Урок уяўляе сабой “падарожжа” па прадметах, якія першакласнікі будуць вывучаць пасля завяршэння ўводзін у школьнае жыццё. Па задуме аўтара ўрок плануецца з удзелам бацькоў навучэнцаў.
Валянціна СЕНКАНЕЦ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Доцішская сярэдняя школа”
Воранаўскага раёна,
Гродзенская вобласць
Мэта: фарміраваць у навучэнцаў станоўчае стаўленне да школы, пачуццё гонару за званне школьніка.
Задачы:
– замацаваць правілы паводзін вучняў на ўроку;
– пазнаёміць з новымі вучэбнымі прадметамі;
– развіваць адвольнасць працэсаў запамінання і ўзнаўлення інфармацыі, цікаўнасць да вучобы, актыўнасць, уважлівасць, уменне здзяйсняць самаацэнку і ўзаемаацэнку выкананай работы, матывацыю да навучання ў школе;
– выхоўваць культуру зносін у працэсе вучэбнага ўзаемадзеяння.
Форма правядзення: падарожжа па станцыях.
Да ўдзелу запрашаюцца навучэнцы 5-га класа, якія выступаюць у ролі Бураціна, Царыцы Матэматыкі, Каралевы Граматыкі, Лісяняці Лесіка, Цара Зубра, Дзім Дзімыча (героя мультфільма “Фіксікі”).
Абсталяванне: назва тэмы (спасылка: https://goo.su/uRRІp5G), карткі з заданнямі, медалі, прадметныя малюнкі, падручнікі для 1-га класа.
Ход урока
1 Арганізацыя на працу
Вучні.
Празвінеў званок,
пачынаецца ўрок.
Будзем разам працаваць
І не будзем сумаваць.
Настаўнік. Званок паклікаў нас з вамі на апошні ўрок уводзін у школьнае жыццё. Першы школьны месяц падышоў да канца. За час вучобы вы многаму навучыліся, пра многае даведаліся, былі ўважлівымі і стараннымі вучнямі. Ніхто не плакаў, не прасіўся назад у дзіцячы сад або дадому. Гэта вельмі прыемна. Малайчынкі!
Сёння на ўроку мы замацуем атрыманыя веды, пакажам гасцям, што ўжо ўмеем правільна сядзець за партай, падымаць прыгожа руку, адказваць на пытанні настаўніка, працаваць у парах і групах. Таксама вы даведаецеся, якія прадметы будзеце вывучаць, па якіх падручніках вучыцца.
Бураціна. Добры дзень, мае маленькія сябры! Пазналі мяне? Так, я – Бураціна. Я таксама, як і вы, быў маленькім хлопчыкам, вучыўся ў школе. Многаму навучыўся, прайшоў розныя выпрабаванні. І вы, каб стаць сапраўднымі вучнямі, павінны сёння прайсці выпрабаванні. Жадаю вам у гэтым поспехаў! Пажадайце і вы поспехаў адзін аднаму.
Настаўнік. Ці хочацца вам стаць сапраўднымі вучнямі? Тады мы з вамі адпраўляемся ў падарожжа па школьнай краіне. Па моры ведаў мы паплывём на караблі. А падарожжа пройдзе па краінах-прадметах, якія мы з вамі будзем вывучаць далей. (На дошцы назвы прадметаў і “карабель”. Спасылка: https://goo-gl.com/x7Z).
2 Асноўная частка. Падарожжа па станцыях
Станцыя “Краіна Матэматыка”
Царыца Матэматыка. Дарагія першакласнікі, каб стаць добрымі матэматыкамі, трэба адкрыць замочкі ў чароўную краіну. А для гэтага вам неабходна выканаць заданне.
Заданне: падабраць да прыкладу адказ. Работа ў групах на дошцы (Спасылка: https://goo.su/m9Ztt).
– Малайцы, а цяпер рашыце задачы.
Задача 1. Растуць дзве бярозы. На кожнай бярозе па дзве шышкі. Колькі ўсяго шышак на дзвюх бярозах? (На бярозе шышкі не растуць.)
Задача 2.
Дружна мурашы жывуць
І без справы не снуюць.
2 нясуць травінку,
2 нясуць былінку,
3 нясуць іголкі.
Колькі іх пад ёлкай? (7)
Задача 3. Па дарожцы беглі кацяня і шчаня. Колькі ног бегла па дарожцы? (8)
Настаўнік. Малайцы! Цяпер мы рухаемся далей. Карабель прывёз нас у краіну “Навучанне грамаце”. Тут вас чакае Каралева Граматыка.
Станцыя “Навучанне грамаце”
Каралева Граматыка. Для вас, хлопчыкі і дзяўчынкі, я падрыхтавала загадкі. Давайце паспрабуем іх разгадаць.
Вокладка – нібыта дзверы.
Разгарнеш – і не паверыш:
Тут і казкі-небыліцы,
І малюнкі, каб дзівіцца,
І гісторыі, і вершы.
Што гэта? Хто скажа першы? (Кніга)
У дзіцяці ёсць яна – спрытна ўсё хапае.
У дзвярэй ёсць – за яе дзверы адчыняюць.
За яе нясуць вядро, без яе нязручна.
І ў пенале ёсць яна. А завецца… (Ручка)
Каб пісалі ўсе дзеткі,
На маіх старонках клеткі.
Аркушы на скобы сшыты,
А таму завуся… (Сшытак)
– З загадкамі вы справіліся выдатна. А цяпер другое заданне: вам трэба выбраць малюнкі прадметаў, назвы якіх пачынаюцца на гукі [с], [с’] (1-я група) і на гукі [м], [м’] (2-я група).
(Гукі і прадметныя малюнкі на выбар настаўніка. Для вучняў, якія ўмеюць чытаць, анлайн-гульня “Падбяры да малюнка яго назву”. Спасылка: https://goo.su/regC22).
– Малайцы! А цяпер прадоўжым далей выконваць заданні. Правядзіце, калі ласка, гасцей нашага падарожжа па сцежачках, пастарайцеся зрабіць усё акуратна.
– Успомніце правілы пісьма.
Я свой сшытачак адкрыю
І як трэба пакладу.
Я ад вас не ўтаю –
Ручку я вось так трымаю.
Сяду прама, не сагнуся,
За пісьмо сваё вазьмуся.
Пісьмо на картках. Самаацэнка, узаемаацэнка (Спасылка: https://kurl.ru/flcKy).
Настаўнік. Малайчынкі! Усе пастараліся і прыгожа напісалі.
Станцыя “Фізічная культура і здароўе”
Вучняў сустракае Лісяня Лесік.
Лісяня Лесік. Вас чакае краіна хуткіх і лоўкіх. Як вы думаеце, чым мы будзем займацца тут? (Адказы вучняў). Правільна. Будзем займацца фізкультурай.
Фізкультмінутка
На паляне ў бары карагодзілі звяры:
Туп-валюх – ішлі мядзведзі,
А ліса плыла, як лебедзь.
Многа-многа касавокіх
беглі хуценька ў прыскокі.
А нязграбныя ваўкі
адхіляліся ў бакі.
(Дзеці імітуюць рух кожнай жывёліны).
Гімнастыка для вачэй
Станцыя “Чалавек і свет”
Цар Зубр. Вандроўка працягваецца. Вас чакае краіна “Чалавек і свет”. А заданні для вас наступныя.
1) Назавіце сімвалы Рэспублікі Беларусь. (Дзяржаўныя сімвалы: герб, гімн, сцяг; нацыянальныя сімвалы: зубр, бусел, васілёк.)
2) Успомніце і назавіце дні тыдня.
3) Выберыце правільны адказ на пытанне: хто з гэтых жывёл адносіцца да хатніх. Абвядзіце іх у кружок. Работа ў парах. (Спасылка: https://kurl.ru/LznDY).
Цар Зубр. Заданне выканана. Працавалі ўсе добра. Малайцы!
Станцыя “Выяўленчае мастацтва”
Дзім Дзімыч. А завяршаем мы сваё падарожжа ў краіне “Выяўленчае мастацтва”. Цяпер паглядзім, наколькі вы здатныя мастакі.
Да дошкі прымацоўваецца заламініраваны ліст паперы, а вучні з закрытымі вачамі па чарзе маркерам дамалёўваюць зайчыку вушкі (Спасылка: https://kurl.ru/KHooC).
Дзім Дзімыч. Малайцы! Сапраўдныя мастакі!
Настаўнік. Дзеці, дык якія прадметы чакаюць сустрэчы з вамі? Назавіце прадметы, якіх няма на дошцы.
Вучні бяруць у рукі падручнікі, пропісь, альбом для малявання, каляровую паперу, клей, нотны сшытак і чытаюць вершы пра вучэбныя прадметы.
Навучанне грамаце. Навучанне чытанню. (Буквар)
Калі хочаш многа ведаць,
Многага дабіцца,
Абавязкова чытаць
Трэба навучыцца.
Кнігі могуць расказаць
Аб усім на свеце.
Вельмі любяць іх чытаць
Дарослыя і дзеці.
Навучанне грамаце. Навучанне пісьму (Пропісь)
Будзем літары пісаць
Роўненька ў радочак.
Словы з літарак складаць
Дапаможа пропісь.
Русский язык
И в радости, и в грусти –
Он всякий час со мной.
Второй язык мой, русский,
Как Родина родной!
Матэматыка
У гэтай кнізе на парад
Лічбы сталі ўсе ў рад.
Адзін, два, тры, чатыры, пяць.
Будзем складваць, аднімаць і задачы рашаць.
Чалавек і свет
Чаму рэчка цячэ?
Чаму кветка цвіце?
Дзе абедаў верабей?
Трэба ведаць нам хутчэй!
Гэта кніга пра прыроду,
Пра жывёл і пра пагоду,
Пра здароўе і сям’ю,
І пра Беларусь маю.
Працоўнае навучанне
Нас навучаць выразаць,
Клеіць, штосьці майстраваць.
Падарункі рабіць,
І акуратнымі быць.
Выяўленчае мастацтва
На ўроках маляваць
Любяць усе дзеці.
Нацюрморт, пейзаж, партрэт…
Вельмі важны прадмет.
Музыка
Вельмі гучна я спяваю,
Музыку люблю.
Дзень за днём пакрысе
Ноты вывучу ўсе.
Фізічная культура і здароўе
На ўроках фізкультуры
Трэніроўкі кожны раз.
Я са спортам пасябрую
І здароўе ўмацую.
4 Падвядзенне вынікаў
Настаўнік. Дарагія вучні, віншую вас з заканчэннем нашага курса “Уводзіны ў школьнае жыццё”. Падчас падарожжа вы прадэманстравалі добрыя паводзіны, веды, даказалі, што вас можна лічыць сапраўднымі вучнямі-першакласнікамі. Спадзяюся, што вы з гонарам будзеце насіць гэтае званне. На памяць нашы госці ўручаць вам медалі “Я – першакласнік”.
Уручэнне медалёў (Спасылка: https://goo.su/7YVSOLR).
– А далей мы з вамі будзем вучыцца па падручніках, якія вы можаце зараз разгледзець. Дзякую вам за ўвагу і за працу. Урок закончаны.