут, у гэтай скрыні. Можа, вы паспрабуеце здагадацца, што ў скрыні? (Падказкі: гліна, лён, дрэва).
Дзеці бяруць сабе па цацачцы. Сядаюць на дываны.
Янка і Арынка на якой мове размаўляюць? (Адказы дзяцей) Мы з вамі таксама будзем гаварыць па-беларуску і раскажам сёння пра цацкі і пра тое, якія яны.
Асноўная частка
Назавіце цацку і скажыце, з чаго яна зробленая? (У мяне лялька. Яна зробленая з ільну. Яна ільняная).
Для чаго былі патрэбныя гэтыя цацкі? (Адказы дзяцей) Паслухайце верш.
Цацка, дзеткі, рэч такая,
Што не толькі забаўляе.
Яна вучыць, дзеці, жыць,
Вучыць вас свой край любіць.
Калі спаць дзіцятка клалі,
Побач ляльку прыкладалі.
Іх рабіла маці з хусткі,
Ці з палена і анучкі.
Гладзіць сыну ручкі, ножкі,
А заплакала дзіцятка,
У свістульку свішча татка.
Вось дык забаўка, здаўна
З дрэва робіцца яна.
Пра якія цацкі вы пачулі ў вершы? Дык для чаго патрэбныя былі цацкі? А ў каго з вас ёсць гэтыя цацкі? (Лялька і свістулька).
Давайце раскажам Янку і Арынцы пра свае цацкі.
Работа па схеме. Пачынаю з “слабейшых” па адным пункце з схемы і паказваю ў схеме. (Прыклад. Мая свістулька маленькая. Мая лялька мае галаву, рукі, тулава і г.д.) Некалькі дзяцей расказваюць пра цацкі поўнасцю.
Фізкультхвілінка пад песню “Саўка ды Грышка”
Дзеці выконваюць рухі – як бы граюць на дудачцы.
А зараз, давайце, пагуляем у гульню “Адзін – шмат”. Паглядзіце на малюнкі і скажыце, чаго на малюнку шмат, а чаго – па адным. (Тым, хто выканаў раней, прапаную дадаткова скласці пазлы)
Чыстагаворка
Чу-чу-чу, цацку я хачу.
Гу-гу-гу, я табе дапамагу.
Го-го-го, у нас шмат чаго.
(Дзеці паўтараюць па адным, а потым усе разам, гучна, а потым ціха)
Гульня “Здагадайся, што за цацка”
Перад дзецьмі знаходзяцца цацкі, якія ім неабходна апісаць. Дзіця выбірае цацку, апісвае яе, а другія дзеці здагадваюцца, якую цацку ён загадаў.
Заключная частка
Пра што мы сёння гаварылі?
Што вы бачылі?
Што чулі? Пра што была песня? На якой мове мы размаўлялі?