Дарагія ўспаміны

- 19:13Вояж, После уроков

Тэма вёскі ў беларускай літаратуры займае пачэснае месца. Хто толькі не звяртаўся да яе! Н.Гілевіч, А.Дудараў, В.Карамазаў, У.Караткевіч, Б.Сачанка… У Год адзінства звяртаюся да гэтай тэмы і я, чалавек, улюбёны ў свой край, свой народ, сваіх землякоў. На маю думку, вёска – гэта тое, што нас яднае.

“Вёска, о родная вёска мая!” Родная мая Кміцянка! Пра цябе я магу расказваць бясконца. Як казаў Б.Сачанка, “кожны кулік сваё балота хваліць”. Я не выключэнне. Мая вёсачка знаходзіцца непадалёк ад слаўнага Наваградка.

Дарагія ўспаміны вяртаюць мяне сюды ледзь не кожны дзень.

…Птушкай легкакрылай спяшаюся я на аўтобус па маршруце “Навагрудак – Кміцянка”. Спяшаюся гэты раз не на “дзяльбу кабанчыка”, а на сенажаць, дзе аднавяскоўцы ўжо распускаюць копы. І я, як Ганна Чарнушка, стараюся ад іх не адстаць. Вось будзе падарунак матулі, якая зараз на ферме!

Ад плённай працы аж перасохла ў горле. А вады побач няма. Як быццам прачытаўшы мае думкі, падыходзіць сусед дзядзька Пеця (вясковы Мульцік) і працягвае біклажку з вадой:

– Ну што, стамілася? На, папі вадзічкі смачнай, лягчэй стане. Гэта ж з вашага калодзежа.

Папіла, лягчэй стала.

Здалёк паказалася знаёмая постаць. Гэта матуля спяшаецца растрасаць копы.

– А я ўсё думаю, хто гэта мне на дапамогу прыехаў? Адразу падумала, што Толік. Дык гэта ты, мая дачушка. Дзякуй, мілая, дзякуй!

Ідучы з сенажаці, мы да самай хаты гаворым пра сямейныя клопаты, вясковыя навіны… “Не паспелі сесці пры сустрэчы, як патэльня засквірчэла ў печы, бульба, смажаніна і каўбаска, пакаштуй, дачушка, калі ласка.”

Цэлы дзень я ў будзённым клопаце: то ў градах, то ізноў на сенажаці, то на ферме. Не заўважаю, як ён праходзіць.

Вечарэе. Сяджу на парозе і чакаю карову. Пах сырадою чую яшчэ здалёк. Букетка заходзіць на падворак – мама зачыняе вароты. Толькі не для мяне! Я збіраюся на возера БАМ. Дзіва: БАМ на Беларусі! Так, БАМ на Беларусі. Людзі назвалі яго ў памяць вясковага Сцяпана Вячоркі, які доўга блукаў па свеце. Вярнуўшыся ў родную вёску, наняў экскаватар і выкапаў возера.

– Дзякуй табе, добры чалавеча!..

Цяпер тут мясцовая моладзь да самай раніцы цікава бавіць час.

Як соладка спіцца на сенавале! Здаецца: спала б і спала б! Ды дзе ж там! У вёсцы хіба паспіш?! Мой салодкі сон перабівае матулін голас:

– Уставай, дачушка! Пара гнаць у поле.

О Божа! Як жа хочацца паспаць яшчэ хвілінку!

…Пачынаецца новы дзень, а разам з ім і новыя ўражанні…

Кланяюся табе, родная вёсачка, за тое, што давала мудрыя ўрокі. Дзякуючы ім мне лёгка на ўроках літаратуры працаваць са сваімі выхаванцамі. Ты крыніца майго натхнення, скарбонка жыццёвай энергіі.

 

Люблю родную вёску

Люблю родную вёску Кміцянку
І домік, сэрцу, на ўскрайку.
Люблю сваіх суседзяў
Цёцю Соню і дзядзю Пецю.

Люблю вёску ўсёй душою,
На яве і ў сне яна са мною.
Люблю, як там усё расцвітае
І пахне чаромха ў маі.

Люблю, як дождж па даху стукае
І гром сярдзіты на небе грукае.
Люблю, як клён асыпае пазалоту
І ціха кладзецца яна каля плота.

Люблю, як снег замятае вёску
І вецер гайдае стройную бярозку.
Люблю ляцець аж да аблокаў,
Падчас – крутыя спускі з гары Высокай.

Люблю, як вяскоўцы ідуць у магазін…
Разумею: чалавек на свеце не адзін!
Люблю родную вёску Кміцянку
І домік, сэрцу дарагі, на ўскрайку…

Марына ГОРБАЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы”, Гродзенская вобласць

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий