Па старонках роднай мовы. Забава-падарожжа для групы інтэграванага навучання і выхавання

- 13:05Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

 

Зоя ГЕДРЭВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
 ДУА “Субацкі НПКдзіцячы сад – сярэдняя школа”
Ваўкавыскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

Праграмныя задачы: фарміраваць устойлівую цікавасць і станоўчыя адносіны да беларускай традыцыйнай культуры праз беларускую мову, беларускі дзіцячы фальклор і народныя гульні; выявіць веды ў дзяцей пра беларускія народныя казкі, пацешкі, прыказкі і загадкі; развіваць элементарныя навыкі зносін на беларускай мове, цікавасць дзяцей да беларускага дзіцячага фальклору; узбагачаць слоўнікавы запас дзяцей, заахвочваць беларускае маўленне; выхоўваць любоў і павагу да роднай мовы, да роднай краіны, жаданне сябраваць з кнігамі.

Матэрыял: беларускія лялькі, карцінкі герояў казак, выстава дзіцячых кніг і часопісаў, паштоўка, мастацкія тэксты.

 

Ход забавы

Выхавальнік дашкольнай адукацыі.

Шчыра ўсіх я вас вітаю
І здароўя ўсім жадаю!
Не стойце, дзеткі, ля дзвярэй,
Вы праходзьце весялей!

Дзеці пад беларускую народную мелодыю праходзяць у пакой.

Выхавальнік. Дзеці, сёння ў нашай краіне пабываў добры чараўнік. Пакінуў нам вось гэты падарунак – кошык з паштоўкаю. Чытаю:

Добры дзень, дзеці, я чараўнік
Жыву ў казачнай краіне
І дапамагаю ўсім вучыцца быць ветлівымі,
Рабіць добрыя справы.
Мой падарунак – кошык ветлівасці.
У ім жывуць словы, якія вы добра ведаеце,
Але забываеце гаварыць.

Выхавальнік. Я вам прачытаю верш, які называецца “Ветлівыя словы”. Я буду пачынаць, а вы будзеце працягваць.

Добра, калі ты змалку можаш вітаць людзей.

Раніцай – “Добрай раніцы”.
І апоўдня – “Добры дзень”.
Увечары пры сустрэчы знаёмым сказаць – “Добры вечар”.
А соннаму сонейку нанач, і ўсім добрым людзям – “Дабранач”.
А калі развітваемся з выхавальнікам – “Да пабачэння”.
А калі неспадзявана наступіў на нагу – “Прабачце”.
А калі пачаставалі нас цукеркай, мы адкажам – “Дзякуй”.

Выхавальнік. А якое ветлівае слова мы павінны сказаць нашым гасцям?

Дзеці: Добрай раніцы.

Выхавальнік. Дзеці, сёння мы завітаем у госці да нашай роднай мовы. Якая мова з’яўляецца для нас роднай?

Дзеці: Беларуская.

Выхавальнік. Чаму вы так думаеце?

Дзеці: Таму што мы жывем у Беларусі.

Выхавальнік. Так! Мы з вамі жывем у Беларусі. Беларусь – наша Радзіма. Тут мы гуляем, вучымся. Тут жывуць нашы мамы і таты, дзядулі і бабулі.

Выхавальнік. Скажыце, калі ласка, як называецца вёска ў якой вы жывяце.

Дзеці: Вёска Субачы (паказваю малюнкі вёскі).

Выхавальнік. Дзеці, а вы любіце падарожнічаць? Сёння мы з вамі адправімся ў падарожжа і ўспомнім народныя казкі, гульні, калыханкі, прыказкі, забаўлянкі. Але адкажыце мне, калі ласка, на чым можна падарожнічаць? (Адказы дзяцей). Мы з вамі пойдзем пешшу. А каб нам было весялей ісці, будзем прыгаворваць:

Сцежачка крывенькая,
Ножанькі маленькія,
Сцежка ішла, ішла, ішла
І куды нас прывяла?

Дзеці спыняюцца каля доміка.

Выхавальнік. Дзеці, каб даведацца, хто тут жыве, вы павінны адгадаць загадку: Лёг вусаты, а ўстаў гарбаты (Кот). Так, гэта кот. Людзі з даўніх часоў склалі пра ката шмат калыханак, забаўлянак, гульняў, прыказак…

Выхавальнік. Можа вы ведаеце прыказкі пра ката?

Дзеці:

Кот на печку – сцюжа на двор.
Як кот на пячы – холадна на двары.

Інсцэніруецца забаўлянка “Кот Мурлыка”. (Гучыць музыка. Дзеці спяваюць і імітуюць рухі ката).

Вось які Мурлыка:
Два вусы вялікіх.
Цэлы дзень, як мячык,
Па кватэры скача.
Хвосцік, як мяцёлка,
Кіпці, як іголка.

Выхавальнік. На Беларусі, каб супакоіць дзіця, спявалі розныя песенькі. А вы спяваеце сваім лялькам песенькі, калі ўкладваеце іх спаць? Усе гэтыя песенькі называюцца калыханкамі. (Паказваю калыску). Давайце пакладзём сюды ляльку і праспяваем ёй калыханку:

Ах ты, коценька-каток,
У цябе шэранькі хвасток,
Ты прыходзь к нам начаваць,
Будзеш дзетку калыхаць.

Выхавальнік. Дзеці, вы заўважылі, што ў калыханцы часта сустракаецца слова “кот”. Як вы думаеце, чаму менавіта ён? (Адказы дзяцей). Так. Ён жыве ў хаце. Кот вельмі ласкавая жывёла, любіць палашчыцца каля чалавека, пры гэтым мурлыкае – спявае сваю песеньку-калыханку.

Беларуская народная гульня “Шэры кот”.

Дзеці, давайце пагуляем з коцікам. Дзеці выбіраюць ката па лічылцы:

Раз, два, тры, чатыры,
Ката грамаце вучылі:
Не чытаць, не пісаць,
А за мышкамі скакаць.

Мышы становяцца за катом у калону. Калона рухаецца па пляцоўцы. Паміж катом і мышамі ідзе размова:

– Ёсць мышы ў стозе?
– Ёсць!
– Баяцца ката?
– Не!
– А я, Кот Катафей, разганю ўсіх мышэй!

Мышы разбягаюцца, кот іх ловіць. Гульня паўтараецца некалькі разоў. Пасля заканчэння коцік дорыць дзецям чароўны клубочак, які будзе паказваць дарогу. Дзеці развітваюцца з катом і адпраўляюцца далей у падарожжа.

Выхавальнік  (а дзеці паўтараюць разам з выхавальнікам словы):

Клубочак чароўны,
Каціся, каціся,
Вядзі нас у казку
І не заблудзіся.

Прыпынак “Казка”

Выхавальнік.

Раскажыце, дзеткі, мне, казкі любіце ці не? (Адказы дзяцей). Зараз мы з вамі ўспомнім беларускія народныя казкі, якія вы ведаеце. Я буду вам чытаць урывак з казкі, а вы будзеце адгадваць, як называецца казка. (Чытаю ўрыўкі з казкі).

Выхавальнік. Малайцы, добра ведаеце казкі, але нам патрэбна рухацца далей.

Дзеці (рухаюцца і прыгаворваюць):

Сцежачка крывенькая,
Ножанькі маленькія,
Сцежка ішла, ішла, ішла
І куды нас прывяла?

Дзеці спыняюцца каля дзяўчынкі і хлопчыка.

Выхавальнік. Дзеці паглядзіце, хто нас тут сустракае? (Адказы дзяцей). Так, гэта хлопчык – беларус, а дзяўчынка – беларусачка. У іх паштоўка для нас. (Чытаем паштоўку).

Дарагія хлопчыкі і дзяўчынкі. Мы вельмі рады бачыць вас тут. Я дзяўчынка Ганна і мой сябар хлопчык Лявон завіталі ў ваш дзіцячы садок і хочам даведацца, ці ёсць тут сапраўдныя беларусы.

Выхавальнік. Дзеці, давайце дакажам Ганне і Лявону, што мы сапраўдныя беларусы. Давайце звернем увагу на касцюмы, у якія апрануты Ганна і Лявон. (Дзеці пералічваюць часткі адзення). Якога колеру спаднічка? А чым упрыгожаны кашуля, фартушок?

Дзеці: Беларускім узорам.

Выхавальнік. Зараз мы з вамі прачытаем вершы беларускіх паэтаў. (Дзеці чытаюць).

Давайце яшчэ ўспомнім пра нашу родную мову. (Дзеці чытаюць.)

– Мая родная мова – беларуская. Размаўляйце разам з намі.
– Родная мова не павінна быць замежнай.
– Вучымся гаварыць на роднай мове.
– Мова. Яе, як і Радзіму, трэба любіць і паважаць, берагчы і ахоўваць.
– Нам шанц гісторыя дала на роднай мове размаўляць. Любіце мову. Яе нам вечна шанаваць.

Выхавальнік. Дзеці, Ганна і Лявон падрыхтавалі для вас падарункі: дзяўчынкам – фартушкі, а хлопчыкам – паяскі. Але яны не паспелі іх упрыгожыць.

Выхавальнік прапануе дзецям упрыгожыць самім фартушкі і паясы.Дзеці ўпрыгожваюць падарункі, а затым разглядаюць іх.

Выхавальнік. Вось і скончылася наша падарожжа, пара вяртацца дадому.

Дзеці (зноў рухаюцца і прыгаворваюць):

Сцежачка крывенькая,
Ножанькі маленькія,
Сцежка ішла, ішла, ішла
І дамоў нас прывяла.

Выхавальнік. Дзеці, ці спадабалася вам падарожжа? Што вам спадабалася? На якой мове размаўлялі? У якую гульню гулялі? (Адказы дзяцей).

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий