Сям’я і школа: супрацоўніцтва з мэтай патрыятычнага выхавання школьнікаў

- 13:20Воспитательная работа, Опыт

Прапануюцца аўтарскія формы супрацоўніцтва з бацькамі з мэтай павышэння якасці патрыятычнага выхавання школьнікаў.

Наталля ЗЯТКІНА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 19 г. Магілёва імя М.Ф.Сафонава”

 

 

Адным з ключавых напрамкаў выхаваўчай работы ў сістэме адукацыі з’яўляецца ўдасканаленне сістэмы патрыятычнага выхавання моладзі. Гэта адзін з ключавых кірункаў дзейнасці ва ўстановах адукацыі краіны ўжо не першы год. Быць патрыётам – гэта значыць мець актыўную грамадзянскую пазіцыю, любіць сваю зямлю, дом, родных і блізкіх, ведаць і берагчы традыцыі народа, браць на сябе адказнасць за вырашэнне актуальных праблем грамадства, адэкватна адказваць на выклікі часу.

Пры арганізацыі выхаваўчай работы нельга забываць пра супрацоўніцтва з бацькамі. Хто, як не бацькі, чыё слова можа быць аўтарытэтным, раскажа дзіцяці пра традыцыі сваёй сям’і, пра прыгажосць роднай зямлі, пра неабходнасць працаваць і адказна адносіцца да працы.

Аналізуючы магчымыя варыянты супрацоўніцтва з бацькамі, я прыйшла да высновы, што гэта могуць быць мерапрыемствы, накіраваныя на:

– выхаванне працавітасці;
– выхаванне любові да Радзімы;
– выхаванне павагі да каляндарных традыцый і абрадаў;
– выхаванне павагі да старэйшага пакалення;
– выхаванне маральна-этычных якасцей.

Трэба адзначыць, што ў метадычнай літаратуры тэма супрацоўніцтва з бацькамі падчас выхаваўчай работы шырока не асвятляецца, таму настаўнікі шукаюць свае метады і прыёмы. Традыцыйнымі становяцца такія творчыя заданні, як напісанне сачыненняў (напрыклад, “Рэха вайны ў летапісе маёй сям’і”, “Традыцыі маёй сям’і”, “Чаму мяне навучыў мой дзед”, “Што нас аб’ядноўвае”, “Мая малая радзіма”), састаўленне радаводнага дрэва, запіс малавядомых беларускіх народных песень, запіс рэцэптаў беларускай кухні і г.д. Для выканання атрыманага задання вучні звяртаюцца па дапамогу да бацькоў, і дома пачынаецца цікавы вечар успамінаў.

Шырокімі магчымасцямі пры арганізацыі супрацоўніцтва з бацькамі з мэтай павышэння якасці патрыятычнага выхавання вучняў валодаюць вучэбныя прадметы “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”. Праз удзел у пазакласных мерапрыемствах краязнаўчай тэматыкі і пошукавага характару вучні пашыраюць свой кругагляд, развіваюць назіральнасць, цікавасць да навакольнага свету. Дзеці пачынаюць разумець, што трэба беражліва адносіцца да гістарычнай і культурнай спадчыны беларускага народа, захоўваць традыцыі роднага краю.

Прапаную некаторыя аўтарскія формы супрацоўніцтва з бацькамі з мэтай павышэння якасці патрыятычнага выхавання школьнікаў. Для зручнасці карыстання формы сістэматызаваны ў табліцы.

Форма работы

Прыкладныя назвы

Абгрунтаванне

Заўвагі

Сумесныя экскурсіі па родным краі

“Мая малая радзіма”, “Дарогамі подзвігу”, “Іх імёнамі названы…”, “Наш мікрараён: вядомы і невядомы”

Падчас экскурсій адбываецца абмен уражаннямі, эмоцыямі, зносіны ў нязмушаных абставінах, што спрыяе замацаванню ведаў пра родны край і матывуе да далейшых сумесных мерапрыемстваў па вывучэнні гісторыі і культуры беларускага народа.

 

Апрадмечаная віктарына

“Загадкі з роднай хаткі”

Вучні атрымліваюць заданне падабраць для аднакласнікаў загадку і прынесці прадмет-адгадку. Многім пяцікласнікам для выканання прапанаванага задання патрабуецца дапамога бацькоў.

Адзін з улюбёных прыёмаў пяцікласнікаў.

Выстава

“Музей у чамадане”

Вучні атрымліваюць заданне прынесці з дома якую-небудзь старадаўнюю рэч і расказаць яе гісторыю, можна падрыхтаваць прэзентацыю. У час падрыхтоўкі дзеці распытваюць бацькоў, бабуль, дзядуль, даведваюцца шмат цікавага пра гісторыю сваёй сям’і. Такім чынам адбываецца канкрэтнае вывучэнне гісторыі і культуры роднага краю праз гісторыю сваёй сям’і.

Даволі эфектыўная форма пры арганізацыі выхаваўчай работы з вучнямі 7-8-х класаў, калі ўзровень матывацыі да вучэбнай і пазакласнай дзейнасці становіцца нізкім.

Інсцэніроўкі

“У свеце казак”, “Беларусы жартуюць”, “Мастацкі твор на сцэне”

Пры падрыхтоўцы інсцэніровак патрэбна падабраць касцюмы, рэквізіт, параіцца з дарослымі, як лепш сыграць сваю ролю. Гэта развівае не толькі творчыя ўменні, але і працоўныя навыкі.

 

Каляндарна-абрадавыя святы

“Каляды”, “Саракі”, “Масленіца”, “Пакровы”, “Вялікдзень”

Актыўнай формай пазакласнай работы, накіраванай на выхаванне патрыятызму і грамадзянкасці, становіцца правядзенне каляндарна-абрадавых святаў. Як правіла, дзеці і дарослыя ахвотна прымаюць у іх удзел, прыносяць пачастункі, рыхтуюць касцюмы, упрыгожваюць памяшканне, развучваюць ролі, гуляюць у гульні.

 

Hand made-пляцоўка

“Зрабі птушку”, “Пазнай прадмет”, “Хуткі лэпбук”, “Беларуская выцінанка”

Вельмі збліжае вучняў і іх бацькоў удзел у беларускіх народных гульнях, разнастайныя актыўнасці падчас сходаў, сустрэч і мерапрыемстваў у шосты школьны дзень.

Выкарыстоўваць можна на бацькоўскіх сходах “Дзеці + бацькі”.

Фотазоны

“Бабулін куфэрак”, “Этнаграфічны куток”, “Беларускі ручнік”, “Музей у чамадане”

Незаўважанымі бацькамі застануцца і арганізаваныя ў школе выставы прадметаў народнага побыту, вялікай папулярнасцю сярод бацькоў карыстаюцца фотазоны, аформленыя ў беларускім народным стылі падчас святкавання як дзяржаўных, так і народных святаў.

 

Бацькоўскі сход

“Імёны роднай зямлі”, “Зберагчы, каб перадаць нашчадкам”, “Народная педагогіка ў сямейным выхаванні”

Мэтазгодна звяртацца да пытання выхавання грамадзянскасці і патрыятызму падчас падрыхтоўкі і правядзення бацькоўскіх сходаў.

 

Пажаданне ў падарунак

Новы год, 8 Сакавіка, Дзень маці

Пры шырокай даступнасці камп’ютарных тэхналогій можна раздрукаваць паштоўкі, календары, лістоўкі, буклеты, кубарыкі, наклейкі і інш. з адпаведнымі малюнкамі і пажаданнямі на беларускай мове. Затым павіншаваць бацькоў, перадаўшы гэтыя пажаданні праз вучняў. Бацькі будуць удзячны за ўвагу, а вучні – за даручаную справу.

 

Інтэрв’ю ў бацькоў

“Родная мова”, “Мова пявучая, светлая, чыстая”, “Дзень роднай мовы”

Псіхолагі сцвярджаюць, што людзі любяць, калі ім задаюць пытанні. Ім прыемна і радасна адчуваць, што іх думкай цікавяцца, што да іх адносяцца з павагай. Вучні атрымліваюць бланкі з пытаннямі, якія дома яны зададуць бацькам, запішуць адказы ў бланкі і прэзентуюць у класе.

Пералік прыкладных пытанняў падаецца ў Дадатку.

Фестываль народнай кухні

“Свята бульбы”

Загадзя складаецца праграма фестывалю, вучні дома разам з бацькамі гатуюць стравы з бульбы, затым на фестывалі прэзентуюць свае стравы, развучваюць танец “Бульба”, адгадваюць загадкі і інш.

 

Музычная гасцёўня

“Беларускія мелодыі”, “Свята песні”, “Адгадай мелодыю” “Спяваем разам”

Загадзя складаецца праграма гасцёўні, падчас якой вучні і бацькі праслухоўваюць песні, спяваюць разам, удзельнічаюць у віктарыне.

Мэтазгодна раздрукаваць тэксты песень.

 

Час мяняецца, узнікаюць новыя эфектыўныя метады і прыёмы выхавання грамадзянкасці і патрыятызму. ХХІ стагоддзе – стагоддзе інфармацыйных тэхналогій, яно ставіць перад установамі адукацыі больш цяжкія задачы і падштурхоўвае да пераходу ў сеткавую прастору. Пры арганізацыі мерапрыемстваў па патрыятычным выхаванні ўсё актыўней настаўнікі пачынаюць выкарыстоўваць інтэрнэт: ствараюцца інтэрнэт-пляцоўкі, інтэрнэт-конкурсы, віртуальныя музеі, квесты, выкарыстоўваюцца інтэрактыўныя гульні, відэаканферэнцыі і іншае, што дазваляе актывізаваць працэс грамадзянска-патрыятычнага выхавання.

Трэба адзначыць, што бацькі вучняў таксама з’яўляюцца актыўнымі карыстальнікамі інтэрнэту і падпісаны на сацыяльныя сеткі ўстаноў адукацыі, таму неабходнай умовай супрацоўніцтва з бацькамі з’яўляецца інфармаванне бацькоў праз сацыяльныя сеткі пра ўсе мерапрыемствы патрыятычнай накіраванасці, якія праводзяцца ва ўстанове адукацыі, прыцягненне бацькоў да ўдзелу ў такіх мерапрыемтвах.

Для творчага настаўніка падчас работы адкрываецца шмат перспектыў, узнікае шмат новых ідэй. Трэба памятаць, што ад выхаваўчай працы нельга чакаць хуткіх вынікаў, што гэта праца карпатлівая і сістэмная.

 

 Дадатак

Пытанні ад інтэрв’ю з бацькамі  

– Якую мову вы лічыце роднай?

– Ці згодны вы, што для беларусаў роднай мовай з’яўляецца беларуская?

– Назавіце свае любімыя беларускія словы.

– Якую вы ведаеце беларускую калыханку?

– Якія беларускія казкі вы ведаеце?

– Як на беларускую мову перакладаюцца словы «аист», «клюква», «бабочка», «шиповник», «пряник»?

– Ці ведаеце вы, калі адзначаецца Дзень роднай мовы?

– Ці ведаеце вы, якая літара ёсць толькі ў беларускай мове?

– Ці ведаеце вы, як будуць гучаць поўныя адпаведнікі да скарочаных імён хлопчыкаў Ясь, Міхась, Алесь, Костусь, Міколка, Базыль?

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий