Структурныя кампаненты сучаснага ўрока павінны быць скіраваны на развіццё асобы вучня, фарміраванне неабходных кампетэнцый, у тым ліку і даследчай. Даследчая дзейнасць вучняў становіцца ўсё больш актуальнай.
Алена ПРАКАПОВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Дакурнішская сярэдняя школа”
Ашмянскага раёна,
Гродзенская вобласць
Мэты ўрока:
– высветліць чытацкія ўражанні ад верша Міколы Шабовіча “Хоць не бачыў чужых я краін…”;
– акцэнтаваць увагу на асаблівасцях адлюстравання малой радзімы ў творы;
– развіваць уменні ўзнаўляць мастацкія карціны, знаходзіць выяўленчыя сродкі мовы і вызначаць іх ролю ў перадачы аўтарскіх адносін да краю ”нарачанскіх рабін”;
– развіваць вуснае маўленне;
– выхоўваць патрыятызм і пачуццё любові да Радзімы.
Абсталяванне: партрэт Міколы Шабовіча, выстава кніг пісьменніка, эпіграф да ўрока, карткі з фігурамі, лісты з пытаннямі для прыёму “Аўтобусны прыпынак”, прэзентацыя.
Эпіграф:
О, край родны, край прыгожы!
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей у свеце Божым
Гэтых светлых берагоў…
Якуб Колас
Ход урока
I Арганізацыйны этап
– Добры дзень, сябры! Мне вельмі прыемна зноў пабачыцца з вамі. Спадзяюся, што сёння на ўроку ў вас будзе цудоўны настрой, бо накіруемся мы ў краіну Паэзіі.
Прыём “Каляровыя лісты”
Кожны вучань выбірае сабе адну з трох картак з фігуркамі, якая падыходзіць яму сёння па настроі, пры гэтым яны не ведаюць, што яна значыць. Затым ідзе тлумачэнне настаўніка.
– Сонейка – цудоўны настрой, вы ўжо прачнуліся і гатовы актыўна працаваць на ўроку; навальніца – раніцай вас нехта патурбаваў або сапсаваў настрой; месяц – вы яшчэ спіце, не прачнуліся для актыўнай працы на ўроку.
– Я шчыра спадзяюся, што ваш настрой значна палепшыцца да канца ўрока. А ўрок наш сёння незвычайны. Мы адпраўляемся ў падарожжа, у час якога пазнаёмімся з цікавым паэтам.
II Арыентацыйна-матывацыйны этап
1 Актуалізацыя ведаў. Прыём “Жамчужына думкі”
– Паглядзіце на эпіграф. Як вы разумееце паэтычныя радкі? Прапаную адказаць на пытанне: “Што для мяне значыць малая радзіма?” (Слайд 1)
2 Мэтавызначэнне
– У кожнага з вас свае асацыяцыі і пачуцці. Але кожны з вас, выказваючыся, назваў тое самае блізкае і дарагое, што жыве ў вашым сэрцы. А вось якія пачуцці поўняць душу паэта Міколы Шабовіча, мы даведаемся на ўроку. Сёння мы пазнаёмімся з таленавітым паэтам Міколам Шабовічам і яго вершам “Хоць не бачыў чужых я краін…” (Слайд 2).
– Малая радзіма паэта – гэта край песень і жытнёвых палёў, салаўёў, якія аж захліпаюцца, а пяшчотная Нарач раскідвае свае блакітныя хвалі. Дарэчы, верш “Мой край” стаў вядомай песняй, своеасаблівым гімнам Мядзельшчыны (музыка – А.Малашчыцкага). Сыноўнюю адданасць, бясконцую любоў да родных мясцін паэт пранізліва паказвае ў сваіх вершах (Слайд 3).
– Паспрабуйце вызначыць мэты нашага ўрока, падумайце, што за час падарожжа вы павінны зразумець і запомніць.
Вучні спрабуюць вызначыць мэты, настаўнік падагульняе (Слайд 4).
III Пазнавальна-аперацыйны этап
1 Знаёмства з новым матэрыялам
Паведамленне пра паэта.
– Пачаць падарожжа я запрашаю вучаніцу, якая падрыхтавала для нас паведамленне. (Вучаніца атрымала апераджальнае заданне: расказаць пра жыццё і творчасць М.Шабовіча).
– Паэты – таленавітыя і незвычайныя людзі. Яны ўмеюць убачыць хараство душы чалавека, ствараць вобразныя малюнкі роднага краю. У сваёй творчасці паэты часта звяртаюцца да тэмы Радзімы, сцвярджаюць непарыўную повязь з роднай зямлёй. Як вы думаеце, чаму паэтаў хвалюе гэта тэма? (Адказы вучняў).
2 Праца з творам
– Ці можа чалавек пражыць без роднай зямлі? (Адказы вучняў).
– Сапраўды, пражыць без Радзімы немагчыма, яна – наш найвялікшы скарб. Гэтую думку пацвярджае паэт Мікола Шабовіч. У вершы ўвасоблена пачуццё глыбокай сыноўняй адданасці малой радзіме, выказаны гонар за родны край і свой народ.
Настаўнік выразна чытае верш.
Тлумачэнне незразумелых слоў.
3 Аналіз першаснага ўспрымання твора
1) Вызначце настрой гэтага верша. (Узнёслы, урачысты, напоўнены цяплом і гонарам за сваю малую радзіму.)
2) З якімі вобразамі звязана для Міколы Шабовіча яго малая радзіма? З якім пачуццём ён апісаў яе?
4) Прачытайце радкі, у якіх заключана галоўная думка верша. Пракаменціруйце іх.
5) Для адлюстравання малой радзімы паэт выкарыстаў апісальныя звароты, напрыклад, “край нарачанскіх рабін”, “край азёр, край буслоў”, у якіх называюцца характэрныя прыкметы роднай мясцовасці. Назавіце апісальныя звароты, якімі апішаце свой маленькі куточак радзімы.
Самастойнае выразнае чытанне твора вучнямі.
4 Аналітычная гутарка
– Дык што ж такое Радзіма?
– Працягніце асацыятыўны радок: Радзіма – шчасце, гонар, радасць, карані… (Слайд 5).
– Звярніцеся да радкоў Пімена Панчанкі “Кожны з нас прыпасае Радзімы куток, Каб да старасці чэрпаць адтуль успаміны…”. Параўнайце пачуцці і эмоцыі лірычных герояў абодвух вершаў і намалюйце слоўны партрэт патрыёта сваёй Радзімы (Слайд 6).
– Якія вобразна-выяўленчыя сродкі ўжыты ў вершы? На аснове тэксту запоўніце апорную табліцу:
Мастацкі сродак |
Тлумачэнне |
Прыклад з твора |
|
|
|
Агучваюцца вынікі работы.
– Вызначце ролю вобразна-выяўленчых сродкаў у творы.
– Раскрыйце адносіны Міколы Шабовіча да сваёй малой радзімы.
Калектыўнае чытанне твора.
Фізкультхвілінка
Настаўнік павольна гаворыць вучням:
– Заплюшчыце вочы і ўявіце сабе самыя прыгожыя старонкі вашых родных мясцін. Для кагосьці гэта будзе блакітнае возера ці маленькая крынічка, для другога – бярозавы лясок, буслянкі на дахах вясковых хат, палеткі збажыны. Хіба ж нельга не любіць такую прыгажосць!
IV Дыягнастычна-карэкцыйны этап
1 Праца з прыказкамі
– Давайце ўзновім прыказкі аб радзіме і зямлі па апорных словах: чалавек – птушка (“Чалавек без радзімы, што птушка без крылаў”, хатка – матка (“Свая хатка як родная матка”), дзе – там (“Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся”). Растлумачце змест гэтых прыказак (Слайд 7).
2 Прыём “Аўтобусны прыпынак”
Вызначаюцца пытанні для абмеркавання па тэме. Вучні разбіваюцца на групы па колькасці пытанняў (да пяці чалавек). Групы размяркоўваюцца па “аўтобусных прыпынках”. На кожным “прыпынку” ляжыць ліст паперы з пытаннямі. Вучні запісваюць асноўныя моманты па новай тэме, адказваючы на пытанні. Затым па камандзе групы пераходзяць да наступнага “прыпынку”. Знаёмяцца з запісамі папярэдняй групы і па меры неабходнасці дапаўняюць іх. Выпраўляць напісанае нельга. Калі група вяртаецца да свайго “прыпынку”, яна знаёміцца з усімі запісамі і прэзентуе вынікі работы па сваім пытанні.
Заданні для прыёму “Аўтобусны прыпынак”
1. Якімі эмоцыямі і пачуццямі пранізаны верш?
2. Назавіце сродкі мастацкай выразнасці, якія дапамагаюць перадаць аўтарскія адносіны да краю “нарачанскіх рабін”: метафары – “вулка звала”, …; шматзлучнікавасць – “і сябры, і бацькоўская хата”, “і ў будні, і ў святы”, …; паўторы – …; параўнанні – … .
3. Прадоўжыце пералік назваў нашай Радзімы: Беларусь, Белая Русь, Бацькаўшчына, Зямля пад белымі крыламі, мой чароўны беларускі край, мілы кут маіх дзядоў…
4. Запішыце апісальныя звароты, якімі ахарактарызуеце свой маленькі куточак радзімы.
5. У чым, на вашу думку, непаўторны верш Міколы Шабовіча?
Праца вучняў, прэзентацыя вынікаў.
Настаўнік падводзіць вынікі працы груп, пры неабходнасці ўносіць карэктывы.
V Заключны этап
Падвядзенне вынікаў урока, выстаўленне і каменціраванне адзнак.
Зварот да мэт, пастаўленых на пачатку ўрока. Ці дасягнулі мы іх?
Даведаліся…
Навучыліся…
Замацавалі…
VI Рэфлексія
– Які ўрок вы атрымалі ад сустрэчы з аўтарам і яго творам?
VII Дамашняе заданне
1) Выразнае чытанне верша (с. 67).
2) Заданне “Пішу, асэнсоўваю, малюю”. Гэта значыць, што дома вы будзеце не толькі пісаць, думаць, але яшчэ і маляваць. (Настаўнік раздае вучням карткі з дамашнім заданнем, якое выконваецца ў рабочых сшытках, малюнак – на альбомных лістах).
1. “Пішу”. Якой вы бачыце малую радзіму? Выкарыстайце інтэрнэт для пошуку актуальнай і цікавай інфармацыі пра родныя мясціны, гісторыю раёна, горада, вёскі, паходжанне назвы.
2. “Асэнсоўваю”. Неабходна працягнуць сказ: “Я люблю наш горад (вёску)…”.
3. “Малюю”. Заданне на выбар. Намаляваць ілюстрацыю да верша.