Матэрыял прызначаны для настаўнікаў пачатковых класаў; утрымлівае эфектыўныя прыёмы працы па ўзбагачэнні лексічнага запасу і павышэнні ўзроўню матывацыі да вывучэння беларускай мовы; пашырае кругагляд навучэнцаў, іх веды пра родную зямлю, спрыяе выхаванню любові да Бацькаўшчыны, павагі да беларускай народнай культуры.
Валянціна АДАМІЦКАЯ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Воранаўская сярэдняя школа”,
Гродзенская вобласць
Мэта: павышаць матывацыю да вывучэння беларускай мовы; падтрымліваць цікавасць да беларускай мовы як да духоўнага здабытку народа.
Задачы:
– дапоўніць і паглыбіць веды, атрыманыя на ўроках беларускай мовы; спрыяць раскрыццю інтэлектуальных здольнасцей, развіццю лагічнага мыслення;
– узбагаціць слоўнікавы запас вучняў;
– выхоўваць пачуццё гонару і павагі да нацыянальнай спадчыны.
Абсталяванне: наглядны матэрыял (рознакаляровы кубік, карткі з заданнямі, дзяржаўная сімволіка, пясочны гадзіннік, кошык, клубок, рознакаляровыя паперкі ў форме лісточкаў і макет дрэва для рэфлексіі.
Ход урока
І Арганізацыйны момант
Ільняная і жытнёвая. Сялянская.
Баравая ў казачнай красе.
Старажытная. Ты самая славянская.
Светлая, як травы ў расе.
Вобразная, вольная, пявучая,
Мова беларуская мая!
(Пімен Панчанка)
Як вы думаеце, пра што пойдзе гаворка на нашым занятку? (Пра нашу мову.)
Правільна, пра нашу беларускую мову. А ведаеце, чым адметны сённяшні дзень? Кожны народ 21 лютага адзначае Дзень роднай мовы. Сёння ў свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання, прызнання і выкарыстання ў 1999 годзе рашэннем ЮНЕСКА быў абвешчаны Міжнародны дзень роднай мовы.
ІІ Асноўная частка
Незвычайнай будзе і наша сённяшняя сустрэча, яна адбудзецца ў форме гульнявой праграмы пад назвай “Шчаслівы выпадак”. Гульня будзе праходзіць паміж дзвюма камандамі. Удзельнікі пакажуць свае веды па беларускай мове, літаратуры, фальклоры, гісторыі роднага краю.
Гейм 1. “Хто больш?”
Камандам задаецца аднолькавая колькасць пытанняў. Настаўнік кідае кубік з рознакаляровымі гранямі. Кожнай тэме адпавядае свой колер: зялёны – загадкі; чырвоны – сімвалы Беларусі; сіні – словы мовы; аранжавы – прыказкі і прымаўкі; карычневы – імёны Беларусі; жоўты – “Шчаслівы выпадак” і называе тэму пытання. У настаўніка 5 картак з пытаннямі. Ён выбірае патрэбную (карткі з пытаннямі таго ж колеру, што і бок на кубіку) і задае камандзе пытанне, на якое патрэбна адказаць як мага хутчэй. Калі пытанне лёгкае, то адказвае той, хто ведае, а калі складанае, то каманда абмяркоўвае яго на працягу адной хвіліны і толькі пасля гэтага дае адказ.
“Зялёныя” пытанні
1 Краску клічуць пустазеллем:
рвуць усе, ніхто не сее.
Пчолкі ў жыта залятаюць,
неба кропелькі шукаюць.
Ведае, напэўна, кожны
Нашы сціплыя … (валошкі/васілёк).
2 Ён сапраўдны гаспадар у чырвоных ботах
ходзіць важна па палях і топкіх балотах. (Бусел.)
3 Адна я ў лесе з белаю карой.
Багата сокам веснавой парой. (Бяроза.)
“Сінія” пытанні
1 Як на беларускай мове называецца другі месяц лета? (Ліпень.)
2 У беларускай мове “абібóк” – гэта…? (Гультай.)
3 Якое правільнае тлумачэнне слова “ку́фар”? (Вялікая скрыня для захоўвання адзення.)
“Чырвоныя” пытанні
1 Што ўвасабляе сцяг, герб, гімн? (Радзіма.)
2 Колькі колераў мае беларускі сцяг? (3: чырвоны, зялёны, белы.)
3 Якое свята адзначаюць 3 ліпеня? (Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.)
“Аранжавыя” пытанні
1 Закончы прыказку: “Хто без навукі, той … (як бязрукі)”.
2 Закончы прыказку: “Слова не верабей, … (вылеціць – не зловіш)”.
3 Закончы прыказку: “Усяму пачатак –… (родная мова)”.
“Карычневыя” пытанні
1 У гонар якой літары беларускага алфавіта ўсталяваны помнік у Полацку? (У нескладовае.)
2 Гэта першая беларуская асветніца. Яна стала першай жанчынай на Русі, якая была кананізавана ў святыя. Яе свецкае імя – Прадслава. Пра каго ідзе гаворка? (Ефрасіння Полацкая.)
3 Хто быў аўтарам першага друкаванага слова на беларускай мове? (Францыск Скарына)
“Жоўты” – “Шчаслівы выпадак”
Перакладзі прымаўку на беларускую мову і растлумач яе. «Слово не воробей, вылетит – не поймаешь». (“Слова не верабей, вылеціць – не зловіш”.)
Падлічваюцца вынікі пасля кожнага гейма.
Гейм 2. “Ты мне, я табе”
У гэтым гейме каманды адна адной чытаюць вершы на тэму “Родная мова”, якія рыхтавалі дома. Умова: вершы не паўтараць. Колькі вершаў каманда раскажа, столькі балаў атрымае.
Дынамічны перапынак
Выправіць памылкі
“Малако дае карова”, –
Напісаў на кошцы Вова. (Дошцы)
Закрычаў Рыгорка:
“3 неба ўпала горка!” (Зорка)
Назбіралася народу.
Дзіва, поўны вулей лёду. (Мёду)
Весела звініць збанок,
Кліча: “Дзеці, на ўрок”. (Званок)
Не праедзем, дружа,
На дарозе ружа. (Лужа)
Кажа Славік Светцы:
“Цесна тыгру ў кветцы”. (Клетцы)
Гейм 3. “Далей, далей…”
Гейм праводзіцца на хуткасць. Перад дзецьмі на бачным месцы ставіцца пясочны гадзіннік (2–3 хвіліны). Перамагае тая каманда, якая перакладзе на беларускую мову больш слоў.
Перакладзі на беларускую мову словы.
Пытанні №1 |
Пытанні №2 |
Гейм 4. “Цёмны конік”
Пытанні задае запрошаны госць – настаўнік беларускай мовы. Права адказваць першымі прадстаўляецца таму, хто хутчэй здагадаецца і падыме руку.
1 Хто з’яўляецца першым прэзідэнтам нашай краіны? (Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.)
2 Адгадайце, што ў ворку.
Маленькі, кругленькі, а за хвост не падымеш. (Клубок.)
3 З “м” расту я на градзе. З “р” я поўзаю ў вадзе. (Мак – рак.)
4 Скласці выказванне знакамітага пісьменніка Беларусі Якуба Коласа («Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову!»)
ІІІ Падвядзенне вынікаў урока
Наш занятак завяршаецца. Закончваецца гульня віншаваннем пераможцаў.
Выказванне знакамітага пісьменніка Беларусі Якуба Коласа: “Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову!” (на дошцы). Растлумачце, калі ласка, як вы разумееце выказванне паэта?
Як разумееце сэнс гэтых слоў?
IV Рэфлексія
Беларуская мова. Яна такая…
Прапаную выбраць кожнаму вучню каляровы лісточак і запісаць на іх адно слова, якое характарызуе нашу мову.
Калі вы задаволены сваёй працай, вы дабіліся пастаўленай мэты – зялёны. Калі вы працавалі толькі напаўсілы – жоўты. Калі і пасля гэтага ўрока ў вас засталіся пытанні – белы.
Вучні запісваюць словы на лісточках і прымацоўваюць іх на макет дрэва.
Вучыце сваю родную мову, размаўляйце на мове сваіх продкаў.
Жадаю вам, дзеці, і далей лагодна
Мовай народа валодаць свабодна.
І ў жыцці, каб было вам лягчэй,
Мову сваю вывучайце хутчэй.