Назоўнікі, род якіх не супадае ў рускай і беларускай мовах. Урок беларускай мовы ў 3-м класе

- 13:25I СТУПЕНЬ, Методичка, НАЧАЛЬНАЯ ШКОЛА, Начальная школа. Сценарии

 

Алена БАЦЮКОВА,
настаўнік пачатковых класаў,
ДУА “Сярэдняя школа № 13 г. Оршы імя І.І.Якубоўскага”,
Віцебская вобласць

 

Мэты ўрока

Вучні павінны ведаць:

– як вызначаць род назоўнікаў;
– 6–10 слоў, род якіх у рускай і беларускай мовах не супадае.

Вучні павінны ўмець:

– правільна вызначаць род у словах;
– вызначаць род у назоўнікаў, у якіх не супадае род у рускай і беларускай мовах;
– правільна фармуляваць свае думкі і ўмець выказваць іх на беларускай мове.

Задачы ўрока

Адукацыйныя:

– скласці ўмовы для актуалізацыі ведаў вучняў па тэме “Род назоўнікаў”;

– знаёмства вучняў са словамі, род якіх у рускай і беларускай мовах не супадае;

– фарміраванне ўмення вызначаць род назоўнікаў.

Развіццёвыя:

– спрыяць развіццю вуснай мовы і ўзбагачэнню слоўнікавага запасу, у тым ліку словами – назвамі дзіцянят жывёл;

– стварыць умовы для развіцця фанематычнага слыху.

Выхаваўчыя:

– спрыяць фарміраванню культуры вучэбнай працы;

– выхаванню цікавасці да беларускай мовы, добразычлівых адносін да прыроды.

Тып урока: урок вывучэння новага матэрыялу.

 

Ход урока

І Арганізацыйны момант

Весела гучыць званок,
Яго голас нам знаёмы,
Запрашае на ўрок
Беларускай мовы!

 

ІІ Этап актуалізацыі ведаў  

– Якую тэму вывучаем?

1. Гульня “Так ці не” (зваротная сувязь – сігнальныя карткі)

– Назоўнік абазначае прадмет. (+)

– Адказвае на пытанні які? якая? якія? (–)

– Ці можна сказаць, што назоўнікі змяняюцца па родах? (–)

– Да назоўнікаў мужчынскага роду можна паставіць словы-памочнікі ён, мой. (+)

– Да назоўнікаў жаночага роду можна паставіць словы-памочнікі яно, маё? (–)

– Род у назоўнікаў, якія ўжыты ў форме множнага ліку вызначыць нельга. (–)

– Які назоўнік, род якога нельга вызначыць, сустрэўся ў дамашнім заданні?

2. Хвілінка чыстапісання

Нзўнк    рд …   жнч    мжчнск   нк    

– Што зашыфравана ў злучэннях гэтых літар? (Назоўнік, род)

– Якія словы можам зашыфраваць? (Мужчынскі, жаночы, ніякі)

– Зашыфруем яшчэ тры словы пры дапамозе літар, якія абазначаюць зычныя гукі.

Заданне. Уставіць прапушчаныя літары, растлумачыць выбар, вызначыць род назоўнікаў (2 вучні працуюць каля дошкі):

У н…дзелю мы (з)братам пае…ем (у,ў)  вё..ку (да)бабулі.

– Сёння мы з вамі працягваем знаёмства з родам назоўнікаў. Але ж будзем вызначаць яго ў не зусім звычайных назоўнікаў.

 

ІІІ Паведамленне задач урока

– Паслухайце казку (відэа на экране, па меры чытання на дошцы з’яўляюцца малюнкі жывёл з надпісамі)

https://drive.google.com/file/d/1ZpdUIeYiPR95Y5bX_hmgYsSlk6lcHYzP/view?usp=drive_link

1. Першы прачынаецца наш пявун, чырвоны грабянец, чырвоная бародка. Крыламі махае, усіх падымае: “Кукарэку! Кукарэку! Хопіць ляжаць на баку, недарэкі! Уставайце, сонца сустракайце!” Хто гэта такі? (Певень.)

2. А яму ў адказ вартаўнік кудлаты пад ганкам, вушы тарчма, хвост абаранкам: “Гаў, гаў! Я не спаў! Хату вартаваў!” Хто гэта такі? (Сабака.)

3. Вусач прачнуўся, салодка пацягнуўся: “Мяў, мяў! Рана падняў мяне, рана! Якраз прыснілася смятана!” Хто гэта такі? (Кот.)

4. А рагуля галаву падняла, супакойваць пачала: “Му-у! Я гору твайму памагу! Пачастую малаком, пачакай, калі прыйдзе гаспадыня з вядром!” Хто гэта такая? (Карова.)

5. Выскачыў з хлява беленькі круглячок, замест носа – пятачок: “Рох-рох! І я люблю малаком частавацца! А яшчэ люблю ў лужыне паваляцца! Хто гэта такі? (Парсючок.)

6. Не паспеў ён у лужыну кінуцца, як нехта з чырвонай дзюбай ляціць: “Га-га-га! Гэта лужына мая! Прашу не чапаць, а то буду шчыпаць!” Хто гэта такая? (Гусь.)

– Вызначце род гэтых назоўнікаў.

Вучні ў сшытках запісваюць словы ў два слупкі: жаночы, мужчынскі род; на дошцы настаўнік у два слупкі прымацоўвае палоскі слоў.

– У якіх словах былі цяжкасці? Чаму? (Род у беларускай і рускай мовах не супадае.)

– І такіх слоў шмат. Пра гэта мы і будзем гаварыць на сённяшнім уроку. А яго тэма: “Назоўнікі, род якіх не супадае ў рускай і беларускай мовах”.

– Якія задачы мы паставім?

– Пазнаёмімся…

– Запомнім…

– Будзем практыкавацца ў вызначэнні…

 

IV Этап вывучэння новага матэрыялу

1. Пошук правіла

– Як вы думаеце, ці існуе правіла, якое дапаможа нам вызначаць род назоўнікаў, у якіх ён у рускай і беларускай мовах не супадае? (Не, такія словы трэба запамінаць.)

– Будзем збіраць такія словы і запамінаць.

Беларуская мова Руская мова
Сабака (м. р.) Сабака (ж. р.)
Гусь (ж.р) Гусь (м.р)
 

2. Род маладых істот

– Звернемся да жывёл, якія жывуць у двары. Як іх называюць адным паняццем? (Свойская жывёла.)

– А як называюць іх дзіцянят? (Кураня, шчаня, цяля, парася, гусяня.)

– У рускай мове амаль усе назоўнікі, якія абазначаюць маленькіх істот, мужчынскага роду. А ў беларускай мове… Як вы думаеце? (Адказы дзяцей)

– Дапаможа запомніць род такіх назоўнікаў вершык Артура Вольскага:

Кацяня – яшчэ не кошка,
Кацяня – яшчэ не кот.
Ну, а род?
Падумай трошкі.
Раз яно – … род!

Вучні дапісваюць словы ў трэці слупок, настаўнік прымацоўвае на дошцы палоскі.

 

Фізкультмінутка
https://drive.google.com/file/d/1WrFGTw0W3i4jiR-bZYUWAat20zwPuLar/view?usp=sharing

На экране тэкст:

Раз, два, тры, чатыры, пяць –
выйшла гуска пагуляць.
А за ёй жырафа, высокая, як шафа.
І сабачка праскакаў, кацяня перапужаў.
Кацяня спужалася, на таполю ўзабралася
Савяня там моцна спала, кацяня суцяшала,
смачны яблык прапанавала.
Зрабілі зарадку – назаві род па парадку.

– А зараз паглядзіце ўважліва на тэкст на экране. Якія словы ў вершы не супадаюць у родзе з рускай мовай? (Кацяня, савяня, – ніякі род, таполя, яблык, жырафа, шафа.) (Настаўнік прымацоўвае словы на дошку злева).

 

V Этап замацавання новага матэрыялу

– Вызначыць род назоўнікаў часта дапамагаюць іншыя словы ў сказе: яна гагоча (гусь – жаночы род), сабака насцярожыўся (мужчынскі род). А яшчэ могуць дапамагчы словы, якія называюць прыметы – прыметнікі. Давайце паназіраем.

1. Прагляд відэа

https://drive.google.com/file/d/1jnLiomnC7uR6g0MZ15HGWCy-4MMMdbKL/view?usp=sharing

– Доўгі цень. Якога роду назоўнік цень?

– Шэры пыл, моцны боль, прыгожы подпіс?

– Высокая жырафа, белая пара?

2. Работа па падручніку (с. 68. Будзьце ўважлівы!)

Параўнайце род назоўнікаў у рускай і беларускай мовах. (Настаўнік дапаўняе на дошцы злева параўнальную табліцу).

Фізпаўза для вачэй

https://drive.google.com/file/d/11dOBzXOiaSm5DQ40lTnvaaR815dbZ4S9/view?usp=drive_link

   

3. Парная работа

Заданне. Практыкаванне 114. Дапоўніце сказы патрэбнымі спалучэннямі слоў. Абмяркуйце заданне, працуючы ў парах.

4. Рознаўзроўневая работа

Заданне. Дадзена тры групы слоў. Знайдзіце лішняе слова ў кожнай групе. (3–5 вучняў выконваюць заданне па QR-кодзе, астатнія запісваюць у сшытак).

https://onlinetestpad.com/m7iifwjlno4ao

5. Гульня “Дапоўні”

Шэрая…
Салодкі…
Высокая…
Маленькае…
Кудлаты…

 

VI Этап абагульнення ведаў

– Давайце з вамі ўспомнім, якога роду бываюць назоўнікі.

– Як вызначыць род назоўніка?

– З якімі назоўнікамі мы з вамі сёння пазнаёміліся?

– Як не памыліцца ў вызначэнні роду такіх назоўнікаў?

– Так, гэтыя словы трэба запомніць.

– А зараз праверым, як вы засвоілі тэму. Вазьміце карткі, выканаем заданне па радах.

Заданне. Знайдзіце ў табліцы словазлучэнні

1-ы рад: з назоўнікамі жаночага роду, пазначце кружком чырвонага колеру;

2-і рад: з назоўнікамі мужчынскага роду, пазначце кружком сіняга колеру;

3-і рад: з назоўнікамі ніякага роду, пазначце кружком жоўтага колеру.

паляўнічы сабака

высокая жырафа

белая гусь

спелы яблык

кудлатае шчаня

балючы мазоль

моцны боль

кніжная шафа

тонкая таполя

белае кацяня

ласкавае цяля

жоўтае кураня

Праверка па ключы, самаацэнка.

 

VII Дамашняе заданне

Практыкаванне 120.

– Дома вы папрактыкуецеся ў вызначэнні роду назоўнікаў. Сярод слоў будуць і такія, род якіх не супадае у беларускай і рускай мовах.

 

VIII Этап падвядзення вынікаў урока. Рэфлексія

https://docs.google.com/document/d/1iIJj3fyIK1m1765sh7jyMc5TAmhqMeSS/edit?usp=sharing&ouid=112043992403414128660&rtpof=true&sd=true

– А каб больш запомніць такіх слоў, хачу падарыць вам цудоўныя яблыкі. На зваротным баку запісаны назоўнікі, род якіх не супадае ў рускай і беларускай мовах. Дзякуй за ўрок!  

 

Поделиться ссылкой:

0
Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий