Валянціна ЖГАРОВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Камунараўскай сярэдняй школы
Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці,
настаўнік-метадыст
У сучасным грамадстве вельмі папулярным спосабам баўлення вольнага часу сталі разнастайныя квэсты. Яны з’яўляюцца актыўнай, дынамічнай, цікавай і разумова напружанай формай адпачынку. Квэст — гэта інтэлектуальная трэніроўка, дзякуючы якой павышаецца здольнасць мысліць, заўважаць дробныя дэталі, аналізаваць сітуацыю. Гэта тыя якасці, якія вельмі патрэбны выпускнікам пры здачы ЦТ. Аўтар праекта вырашыла ідэю гэтай гульні адаптаваць да вучэбнага працэсу і арганізаваць правядзенне квэст-урокаў па вучэбным прадмеце “Беларуская мова” ў старэйшых класах, і ў першую чаргу там, дзе прадмет выкладаецца на павышаным узроўні. Квэст-урок прадугледжвае рашэнне пэўных вучэбных задач ва ўмовах абмежаванага часу (45 хвілін).
Метады і прыёмы навучання, якія выкарыстоўваюцца для фарміравання агульнавучэбных уменняў і навыкаў, павінны быць накіраваны на фарміраванне і выхаванне ў школьнікаў цікаўнасці, уменняў разважаць, аналізаваць, а не проста завучваць. Атрыманыя веды вучні павінны ўмець прымяняць на практыцы. На сённяшні дзень гэта адна з галоўных праблем школьнай адукацыі, бо часта даводзіцца сутыкацца з няўменнем вучняў суаднесці тэорыю, якую яны добра завучылі і ведаюць, з яе практычнай рэалізацыяй.
Адным са сродкаў, якія дазваляюць павысіць матывацыю навучання, з’яўляюцца інтэрактыўныя метады навучання, да іх можна аднесці і квэсты. Квэст-урок – гэта ўрок, на якім, згодна з тэмай урока, праз інтэрактыў вучні знаходзяць і выконваюць шэраг заданняў. Мэта квэст-урока – атрымаць пяць відаў выпрабаванняў, выканаць усе заданні, адшукаўшы падказкі да іх, ажыццявіць самакантроль выкананых заданняў і атрымаць адзнаку. Прапанаваная форма ўрока садзейнічае развіццю пазнавальнай актыўнасці і самастойнасці вучняў. Пазнавальная самастойнасць – гэта такая інтэлектуальная якасць асобы, якая ўключае ў сябе ўменне самастойна прымяняць атрыманыя веды ў новай сітуацыі, творча выкарыстоўваць засвоеныя спосабы дзейнасці і ствараць новыя. Гэтыя кампаненты знаходзяцца ў цеснай сувязі паміж сабой, уяўляюць адзінае цэлае, кожны з іх з’яўляецца асновай і лагічным завяршэннем другога. Кожнае заданне на квэст-уроку павінна ўключацца ў цікавы кантэкст, які садзейнічае развіццю лагічнага мыслення, уважлівасці. Групавая работа выхоўвае пачуццё калектывізму і ўзаемапавагі.
Дадзены праект робіць акцэнт на вывучэнні тых жа правілаў ці фактаў, але праз інтэрактыў, разнастайныя лагічныя задачы, галаваломкі, праблемныя пытанні, калектыўную працу. Усё гэта садзейнічае выхаванню гарманічнай асобы з прадуктыўным мысленнем.
Што такое квэст? Паняцце “квэст” паходзіць ад англійскага quest, што азначае “пошук, выпрабаванне”. Квэст-урок – гэта ўрок, які ўключае ў сябе набор праблемных заданняў, аналітыка-сінтэтычных практыкаванняў, для выканання якіх вучні актыўна ўключаюцца ў пошукавую дзейнасць. Для пошуку інфармацыі вучні могуць выкарыстоўваць інтэрнэт-магчымасці смартфонаў, даведачную літаратуру, слоўнікі, падручнікі і інш. Галоўнае – самастойная групавая дзейнасць у вырашэнні пастаўленых задач. Асноўная мэта дзейнасці ў такім аспекце – даць магчымасць самастойна пераасэнсаваць і сістэматызаваць атрыманыя веды, праверыць уменні і навыкі, стварыць умовы для іх практычнага прымянення. Усе заданні вучні павінны выконваць па правілах і ў пэўнай паслядоўнасці. Заданні настаўніку трэба афармляць на асобных лістах і хаваць іх так, каб вучні самі знаходзілі, рашаючы пры гэтым розныя галаваломкі. Кожнае наступнае заданне павінна выцякаць з папярэдняга. Такім чынам, да задання № 2 вучні прыступяць толькі тады, калі выканаюць заданне № 1, заданне № 3 – пасля задання № 2 і г.д.
Пры распрацоўцы праекта была магчымасць увесці індывідуальную адказнасць вучняў за кожны этап, калі пры групавой рабоце на кожным этапе лідар групы мяняецца. Ажыццяўляецца выбар этапа вучнем на пачатку ўрока праз выцягванне карткі з літарай, якая ўваходзіць у слова “квэст”.
Заданні квэст-урокаў павінны быць цікавымі. Па складанасці пажадана выбіраць аптымальны варыянт, каб яны не былі занадта цяжкімі, але і не простымі. Каб вучні паспяхова прайшлі ўсе этапы ўрока і атрымалі ад гэтага максімальнае задавальненне, падказкі павінны быць цікавымі, арыгінальнымі, таямнічымі, загадкавымі. Калі вучні доўга не змогуць справіцца з заданнем, можна прапанаваць падказкі, за кожную з іх трэба прадугледзець пэўны штраф. За дакладна выкананае заданне адзнаку атрымлівае лідар этапа. Пры такім падыходзе ўзмацняецца індывідуальная адказнасць кожнага вучня.
Настаўнік пры арганізацыі квэст-урока выступае ў ролі сузіральніка, у якога ёсць магчымасць сачыць за логікай даследавання, ацаніць узровень камунікацыі вучняў, іх жаданне і ўменне ўзаемадзейнічаць, культуру ўзаемадзеяння ў групе.
Дэвіз квэст-урокаў:
Калі ты хочаш мову добра ведаць,
Вазьмі за правіла: цікаўнасць – перамога.
Эмблема пошуку: тым, хто ідзе, дарога
Сама падкажа, што і дзе разведаць.
Ты зможаш, правілы – твая падмога.
Віды работ для правядзення квэст-урокаў:
К – крыжаванка, крыптаграма, канспект, кластар i г. д.
В – верш, вiктарына, вывады, выступленне і г. д.
Э – эксперымент, экзамен, экспертыза, экспромт і інш.
С – схема, сакрэт, скорагаворка, сiтуацыя, справаздача, сінквейн i г. д.
Т – табліца, тэст, трэнiнг, тэматычны кантроль і г. д. (Дадатак 1)
Метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі квэст-урокаў
1) практыкаванні на веданне правіла сумяшчаць з заданнямі на кемлівасць, знаходлівасць, логіку, эрудыцыю;
2) усе заданні ўключаць у цікавы кантэкст;
3) заданні павінны быць разнапланавымі;
4) на пачатку ўрока вучні павінны ведаць аб’ём заданняў, этапаў, якія яны павінны прайсці;
5) выкананне папярэдняга задання павінна быць умовай для таго, каб рухацца далей;
6) дапамога настаўніка на ўроку не прадугледжваецца, вучні павінны дзейнічаць самастойна;
7) пры цяжкасцях можна выкарыстоўваць падказкі, за якія налічваюцца штрафныя балы;
8) на квэст-уроку абавязкова прадугледзець арганізацыю самакантролю, які садзейнічае выхаванню самастойнасці і адказнасці.
Урок у форме квэста – выдатная трэнiроўка логікі, памяці і кемлівасці. Гэта гульня, якая дапамагае актыўна правесці 45 хвілін урока, што садзейнічае паляпшэнню самаадчування, а значыць такі ўрок з‘яўляецца здароўезберагальнай формай арганізацыі вучэбнай дзейнасці. Галаваломкі рознага характару на квэст-уроку развіваюць аналітычныя ўменні і навыкі, актывізуюць мыслядзейнасць вучняў. Яны з’яўляюцца своеасаблівай загадкай, а адгадванне загадак, як мы ведаем, развівае кемлівасць, хуткасць рэакцыі, разумовую актыўнасць. Усе гэтыя якасці вучням будуць патрэбны падчас здачы ЦТ.
Вучні станоўча ўспрымаюць прапанаваную форму ўрока і актыўна ўзаемадзейнічаюць падчас правядзення квэст-урокаў. Такая форма садзейнічае зніжэнню трывожнасці перад тэставым выпрабаваннем. Таксама квэст-урокі спрыяюць выхаванню лепшых якасцей асобы: адказнасці, уважлівасці, уменню ўзаемадзеяння, цярплівасці і інш.
Дадатак 1
План-каспект урока па беларускай мове ў 11 класе
(павышаны ўзровень, урок-квэст)
Тэма: Пунктуацыйныя нормы: знакі прыпынку ў сказах з параўнальнымі зваротамі
Узаемасувязь з атрыманымі раней ведамі: паўтарэнне тэмы “Фразеалагізмы”
Мэта: праз арганізацыю квэст-гульні стварыць умовы для выпрацоўкі трывалага пунктуацыйнага навыку пры рабоце са сказамі з параўнальнымі зваротамі.
Мяркуецца, што да заканчэння ўрока вучні:
1) паглыбяць свае веды пра пунктуацыйныя нормы ў сказах з параўнальнымі зваротамі;
2) удасканаляць пунктуацыйныя навыкі і навык сінтаксічнага разбору сказаў;
3) будуць папаўняць лексічны слоўнік фразеалагічнымі адзінкамі;
4) праз пераадоленне выпрабаванняў актывізуюць пазнавальную дзейнасць;
5) будуць праяўляць адказнасць, уменне працаваць у камандзе.
Мэта на мове вучняў:
- на ўроку я замацую веды па тэме “Пунктуацыйныя нормы ў сказах з параўнальнымі зваротамі”;
- узнаўлю атрыманыя папярэдне веды па тэме “Фразеалагізмы”;
- удасканалю ўменне правільна ставіць знакі прыпынку ў сказах з параўнальнымі зваротамі;
- буду праяўляць уважлівасць, назіральнасць, кемлівасць і адказнасць;
- паспяхова выканаю ўсе заданні па тэме ўрока.
Тып урока: сістэматызацыя і падагульненне ведаў
Формы і метады работы на ўроку: гульня, гутарка, часткова-пошукавы метад, аналітыка-сінтэтычныя практыкаванні, лінгвістычны эксперымент, групавая работа, слоўнікавая работа, самакантроль.
Абсталяванне: запісы на дошцы; этнаграфічныя экспанаты; карткі з заданнямі; тэст; Беларуская мова : вучэб. дапаможнік для 11 класа ўстаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / Г. М. Валочка [і інш.]. – 2-е выд., перапрац. і дап. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2016. – 256 с.;*; слоўнікі.
Ход урока
І. Арганізацыйны этап.
Мэта: псіхалагічная падрыхтаванасць класа да ўрока, арганізацыя ўвагі вучняў.
Педагагічная задача: арганізаваць і падрыхтаваць вучняў да работы.
- Слова настаўніка. Добры дзень, шаноўнае спадарства! Сёння вас чакае незвычайны ўрок. Калі вы заходзілі ў клас, то выцягнулі картку з літарай, паглядзіце на свае літары і паспрабуйце з іх скласці слова. Што ў вас атрымалася? Якія ёсць варыянты?
ІІ. Арыенціровачна-матывацыйны этап
Мэта: садзейнічаць актывізацыі суб’ектыўнага вопыту вучняў, развіццю пазнавальнага інтарэсу, матывацыі, самавызначэнню на вынік урока.
Педагагічная задача: сфарміраваць пазнавальныя матывы, стварыць умовы для самавызначэння вучняў на дзейнасць і яе вынікі.
- Суразмоўніцтва з вучнямі. (Ход гутаркі залежыць ад таго, як вучні справяцца з першым заданнем)
- Прачытайце верш (запіс на дошцы)
Калі ты хочаш мову добра ведаць,
Вазьмі за правіла: цікаўнасць – перамога.
Эмблема пошуку: тым, хто ідзе, дарога
Сама падкажа, што і дзе разведаць.
Ты зможаш, правілы – твая падмога.
- Якое слова можна скласці з першых літар кожнага радка? Або (Якім чынам яшчэ можна знайсці тое слова, што ў вас атрымалася?)
- Як называецца такая форма верша? (Акраверш)
- Слова “квэст” англійскага паходжання. Якое значэнне яно мае? (Пошук, выпрабаванне)
- На ўроку вас чакаюць сёння наступныя выпрабаванні:
К – крыжаванка
В – верш
Э – эксперымент
С – схема
Т – табліца
- Паглядзіце на схематычны запіс тэмы ўрока “ЗП пры ПЗ” і сфармулюйце яе з дапамогай лігвістычных паняццяў. (Пунктуацыйныя нормы: знакі прыпынку ў сказах з параўнальнымі зваротамі)
- Але заданняў у мяне, як вы бачыце, у руках няма. Каб знайсці ўсе заданні і не губляць час на іх выкананне, вы павінны працаваць камандай. Ваша літара з’яўляецца падказкай, хто за які этап адказвае. Падчас работы вы павінны праявіць хуткасць, кемлівасць, уважлівасць, назіральнасць, знаходлівасць і цікаўнасць. Знайсці ўсе заданні вам дапамогуць фразеалагізмы. За падказкамі да настаўніка звяртацца нельга. Думайце і разважайце самі, кожнае пытанне ацэньваецца штрафам у адзін бал.
- Успомніце, што называецца фразеалагізмамі? (Устойлівыя спалучэнні слоў з непадзельным лексічным значэннем)
- Такім чынам, паспрабуйце сфармуляваць тыя задачы, якія вам трэба на ўроку-выпрабаванні вырашыць. (Адказы вучняў)
- Праз выпрабанні мы праверым і ступень засваення тэарэтычнага матэрыялу па тэме. Гэта было вашым дамашнім заданнем. (П. 15, пр. 151)
ІІІ. Аперацыйна-пазнавальны этап
Мэта: усведамленне вучнямі асноўнага зместу вучэбнага матэрыялу, які вывучаецца на ўроку, пазнавальная актыўнасць вучняў.
Педагагічная задача: арганізаваць мэтанакіраваную пазнавальную дзейнасць вучняў па тэме ўрока.
- Калі вы будзеце ўважлівыя і назіральныя, фразеалагізм “як па масле” дапаможа вам знайсці першае заданне. Дарэчы, растлумачце лексічнае значэнне фразеалагізма (вельмі лёгка, добра, без перашкод і ускладненняў). (Сярод этнаграфічных экспанатаў знаходзіцца маслабойка, унутры канверт з заданнямі).
Заданне 1. Крыжаванка. Да фразеалагізмаў падбярыце адпаведны сінонім-прыслоўе з даведак і запоўніце крыжаванку. Выканайце ўсе заданні. Слова-адгадка дапаможа знайсці наступнае заданне.
Фразеалагізмы: 1. … нібы на споведзі. 2. … як горкая рэдзька. 3. … быццам жару ўхапіўшы. 4…. нібы праз сон. 5. … як сцяна 6. … як з мяшка. 7. … нібы на гарачым вуголлі.
Словы для даведак: трывожна, цьмяна, шчыра, моцна, бесперастанку, хутка, зацята.
- Запішыце да фразеалагізмаў патрэбныя дзеясловы. (Адказы:
- Гаварыць, прызнавацца нібы на споведзі. 2. Надакучыць як горкая рэдзька. 3. Бегчы быццам жару ўхапіўшы. 4. Бачыць, помніць, успамінаць нібы праз сон. 5. Маўчаць як сцяна 6. Сыпаць як з мяшка. 7. Сядзець нібы на гарачым вуголлі.)
- Якое слова атрымалася ў выдзеленым слупку? (Шахматы)
- Каб атрымаць наступнае заданне, вы павінны зрабіць “ход канём” ад першай парты сярэдняга рада. (Пад трэцяй партай першага рада прымацаваны канверт з заданнямі).
Заданне 2. Верш. Прачытайце верш і выканайце заданні да яго.
Зіма. Снягі. Мароз. Завеі.
Дарога звонкая як сталь.
Бярозы ў шэрані сівеюць,
Палі бялеюць як паркаль.
Люблю я раніцаю звонкай,
Запрогшы шпаркага каня,
Імчацца ў лес наперагонкі
З далёкім воблакам з паўдня.
А лес стаіць маўклівы ціха,
Не зварухне свайго галля…
Зіма, зіма… Бы ў цвеце ліпа
У белым снезе ўся зямля. (Пятро Глебка)
- Знайдзіце ў вершы параўнальныя звароты, падкрэсліце іх.
- Ці правільна пастаўлены знакі прыпынку пры ПЗ? Пастаўце, калі трэба, неабходныя знакі прыпынку.
- Падбярыце сінонім да слова шэрань._______________
- Зрабіце разбор сказа другой страфы па членах сказа.
- З дапамогай якіх злучнікаў уводзяцца параўнальныя звароты ў сказ_______________________________________________________
- Аўтар гэтага верша, Пятро Глебка, снегавую бель палёў параўноўвае з паркалём? Падумайце, які фразеалагізм мае значэнне “вельмі збялець, стаць бледным”. Гэты фразеалагізм падкажа вам наступнае заданне. (Як палатно) (Сярод экспанатаў — кавалак палатна, у ім – канверт з наступным заданнем).
Заданне 3. Лінгвістычны эксперымент. Правядзіце эксперымент
з наступным сказам. Воблакі што воўна.
- Што такое воўна? Якога яна колеру? (Белая, шэрая)
- Гэты прыметнік пастаўце ў патрэбнай граматычнай форме спачатку перад сказам, а пасля ў канцы дадзенага сказа. Атрыманыя варыянты запішыце. (Белыя воблакі што воўна. Воблакі, што воўна, белыя.)
- Зрабіце сінтаксічны разбор запісаных сказаў, дайце ім характарыстыку. (Воблакі што воўна. Сказ просты, апавядальны, няклічны, двухсастаўны, поўны, неразвіты, няўскладнены. Белыя воблакі што воўна. Сказ просты, апавядальны, няклічны, двухсастаўны, поўны, развіты, няўскладнены. Воблакі, што воўна, белыя. Сказ просты, апавядальны, няклічны, двухсастаўны, поўны, развіты, ускладнены ПЗ).
- Воўну рабілі з шэрсці жывёл. А як называецца валакно, зробленае са льну? (Кудзеля). Ведаеце адказ – атрымаеце наступнае заданне.
(Сярод экспанатаў – прасніца з кудзеляй, пад ёй – канверт з наступным заданнем).
Заданне 4. Схема. Дапішыце неабходныя словы, выразы і прыклады, каб схема мела закончаны выгляд.
ЗП пры ПЗ
↓ ↓
? ↓ ?
ставіцца
1) Ёсць параўнанне адной з’явы з другой. Падаў, ціха слаўся на дол лёгкі, нібы пух, сняжок.
2) У выразах …?
3) Калі ПЗ адносіцца да… ?
4) Калі для прымацавання параўнальных зваротаў ужываецца злучнік як у спалучэнні з узмацняльнай часціцай і. Заўтра, як і сёння, будзе новы дзень.
- Вы паўтарылі тэарэтычны матэрыял на пастаноўку знакаў прыпынку пры ПЗ. Але ў нас заўсёды ёсць другая палова правіла, супрацьлеглая. Каб выканаць заданні наступнага этапа задумайцеся над фразеалагізмам “як магнітам” (На дошцы магнітам прымацаваны канверт з заданнем)
Заданне 5. Запоўніце табліцу патрэбнымі прыкладамі.
№ |
Правіла |
Прыклад |
1 |
Параўнальны зварот уваходзіць у склад выказніка |
|
2 |
Параўнальны зварот з’яўляецца фразеалагізмам |
|
3 |
Параўнальны зварот мае значэнне “ў якасці” |
|
4 |
Параўнальныя звароты ўваходзяць у сказ пры дапамозе спалучэнняў больш (не больш) як, менш (не менш) як, усё роўна як і г. д. |
|
5 |
Перад параўнальным зваротам стаяць часціцы: зусім не, амаль |
|
6 |
Параўнальныя злучнікі як, нібы, быццам, што выступаюць у ролі часціц |
|
7 |
Параўнальны зварот з’яўляецца таўталагічным паўторам |
|
8
|
Параўнальны зварот выконвае ролю акалічнасці спосабу дзеяння і стаіць у канцы сказа або цесна звязаны з паяснёным словам |
|
Сказы для прыкладаў па запаўненні табліцы (знакі прыпынку не пастаўлены).
- Прачытайце сказы і праілюструйце кожны пункт правіла адпаведным прыкладам. Патрэбныя сказы запішыце ў табліцу, устаўляючы прапушчаныя літары і раскрываючы дужкі.
- На якія правілы не хапае прыкладаў. Знайдзіце іх у дамашнім практыкаванні.
- Дзве ялінкі нібыта бл..зняткі.
- Падаў, ціха слаўся на дол лёгкі нібы пух сн..жок.
- Зіма ў гэтым годзе выдалася як на заказ.
- Сн..жынкі дзіўна што бал..рынкі кружыліся над з..млёй.
- Схопл..ны марозікам снег нібы крухмал скр..пеў пад нагамі.
- Гурба снегу як белая гара.
- Лётаюць, сыплюцца зоркі-сн..жынкі – белыя, лёгкія быццам пушынкі.
- Да самых Каляд зіма сн..гамі быццам кілімамі засцілала палі.
- Мароз нібы злаваўся на ўвесь свет.
- (Н..)гледзячы на мароз сонца прыгр..вала зусім як летам.
- Снег сыпаў не менш як дзве гадзіны.
ІV. Кантрольна-ацэначны этап.
Мэта: высвятленне вучнямі сваёй кампетэнтнасці.
Педагагічная задача: стварыць умовы для самакантролю, карэкцыі і самаацэнкі ведаў, уменняў і дзейнасці вучняў.
Усе выпрабаванні пройдзены. Кожны зараз можа праверыць правільнасць выканання заданняў на сваім этапе і атрымаць адзнаку.
- Падвядзенне вынікаў урока. Рэфлексія. Ацаніце сваю дзейнасць з дапамогай ліста самакантролю.
- Ці змаглі вы сёння вырашыць пастаўленыя задачы праз прапанаваныя заданні?
- Наколькі цікавай для вас была выбраная форма ўрока?
- Якую адзнаку атрымалі вы за работу?
- Які настрой быў у вас на занятках?
Ліст самакантролю
Прозвішча, імя вучня_______________________
1. Ці змаглі вы сёння вырашыць пастаўленыя задачы праз прапанаваныя заданні?
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10
2. Наколькі цікавай для вас была выбраная форма ўрока?
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10
3. Якую адзнаку атрымалі вы за работу?
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10
4. Які настрой быў у вас на занятках?
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10
V. Этап дамашняга задання. Тэматычнае тэставае заданне
СПІС ЛІТАРАТУРЫ
- Грабчыкаў, С. М. Слова аб роднай прыродзе / С. М. Грабчыкаў. – Мінск : Народная асвета, 1989. – 272 с.
- Лепешаў, І. Я. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы / І. Я. Лепешаў. – Мінск : БелЭН, 1993 – 607 с.