“Сцэнарый смерці, альбо Тайны дзікага палявання”. Дэтэктыўныя прыёмы ў аповесці Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”

- 8:28Беларуская мова і літаратура. Матэрыялы да ўрокаў, Методичка

 

Наталля ШАЛАМІЦКАЯ, Алена ВАХІЛЬЧУК,
настаўнікі беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 1 г. Пінска”,
Брэсцкая вобласць

 

 

 

Роўнага яму няма і наўрад ці ўжо будзе, замяніць яго ў нашай літаратуры не можа ніхто. Ужо хоць бы таму, што ніхто з такім бляскам не спалучае ў нас талент паэта з талентам празаіка, драматурга, кінасцэнарыста, эсэіста, гісторыка.
Ён быў аднолькава таленавіты амаль ва ўсіх літаратурных жанрах, што, можа, натуральна для літаратуры мінулага, але рэдка сустракаецца ў сучаснай літаратуры з яе багатымі і дасканала развітымі літаратурнымі жанрамі.

Васіль Быкаў.

 

 

Прыход у беларускую літаратуру У.Караткевіча быў заканамерным і абумоўленым працэсам развіцця самой літаратуры, а таксама ўзроўнем грамадскага і духоўнага жыцця той эпохі, якая нарадзіла мастака.

Якімі ж ідэаламі натхняўся пісьменнік і натхняў іншых? Што заставалася ў свядомасці чытачоў яго твораў? Адказ на гэтыя пытанні дае Адам Мальдзіс, вызначаючы пяць пастулатаў, якія ўтвараюць ідэал пісьменніка. Пяты і, напэўна, галоўны прысвечаны мінуўшчыне: “Герой Уладзіміра Караткевіча, найперш станоўчы, – гэта чалавек гістарычны. Для яго існуе не толькі сучаснасць, але і мінуўшчына, і будучыня” [5, с. 15]. Доказам гэтага пастулата з’яўляюцца творы аўтара: “Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Паром на бурнай рацэ”, “Нельга забыць”, “Дзікае паляванне караля Стаха”. Апошні з вышэйпералічаных выдзяляецца сваёй жанравай спецыфікай – дэтэктыўна-гістарычная аповесць.

Аповесцю “Дзікае паляванне караля Стаха” У.Караткевіч выступіў як пачынальнік дэтэктыўнага жанру ў беларускай літаратуры, але яго заслуга яшчэ і ў тым, што ён здолеў па-мастацку арыгінальна выкарыстаць дэтэктыў для спасціжэння гісторыі народа, краіны, намагаўся сфарміраваць у сваім народзе пачуцці самапавагі, самакаштоўнасці, годнасці, страчаныя за трыста гадоў знаходжання нашай краіны ў складзе іншых дзяржаў.

Старажытны палац са злавеснымі гукамі і шэптамі, здані Блакітнай Жанчыны і Малога Чалавека, сакавітая беларуская мова, каханне, забыты і занядбалы беларускі край на сконе XIX стагоддзя… Каго гэта магло пакінуць раўнадушным?

У аповесці адчуваюцца сляды ўплыву шырокавядомага англійскага пісьменніка Артура Конан Дойля “Сабака Баскервіляў”. Аднак пра незвычайныя здарэнні ў Балотных Ялінах У.Караткевіч расказаў па-свойму. У адрозненне ад “чыстага” дэтэктыву, пісьменнік паказаў беларускае грамадства 80-х гадоў XIX стагоддзя не толькі ў яго супярэчнасцях, але і ў яго нацыянальнай, культурнай і гістарычнай адметнасці.

Чаму У.Караткевіч звярнуўся менавіта да дэтэктыўнага жанру? Адказ дае Адам Мальдзіс: “Пісьменнік балюча перажываў зніжэнне чытацкай цікавасці да беларускай кніжкі і лічыў, што ўзняць гэтую цікавасць можна і трэба стварэннем кніг з займальным, дэтэктыўным сюжэтам”. Мы ўсе пішам пра тое, як “Ганна завіхалася ля печы”, – казаў ён. – А трэба – пра незвычайнае, яркае, таямнічае. Каб нельга было адарвацца ўсю ноч” [4, с. 155]. Аўтар дае тое, чаго прагне згаладнелы чытач. Вы хацелі страшных смерцяў? Вось вам – з маскай жуды на знямелым твары, з родавым праклёнам. Хацелі кахання? І гэта будзе. Хацелі забароненай беларускай гісторыі, палацы, забабоны, легенды – колькі трэба. Хацелі зданяў? Калі ласка, ажно ў трох варыянтах. Каб прыцягнуць масавага чытача, жанр быў абраны абсалютна дакладна. Нават не проста жанр – выток жанраў, феерверк жанраў.

У.Караткевіч ажыццявіў сваё творчае крэда, дамогся жаданага. Не аднаго падлетка за чытаннем аповесці заставала світанне. Андрэй Расінскі, літаратурны крытык, расказваў: “Некалі ў дзяцінстве ў мясцовай бібліятэцы я наткнуўся на непрыкметную кніжку. Кніга была пазаціраная да дзюрак, з плямамі і крамзолямі, што сведчыла пра не абы-якую чытацкую ўвагу. Але імя аўтара – Уладзімір Караткевіч – мне нічога не гаварыла. На вокладцы стаяла інтрыгоўная назва – “Дзікае паляванне караля Стаха”. Па дарозе я разгарнуў кніжку… Але дадому я не дайшоў. Наступілі прыцемкі, запаліліся ліхтары, а я ўсё чытаў і чытаў, прысеўшы на лаўку пад яварам…” [3, с. 10]

Наша гісторыя дае ўнікальныя па сваёй разнастайнасці і заблытанасці дэтэктыўныя сюжэты. У часы розных дзяржаўных змен цяжка вырашыць праблему ўласнасці, нерухомасці, з’яўляецца шмат несправядліва пакрыўджаных, мсціўцаў за забітых родных. Наша гісторыя – трагічная для жыхароў Беларусі і адначасова вельмі зручная для аўтараў-дэтэктыўшчыкаў.

Гарантыя поспеху дэтэктыўнага твора – па-мастацку выкарыстаныя прыёмы і сродкі:

1) апісанне месца злачынства;
2) вобраз шукальніка (часта з памочнікам);
3) мытывы злачынства;
4) “закручаны” сюжэт;
5) інтрыга як элемент сюжэту;
6) пакушэнні на жыцці альбо смерці па ходзе расследавання;
7) “шкілеты ў шафе” альбо нечаканыя факты з мінулага герояў;
8) назыўныя імёны і прозвішчы персанажаў;
9) дэдуктыўныя метады шукальніка;
10) “падказкі” для чытача па ходзе дзеяння;
11) добрая рэпутацыя злачынцы;
12) прывіды і здані як неад’емны сродак большасці дэтэктываў;
13) сны-прадказальнікі;
14) моўныя сродкі;
15) пейзаж;
16) развязка злачынства.

У “Дзікім паляванні” аўтар выкарыстоўвае многія з вышэйназваных прыёмаў. Паколькі любая дэтэктыўная гісторыя звязана з таямніцай, тайнай, хочацца называць гэтыя прыёмы “тайнамі”, а дакладней “тайнамі Уладзіміра Караткевіча”.

Спынімся на гэтых “тайнах” больш падрабязна. Вучоны-фалькларыст Андрэй Беларэцкі трапляе ў глухі, закінуты маёнтак Балотныя Яліны, уладальніцай якога з’яўляецца Надзея Яноўская, апошняя з калісьці слаўнага і магутнага роду. Там ён становіцца сведкам многіх фантастынчых і незвычайных здарэнняў.

“Вялізныя змрочныя залы з траскучым паркетам, змрок па кутах, вечная пройма мышэй, пах пылу і холад, такі холад, што стыне сэрца, холад, настоены стагоддзямі, холад адзінага маярату, вялізнага, збяднелага, амаль вымерлага за апошнія гады роду”, – інтрыгуе чытачоў У.Караткевіч, выкарыстоўваючы прыём № 1 [3. с. 45].

Палац, балота, Беларусь – месца дзеяння “Дзікага палявання”. “Не, гэта быў самы жахлівы, самы безнадзейны з нашых краявідаў: тарфяныя балоты”, – піша У.Караткевіч у пачатку аповесці [3, с. 26]. Папулярны сучасны аўтар Стывен Кінг у адным са сваіх інтэрв’ю прызнаваўся, што вузлавы элемент добрых пужалак – “кепскае месца”. Яно спараджае атмасферу і цікавы сюжэт. Кепскім месцам можа быць атэльны нумар са зданямі, закінуты дом у прыгарадзе, забытая шахта, але лепш за ўсё (як у аповесці У.Караткевіча) – старажытны палац. Палац – пачэснае месца страху, абраны дом тайнаў, а самае галоўнае – асноўны матыў злачынства (прыём № 3).

Не бывае дэтэктыўнай гісторыі без шукальніка (прыём № 2). У творы дзейнічае шукальнік-аматар Андрэй Беларэцкі. Гэта інтэлігент, які пачынае ўсведамляць сваю нацыянальную прыналежнасць і сацыяльнае прызначэнне ў той час, калі панавалі прыгнёт і дэспатызм. Беларэцкі выбраў прафесію, якая наблізіла яго да народа і дапамагла зразумець гэты народ. У яго, як і ва ўсіх шукальнікаў, ёсць хобі – фалькларыстыка. Вывучэнне народнай творчасці шмат дало яму. Паступова ён становіцца гарачым патрыётам роднай зямлі і надзвычай востра ўсведамляе сацыяльную несправядлівасць тагачаснага ладу: “І паўсюль я бачыў гора народнае, бачыў брудных дзяцей, бачыў сляпых жабракоў, бачыў гора народа майго, даражэй за які – я зараз ведаю гэта – у мяне не было нічога на свеце… Але найбольш бачыў я апошнюю бульбу ў місе, чорны, як зямля, хлеб…” [3, с. 21]

Трапіўшы ў Балотныя Яліны, ён глядзіць на галерэю роду Яноўскіх, а таксама на сам палац і пераконваецца – усё занепадае. Гаспадыня маёнтка здалася яму проста заморышам. “Яна была слабай, як сцяблінка палыну на мяжы”, а ў вачах яе быў “нейкі незразумелы, застыглы выраз” [3, с. 57]. Яе вельмі напалохала тое, што Беларэцкі цікавіцца легендамі, бо ў тым запаветным краі, куды ён трапіў, “прывідаў і зданяў больш як жывых людзей” [3, с. 22].

Як і большасць класічных шукальнікаў, Андрэй Беларэцкі мае свайго “доктара Ватсана” – вернага памочніка Андрэя Свеціловіча. Шмат блізкага для сябе знайшоў Андрэй Беларэцкі ў Андрэі Свеціловічы, якога за рэвалюцыйную дзейнасць выключылі з Кіеўскага ўніверсітэта. Свеціловіч, сваяк Надзеі Яноўскай па жаночай лініі, абагаўляе яе, грэбліва і са знявагай адзываецца пра асяроддзе, якое іх акружае, незадаволены сваім сацыяльным паходжаннем: “Каб была мая воля, я б выпусціў з жылаў магнацкую сваю кроў”. Беларэцкі ў захапленні ад свайго новага знаёмага: “Гледзячы на яго твар, я зразумеў, чаму баяцца ўладу маючыя такіх вось стройных, чыстых і сумленных юнакоў. У іх, вядома, шырокія вочы, дзіцячая ўсмешка, юнацкія слабыя рукі, шыя ганарлівая і стройная, белая, як мармуровая, як быццам назнарок створана для сякеры ката, але ў іх яшчэ і непрыміручасць, сумленне да канца, нават у дробязях, няўменне лічыцца з перавагаю чужой грубай сілы і фанатычная вернасць праўдзе. У жыцці яны нявопытныя, даверлівыя дзеці да сівых валос, у служэнні праўдзе – горкія, іранічныя, адданыя да канца, мудрыя і нязломныя. А дрэнь баіцца такіх… цкуе іх заўсёды. Дрэнь ведае, што яны – самая найвялікшая небяспека для яе існавання” [3, с. 99].

Андрэй Беларэцкі і Андрэй Свеціловіч – аднадумцы. Яны дамаўляюцца сумесна змагацца супраць дзікага палявання і ўсякай іншай поскудзі. Відаць, заканамерным з’яўляецца супадзенне іх імёнаў. Заўважым, што імя Андрэй у перакладзе з грэчаскай мовы значыць “мужны”. І гэта невыпадкова. Сапраўды, гэтыя героі выступаюць мужнымі абаронцамі людзей, змагарамі за праўду і справядлівасць. І ў прозвішчы Свеціловіч заключаны пэўны сэнс: яго носьбіт – чалавек новых і перадавых поглядаў. Думаецца, і прозвішча Беларэцкі назыўное. Варта толькі змяніць дзве літары, і атрымаецца “Беларускі”. Імя і прозвішча Надзеі Яноўскай таксама шматзначныя і сімвалічныя. Надзея – гэта несмяротнасць, духоўная моц, прыгажосць і веліч роднай зямлі, мара пра яе лепшую будучыню. Нагадаем таксама, што маці пісьменніка звалі Надзея Васільеўна. У.Караткевіч моцна любіў сваю маці, яна магла стаць узорам для стварэння ў аповесці вобраза гэтай дзяўчыны. Яноўская – ад распаўсюджанага на Беларусі імя Ян, Янка. Абраўшы такое імя, пісьменнік нібы сцвярджае, што не варта губляць надзеі на лепшае заўтра, на тое, што знікне жудаснае паляванне караля Стаха. Разгледжаныя назыўныя імёны і прозвішчы – прыклад выкарыстання аўтарам аднаго з прыёмаў дэтэктыўнага жанру (прыём № 8).

Не бывае злачынства без матыву (прыём № 3). Што ж такое матыў? “Слоўнік іншамоўных слоў” А.М.Булыкі дае такое тлумачэнне: “Матыў – асноўная прычына, падстава, доказ да якога-небудзь дзеяння, а таксама доказ у карысць чаго-небудзь” [2, с. 40]. Матыў – аснова пакушэння на забойства. У каго былі матывы? Такое пытанне ставяць перад сабой шукальнікі – Беларэцкі і Свеціловіч. “Вядома, натхніцель палявання не Дубатоўк: якая яму выгада, ён не спадчыннік Яноўскай. І не ахмістрыня. І не няшчасная вар’ятка ў сядзібе Кульшаў…Злачынец малады, яму карысная або смерць Яноўскай, або шлюб з ёй. Значыць, ён мае нейкае права на спадчыну” [3, с. 205]. Толькі два чалавекі адпавядалі ўсяму гэтаму: Варона і Берман. Довадаў шмат. Але прасвятленне прыйшло толькі з раскрыццём мянушкі Лікол. “Пан Лікол… пан Рыгор Дубатоўк. Я быў уражаны ў самае сэрца. Я аслупеняў, я задыхаўся… Не можа быць! Што вы? Такі добры чалавек! І, галоўнае, якая яму карысць!” [3, с. 217] Адказ на гэтае пытанне Беларэцкі знайшоў у Гарабурды – адзінага спадчынніка Надзеі, які прызнаўся, што даў пану Дубатоўку вэксалі пад маёнтак Яноўскай. Вось вам і матыў!

Не менш важным, а можа, і самым галоўным прыёмам, які здольны трымаць чытача ў пастаянным напружанні, з’яўляецца выкарыстанне “закручанага” сюжэту і інтрыгі (прыёмы № 4, 5). Аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха” – займальны і дынамічны твор. Галоўны герой трапляе ў самыя нечаканыя і заблытаныя сітуацыі і выходзіць пераможцам з іх. Імкнучыся знайсці разгадку незвычайным з’явам, што адбываюцца ў палацы Надзеі, Андрэй Беларэцкі наведвае бібліятэку. Упраўляючы Ігнась Берман-Гацэвіч дае яму кнігу, з якой той шмат пра што даведваецца. І тут пісьменнік прыводзіць жудасную, прыгожую і фантастычную легенду. У пачатку XVII стагоддзя радавіты беларускі пан Стах Горскі паставіў перад сабой задачу – дабіцца самастойнасці. Гэтаму спрыяла тое, што ў яго жылах цякла каралеўская кроў і яго падтрымлівалі навакольнае панства і “лясныя браты”. Стах Горскі быў таленавіты воін, меў вялікае войска. А галоўнае – яго поспехам асабліва спрыялі “жахлівая галеча, цалкам безнадзейнае існаванне сялян… а паколькі войска было моцным, а кароль рашучым – цалкам магло здарыцца, што ў гісторыю Беларусі была б запісана новая яскравая старонка”. Стах Горскі прыязджае з малым атрадам да ўладара Балотных Ялін магната Рамана Яноўскага паляваць на драпежнага, страшнага і рэдкага звера – балотную рысь. Стах выратоўвае Рамана ад смерці. Яны становяцца пабрацімамі. Аднак Раман забівае караля Стаха і яго воінаў. У перадсмяротны час Стах праклінае ўвесь род Яноўскіх. І вось чорным ценем гэтае пракляцце праз стагоддзі даляцела і да Надзеі Раманаўны, апошняй з роду Яноўскіх. Сам пісьменнік лічыў, што жыццё надзвычай складанае і таямнічае, таму і выбраў цікавы сюжэтны ход. Ён паказаў, што пазней легенду пра караля Стаха выкарысталі злыя і хцівыя людзі. І яна такім чынам набыла новы сэнс.

Пачаўшы сваё расследаванне, Андрэй Беларэцкі сутыкаецца са шматлікімі “таямніцамі”. Апошнім часам у доме сталі бачыць Малога Чалавека і Блакітную Жанчыну, якія з’яўляліся ноччу, хадзілі па карнізах і пакоях, а потым бясследна знікалі. Яны прыходзілі заўсёды перад смерцю каго-небудзь з роду Яноўскіх. А Надзея Яноўская была апошняй спадчынніцай маярату калісьці магутнага роду. Горш за тое, у наваколлі з’явілася дзікае паляванне караля Стаха. Два гады назад яно забіла бацьку Надзеі Рамана Яноўскага, наганяла страх на ўсё наваколле. Ужо неаднаразова зноў з’яўлялася каля сцен палаца, пагражала смерцю гаспадыні маёнтка. Над ёй вісеў радавы праклён. Беларэцкі абяцае Надзеі разабрацца ў гэтым.

Перад героем паўстаюць пытанні. Што гэта за “дзікае паляванне”, якое, гойсаючы па наваколлі, наводзіць жах на гаспадыню Балотных Ялін, забівае сумленных людзей, здзекуецца з бедных сялян? І хто такі Малы Чалавек, які ноччу з’яўляецца ў самых нечаканых мясцінах старога палаца? Хто хаваецца пад воблікам Блакітнай Жанчыны, так падобнай да той, што намалявана на старым партрэце? І якое пракляцце вісіць над Балотнымі Ялінамі? З’яўленне зданяў і таямніц – гэта яшчэ адзін з прыёмаў дэтэктыўнага жанру (№ 12).

Конніца паветраных зданяў – даўні сюжэт фальклору. Яго прырода – гэта зло, чартаўня, панаванне нячыстай сілы. Шчасце, што людзі не бачаць гэтых пачвараў. “Сцеражыцеся дрыгвы, людзі, сцеражыцеся балот уначы, калі сінія агні збіраюцца і пачынаюць скокі на самых гіблых мясцінах, – папярэджвае У.Караткевіч. – Там часта ўначы пабачыце вы дваццаць коннікаў на вараных дрыкгантах. І галоўны коннік імчыць наперадзе ўсіх. Па версе, па гіблай дрыгве скача дзікае паляванне і будзе скакаць да тых часоў, пакуль існуе свет. Яно – наша зямля, нелюбімая намі і страшная. Злітуйся з нас, божа!” [3, с. 239 ] А можа, дзікае паляванне – адбітак зусім іншай гісторыі?

На балі Беларэцкі пазнаёміўся з Дубатоўкам. На балі было шмат прадстаўнікоў шляхты, але мы нездарма спыніліся на вобразе Рыгора Дубатоўка. Ён быў сапраўдным волатам: “У ягоную вопратку ўлезла б трое Андрэяў Беларэцкіх”. Ён быў апрануты ў народнае адзенне, прыгожа і сакавіта гаварыў па-беларуску: “Трапныя словы, жарты, прымаўкі так і сыпаліся з яго языка”. І падарункі пана Дубатоўка варты былі яго самога – вялізны пушысты кілім і… партрэт Рамана Старога, віноўніка радавога праклёну, забойцы караля Стаха. Пан Дубатоўк цудоўна станцуе танец з Надзеяй Яноўскай, шчодра будзе сыпаць дасціпнымі жартамі і вясёлымі народнымі выслоўямі, выступіць такім шчырым апекуном сваёй падапечнай і чалавекам шырокай, адкрытай натуры. Перад намі станоўчы ва ўсіх адносінах герой. “… Які добры, шчыры чалавек Дубатоўк! Сапраўдны стары пан-рубака, просты і патрыярхальны! І такі шчыры, такі вясёлы! І так ён любіць людзей, і нікому не перашкаджае жыць!” – гаворыць пра Дубатоўка Свеціловіч [3, с. 215]. А ці так гэта? Сапраўдная сутнасць “добрага дзядзькі” раскрываецца толькі ў канцы аповесці. І перад намі наступны прыём дэтэктыўнага жанру – “добры” злачынца (прыём № 11).

Так, сапраўдны злачынца ў пачатку твора не выклікае асаблівых падазрэнняў, больш за тое, нават здаецца сімпатычным, і чытач амаль да канца застаецца ў няведанні, хто ж гэта і дзеля чаго наладжвае “дзікае паляванне”. Хаця “падказкі” (прыём № 10) для чытача ўсё ж былі: вельмі ўжо ідэальны гэты “калядны дзед”, тым больш што яго чорным ценем суправаджае небяспечная, таямнічая і злавесная фігура Алеся Вароны, вядомага скандаліста і брэцёра. Незразумелымі таксама былі і падарункі любімай пляменніцы: старажытны і вельмі нязручны ўбор, а таксама партрэт Рамана старога, які ўвёў Надзею ў страх.

Хочацца спыніцца на мастацкім прыёме, які выкарыстоўваецца аўтарамі многіх жанраў літаратуры, – сненні герояў (прыём № 13). Сны не маюць значэння – і сны намякаюць. Сны сведчаць – і сны хлусяць. Сны павязаныя жудой. З лёгкай рукі доктара Фрэйда сны вось ужо стагоддзе зацята пераказваюць. Але сненні ёсць таямніца. Што сніў Андрэй Беларэцкі ў канцы свайго жыцця? “Але яшчэ і зараз я часам бачу ў сне сівыя верасовыя пусткі, чэзлую траву на паверхні прорваў і дзікае паляванне караля Стаха, якое скача па дрыгве. Не бразгаюць цуглі. Моўчкі сядзяць у сёдлах прамыя постаці коннікаў. Вецер развейвае іх валасы, плашчы, грывы коней, і самотная зорка гарыць над іхнімі галовамі. Хаваючыся напалову ў тумане, імчыць над змрочнай зямлёй дзікае паляванне!” [3, с. 256] Прачнуўшыся, Андрэй Беларэцкі думае, “што не прайшоў час “дзікага палявання “на зямлі, пакуль ёсць цемра, голад, нераўнапраўе і цёмны жах на зямлі, бо яно – сімвал усяго гэтага” [3, с. 253].

Чытаючы любы дэтэктыўны твор, чытач з цікавасцю сочыць за тым, якім назіральным аказваецца шукальнік, наколькі лагічнымі з’яўляюцца яго разважанні, як крок за крокам разблытвае ён клубок злачынства. У кожнага свае дэдуктыўныя метады (прыём № 9).

Што ж такое дэдукцыя? “Слоўнік іншамоўных слоў” А.М.Булыкі дае такое тлумачэнне: “Дэдукцыя – спосаб разважання, пры якім новае палажэнне выводзіцца чыста лагічным шляхам на аснове папярэдніх” [2, с. 81].

Якія ж прыклады выкарыстання дэдуктыўных метадаў можна ўбачыць ў “Дзікім паляванні”? Пасля гасцявання ў Дубатоўка Андрэя Беларэцкага напаткала “дзікае паляванне”, ён нават атрымаў стрэл у спіну. Затым яны разам са Свеціловічам шляхам выключэння высвятляюць алібі кожнага госця, а таксама матывы, якія маглі б кагосьці падштурхнуць да забойства гаспадыні Старых Ялін. Яны спрабуюць высветліць, хто выманіў Рамана, бацьку Надзеі, з дома ў той злашчасны вечар, калі яго забілі “паветраныя здані” дзікага палявання. Немалаважная дэталь, якая не дае спакою Беларэцкаму ўвесь час: чамусьці круціцца ў галаве слова “рукі”. “Чаму? Чаму? Не, нешта тут нячыста… Рукі. Рукі. Пры чым тут рукі? Нешта павінна ў гэтым слове хавацца, калі яно так лезе з падсвядомасці” [3, с. 143]. “Рука… Рука… Чаму рука? Вось-вось прыпомню… Не, зноў адляцела. Ат, цёмная душа…” [3, с. 205]. Яшчэ не раз з глыбінь падсвядомасці Беларэцкага ўзнікнуць гэтыя “рукі”, аж пакуль не раскрыецца іх загадка – рукі ў Малога Чалавека і рукі ў самога Бермана аднолькавыя – “з пальцамі, у два разы даўжэйшымі за звычайныя”. Але гэта Андрэй зразумеў толькі тады, калі даведаўся, што яны браты. А разгадка, здаецца, была так блізка.

Яшчэ адну разгадку рэальнасці “дзікага палявання” дае Рыгор, вартаўнік Кульшаў: “Гэта не здані. Яны занадта добра ведаюць патаемныя сцежкі праз Волатаву прорву. Яны карыстаюцца дужа старажытнымі падковамі, якія прыбіты новенькімі гакамі. І яны для зданяў надта слабыя. І яшчэ – адзін з іх нюхае табаку: я знайшоў пыл зялёнай табакі ля месца, дзе яны спыняліся перад апошнім набегам і натапталі шмат слядоў” [3, с. 166].

Наступны яркі эпізод, які дае магчымасць разгледзець выкарыстанне дэдуктыўнага метаду – гэта абгарэлы ліст да Свеціловіча, аўтар якога выманіў таго з дому, што стала прычынай смерці вернага памочніка Беларэцкага. На жаль, не адразу атрымалася нашаму шукальніку разгадаць, хто такі невядомы Лікол, ад імя якога быў і дасланы ліст, чаму яму гэтак давяраў Свеціловіч, смерць якога пакінула род Свеціловічаў-Яноўскіх без нашчадка. Гэта не апошні ліст. Падобным лістом спрабавалі выманіць з дому з мэтай забойства і Андрэя Беларэцкага, бо надта ўжо блізка падышоў ён да разгадкі. На гэты раз не пашанцавала Берману – ён забіты і выключаны з шэрагу падазраваемых.

Не абышлося ў творы і без “заблытвання слядоў”, калі забойца Свеціловіча выкарыстаў папяровы ўрывак аркуша нейкага часопіса для таго, каб забіць кулю ў стрэльбу. Часопіс гэты быў у бібліятэцы Яноўскай, і ў ім не хапала менавіта гэтай старонкі. Стрэлкі паказвалі на Бермана. Дэдуктыўныя разважанні Беларэцкага наконт Бермана вядуць яго па памылковым шляху, чаго і дабіваецца сапраўдны злачынца. Знаёмы прыём дэтэктыўнага жанру.

Праводзячы даследаванне з дапамогай дэдукцыі, Беларэцкі знаходзіць шмат “шкілетаў у шафе” (прыём № 7) або незвычайных фактаў з біяграфіі герояў, на якіх падае падазрэнне. Разгледзім некаторыя з іх. Прасачыўшы аднойчы за ахмістрыняй, Беларэцкі знайшоў у затворы шафы скляпеністы ход, які вёў у архіў Яноўскіх. Аказалася, што ахмістрыня лічыла свой род спадчыннікамі Яноўскіх, нягледзячы на тое, што бацька яе некалі быў пазбаўлены дваранскіх правоў. Вось яшчэ знайшоўся персанаж, які прагнуў багацця і жадаў смерці гаспадыні: “Памерла б, і ўсё. Яна ж слабая, спіць дрэнна, крыві ў жылах амаль няма, кашляе… Нашто, каб палац пану Гарабурдзе, калі тут магла б жыць я” [3, с. 158]. Вось вам і добрая ахмістрыня ў лепшым з лепшых дамоў. Хаця назіральны Беларэцкі яшчэ ў першы дзень свайго прыезду звярнуў увагу на цікавы факт (прыём № 10 – “падказкі”): “Я вельмі здзівіўся змене, якая адбылася са старой. На першым паверсе яна войкала і прычытала, а перайшоўшы на другі паверх, адразу ператварылася чорт ведае ў што. Відаць, на першым паверсе яна была дома, а на другім была толькі ахмістрыняю, толькі рэдкім госцем” [3, с. 35]. Цікавую тайну насіў у сваёй душы таксама і Берман. Дзіўна, але ён таксама жадаў смерці Надзеі Яноўскай. І прыязджае ён у Балотныя Яліны пасля таго, як высвятляецца, што ён з’яўляецца сваяком Яноўскіх. Праўда, пра ўсё гэта Беларэцкі даведваецца пасля смерці самога Бермана з яго дзённіка. Высветліліся незвычайныя факты: “Золата, золата! Тысячы панегірыкаў трэба спяваць уладзе тваёй над душой людзей. Ты ўсё: пялюшка дзіцяці, купленае табою цела дзяўчыны, сяброўства, любоў і ўлада, нават прыстойная яма ў зямлі. І да ўсяго гэтага я даб’юся” [3, с. 222]. А дабівацца гэтага Берман хоча, давёўшы Надзею да вар’яцтва або смерці. Карыстаючыся планам палаца, які Берман хаваў разам з дзённікам, Беларэцкі знаходзіць непапраўнага ідыёта Базыля – брата Бермана, якога той выкарыстоўваў у сваіх злачынных мэтах.

Высвятленне матываў, дэдуктыўныя метады расследавання, раскрыццё загадкавых фактаў з мінулага герояў паступова вядзе шукальніка да разгадкі злачынства (прыём № 16), бо без гэтага не бывае фіналу ў любым творы дэтэктыўнага жанру. Малы Чалавек – гэта карла Базыль, брат Бермана, а Блакітная Жанчына – Надзея Яноўская ў самнабулічным стане. Мужыкі з Беларэцкім выступаюць супраць банды прафесійных ваяк, якімі кіраваў Дубатоўк, і перамагаюць іх. Беларэцкі з Надзеяй Яноўскай, будучай сваёй жонкай, пакідаюць Балотныя Яліны. Рыгор на развітаннне кажа Беларэцкаму: “Зброя ў руках. Вось яна. Няхай возьмуць! Не паеду. Маё царства – лясы. І гэтае царства павінна быць шчаслівым” [3, с. 255].

Разгадваюцца ўсе тайны. Але гэта толькі на першы погляд. На самай справе тайны “Палявання” нікуды не зніклі. Чаму “Дзікае паляванне” дасюль такое цікавае? Чаму, нягледзячы на шчаслівы фінал, трывога не пакідае? Чаму гэты твор так чапляе? І чаму, каб напоўніцу адчуць яго гіпноз, трэба нарадзіцца і жыць у Беларусі?

У.Караткевіч па-майстэрску пераплёў разнастайныя прыёмы і гэтым дамогся свайго: чытач знаходзіцца ў напружанні да апошняй старонкі аповесці, імкнучыся разам з героямі разблытаць усе таямніцы і прайсці захапляльны шлях “ад цьмы да святла”. Узяўшы за аснову “лёгкі” жанр дэтэктыву, ён абудзіў у грамадскасці пачуццё нацыянальнага гонару, цікавасць і любоў да гісторыі Беларусі.

“Пачуццё гумару і самаіроніі – гэта тое, чым дарагі Караткевіч, блізкі і родны, і за што мы любім яго герояў. З аднаго боку, былі гісторыкі, якія вывучалі ў архівах кожную рыску рэальных гістарычных персанажаў, а з другога, быў Караткевіч, які мог зрабіць з гэтым персанажам усё, што заўгодна. І атрымлівалася выдатна. Бо галоўнае – вынік. Калі мастак працуе над карцінай, ён можа мазануць пальцам, у натхненні рукавом нешта расцерці, кавалак газеты прыляпіць, калі трэба. Караткевіч быў менавіта такі: натхнёны, без унутранай цэнзуры”, – зазначала ў адным з інтэрв’ю Л.Рублеўская [1, с. 23].

У.Караткевіч адкрыў дарогу многім аўтарам, дзякуючы якім жанр дэтэктыву ў беларускай літаратуры інтэнсіўна развіваецца. Многія пісьменнікі прытрымліваюцца стылю У.Караткевіча, нехта ідзе сваім шляхам.

“Караткевіч заўсёды застаецца арыгінальным, ён не паўтарае іншых, хоць, па сутнасці, стварае мастацкую гісторыю Беларусі. І яго творы сталі адкрыццём у сучаснай беларускай літаратуры, арганічна ўпляліся ў сусветны літаратурны працэс з яго ідэйна-мастацкімі пошукамі, сталі ў адным шэрагу з арыгінальнейшымі ўзорамі сусветнай мастацкай літаратуры”, – пісала А.Сцяпанава [6].

 

 

Спіс літаратуры

1 Будовіч-Барадуля, Т. Ці можа сучасны беларускі пісьменнік выйсці з ценю Караткевіча? / Т.Будовіч-Барадуля // Літаратура і мастацтва. – 23 лютага 2018. – С. 23.
2 Булыка, А. Слоўнік іншамоўных слоў / А. Булыка. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 1999. – 763 с.
3 Караткевіч, У. Дзікае паляванне караля Стаха. / У.Караткевіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2008. – 493 с.
4 Мальдзіс, А. Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча: Партрэт пісьменніка і чалавека / А.І.Мальдзіс. – Мінск : Літаратура і Мастацтва. 2010. – 208 с.
5 Мальдзіс, А. Запаветы наступным пакаленням / А. Мальдзіс // Роднае слова. – 2004. – № 7. – С. 12.
6 Уладзімір Караткевіч: [Электронны рэсурс] // “Ведай”. URL: https://sites.google.com/view/vedaj/словы-пра-творцаў/уладзімір-караткевіч.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий