24 лютага ў рамках рэалізацыі інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна” у Залескіх яслях-садзе – сярэдняй школе Смаргонскага раёна прайшла інфармацыйная гадзіна “Гонар за Беларусь. На варце нацыянальнай бяспекі і суверэнітэту”.
Формай правядзення мерапрыемства была абрана дыялогавая пляцоўка. У фокусе абмеркавання тыя, хто абараняе краіну, хто стаіць на варце яе бяспекі і суверэнітэту – Узброеныя Сілы, пагранічная, мытная службы, МНС.
У рамках першага этапу “Мы даведваемся” класны кіраўнік 8-га класа А.В.Канапацкая разам з ініцыятыўнай групай вучняў пазнаёміла ўдзельнікаў сустрэчы з тэмай інфармацыйных блокаў: “Узброеныя Сілы Беларусі – гарант нацыянальнай бяспекі краіны”, “Межы Беларусі пад надзейнай абаронай”, “Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь: дапамога побач”.
Удзельнікі сустрэчы пазнаёміліся з этапамі станаўлення беларускай арміі, даведаліся пра тое, што яна сфарміравана па прынцыпе абароннай дастатковасці і здольная самастойна забяспечыць ваенную бяспеку краіны. Вучні таксама абмеркавалі факты, якія сведчаць пра ўзмацненне магутнасці Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, а таксама адзначылі, што сённяшняе пакаленне салдат захоўвае і прымнажае баявыя традыцыі старэйшых пакаленняў, удасканальвае баявое майстэрства і паспяхова вырашае складаныя вучэбна-баявыя задачы.
На другім этапе “Мы разважаем” у форме адкрытага дыялогу была арганізавана сустрэча з намеснікам начальніка матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Смаргонскай пагранічнай групы маёрам Раманам Валынцом, выпускніком нашай установы. Раман Алегавіч расказаў пра асаблівасці функцыянавання пагранічнай і мытнай службаў, пра тое, як ахоўваецца мяжа. Вучні даведаліся пра будні пагранічнікаў, асаблівасці іх побыту і прыйшлі да высновы, што ахова меж краіны – нялёгкая і небяспечная справа, якая патрабуе прафесіяналізму ад тых, хто гэтым займаецца.
Удзельнікі сустрэчы таксама абмеркавалі патрабаванні, што прад’яўляюцца да тых, хто праходзіць вайсковую службу, ваенныя спецыяльнасці і ўстановы адукацыі, дзе іх можна атрымаць, гаварылі пра службу ў рэзерве, плюсы і мінусы службы па кантракце. Вучні з вялікай цікавасцю слухалі выступленне госця, задавалі пытанні пра сучасныя тэхналогіі і сістэмы бяспекі, што выкарыстоўваюцца на мяжы нашай краіны. Магчыма, для некаторых школьнікаў мерапрыемства стане штуршком для далейшага выбару прафесіі, звязанай з ваеннай службай.
У ходзе трэцяга этапа “Мы дзейнічаем” удзельнікі сустрэчы падкрэслілі, што абавязак кожнага грамадзяніна нашай краіны – шанаваць памяць пра подзвігі нашых продкаў і прымнажаць дасягненні сучаснай Беларусі.
Алена ВАРАНІШЧА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Залескіх ясляў-сада – сярэдняй школы
Смаргонскага раёна