Выхавальнікі дашкольнай адукацыі Дубненскага дзіцячага сада падрыхтавалі сцэнарыі фізкультурных вольных часоў на кожную пару года.
Таццяна ПАЎЛЮЧУК,
выхавальнік дашкольнай адукацыі,
Вера ДЗЯДОЛКА,
кіраўнік фізічнага выхавання
ДУА “Дубненскі дзіцячы сад” Мастоўскага раёна,
Гродзенская вобласць
Фізкультурны вольны час “Дрэвы восенню”
Па экалагічнай сцяжынцы, для выхаванцаў старшага дашкольнага ўзросту
Праграмныя задачы:
– удасканальваць устойлівасць арганізма да розных захворванняў, неспрыяльных уздзеянняў знешняга асяроддзя;
– навучаць дзяцей бачыць і разумець прыгажосць рухаў, развіваць уменне дзейнічаць па ўласным плане, падпарадкоўваць свае паводзіны інтарэсам калектыву;
– фарміраваць уяўленні дзяцей аб такой з’яве прыроды, як лістапад;
– садзейнічаць развіццю эмацыянальна-каштоўнасных адносін да прыроды;
– выхоўваць самастойнасць і ініцыятыўнасць у прымяненні рухальнага вопыту ў новых рухальна-гульнявых умовах і жыццёвых сітуацыях, эстэтычныя і пазнавальныя адносіны да прыроды, уважліва адносіцца да свайго здароўя.
Абсталяванне: касцюм Лесавіка для дарослага, асеннія лісточкі дрэў, 15–20 “грыбоў” (цацкі).
Месца правядзення: фізкультурная пляцоўка, экалагічная сцяжынка.
Папярэдняя работа: гутаркі аб прыкметах восені, развучванне вершаў пра восень.
Ход мерапрыемства
Пастраенне на фізкультурнай пляцоўцы. Педагог звяртае ўвагу на знешні выгляд дзяцей (адпаведнасць адзення і абутку задачам мерапрыемства і ўмовам надвор’я).
Кіраўнік фізічнага выхавання. Прывітанне, дзеці.
Дні сталі карацейшымі
Ночы сталі даўжэйшымі,
Хто ведае, хто мне скажа,
Калі гэта бывае? (Восень)
Я прапаную вам сёння адправіцца па экалагічнай сцяжынцы ў асенні лес у госці да Лесавіка. У час падарожжа вы павінны выконваць пэўныя правілы: не шумець, не крычаць і калі на шляху сустрэнуцца перашкоды, то будзьце ўважлівымі і асцярожнымі. Але спачатку трэба зрабіць размінку.
Размінка
Размінка праводзіцца пад радкі верша І.Багдановіча “Восень”
Восень абсыпала дрэвы
Жоўтым прыгожым лістком,
(Хадзьба звычайным крокам у калоне па адным, махі рукамі зверху ўніз і знізу ўверх)
Восень сабрала пасевы
З поля пагодным дзяньком,
(Хадзьба звычайным крокам з прысяданнямі)
Збожжа ў гумно накладала,
Бульбу ссыпала ў мяхі,
(Скачкі на дзвюх нагах з перамяшчэннем наперад)
У косы цыбулю сплятала,
Вешала іх ля страхі.
(Бег з падскокамі)
Лушчыла ў торбы сланечнік,
Мак, і фасолю, і боб.
Восень у клопаце вечным,
Хай дапаможа ёй Бог!
(Хадзьба звычайным крокам з аднаўленнем дыхання)
Практыкаванні дыхальнай гімнастыкі “Лісты шапочуць”
Дзеці ідуць па крузе ў калоне па аднаму звычайным крокам і вымаўляюць верш:
Ранкам мы ў двор ідзём –
Лісце сыплецца дажджом,
Пад нагамі шапаціць
І ляціць, ляціць, ляціць.
Вымавіўшы апошняе слова, дзеці робяць глыбокі ўдых праз нос і ідуць урассыпную па пляцоўцы, вымаўляючы на працяглым выдыху гук “ш-ш-ш”, стараючыся прайсці пры гэтым больш крокаў. Як толькі паветра канчаецца, дзеці спыняюцца.
Пераход з фізкультурнай пляцоўкі на экалагічную сцяжынку, у лес.
Кіраўнік фізічнага выхавання. Рабяты, мы з вамі апынуліся ў лесе.
(З’яўляецца Лесавік – выхавальнік у касцюме Лесавіка)
Лесавік. Гэта хто тут расшумеўся? Хто парушае цішыню лесу? Як трэба паводзіць сябе на прыродзе, нагадайце мне.
Гульня “Што можна, а што нельга рабіць у лесе”
(Правілы гульні: “можна” – дзеці пляскаюць у далоні, “нельга” – дзеці тупаюць нагамі).
Распальваць вогнішчы ў лесе (нельга).
Саджаць больш дрэў (можна).
Ламаць дрэвы і галінкі (нельга).
Ірваць вялікія букеты кветак (нельга).
Любавацца імі (можна).
Хадзіць і таптаць на лугах кветкі (нельга).
Пакідаць смецце ў лесе (нельга).
Сабраць смецце ў яму і закапаць (можна).
Берагчы лес ад пажару (можна).
У лесе шумець (нельга).
Мурашнік разбураць (нельга).
Птушанят браць дадому (нельга).
Лесавік. Гэты лес я вартую, за парадкам сачу і вас усіх прапушчу. А навошта вы завіталі ў мой лес? (Дзеці адказваюць, што прыйшлі ў госці да Лесавіка, каб даведацца пра дрэвы восенню)
Я вам у гэтым дапамагу, але спачатку адгадайце маю загадку:
Што злятае з дрэў нібы залатыя матылькі? (Восеньскае лісце)
Пасля атрымання правільнага адказу, чытае верш М. Лужаніна:
Ходзіць восень з жоўтым клункам,
Носіць дрэвам падарункі:
Дубу-асілку –
Залатую пасцілку,
Сукенку – асіне,
Ліпам – па хусціне,
А кустам усім у пушчы
Па барвовай яркай хустцы.
Лесавік. Ці ведаеце вы, чаму восенню дрэвы мяняюць афарбоўку лісця і затым скідваюць іх? (Дзеці адказваюць. Лесавік слухае адказы дзяцей, удакладняе і дапаўняе іх уяўленні).
Рухавая гульня “Бяжы да свайго ліста”
Дзеці дзеляцца на дзве каманды. Кіраўнік фізічнага выхавання паказвае кожнай камандзе лісты, якія апалі з дрэў (напрыклад, першай камандзе – лісты бярозы, другой – лісты клёна) і дае дзецям заданне па першым сігнале рассыпацца па паляне і кожнаму з каманды адшукаць адпавядаючы лісток, а па другім сігнале – пастроіцца ля дрэва гэтага лістка (чыя каманда хутчэй пастроіцца).
Кіраўнік фізічнага выхавання стаіць у цэнтры. Паднімае ліст і называе яго. Да яго падбягаюць дзеці з такім жа лісцем, кружацца і бягуць назад. Затым падбягае другая каманда дзяцей з другімі лісточкамі.
Практыкаванне дыхальнай гімнастыкі “Здуй лісточак”
Дзеці кладуць апаўшыя лісточкі на далонь, падносяць іх да твару, робяць глыбокі ўдых праз нос і моцна выдыхаюць праз рот, стараюцца здуць лісточкі з далоні, каб яны закружыліся ў паветры.
Рухавая гульня “Вецер і лісты”
Дзеці – “Восеньскія лісточкі”. Па сігнале “Вецер” дзеці адвольна бегаюць па палянцы ў розных напрамках (“вецер кружыць лісце ў паветры), па сігнале “Вецер сціх” – хутка прысядаюць (“лісты ўпалі на зямлю”).
Лесавік. Рабяты, давайце паназіраем за лісцем дрэў. Звярніце ўвагу, як ціха ападаюць лісты.
Дзеці назіраюць за лісцем дрэў, якія ціха ападаюць, і слухаюць “восеньскую мелодыю” лесу.
Рабяты, а ці ведаеце вы, якія грыбы растуць у лесе? (Адказы дзяцей.)
Беларуская народная гульня «Хто больш збярэ ядомых грыбоў»
На палянцы ў вялікім крузе раскладзены грыбы.
Выбіраем 5–6 дзяцей, якія бегаюць па крузе пад музыку. Па сігнале яны збіраюць грыбы. Лесавік лічыць, хто больш назбіраў грыбоў.
Ускладненне: Хто больш збярэ толькі ядомых грыбоў.
Практыкаванне дыхальнай гімнастыкі “Восеньская павуцінка”
Дзеці робяць звычайны ўдых праз нос і выдых праз рот, змяняючы характар выдыху: першы раз – моцны прарэзлівы выдых (“моцны парывісты вецер падуў і разарваў павуцінку), другі раз – сярэдні ўдых (“вецер трошкі прыціх, павуцінку не разарваў”), трэці раз – павольны, ціхі ўдых (“павуцінка трошкі пашавялілася пад дыханнем ласкавага ветрыка”).
Кіраўнік фізічнага выхавання. Рабяты, прыйшоў час развітацца з Лесавіком і вяртацца ў дзіцячы сад.
Лесавік.
Вы так дружна ўсе гулялі,
Сябра Лесавіка віталі,
Але ўсе ж, бывайце
І мяне не забывайце!
Кіраўнік фізічнага выхавання. Вам жадаю ад душы, быць здаровымі заўжды!
Дзеці развітваюцца з Лесавічком і ў спакойным тэмпе вяртаюцца па зададзеным маршруце ў групу. Па дарозе выхаванцы збіраюць лісце, якое апала, сухія зламаныя галінкі для складання восеньскіх букетаў, аплікацый і іншых вырабаў.
Фізкультурны вольны час “Прыйшла вясна”
Па экалагічнай сцяжынцы, для выхаванцаў старэйшага дашкольнага ўзросту
Праграмныя задачы:
– пашырыць, удакладніць і абагуліць уяўленні выхаванцаў аб сезонных зменах у навакольнай прыродзе з надыходам вясны;
– выклікаць і падтрымаць інтарэс да прабуджэння прыроды праз вершы, загадкі, гульні;
– павышаць агульную працаздольнасць і вынослівасць арганізма ў працэсе павелічэння аб’ёму, інтэнсіўнасці і разнастайнасці фізічных нагрузак;
– удасканальваць рухальныя ўменні і навыкі, элементы тэхнікі рухальных дзеянняў у спартыўных практыкаваннях, гульнях;
– выхоўваць добразычлівасць у час гульняў, беражлівыя адносіны да раслін і жывёл, імкненне клапаціцца аб навакольным свеце.
Абсталяванне: касцюм Лесавіка для дарослага, запіс галасоў птушак і звяроў, гімнастычныя палкі, фігуры звяроў (зробленыя з фанеры).
Месца правядзення: фізкультурная пляцоўка, экалагічная сцяжынка.
Папярэдняя сумесная дзейнасць: гутаркі аб прыкметах вясны, развучванне вершаў аб вясне.
Ход правядзення мерапрыемства
Пастраенне на фізкультурнай пляцоўцы. Педагог звяртае ўвагу на знешні выгляд дзяцей – адпаведнасць адзення і абутку задачам мерапрыемства і ўмовам надвор’я.
Кіраўнік фізічнага выхавання. Прывітанне, дзеці. Сёння я вас запрашаю адправіцца ў падарожжа па экалагічнай сцяжынцы і паназіраць за вясеннімі зменамі ў прыродзе.
Размінка
У працэсе размінкі выкарыстоўваюцца спецыяльна падабраны верш Я. Коласа, спалучаючы рытм мовы з рытмам рухаў:
Ідзе вясна ўжо, дзякуй Богу!
Згінуў снег з сырой зямлі; (звычайная хадзьба па крузе ў калоне па адным)
Папсавала гразь дарогу,
Перавалы загулі (хадзьба ўперавалачку з боку на бок, выпадамі).
Сонца грэе, прыпякае;
Лёд на рэчцы затрашчаў (хадзьба з прысяданнямі).
Цёплы вецер павявае,
Хмар дажджлівых нам прыгнаў (хадзьба з кругавымі махі рук уперад і назад).
Вось і бусел паказаўся,
Гусі дзікія крычаць, (скачкі на адной назе, падскокам)
Шпак на дубе расспяваўся,
Жураўлі ўжо ляцяць (бег з махамі рук уверх і ўніз).
I зіма, як дым, прапала!
Зелянее луг, ралля.
Як ад болю, ачуняла
Наша родная зямля (павольная хадзьба з выкананнем дыхальных практыкаванняў для аднаўлення дыхання)
Практыкаванні дыхальнай гімнастыкі “Вясенні вецярок”
Хадзьба звычайным крокам, дзеці вымаўляюць развучаны раней верш:
Вецярок вясенні праляцеў
І песню ціха праспяваў.
Вымавіўшы апошняе слова дзеці спыняюцца і выконваюць практыкаванні дыхальнай гімнастыкі ”Вецярок”. Стоячы, ногі злёгку расстаўлены, рукі апушчаны ўніз. На спакойны ўдых плаўна падымаюць рукі, а затым выдыхаючы, рукі апускаюць і вымаўляюць “Ф-ф-ф”.
Пераход на экалагічную сцяжынку, сустрэча з Лесавіком (выхавальнік у ролі Лесавіка)
Лесавік. Добры дзень, дзеці! Я яшчэ здалёк пачуў вашы галасы, і мне так захацелася, каб вы завіталі да мяне ў госці. А ці ведаеце вы, хто я такі? (Адказы дзяцей.) Так-так, я Лесавік. А жыхароў у маім лесе вельмі шмат. Гэта расліны і жывёлы, птушкі і насякомыя. Усе яны – нашы меншыя браты, якія маюць патрэбу ў дапамозе чалавека. А ці ведаеце вы, як трэба паводзіць сябе ў прыродзе? (Адказы дзяцей.) Так, правільна, лясных жыхароў нельга трывожыць шумам, разбураць мурашнікі, гнёзды птушак, зрываць кветкі, ламаць дрэвы. А вы хочаце бліжэй пазнаёміцца з маімі насельнікамі?
Пойдзем, дзеці, у лес вясновы,
Нібы ў дом вясёлы, новы.
Толькі тым, хто ў казку верыць,
Лес свае адчыніць дзверы.
Там, пад дубам, зайчаняткі
Дружна робяць фіззарадку,
Там мядзведзь каля балота
Рамантуе буслу боты.
Песні там і смех усюды.
Але, ведайце, што цуды
Толькі тым вясна пакажа,
Хто не скрыўдзіць і мурашкі,
Хто з прыродаю сябруе,
Птушак і звяроў шануе. (Леанід Дайнека)
(Дзеці павольна ідуць па сцежцы. Гучаць галасы птушак і звяроў у грамзапісе.)
Лесавік. Вось мы з вамі прыйшлі ў лес, але нікога не знайшлі, толькі пачулі прыгожыя песні птушак. Усе жыхары пахаваліся ад чалавечага вока. А з’явяцца яны толькі тады, калі вы адгадаеце мае загадкі.
Уздоўж дарогі сталі ў рад
Сёстры, нібы на парад.
У спаднічках белых, вузкіх,
У зялёных пышных блузках. (Бярозкі)
Беларуская народная гульня “Бярозка”
Задача: практыкаваць у хадзьбе па крузе, узгадняючы рух са словамі песні, садзейнічаць фарміраванню пачуцця калектывізму.
З ліку тых, хто гуляе, выбіраецца дзяўчынка-бярозка. Дзеці ходзяць па крузе, паклаўшы хустачкi на плячо, i спяваюць.
Бярозка белая,
Макаўка зялёная,
Вясной махнаценькая,
3імой сучкаваценькая,
Дзе яна стаіць,
Там i шуміць.
Дзяўчынка-бярозка, што стаіць у крузе, пад песню забірае ў тых, хто гуляе, хустачкі, паднімае ix над галавой, і, калі заспяваюць:
Бярозка зялёненькая,
Вясной вясёленькая,
Каля сцежкі стаіць,
Лicточкамі маладымі шуміць,
Залатым вяночкам звініць.
Бярозка iмiтye шум лістоў, рух галінак, шамаціць сукенкай, махае над галавой хустачкамі. Пад прыгаворку: «А вясной кapaнi ў бярозкі ажываюць, лісточкі вырастаюць!» – дзяўчынка-бярозка абыходзіць карагод i кожнаму на плячо кладзе яго хустачку.
Правілы гульні: хустачкі ў тых, хто гуляе, павінны ляжаць свабодна, каб дзяўчынка-бярозка змагла лёгка ix узяць.
Лесавік. А зараз мая другая загадка.
I ў сто гадоў я малады.
Маё насенне – жалуды. (Дуб)
Дзіця.
Прабіўся на ўзлессі маленькі дубок –
Магутнага дуба вясёлы сынок.
Шырокія голлі ў блакіце шумяць…
Такім жа, як дуб, і дубок хоча стаць.
Глядзіць ён угору, расце-падрастае.
Харошая зайздрасць заўсёды такая!
(I. Муравейка. «Дубок»)
Лесавік. Якія дрэвы растуць на нашай лясной палянцы? А якія яшчэ дрэвы вы ведаеце? (Адказы дзяцей.) I каго мы называем зялёнымі сябрамі? (Дрэвы, кусты, кветкі, травы.) Так, яны ўпрыгожваюць нашу зямлю, ачышчаюць паветра, даюць плады, і людзі павінны заўсёды сябраваць са сваімі “зялёнымі сябрамі”, берагчы іх.
Лесавік прапануе дзецям пагуляць у рухавую гульню “Хто хутчэй адшукае бярозу, елку, дуб, сасну”.
Гульня “Знайсці дрэва па назве”
Правілы: Бегчы да названага дрэва можна па камандзе “Бяжы!”
Ход гульні: Кіраўнік фізічнага выхавання называе добра знаёмае дзецям дрэва і просіць знайсці яго, напрыклад: “Хто хутчэй знойдзе бярозу? Раз, два, тры – да бярозы бяжы!”. Дзеці павінны адшукаць бярозу і да яе дабегчы і г.д.
Лесавік. Дзеці, а ці ведаеце вы, якія змены ў лесе адбыліся з надыходам вясны? (Адказы дзяцей). Лес абуджаецца, напаўняецца гукамі, рухам. Расліны пачынаюць цягнуцца ўверх, імкнучыся атрымаць як мага больш сонечнага святла. Карані раслін усмоктваюць з цёплай глебы вільгаць, якая растварае назапашаныя ў ствалах пажыўныя рэчывы. Сцеблы раслін перадаюць сілкаванне пупышкам, якія неўзабаве стануць лісцем і кветкамі.
Яшчэ адна прыкметная змена ў прыродзе ўвесну – а кустах і дрэвах распускаюцца пупышкі. На ўзлесках растае снег, з’яўляецца першая траўка, цякуць ручайкі.
Лесавік. А цяпер паглядзім, хто з вас паб’е рэкорд, хто вось гэты ручаёк пераскочыць папярок.
(Кіраўнік фізічнага выхавання дае каманду “Зыходнае становішча для скачка прыняць!” Сігнал свістка – выконваецца практыкаванне. Ручаёк зроблены з гімнастычных палак. Дзеці разварочваюцца, і зноў падаецца каманда для прыняцця зыходнага становішча, за якім ідзе сігнал свістка.)
Лесавік. А вось мая апошняя загадка.
Ён карычневы, вялікі,
Спіць у бярлозе пад сасной.
А вясной пачне раўці
Касалапы звер… (мядзведзь)
Дзеці падыходзяць да лясной палянкі, дзе стаяць фігуры жывёл, зробленыя з фанеры.
Лесавік. Вось і з’явіліся лясныя жыхары. Давайце назавём іх. (Адказы дзяцей)
Гульня “Адгадай, што задумалі?”
Дзеці дзеляцца на дзве каманды. Кожная каманда задумвае любую жывёлу лесу. Затым адна каманда дэманструе хадзьбу жывёлы, а другая каманда павінна дагадацца, якая гэта жывёла. (Мядзведзь, заяц, ліса, вавёрка, воўк, лось).
Лесавік. Што адбываецца ў жыцці дзікіх жывёл увесну? (Абуджаюцца, ліняюць, у іх з’яўляюцца дзіцяняты). Як трэба паводзіць сябе ў лесе? Якія прыкметы прыходу вясны вы запомнілі? (Адказы дзяцей).
Лесавік.
Вы так дружна ўсе гулялі,
Сябра Лесавіка віталі,
Але ўсе ж, бывайце
І мяне не забывайце!
Кіраўнік фізічнага выхавання. Вам жадаю ад душы, быць здаровымі заўжды!
Дзеці развітваюцца з Лесавічком і ў спакойным тэмпе вяртаюцца па зададзеным маршруце ў групу.
Фізкультурны вольны час “Зімушка-зіма”
Па экалагічнай сцяжынцы, для выхаванцаў старэйшага дашкольнага ўзросту
Праграмныя задачы:
– паказаць дзецям стан прыроды зімой (дрэвы, кусты – у спакоі, без лісця; зямля пакрыта снегам), працягваць знаёміць з зімовымі з’явамі ў нежывой прыродзе (галалёд, снегапад, гурбы);
– фарміраваць уяўленні аб тым, што жыццё зімой працягваецца, замацаваць веды аб спосабах прыстасавання раслін і жывёл да зімы;
– развіваць назіральнасць і ўменне рабіць элементарныя абагульненні;
– удасканальваць тэхніку дыхальных практыкаванняў на марозным паветры;
– развіваць рухальныя навыкі, садзейнічаць развіццю агульнай вынослівасці;
– садзейнічаць выхаванню эмацыянальна-каштоўнасных адносін да прыроды.
Абсталяванне: касцюм Лесавіка для дарослага, карткі з выявамі дрэў, корм для птушак, снегавы камяк.
Папярэдняя сумесная дзейнасць: гутаркі аб прыкметах зімы, развучванне вершаў.
Месца правядзення: гульнявая пляцоўка, экалагічная сцяжынка.
Ход правядзення мерапрыемства
Дзеці строяцца на гульнявой пляцоўцы. Кіраўнік фізічнага выхавання звяртае ўвагу на знешні выгляд дзяцей.
Кіраўнік фізічнага выхавання. Сёння мы адправімся ў госці да Лесавіка. Перад тым, як адправіцца ў дарогу, трэба зрабіць размінку.
Размінка
У час хадзьбы выкарыстоўваем спецыяльна падабраны верш з рытмам рухаў. (Верш “Снег”. Пятрусь Броўка)
Сняжынкі, як пушынкі,
Асядаюць на трысці.
(Звычайная хадзьба з махамі рук зверху ўніз і знізу ўверх)
Засняжыў
сняжок
сцяжынку,
Нельга поле перайсці.
(Хадзьба з высокім падыманнем бядра)
Сонца ніжай,
вечар бліжай.
(Хадзьба з прысяданнямі)
Возьмем з Лізай
нашы лыжы,
Горы снегу
праляцім! (Павольны бег, аббягаючы маленькія камячкі снегу, якія ляжаць на сцежцы)
Практыкаванні дыхальнай гімнастыкі “Галодны воўк”
Кіраўнік фізічнага выхавання. Рабяты, зараз зіма і воўк галодны. Пакажыце, як ён дыхае?
Дзеці плаўна робяць удых, жывоцік надзімаюць як мага мацней. На выдыху рабяты як мага мацней уцягваюць жывот. Тут вельмі важна прасачыць, каб дзеці выконвалі гэты рух правільна.
З’яўляецца Лесавік.
Лесавік. Прывітанне, дзеці. Я для вас падрыхтаваў загадкі.
Белы абрус усё поле накрыў (Снег)
Без дошак, без сякеры
Праз рэчку мост зрабіў.
Мост – як сіняе шкло:
Слізкае, вясёлае, светлае. (Лёд)
Стары дзед, яму сто гадоў,
Мост заслаў на ўсю раку. (Мароз)
Малайцы. А ці ведаеце вы, што адбываецца з дрэвамі, кустамі зімой? Чым пакрыта зямля? Якія з’явы ў нежывой прыродзе вы ведаеце?
(Адказы выхаванцаў). Лесавік выслухоўвае адказы дзяцей, удакладняе і дапаўняе іх.
Усё бела – сцяжынкі, купіны.
І заснулі да вясны
На галінах дрэў пупышкі,
Спяць яны і бачаць сны.
Фізкультхвілінка «Вецер»
Кіраўнік фізічнага выхавання сачыць за правільным дыханнем, падчас руху дыханне насавое.
Вецер дзьме нам у твар
Пальцамі рук дзеці махаюць па напрамку да твару
І калыша дрэўца
Размахваць рукамі над галавой
Вецер цішэй, цішэй, цішэй,
Нахілы корпуса налева-направа.
Галінкі вышэй, вышэй, вышэй.
Паднімаюць рукі ўверх.
Лесавік. Прапаную вам, рабяты, адправіцца ў лес і знайсці знаёмыя вам дрэвы па картках.
Дзеці атрымліваюць карткі з выявай дрэў і адпраўляюцца шукаць дрэва.
Рухавая гульня «Да дрэва бяжы»
Кіраўнік фізічнага выхавання. Раз, два, тры – да хвоі бяжы! (Да бярозы, дуба, асіны, елкі) Дзеці выконваюць.
Лесавік. А зараз адгадайце загадку.
Што за стол сярод бяроз
Пад адкрытым небам?
Частуе ў мароз
Птушак збожжам і хлебам (Кармушкі)
Гутарка па пытаннях
Рабяты, а для чаго вісяць на дрэвах кармушкі? (Адказы дзяцей)
Якія птушкі зімуюць у нашых краях? (Варона, верабей, сарока, дзяцел, сава)
Якія птушкі прылятаюць да нас з поўначы? (Амялушка).
Лесавік прапануе пакарміць птушак, насыпаць корм у кармушкі.
Дзеці з Лесавіком падыходзяць да кармушак для птушак і сыплюць зярняткі.
Лесавік.
Не відаць у лесе сцяжынак,
У кажухах кусты стаяць,
Жукі і лічынкі заснулі,
Накрыў пад карой іх снегапад.
Ляці ж, птушка, да людзей
І хавайся хутчэй за акном,
А мы карміць цябе будзем
Крошкамі хлеба, просам.
Беларуская народная гульня “Пабелка”
Мэта: развіваць сілу, спрытнасць, волю да пepaмoгi.
Aпicaннe гульні: На заснежанай пляцоўцы дзеці, узяўшыся за pyкi, ідуць па крузе, пасярэдзіне якога ляжыць вялікі камяк снегу.
Па сігнале кожны гуляючы, упіраючыся нaгaмi, iмкнeцца штурхнуць таго, хто стаіць побач, на снегавы камяк, каб “пабяліць” яго (на адзенні “пабеленага” застаецца след ад снегу). Той iгpoк, які дакрануўся да камяка, выбывае з гульні, а дзеці зноў бяруцца за рукі, i гульня працягваецца. Апошнія двое, што засталіся ў гульні, становяцца паабапал камяка i бяруцца за рукі. Хто з ix зацягне праціўнiкa на камяк, той i выйграе.
Правілы гульні: Цягнуць праціўніка можна толькі за pукi. Апускаць рукі забараняецца.
Лесавік.
Гарэзны хлапчук у шэрым армячышцы
Па двары шнырыць, крошкі збірае. (Верабей)
Рухавая гульня «Скачуць верабейкі»
На снезе чэрціцца круг дыяметрам 4-6 метраў. Выбіраецца вядучы – «Кот». Кот стаіць ці прысядае ў сярэдзіне круга. Астатнія дзеці – «Вераб’і» становяцца па-за кругам.
Па сігнале вядучага вераб’і пачынаюць скакаць у круг і выскокваць з яго. Кот імкнецца злавіць таго, хто не паспеў выскачыць з круга. Злоўлены садзіцца ў круг да ката. Калі зловяць 3-4 вераб’я, выбіраецца новы кот са злоўленых. Гульня пачынаецца спачатку. Перамагае той, каго ні разу не злавілі.
Практыкаванне дыхальнай гімнастыкі “Сняжынкі”
Дзеці робяць звычайны ўдых праз нос і выдых праз рот, змяняючы характар выдыху: першы раз – моцны рэзкі выдых (моцны парывісты вецер падзьмуў, садзьмуў сняжынкі), другі раз – сярэдні выдых (вецер ледзь сціх, сняжынкі не садзьмуліся), трэці раз – павольны ціхі выдых (сняжынкі пад подыхам лёгкага ветрыка).
Лесавік. Што адбываецца ў жыцці дзікіх жывёл і птушак зімой? Якія зімовыя з’явы прыроды вы запомнілі? (Адказы дзяцей).
Вы так дружна ўсе гулялі,
Сябра Лесавіка віталі,
Але ўсе ж, бывайце
І мяне не забывайце!
Кіраўнік фізічнага выхавання. Вам жадаю ад душы, быць здаровымі заўжды!
Дзеці развітваюцца з Лесавічком і ў спакойным тэмпе вяртаюцца па зададзеным маршруце ў групу.
Фізкультурны вольны час “Лета да нас прыйшло”
Па экалагічнай сцяжынцы, для выхаванцаў старэйшага дашкольнага ўзросту
Праграмныя задачы:
– спрыяць умацаванню здароўя выхаванцаў;
– фарміраваць фізічныя якасці (хуткасць, спрытнасць, агульная вынослівасць);
– замацоўваць рухальныя ўменні і навыкі;
– выхоўваць навыкі разумных і добразычлівых адносін да навакольнага свету, пачуццё калектывізму і ўзаемадапамогі, патрабавальнасці ў здаровым ладзе жыцця.
Абсталяванне: касцюм Лесавіка для дарослага, ліст ад Лесавіка, карта, два кошыкі, агародніна, садавіна, скрыня, два вядры з вадой, дзве лейкі, два кубка, абручы па колькасці дзяцей, сонейка, зробленае з кардону, цукеркі, кеглі.
Папярэдняя сумесная дзейнасць: развучванне вершаў, шапачка яблынькі.
Месца правядзення: фізкультурная пляцоўка, экалагічная сцяжынка, сад, лес.
Ход правядзення мерапрыемства
Дзеці строяцца на фізкультурнай пляцоўцы. Кіраўнік фізічнага выхавання звяртае ўвагу на знешні выгляд дзяцей.
Кіраўнік фізічнага выхавання. Дзеці, паглядзіце, да нас прыйшоў ліст ад Лесавіка.
“Добры дзень, рабяты. У дзіцячым садзе я пасадзіў цуд-дрэва. Каб яго знайсці, трэба адправіцца ў падарожжа, дзе будзе некалькі прыпынкаў. Калі вы пройдзеце ўсё падарожжа, то абавязкова знойдзеце гэта дрэва і я вам у гэтым дапамагу. У канверце вы знойдзеце карту, на якой абазначаны ўсе прыпынкі. Жадаю поспеху! Ваш сябар, Лесавік”
Рабяты, вы хочаце знайсці цуд-дрэва? (Адказы дзяцей). Вось і карта, давайце ўважліва паглядзім яе. Перад тым, як адправіцца ў дарогу, трэба зрабіць размінку.
Размінка
У час хадзьбы выкарыстоўваем спецыяльна падабраны верш з рытмам рухаў. (Верш Якуба Коласа “Летам”)
Ну ж і волі, волі
У гаі за вёскай!
(Звычайная хадзьба)
А цяплынь, цяплынь!
Весела на полі,
(Хадзьба перакатам нагі з пяткі на насок)
Слаўна пад бярозкай,
Хоць ты сядзь спачынь.
(Хадзьба і лёгкі бег, рукі на каленях)
Пчолкі, матылёчкі,
Як сняжынкі тыя,
(Бег “змейкай”, паміж кегляў)
Мільгацяць вакол.
Жоўтыя пясочкі –
(Скачкі з нагі на нагу, пасля пастаяць на адной назе, затым выканаць другі скачок, пастаяць, і г.д.)
Крупкі залатыя,
Хоць бяры ў прыпол.
(Павольны бег)
Практыкаванні дыхальнай гімнастыкі “Лагодны ветрык”
Лёгкі бег на насках з паскарэннем і запаволеннем у адпаведнасці з тэмпам музыкі. Старацца дыхаць праз нос.
Першы прыпынак “Садовы”
Кіраўнік фізічнага выхавання. Стройцеся ў дзве калоны. Вось вам лапаткі і кошык з агароднінай і садавінай. Ваша задача: перанесці гародніну і садавіну з кошыка на лапатцы ад сада да экалагічнай сцяжынкі, перакласці ў скрыню і назад вярнуцца ў сваю каманду.
Эстафета “Перанясі агародніну і садавіну на лапатцы”
Беларуская народная гульня “Яблынька”
Апісанне: з ліку тых, хто прымае ўдзел у гульні, выбіраецца яблынька. Дзеці ўтвараюць круг, пасярэдзіне расце яблынька. Усе вымаўляюць хорам:
Дрэва, дрэва, дзераўцо,
Ты вялікае ўзрасло!
Уздымаюць рукі ўверх – паказваюць, якое яно вялікае.
Карані твае глыбока,
А галіначкі высока!
Паказваюць, як высока галінкі, як глыбока карані.
Яно яблыкам частуе
Ды частуе, не шкадуе,
Будзем яблыкі збіраць,
Тое дрэўца шанаваць.
Пасля гэтых слоў удзельнікі гульні пачынаюць збіраць яблыкі. А яблынька ў гэты момант імкнецца ўцячы. Дзеці пачынаюць лавіць яе. Той, хто першы дакранецца да яе рукой, будзе яблынькай.
Другі прыпынак “Экалагічная сцяжынка”
Кіраўнік фізічнага выхавання. Вось вам наступнае заданне на хуткасць і спрытнасць.
Ваша задача зачэрпнуць кубкам ваду з вядра, пераліць у лейку, прабегчы па сцяжынцы і паліць дрэўца, вярнуцца ў сваю каманду і перадаць лейку наступнаму ўдзельніку.
Праводзіцца эстафета “Палі дрэўца”
Рабяты, наступны прыпынак: “Сонечны”
Адгадайце загадку.
Я ўсю зямлю асвятляю,
Стомы зусім не знаю,
Усміхаюся я ў заўжды
І завуць мяне …. (Сонца).
Правільна, сонца.
Па сцяжынцы мы пойдзем
І палянку знойдзем.
Вось мы і на лясной палянцы. Давайце пагуляем у гульню “Сонейка і дожджык”.
Дзеці стаяць у абручах па крузе на лясной палянцы, гэта іх домікі. Калі кіраўнік фізічнага выхавання пакажа сонейка, дзеці выходзяць са сваіх домікаў і выконваюць практыкаванні са словамі верша. Калі прагучыць каманда “Дожджык! Хутчэй дамоў!”, дзеці бягуць у свае домікі.
На небе сонейка, можна ісці гуляць. (Паказвае “сонейка”.)
Дзеці выконваюць розныя рухі: падскокі, бег, хадзьба па палянцы са словамі:
Сонейка свеціць (абводзяць рукамі круг).
Птушкі спяваюць (імітуюць палёт птушак.)
З песняю дзеці разам гуляюць.
На сігнал “Дожджык! Хутчэй дамоў!” усе стараюцца заняць свой “домік”, прыгаворваючы:
Дожджык, дожджык, ты ўсё ідзеш,
Пагуляць нам не даеш.
Праводзіцца рухавая гульня “Сонейка і дожджык”
Кіраўнік фізічнага выхавання. Рабяты, мы знаходзімся на лясной палянцы, каб знайсці цуд-дрэва, трэба паклікаць Лесавіка, каб ён нам дапамог. Будзем рухацца нам далей у лес па экалагічнай сцяжынцы. Паглядзім, які ж наступны прыпынак нас чакае.
Прыпынак “Летні”.
Сустрэча з Лесавіком.
Лесавік. Добры дзень, мае сябры! Як я рад сустрэчы з вамі. І вось вам мая загадка.
У лесе ёсць такое месца,
Дзе пагуляць зусім не цесна.
Там сонейка гасцюе заўсёды,
А цень бывае – часам.
Сама з усіх бакоў яна
Дрэвамі акружана. (Паляна)
Сярод гэтых дрэў і есць цуд-дрэва. А называецца яно так таму, што на ім растуць цукеркі. (Дзеці шукаюць дрэва, на якім прывязаныя цукеркі)
Кіраўнік фізічнага выхавання. Рабяты, цікавае было наша падарожжа? (Адказы дзяцей.) Што запомнілася больш за ўсе? (Адказы дзяцей.) Які прыпынак асабліва спадабаўся? (Адказы дзяцей.) Вы смелыя і дружныя, бо пераадолелі ўсе перашкоды і шмат чаму навучыліся. Я думаю, што ў вас застанецца прыемнае ўражанне і радасны настрой. Вы, малайцы, знайшлі цуд-дрэва і за гэта вам – салодкі пачастунак.
Цукеркі зразаюцца з дрэва і трапляюць у рукі дзецям.
Лесавік.
Вы так дружна ўсе гулялі,
Сябра Лесавіка віталі,
Але ўсе ж, бывайце
І мяне не забывайце!
Кіраўнік фізічнага выхавання. Вам жадаю ад душы, быць здаровымі заўжды!
Дзеці развітваюцца з Лесавічком і ў спакойным тэмпе вяртаюцца па зададзеным маршруце ў групу.
Літаратура
1 Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2022.
2 Лихадиевская, Т.Г. Подвижные игры в детском саду: пособие для педагогов дошк.учреждений / Т.Г.Лихадиевская, И.М.Ивановская. – Мн. : Беларусь, 2002.
3 Лях, Н.У. Беларускія народныя гульні ў фізічным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту (з вопыту работы). / Н.У.Лях. – 2-е выд. – Мінск: Зорны Верасок, 2017.
4 Шебеко, В.Н. Физическая культура детей от пяти до шести лет: учеб.-метод. пособие для педагогов учреждений дошкольного образования / В.Н.Шебеко. – Минск : Нац. ин-т образования, 2016.
5 Шишкина, В.А. Двигательное развитие дошкольника: пособие для педагогов учреждений дошкольного образования / В.А.Шишкина. – Мозырь : Белый Ветер, 2014.
6 Шишкина, В.А. Подвижные игры для детей дошкольного возраста: пособие для педагогов учреждений дошкольного образования / В.А.Шишкина, М.Н.,Дедулевич. – Мозырь : Белый Ветер, 2016.