У артыкуле разгледжана роля і месца краязнаўчых школьных клубаў “Сувязь часоў” і “Спадчына” Дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 15 г. Ліды” ў сістэме грамадзянска-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення.
Марына ГРЫНЦЭВІЧ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Алеся СНІТКО, настаўнік гісторыі,
ДУА “Сярэдняя школа № 15 г. Ліды”,
Гродзенская вобласць
Краязнаўчыя клубы спрыяюць выхаванню ў кожнага вучня любові і павагі да сваёй краіны, да малой Радзімы, горада, школы, беражлівых адносін да гісторыі свайго народа. Вывучэнне роднага краю адкрывае шырокія магчымасці для самастойнай дзейнасці вучняў, далучае юных грамадзян да творчай дзейнасці, фарміруе практычныя і інтэлектуальныя ўменні.
Сёння ўзрастае цікавасць да нацыянальнай культуры нашых продкаў. Гэтая культура ўвабрана намі з малаком маці. Вось чаму так цікава для дзяцей далучэнне да традыцый беларускага народа. У Дзяржаўнай установе адукацыі “Сярэдняя школа № 15 г. Ліды” функцыянуюць краязнаўчыя клубы “Сувязь часоў” і “Спадчына”. Клубы наведваюць вучні VII і IX класаў.
Праграма клуба “Сувязь часоў” накіравана на вывучэнне гісторыі горада, яго славутасцей, сімвалаў горада (герб, сцяг), знакамітых лідчан.
Мэты клуба:
– стварэнне ўмоў для фарміравання ў вучняў цікавасці да роднага краю, сваёй малой радзімы;
– далучэнне да гістарычнай і культурнай спадчыны Лідчыны;
– развіццю вучэбна-даследчых навыкаў і творчых здольнасцей у працэсе работы;
– стварэнне ўмоў для выхавання патрыятычных адносін да свайго горада праз краязнаўства.
Праграма прадугледжвае тэарэтычныя (гутаркі, лекцыі, даклады, віктарыны, самастойная праца) і практычныя (экскурсіі, сустрэчы, праца з дакументамі, СМІ, праца з іншымі інфармацыйнымі носьбітамі) заняткі.
Падчас заняткаў у клубе “Сувязь часоў” вучні даведваюцца аб асаблівасцях геаграфічнага становішча і межах горада Ліды, аб гістарычных этапах развіцця горада, аб колькасці насельніцтва і нацыянальным складзе горада; вядомых людзях горада; гісторыка-культурных славутасцях; ролі горада ў жыцці краіны.
З мэтай знаёмства вучняў са славутасцямі горада, помнікамі архітэктуры, гісторыяй і культурай горада праводзяцца аглядныя экскурсіі па нашым горадзе да памятных мясцін: экскурсія “Горад Гедыміна”, экскурсія “Гістарычная Ліда”, экскурсія ў Лідскі замак, наведванне Лідскага гісторыка-мастацкага музея, наведванне цэнтра культуры і народнай творчасці (малюнак 1). Малюнак 1. Экскурсія па горадзе «Горад Гедыміна»
З мэтай фарміравання грамадзянска-патрыятычнага выхавання вучняў праз знаёмства з гісторыяй роднага краю і подзвігамі землякоў, герояў Вялікай Айчыннай вайны праходзіць віктарына “Па сцежках вайны”. Вучні могуць праверыць свае веды аб тых далёкіх падзеях і ўзгадаць гераічныя старонкі нашага горада (малюнак 2). Малюнак 2. Вучні ўдзельнічаюць у віктарыне “Па сцежках вайны”
Знаёмства з нацыянальнымі традыцыямі беларускага народа таксама мае вялікае выхаваўчае значэнне. Веданне народных звычаяў, свят, абрадаў, гісторыі садзейнічае фарміраванню чалавека як грамадзяніна, патрыёта сваёй краіны. Немагчыма ўявіць культурнага і адукаванага сучаснага чалавека, які не ведаў бы звычаяў, абрадаў, традыцый свайго народа, не цікавіўся б побытам беларускага народа.
Заняткі краязнаўчага клуба “Спадчына” даюць рабятам магчымасць звярнуць увагу на багатую спадчыну нашага народа, яго духоўную прыгажосць, яго цікавую гісторыю, яго глыбокія карані, тым самым дапамагаюць дзецям зразумець сябе, свой народ, родную Беларусь, абудзіць пачуццё гонару за сябе як беларусаў, за сваю Радзіму.
У розных формах праходзяць заняткі клуба. Гэта лекцыі, рэфераты, круглыя сталы, віктарыны, гульні, праца з інтэрнэт-рэсурсамі, апрацоўка сабранага матэрыялу, афармленне стэндаў, наведванне музеяў Ліды. Наведваючы клуб, рабяты даведваюцца пра свой народ, яго паходжанне, знаёмяцца з самабытнымі асаблівасцямі і характарам беларусаў, а таксама знаёмяцца з беларускай этнаграфіяй, вывучаюць фальклор, абрады Лідскага раёна. Таксама вучні наведваюць школьны гісторыка-этнаграфічны музей “Мой родны кут”.
У школьным музеі “Мой родны кут” прадстаўлены этнаграфічныя калекцыі, якія складаюцца з прадметаў сялянскага побыту, што дазваляе перамясціцца ў мінулае. Экспанаты музея расказваюць пра жыццё і побыт нашых продкаў. Тут да ўсяго можна дакрануцца: узяць вілы або падняць чыгунны прас, разгледзець ткацкі станок і пракатаць бялізну рэбрам, а можна зазірнуць у куфар з пасагам. Кожны помнік народнай культуры – наш нацыянальны скарб. Нельга дапусціць, каб яны бясследна зніклі.
Члены клуба супрацоўнічаюць з Лідскім раённым цэнтрам рамёстваў і традыцыйнай культуры “Спадчына”. Дзейнасць цэнтра накіравана на захаванне, асвету і прапаганду лепшых здабыткаў нацыянальнай спадчыны Беларусі.
Члены клуба ўдзельнічалі ў інфармацыйна-пазнавальным і забаўляльным праекце “Кола часу”, прысвечаным земляробчаму календару беларусаў, а таксама пабывалі ў атмасферы “Піліпаўскіх вечароў”.
Пра свята ўраджаю вучні даведаліся ў анімацыйнай праграме “Жніўны вяночак”, а таксама наведалі выставу “Беларуская хатка”, убачылі ўладкаванне сялянскага жылля, прадметы побыту, якія былі ў кожнай сялянскай хаце (малюнак 3). Малюнак 3. Вучні ў Лідскім раённым цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры “Спадчына”
Вучні наведалі выставачную экспазіцыю “Скарбы Лiдскага краю”, якая прадстаўляе асобныя напрамкі традыцыйных беларускіх рамёстваў: ткацтва, апрацоўка лёну, кераміка і ганчарства, саломапляценне.
Пазнаёміліся з гісторыяй ткацтва на Беларусі, назвамі інструментаў для апрацоўкі лёну, з традыцыямі выкарыстання беларускіх ручнікоў у жыцці народа, а таксама з сімвалічным значэннем вышыўкі. Убачылі працу па рэканструкцыі народнага касцюма Панямоння.
Майстар цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры правяла разам з рабятамі практычны занятак па лепцы з гліны. Тэматыка вырабу разнастайная, у залежнасці ад жадання. Гатовы выраб вучні забіраюць з сабой (малюнак 4).
Малюнак 4. Вучні ў Лідскім раённым цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры “Спадчына”
Знаёмства вучняў з абрадамі нашых продкаў адбываецца праз актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні свят. Члены клуба наведалі “Святкі-Калядкі”, удзельнічалі ў забавах і гульнях. Апрануўшыся ў касцюмы калядоўшчыкаў, віншавалі са святам гаспадара і гаспадыню (малюнак 5).
Малюнак 5. Вучні ў Лідскім раённым цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры “Спадчына”
Веданне традыцый, абрадаў і звычаяў свайго народа ўзнімае вучняў на новы ўзровень духоўнага развіцця. Важна адзначыць, што адраджэнне нацыянальных традыцый і нацыянальнай спадчыны становіцца прадметам пільнай увагі ў сістэме адукацыі.
Лідчына – рэгіён з багатай гісторыяй, самабытнай культурай, вялізнай духоўнай спадчынай. Вывучэнне гістарычнай мінуўшчыны дазваляе ўбачыць жыццё нашых продкаў, паказаць вытокі сучаснасці.
У Лідскім раённым цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры “Спадчына” вучні ўбачылі аўтарскія выставы народных майстроў Лідскага раёна па розных напрамках народных рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Кожны чалавек павінен ведаць гісторыю родных мясцін, культурныя традыцыі свайго краю, знакамітых суайчыннікаў, якія шмат зрабілі для сваёй малой радзімы, для дабра і прыгажосці на зямлі. Выхоўваючыся на прыкладзе традыцый, мінулых гістарычных падзей, дзеці ўсведамляюць, што найлепшыя якасці беларуса, яго этнічныя рысы адшліфаваны многімі стагоддзямі і дайшлі да нашага часу. Гэта наш нацыянальны здабытак, які мы павінны берагчы і памнажаць.
Пакуль жыве наша памяць, пакуль жыве наша культура – будзе жыць і квітнець наша Радзіма. Пакуль мінулае хвалюе нас, мы жывём як нацыя, а значыць, мы адзіны.
Краязнаўчыя клубы “Сувязь часоў” і “Спадчына” садзейнічаюць адраджэнню самасвядомасці, выхаванню патрыятызму, разумення вучнямі значнасці свайго роднага краю ў багатай гісторыі краіны, арыентуюць рабят на грамадзянска-патрыятычныя каштоўнасці, тым самым забяспечваюць фарміраванне грамадзяніна і патрыёта Беларусі.