Сонца – якое яно?

- 9:16Дошкольное образование. Исследовательская деятельность, Методичка

 

Алена ШЫРАЕВА,
выхавальнік
ДУА “Яслі-сад № 10 г. Навагрудка”,
Гродзенская вобласць

 

 

Кожнае здаровае дзіця ўжо з нараджэння – даследчык. Яно настроена на пазнанне свету, хоча яго пазнаваць. Даследчая практыка дашкольніка – гэта адзін з асноўных шляхоў пазнання навакольнага свету.

У яслях-садзе № 10 Навагрудка дзяцей старшай групы зацікавіла сонца, яны хацелі даведацца, якое яно. Даць дзецям паняцце пра сонца як пра крыніцу жыцця на нашай планеце, пра значнасць сонечнага святла і цяпла для росту і жыцця раслін – вось якой была мэта новага праекта.

Каб рэалізаваць гэты праект, мы падумалі, што ўжо ведаем пра сонца, знайшлі ў кнігах і энцыклапедыях інфармацыю пра яго ўласцівасці, назіралі за ім у розныя поры года, паглядзелі прэзентацыю, правялі доследы.

Мы даведаліся, што калі паставіць расліну ў цёмнае месца, яна загіне, што летам наша скура становіцца цямнейшай, бо яна пакрываецца загарам, што ў пахмурнае надвор’е сонца не відаць на небе. Так была зроблена першая выснова нашага даследавання – сонца дапамагае раслінам расці і робіць нашу скуру прыгожай.

Вывучаючы інтэрнэт-крыніцы, мы даведаліся пра тое, што людзі выкарыстоўваюць энергію ветру, вады і сонца. Чалавек са старажытных часоў вучыўся карыстацца дарамі сонца. Так, напрыклад, людзі атрымлівалі кухонную соль, выпарваючы марскую ваду пад сонцам. З даўніх часоў энергію сонца выкарыстоўваюць для нагрэву вады, абагрэву памяшканняў.

Сонечныя батарэі ўсё больш уваходзяць у наша жыццё. У Навагрудку сонечныя батарэі ўстаноўлены ў некалькіх установах, у тым ліку і ў нашым дзіцячым садзе. Сонечная батарэя падагравае ваду для басейна, каб мы маглі займацца ўрокамі плавання.

Такім атрымалася другая выснова: людзі выкарыстоўваюць сонечную энергію для дома (асвятленне, абагрэў і інш.), з дапамогай сонечнай батарэі можна ствараць розныя прылады: для зарадкі мабільных тэлефонаў, для асвятлення.

Наступны этап – правядзенне доследу “Сонечная лабараторыя”. Мы расклалі на акне лісты каляровай паперы, каб яны грэліся на сонейку. А затым дзецям належала памацаць лісты, каб вызначыць, якія будуць самымі халоднымі, а якія – самымі гарачымі. Выснова: цёмныя лісты паперы нагрэліся хутчэй, чым светлыя. Прадметы цёмнага колеру ўтрымліваюць цяпло ад сонца, а прадметы светлага колеру адлюстроўваюць яго.

Далей мы прыступілі да вымярэння тэмпературы вады.

Эксперымент праводзіўся ў сонечнае і пахмурнае надвор’е. У посуд мы налілі вады з бакаў, нагрэтых ад сонечнага калектара. З дапамогай тэрмометра дзеці вызначылі тэмпературу вады ў пахмурны дзень, а пасля – у сонечны і высветлілі, што тэмпература пры гэтым будзе рознай. Выснова: эфектыўнасць дзеяння сонечнай батарэі залежыць ад сілы сонечных прамянёў.

Нарэшце, апошні этап нашага доследу, які мы назвалі “Гульні з ценем”, дазволіў нам зрабіць яшчэ адну выснову: каб з’явіўся цень, неабходна святло, а цень – гэта не проста адлюстраванне прадметаў, а крыніца разнастайных гульняў і забавак.

Заставалася толькі абагульніць нашу працу і зрабіць агульную выснову. Так, мы ўбачылі, што сонца валодае рознымі ўласцівасцямі, чалавек можа выкарыстоўваць яго ў гульні, лячэнні, абагрэве, росце ўсяго жывога. Сонца абараняе нас ад многіх хвароб і дапамагае ў росце раслін і ў жыцці жывёл. Дзякуючы сонцу ёсць кісларод на нашай планеце, ім дыхаем мы і ўсё жывое на Зямлі. Сонечныя батарэі берагуць цеплавую энергію, а эфектыўнасць іх дзеяння залежыць ад сілы сонечных прамянёў.

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий