Займальны матэрыял па беларускай мове і літаратуры для навучэнцаў 6–11-х класаў

- 11:34II И III СТУПЕНИ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Пазакласная работа, Методичка

З мэтай фарміравання патрыятызму, грамадзянскай пазіцыі, выхавання павагі да роднай мовы і нацыянальнай культуры аўтар прапануе займальны матэрыял па беларускай мове і літаратуры, які можна выкарыстаць пры правядзенні Дня роднай мовы, класных гадзін і тэматычных вечароў, пры падрыхтоўцы вучняў да алімпіяды. Дыдактычны матэрыял уключае крыптаграму “Наказ Францыска Скарыны” і крыжаванку “Псеўданімы” для вучняў 8–11-х класаў, чайнворд для вучняў 6–8-х класаў.

Таццяна ЯРЭМІЧ, 
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Субацкая сярэдняя школа”
Ваўкавыскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Крыптаграма “Наказ Францыска Скарыны”

1. Выдатны прадстаўнік беларускай культуры эпохі Адраджэння, перакладчык на беларускую мову кніг Бібліі. 

2. Друкаваны адбітак на паперы, які шырока выкарыстоўваў у сваіх выданнях Францыск Скарына.

3. Апошняя кніга Францыска Скарыны, надрукаваная ў 1525 годзе ў Вільні.

4. Прадаўжальнік справы Францыска Скарыны, заснавальнік друкарні ў Нясвіжы, аўтар “Катэхізіса”.

5. Кніга, у якой у 1517 годзе было змешчана першае вершаванае чатырохрадкоўе Францыска Скарыны “Богу в Троици единому…”, гэты факт стаў сведчаннем узнікнення беларускай паэзіі.

6. Своеасаблівы від верша, у якім пісаў свае чатырохрадкоўі Францыск Скарына.

7. Выдатны прадаўжальнік асветніцкіх традыцый Францыска Скарыны, які ў сваім радавым маёнтку выдаў “Евангелле”.

8. Сапраўднае прозвішча таленавітага перакладчыка беларускай эпохі Адраджэння Васіля Цяпінскага.

9. Майстэрні па перапісванні кніг.

10. Беларускі паэт, які зрабіў цікавую спробу пераказаць асобныя прадмовы Францыска Скарыны свабодным вершам.

Адказ:

“Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў” (Ф.Скарына).

1. Скарына. 2. Гравюра. 3. “Апостал”. 4. Будны. 5. “Іоў”. 6. Віршы. 7. Цяпінскі. 8.  Амельяновіч. 9. Скрыпторый. 10. Разанаў

 

Крыжаванка “Раслінныя” і “птушыныя” псеўданімы беларускіх пісьменнікаў”

1. Падобны “раслінны” псеўданім у Алаізы Пашкевіч, але больш вядомы як псеўданім сатырыка і байкапісца Кандрата Атраховіча. (Крапіва)

2. Самы вядомы з псеўданімаў класіка і аднаго з заснавальнікаў беларускай літаратуры Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча. (Колас)

3. Беларуская паэтка Людвіка Сівіцкая, больш вядомая як Зоська… (Верас)

4. Псеўданім беларускага паэта Алеся Сінічкіна, афіцэра, франтавога карэспандэнта, які загінуў пад Сталінградам у гады Вялікай Айчыннай вайны. (Жаўрук)

5. Адзін з псеўданімаў Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча, аўтара паэмы “Новая зямля”. (Дубовы ліст)

6. Псеўданім паэта і празаіка Міхася Кудзелькі. (Чарот)

7. Падобным “раслінным” псеўданімам падпісваліся і Дзмітрый Бяспалы, і Рыгор Барадулін, і беларуская паэтка Клаўдзія Лукашэвіч. (Каліна)

8. “Раслінны” псеўданім Сяргея Законнікава. (Ракіта)

9. Адзін з псеўданімаў Андрэя Макаёнка. (Мак)

10. Адзін з псеўданімаў беларускага паэта Яўгена Скурко. (Цыбуля)

 

Чайнворд “Установім аўтарства радкоў”

1. Падаюць сняжынкі – дыяменты-росы,
Падаюць бялюткі за маім акном.
Расчасалі вішні шоўкавыя косы
І ўранілі долу снегавы вянок… (Трус)

2. Каб любіць Беларусь нашу мілую,
Трэба ў розных краях пабываць.
Разумею цяпер, чаму з выраю
Жураўлі на Палессе ляцяць. (Ставер)

3. Бывайце здаровы,
Жывіце багата,
Ужо ж мы паедзем
Дадому, дахаты. (Русак)

4. О, край родны, край прыгожы!
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей у свеце божым
Гэтых мілых берагоў… (Колас)

5. Як ад нараджэння звяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае; птушкі, што лётаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае; пчолы і тым падобныя бароняць вуллі свае, – так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць. (Скарына)

6. “Што немцы застрэлілі Арсенікавага бацьку, Тонік дазнаўся ў той самы дзень, як наказалі ў вёску. Гаварылі, што Арсенікаў бацька, забіўшы паліцая, перабягаў да партызанаў…” (Адамчык)

7. І між людзьмі такія ёсць:
Звядуць дваіх, наладзяць склоку,
А потым збоку
На цяганіну пазіраюць
І рукі паціраюць. (Корбан)

8. Укажыце імя аўтара радкоў:

Я – беларус, і я шчаслівы,
Што маці мову мне дала,
Што родных песень пералівы
І зблізку чую, і здаля. (Ніл)

 

Поделиться ссылкой:

0
Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий