Свята “Дзень, калі я вырашыў стаць філолагам…” для вучняў 9-га класа

- 9:21II И III СТУПЕНИ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Пазакласная работа, Методичка

Мерапрыемства прымеркавана да Дня філолага, які адзначаецца 25 мая. Мэта: фарміраванне ўяўлення навучэнцаў пра філалогію як навуку, актуалізацыя іх ведаў па розных раздзелах беларускай мовы, абуджэнне цікавасці да беларускай мовы і садзейнічанне прафесійнаму самавызначэнню.

Таццяна МАРЦЭВІЧ
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Ёдкаўская сярэдняя школа”
Лідскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

 

Мерапрыемства прымеркавана да Дня філолага, які адзначаецца 25 мая, і накіравана на тое, каб зацікавіць дзяцей у будучым прафесійна займацца вывучэннем мовы, так як філалогія – складаная, але ў той жа час цікавая навука. Яна патрабуе ад чалавека ўвагі, цярпення, добрай памяці, умення граматна гаварыць і пісаць. Каб настаўніку выгадаваць з вучня філолага, у школе час ад часу неабходна наладжваць такія святы. Хочацца спадзявацца, што ўзнагародай педагогу за праведзенае мерапрыемства стануць словы вучня: “Гэта быў дзень, калі я вырашыў стаць філолагам”.

Мэта: фарміраванне ўяўлення навучэнцаў пра філалогію як навуку, актуалізацыя іх ведаў па розных раздзелах беларускай мовы, абуджэнне цікавасці да беларускай мовы і садзейнічанне прафесійнаму самавызначэнню.

Задачы:

– спрыяць паглыбленню ведаў навучэнцаў па арфаграфіі, лексіцы, марфалогіі, фразеалогіі, фанетыцы, марфеміцы беларускай мовы;

– садзейнічаць развіццю інтэлектуальных здольнасцей;

– стымуляваць пазнавальную актыўнасць;

– узбагачаць актыўны слоўнікавы запас;

– стварыць умовы для выхавання пачуцця гонару за родную мову;

– абудзіць у навучэнцаў жаданне звязаць уласную дзейнасць з прафесіяй філолага.

Абсталяванне: мультыборд, карткі з заданнямі, ручкі, прэзентацыя.

Удзельнікі: вучні 9-га класа, настаўнік.

 

Ход мерапрыемства

Настаўнік. Філолаг – гэта спецыяліст, які вывучае мову, літаратуру, культуру і гісторыю народа праз яго пісьмовыя і вусныя помнікі. Сімвалічна, што святкуюць Дзень філолага 25 мая, адразу пасля Дня славянскага пісьменства і культуры, прымеркаванага да Дня памяці складальнікаў славянскай азбукі – святых братоў Кірыла і Мяфодзія. Многія краіны адзначаюць гэта прафесійнае свята. Не выключэнне і Рэспубліка Беларусь.

Радзімай навукі філалогіі лічыцца Грэцыя.

Слова “філалогія” перакладаецца з грэчаскай мовы як “сябар слова” (philos – сябар, logos – вучэнне, слова). Філалогія – гэта сукупнасць навук, якія вывучаюць літаратуру і мову. Дзень філолага – свята для ўсіх, хто так ці інакш звязаны з філалогіяй: навукоўцаў, якія вывучаюць мову і літаратуру, выкладчыкаў, студэнтаў, выпускнікоў філалагічных факультэтаў, настаўнікаў мовы і літаратуры, перакладчыкаў, рэдактараў, бібліятэчных работнікаў, супрацоўнікаў выдавецтваў. Дзень філолага – не толькі свята тых, для каго гэтая навука з’яўляецца пакліканнем, прафесіяй, родам дзейнасці, але для ўсіх, хто любіць чытанне, шануе мову і літаратуру. Дзень філолага – гэта свята чытачоў, а значыць, свята ўсіх нас!

Давайце разам пасвяткуем – выканаем цікавыя заданні.

Настаўнік прапануе падзяліцца на дзве каманды.

 

Заданні

1. Адгадайце, пра што ці пра каго наступныя выказванні пісьменнікаў (на слайдзе).

А) Таксама якасць нашай памяці: ніколі не аддзяляць сябе ад культуры і самаахвярна ствараць яе, якія б перашкоды ні ўставалі на шляху. І не перарываць ані на год той стыхіі, плыні, той вялікай ракі, якая валадарыць чалавечым сумленнем і душамі і якой імя – … (У.Караткевіч).

Б) І.Снегіроў пра яе гаворыць наступнае: “… не змоўкла, жыве ў вуснах народа, знаходзіцца ў кругу яго думак, карыстаецца яго павагаю і даверанасцю, служыць сведчаннем, парукаю, абвінавачваннем, апраўданнем і наогул вясёлым і карысным спадарожнікам у жыцці. Перад ёю, як перад законам, усе роўныя, а яна нікому непадсудна, таму што яна безымянная” (Кандрат Крапіва).

В) “Тварэц … – народ, – гаварыў Якуб Колас. – Задача з пісьменніка – у фарміраванні, адборы лепшага, у прывядзенні … да літаратурных норм. Мы павінны мець … прыгожую, гучную, простую, але гнуткую і выразную” (Кандрат Крапіва).

Г) “…– гэта ёсць дагавор пісьменных людзей, узаемнае абявазацельства трымацца пры пісьме ўстаноўленых правіл” (Кандрат Крапіва).

Д) Каго народ лічыць знаўцай мовы? … і … . Гэты аўтарытэт звязаны з нашымі папярэднікамі на працягу вякоў, і мы, … і …, павінны ўзняць яго яшчэ вышэй (Кандрат Крапіва);

Е) Найлепшая магчымасць гаворкі з чытачом – гэта … . І не толькі артыкул, нарыс, але нават і своеасаблівы запіс у блакноце (І.Навуменка).

Адказы: А – Літаратура. Б – Прыказка. В – Мова. Г – Правапіс. Д – Настаўнік і пісьменнік. Е – Публіцыстыка.

 

2. Здагадайцеся, пра якога пісьменніка ідзе размова, і растлумачце сваё меркаванне (на слайдзе).

А) Багата гадоў назад пачала мне карцець адна турбота: напісаць аб ім аповесць. Не аб дбайным збіральніку мастацкай праўды ў трывалыя радкі кніг доўгага веку; не аб мудрым чалавеку з дзяржаўным позіркам, клопатам і сталасцю, абвеяным цеплынёй народнае пашаны; нават не аб добрым старэйшым таварышу, якім быў ён для многіх з нас, пісьменнікаў, хто меў права гаварыць яму “ты”, а то і проста казаць “дзядзька”, як сваяку (М.Лужанін).

Б) “Ён праўдзівы і сам. Верыў у тое, што гаварыў. І ў жыцці быў праўдзівы, і ў творах застаўся. У творах – наколькі ўдалося…
Мы, хто блізка ведаў Валодзю, кожны патроху, кожны па-свойму раскажам пра яго, успамінаючы.
Рэшту скажа ён сам, сваімі кнігамі. Усёй сваёй раскошнай раскаванасцю, буйствам фантазіі, здольнасцю пранікаць у далёкае ў часе, ажыўляць яго ў людзях. Сплочванне нашых даўгоў перад роднай, так часта трагічнай гісторыяй, перад сапраўднай Літаратурай.
Беларусь даўно чакала такога пісьменніка” (Я.Брыль).

В) Верна і аддана служыў свайму народу, быў гуманістам, адукаванейшым чалавекам свайго часу і змагаром за родную культуру і мову, мастаком (ёсць меркаванне, што гравюры да сваіх кніг ён рабіў сам, і гэтыя гравюры паказваюць славянскія сцэны, тыпы, вопратку, архітэктуру) (У.Караткевіч).

Г) Хораша гэта – месца на сваёй зямлі.
І на яго радавой сядзібе, у адноўленым доме, з якога робіцца музей, а потым і каля валуна на лясным узвышшы, толькі ў адным месцы прычасанага валуна, дзе па-польску, але пра беларускага паэта Mасіeja Вuraczka сябрамі сказана высакароднае слова братэрства, – усюды там, у Кушлянах, добра, глыбінна думалася (Я.Брыль).

Д) Журботна і радасна стаяць на Іванавых кнігах аўтографы і мне. Пачынаючы з першай кнігі, аж надта сціпла выдадзенага зборніка апавяданняў, пад ваеннай назвай “У завіруху”, і да апошняга з яго рук падарунка – важкага тома з таксама змястоўнай назвай “Жыццёвыя клопаты”. У “капітальным”, а ўсё ж няпоўным яшчэ, бо патузаным, пакляваным цэнзурай, дзесяцітомніку з найбольшай цеплынёй бачыцца мне вяршыня ягонай творчасці – тыя сардэчна-запаветныя чатырыста старонак “Людзей на балоце”, што былі калісьці і маім хвалюючым адкрыццём, і маёй чытацкай радасцю, што найбольш надзейна застануцца з намі і застануцца пасля нас – як нятленны народны набытак (Я.Брыль).

Е) Рабіў ён сваю работу па цаліне: сам расшукваў з’явы і сам жа сістэматызаваў, асэнсоўваў і, нарэшце, ацэньваў іх. Яго “Гісторыя беларускай літаратуры” вытрымала чатыры выданні і блізка дзесяцігоддзя не сыходзіла з школьных лавак і студэнцкіх сталоў (М.Лужанін).

Ё) Сямігодку скончыў у сваёй роднай вёсцы, а сярэднюю адукацыю набываў у вёсцы Саматэвічы, дзе нарадзіўся выдатны паэт А. Куляшоў (В.Каваленка).

Ж) “Людзьмі звацца” – лейтматыў яго лірыкі. Беларускі паэт высока ўзнімаў сцяг чалавека, “думнага цара зямлі”, і пафасам сваім яго паэзія блізкая да горкаўскага, рамантычнага і велічнага ўяўлення аб чалавеку (І.Навуменка).

Адказы: А – Якуб Колас. Б – У. Караткевіч. В – Ф. Скарына. Г – Ф. Багушэвіч. Д – І. Мележ. Е – М. Гарэцкі. Ё – І. Чыгрынаў. Ж – Янка Купала.

 

3. Размяркуйце словы па групах у адпаведнасці з літарай, якую неабходна ўставіць (на картках).

Літара у

Літара а

Літара о

Літара ы

Літара і

Літара е

Літара ю

Літара э

 

 

 

 

 

 

 

 

Ж..жка, зв..ліна, кам..ль, кар..куль, каўч..г, кар..ц, к..льня, км..н, к..фар, лас..нак, ліхт..р, мур..г, пад..шва, парас..н, рат..нак, в..лей, сашч..пка, сів..ц, сц..жа, т..нга, др.тва, ут..ль, фунд..к, ф..тра, х..рч, цыр..льня, гр..зьба, шыф..н, язм..н, айч..м, аксам..т, андар..к, аўс..к, б..лька, в..дпуск, генац..д, в..люм.

Адказы

Літара у

Літара а

Літара о

Літара ы

Літара і

Літара е

Літара ю

Літара э

куфар
ласунак
ратунак
вулей
фундук
футра
цырульня

каракуль
ліхтар
танга
дратва
харч
андарак

 

мурог
парасон
грозьба
шыфон
водпуск

жыжка
утыль
айчым
генацыд

 

звіліна
язмін
аксаміт

 

камель
кельня
кмен
сівец

 

сцюжа
аўсюк

каўчэг
карэц
падэшва
сашчэпка
бэлька
вэлюм

 

4. Адзначце толькі тыя сказы, дзе падкрэсленыя словы мэтазгодна ўжываюцца ў дадзеным кантэксце (на слайдзе). Адказ абгрунтуйце, растлумачыўшы лексічнае значэнне слова.

1. Бягун рыпіць – трэба падмазаць.
2. Кабета– выхаванка кадэцкага корпуса.  
3. Беларуская вясёлка– грыб з кнігі рэкордаў Гінэса.
4. Рыгор знайшоў у алфавіце літару “зямля”.
5. На бубне неахвотна пасвяцца каровы.
6. Сямён з апавядання “Вужыная карона” Яна Баршчэўскага пакланіўся нячысціку, каб стаць добрым паляўнічым.
7. Чалавек моцна трымаўся за харэй– шост, якім кіруюць запрэжкай аленяў.
8. Шпакі змайстравалі на страсе гумно.
9. Кожнае лета Міхась касіў сена гаспадаром.
10. Акцёр быў апрануты ў даміно.
11. Мама прыгатавала на вячэру дратву– бабку з дранай бульбы.
12. Па вёсцы важна ходзіць маладзік– хлопец гадоў васямнаццаці.

Адказы: 1, 3, 4, 5, 6, 7, 10.

 

5. Запішыце нумары прыказак у адпаведнасці са знакамі прыпынку ў табліцу, перакладзіце выдзеленыя словы ў дужках на беларускую мову па сэнсе, вызначце род гэтых слоў у рускай і беларускай мовах (на картках).

Няма знакаў прыпынку

Адна коска

Адзін працяжнік

Двукроп’е

Два працяжнікі, адна коска

 

 

 

 

 

1. Не любіць (хозяйство, род:____; бел.:_________, род:___) двое пар ботаў насіць.
2. Хлеб удаўся кот пад (корка, род:____; бел.:_________, род:___) схаваўся.
3. На (ярмарка, род:____; бел.:_________, род:___) кожны конь танцуе.
4. (Мельница, род:____; бел.:_________, род:___) меле мука будзе язык меле бяда будзе.
5. Благому і на залатым (кровать, род:____; бел.:_________, род:___) дрэнна.
6. Не плюй у (родник, род:____; бел.:_________, род:___) прыйдзецца напіцца.
7. (Щука, род:____; бел.:_________, род:___) на нераст карова на верас.
8. Хто бедным спагадае той чыстае (совесть, род:____; бел.:_________, род:___) мае.
9. З ліхім чалавекам і (час, род:____; бел.:_________, род:___) векам.
10. Вялікаму (мозоль, род:____; бел.:_________, род:___) вялікі і гонар.
11. Усякая (кукушка, род:____; бел.:_________, род:___) пра сваё кукуе.
12. Маёй (кнут, род:___; бел.:_______, род:___) ды па маёй кабыле.

Адказы

Няма знакаў прыпынку

Адна коска

Адзін працяжнік

Двукроп’е

Два працяжнікі, адна коска

1, 3, 9, 10, 11, 12

8

7

2, 6

4

1. Не любіць (хозяйство, род: ср.; бел.: гаспадарка, род: ж.) двое пар ботаў насіць.
2. Хлеб удаўся: кот пад (корка, род: ж.; бел.: скарынка, род: ж.) схаваўся.
3. На (ярмарка, род: ж.; бел.: кірмаш, род: м.) кожны конь танцуе.
4. (Мельница, род: ж.; бел.: млын, род: м.) меле – мука будзе, язык меле – бяда будзе.
5. Благому і на залатым (кровать, род: ж.; бел.: ложак, род: м.) дрэнна.
6. Не плюй у (родник, род: м.; бел.: крыніца, род: ж.): прыйдзецца напіцца.
7. (Щука, род: ж.; бел.: шчупак, род: м.) на нераст – карова на верас.
8. Хто бедным спагадае, той чыстае (совесть, род: ж.; бел.: сумленне, род: н.) мае.
9. З ліхім чалавекам і (час, род: м.; бел.: гадзіна, род: ж.) векам.
10. Вялікаму (мозоль, род: ж.; бел.: мазоль, род: м.) вялікі і гонар.
11. Усякая (кукушка, род: ж.; бел.: зязюля, род: ж.) пра сваё кукуе.
12. Маёй (кнут, род: м.; бел.: пуга, род: ж.) ды па маёй кабыле.

 

6. Замяніце адным словам спалучэнні слоў і словазлучэнні (на слайдзе).

Спалучэнні слоў
і словазлучэнні

Аднаслоўны адпаведнік

Спалучэнні слоў
і словазлучэнні

Аднаслоўны адпаведнік

1. У тумане

 

10. Жыць дзе-небудзь летам

 

2. Стаміцца ў дарозе

 

11. Дом, дзе жывуць летам

 

3. Лекавыя расліны

 

12. Сухадольная сенакосная трава

 

4. Хапаць паветра адкрытым ротам

 

13. Конь шэрай масці

 

5. Замужняя жанчына

 

14. Адчуваць сябе няёмка

 

6. Станавіцца больш лагодным

 

15. Двор каля дома

 

7. Абломак дрэва

 

16. Старанны чалавек

 

8. Здаволіць смагу

 

17. Чалавек, здольны выконваць цяжкую працу

 

9. Невялікае вогнішча

 

18. Пярловы суп

 

Адказы: 1 – засмужаны, 2 – здарожыцца, 3 – зёлкі, 4 – зяхаць, 5 – кабета, 6 – лагаднець, 7 – ламачына, 8 – спатоліцца, 9 – цяпельца, 10 летаваць, 11 – лецішча, 12 – мурог, 13 – мышак, 14 – ніякавець, 15 – падворак, 16 – руплівец, 17 – цягавіты, 18 – панцак.

 7. Адгадайце загадкі, зрабіце марфемны разбор адгадак (на картках).

Загадка

Адказ

1. У адной яме сем ям з ямай

 

2. Вісіць сіта, не рукамі звіта

 

3. Дзынь-бразь – у чарапочку гразь

 

4. Маленькі Сідарка кусае і выкідае

 

5. Заўсёды я тонкая і худая, ды ў тым мая сіла, што п’ю я чарніла

 

6. Сярод поля капыток ляжыць

 

7. Хто ні ідзе, той за нос пацягне

 

8. Стаіць на гары, крыламі махае, ветру грудзі падстаўляе

 

9. На адным паваду сто каней павяду

 

10. З крыламі, а не птушка, з сярпом, а не жняя, з коламі, а не воз

 

11. Не есць і не п’е, ходзіць і б’е

 

12. Сям’я – душ трыста, і багата, ды ўсяго два локці хата

 

Адказы: 1 – напарстак   , 2 – павуц-інн-е, 3 – пад-ков-а, 4 – свярдзёл-ак , 5 – пра-мак-а-т-к-а, 6 – маладз-ік , 7 – клямк-а, 8 – вятр-ак , 9 – част-а-кол , 10 – жн-я-ярк-а, 11 – гадзін-н-ік , 12 – мураш-нік.

 

8. Суаднясіце запазычаныя словы з тымі значэннямі, якія яны маюць у даслоўным перакладзе (на слайдзе).

Слова

Значэнне, якое мае слова ў перакладзе

1. Альбом

А. З французскай мовы  перакладаецца як князёўна

2. Батут

Б. З грэчаскай мовы перакладаецца як журавель

3. Булка

В. З польскай мовы перакладаецца яка вандроўнік

4. Герань

Г. З італьянскай мовы перакладаецца як залаты яблык

5. Герб

Д. З французскай мовы перакладаецца як мяшок для падарожжа

6. Дзюшэс

Е. З лацінскай мовы  перакладаецца як белая табліца

7. Палітра

Ё. З лацінскай мовы перакладаецца як віншаванне

8. Памідор

Ж. З лацінскай мовы перакладаецца як лімон

9. Бульба

З. З цюркскай мовы перакладаецца як фінік

10. Ровар

І. З лацінскай мовы перакладаецца як цыбуля

11. Цюбік

Й. З нямецкай мовы перакладаецца як спадчына

12. Сакваяж

К. З французскай мовы перакладаецца як удар

13. Салют

Л. З лацінскай мовы перакладаецца як ліст

14. Сітро

М. З лацінскай мовы перакладаецца як кола

15. Сквер

Н. З англійскай мовы перакладаецца як квадрат

16. Стыль

О. З французскай мовы перакладаецца як пласцінка

17. Фольга

П. З італьянскай мовы  перакладаецца як круглы хлеб

18. Хурма

Р. З французскай мовы перакладаецца як трубачка

19. Цырк

С. З лацінскай мовы перакладаецца як палачка для пісьма

Адказы: 1 – Е. 2 – К. 3 – П. 4 – Б. 5 – Й. 6 – А. 7 – О. 8 – Г. 9 – І. 10 – В. 11 – Р. 12 – Д. 13 – Ё. 14 – Ж. 15 – Н. 16 – С. 17 – Л. 18 – З. 19 – М.

9. Падбярыце неабходныя прыметнікі да назоўнікаў, каб атрымаліся фразеалагізмы (на слайдзе).

Прыметнік

Назоўнік

1. Вузкае

А. Млын

2. Перакідны

Б. Акорд

3. Пусты

В. Галава

4. Музейная

Г. Воўк

5. Шырокая

Д. Слова

6. Светлая

Е. Хлеб

7. Стрэляны

Ё. Птах

8. Марскі

Ж. Месца

9. Белы

З. Верабей

10. Заключны

І. Рэдкасць

11. Леташні

Й. Казкі

12. Жывое

К. Масток

13. Лёгкі

Л. Снег

14. Пералётны

М. Свет

15. Бабуліны

Н. Натура

Адказы: 1 – Ж. 2 – К. 3 – А. 4 – І. 5 – Н. 6 – В. 7 – З. 8 – Г. 9 – М. 10 – Б. 11 – Л. 12 – Д. 13 – Е. 14 – Ё. 15 – Й.

 10. Падлічыце, колькі разоў у прыказках сустракаюцца дадзеныя гукі (на картках).

Гук

Колькасць гукаў

Прыказка

[а]

 

Мілей свая хатка, як чужая вёска

[б’]

 

Каб пазнаць чалавека, трэба з ім пуд солі з’есці

[э]

 

Чалавек без ведаў, што птушка без крылаў

[с]

 

Без кавалка хлеба кепская бяседа

[л]

 

Праца чалавека корміць, а лянота псуе

[у]

 

Акуратная работа акуратных людзей любіць

[р]

 

Лепей лычны мір, чым раменная сварка

Складзіце з гэтых гукаў слова, каб даведацца, каго характарызуюць  прыказкі __________.

Адказы

Гук

Колькасць гукаў

Прыказка

[а]

8

Мілей свая хатка, як чужая вёска

[б’]

0

Каб пазнаць чалавека, трэба з ім пуд солі з’есці

[э]

2

Чалавек без ведаў, што птушка без крылаў

[с]

2

Без кавалка хлеба кепская бяседа

[л]

1

Праца чалавека корміць, а лянота псуе

[у]

4

Акуратная работа акуратных людзей любіць

[р]

3

Лепей лычны мір, чым раменная сварка

Складзенае слова: беларус.

 

11. Перакладзіце словы на беларускую мову (на слайдзе).

Назвы птушак

чибис                       клёст                   трясогузка                 аист

козодой                   филин                  снегирь                     кукушка

Прадметы

каблучок                 кирпичик             лука́винка                 бубенец

фонарик                   флажок                кроватка                   блюдечко

Прафесіі

часовщик               парикмахер          воспитатель              пахарь

спасатель               каменщик             плотник                    следователь

Адказы

Назвы птушак: чибис – кнігаўка; клёст – крыжадзюб; трясогузка – пліска, сітаўка; аист – бусел; козодой – ляляк; филин – пугач, снегирь – гіль, снягір; кукушка – зязюля.

Прадметы: каблучок – абцасік; кирпичик – цаглінка; лукавинка – хітрынка; бубенец – бразготка; фонарик –ліхтарык; флажок – сцяжок, флажок; кроватка – ложачак; блюдечко – сподачак.

Прафесіі: часовщик – гадзіншчык; парикмахер – цырульнік; воспитатель – выхавальнік; пахарь – араты; спасатель – выратавальнік; каменщик – муляр; плотник – цясляр; следователь – следчы.

 

12. Назавіце прадметы на малюнках (усе назвы сустракаліся ў папярэдніх заданнях) (на слайдзе).

Адказы: 1 – куфар, 2 – клямка, 3 – лецішча, 4 – жняярка, 5 – ліхтар, 6 – млын, 7 – напарстак, 8 – свярдзёлак, 9 – пуга, 10 – цяпельца, 11 – кмен, 12 – футра.

 

Падвядзенне вынікаў мерапрыемства. Вызначэнне лепшай каманды філолагаў

 

 

Літаратура

1 Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / уклад. Я.Рапановіч. – Мінск : Вышэйшая школа, 1974. – 381 с.
2 Беларуская энцыклапедыя : У 18  т. / Рэдкал. : Г.П.Пашкоў і інш. – Мінск : БелЭн, 1996.
3 Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы / Нац. акад. навук Беларусі, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, Ін-т мовазнаўства імя Якуба Коласа; рэд. І.Л.Капылова. – Мінск : Беларус. энцыкл. імя Петруся Броўкі, 2016. – 968 с.

 

Поделиться ссылкой:

0
Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий