Святло малой радзімы

- 13:58Диалоги об образовании

Сённяшняя ­суразмоўніца галоўнага рэдактара “Настаўніцкай газеты” — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Азярэцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Глыбоцкага раёна Галіна Барткевіч. У верасні мінулага года Галіна Міхайлаўна была ўзнагароджана медалём “За працоўныя заслугі”.

У 50 гадоў — за руль 

— Першыя радкі вашай працоўнай біяграфіі звязаны з піянерскай арганізацыяй. У сувязі з надыходзячым юбілеем, 100-годдзем піянерыі, як сёння ўзгадваецца такі яскравы пачатак вашага педагагічнага лёсу?   

— Я толькі скончыла школу і адразу пайшла праца­ваць у Капыльшчынскую школу старшай піянерважатай. Адпрацавала год, і аддзел адукацыі прапанаваў перайсці ў суседнюю школу. Там я ўжо працавала і настаўніцай, і піянерважатай. Потым паступіла ў Віцебскі педагагічны інстытут імя Кірава, выйшла замуж і паехала працаваць у Ломашаўскую школу. Там зноў працавала і піянерважатай, і настаўніцай. Як я смяюся, піянерважатай працавала з такой любоўю і натхненнем, што нават першую сваю дачку нарадзіла 19 мая, у дзень нараджэння піянерскай арганізацыі. А потым мы пераехалі ў Сукліна, і на многа шчаслівых для мяне гадоў спачатку няпоўная сярэдняя школа, а потым дзіцячы сад — сярэдняя школа сталі маім лёсам. Піянерважатая, настаўніца, больш за 20 гадоў намеснік дырэктара… Працаваць было вельмі лёгка, таму што калектыў быў добры, школа лічылася адной з лепшых у раёне — і міністра адукацыі мы сустракалі, і семінары разнастайныя праводзілі. Зараз пакажу вам кніжачку пад назвай “Праграма па стварэнні сістэмы ідэалагічнай і ідэйна-выхаваўчай работы ў школе”, яна распрацавана пад маім кіраўніцтвам. Праграма была прапанавана для ўсіх настаўнікаў нашага Глыбоцкага раёна, і яны па ёй працавалі, па двух напрамках — “Спадчына маёй краіны” і “Беларусь — мая Радзіма”. Пералічу толькі некаторыя назвы раздзелаў — “Зямлі маёй мінулы лёс”, “Вытокі духоўнасці беларусаў”, “Мая маленькая радзіма — Глыбоччына”, “Асобы ў гісторыі Беларусі”, “Славутыя імёны беларускай зямлі”…

Што да “піянерскага” пачатку біяграфіі, з радасцю яго ўспамінаю. Мы былі такія заўсёды прыгожыя 19 мая на злётах у Глыбокім, калі ішлі ў прыгожай форме калонамі, а ўвесь горад гля­дзеў на нас… Дзеці нашы разумелі і пра сувязь пакаленняў, і пра сімвалізм гальштука. А ведаеце, які гонар быў, калі я везла дзяцей у раён, а іх там прымалі ў піянеры! Сапраўды — падзея ў жыцці!.. А колькі было рэальных добрых спраў, у якіх не толькі дзеці, але і мы, дарослыя, з задавальненнем удзельнічалі. Гэта вельмі сімвалічна, что зараз узяліся за тое, каб значна больш увагі ўдзялялася грамадзянскаму выхаванню, выхаванню патрыётаў роднай зямлі, дасканаламу вывучэнню гісторыі нашай Радзімы, прычым пачынаючы з першага класа. 

— Не магу не спытацца пра пачуцці намесніка дырэктара, калі Суклінская школа закрылася, бо дзетак стала няшмат…

— Вы не разумееце, як гэта было (і ёсць!) балюча… Столькі гадоў адпрацаваць на адным месцы — і трэба ­ехаць у іншае. 23 кіламетры ад маёй вёскі. А як дабірацца? Прыйшлося ісці вучыцца ва­дзіць аўто. У 50 гадоў давялося вось так змяніць жыццё… Але гэта было не галоўнае маё выпрабаванне — мінулай вясной пахавала і мужа, і маму… Але трымаюся. 

На родных прыкладах

— Узнагароды вучняў — гэта, у першую чаргу, узнагароды настаўнікаў. Вашы вучні з’яўляюцца пераможцамі раённых і абласных алімпіяд не толькі па беларускай мове, але і шматлікіх края­знаўчых рэспубліканскіх конкурсаў: “Пазнаём Беларусь разам”, “Я пазнаю свет”, “Мая сям’я, мой дом — мая Радзіма” і інш. Мне падалося ці на самай справе ўзнагарод больш за даследчую работу, чым за мову?  

— Сапраўды, мы з вучнямі многа працуем у краязнаўчым напрамку. І гэта і мая карпатлівая праца як настаўніка, і мае перамогі таксама… Зусім нядаўна паехалі ў бацькоўскі дом — і раптам там знайшліся дакументы, фатаграфіі, звязаныя з Вялікай Айчыннай, маіх родных па бацькоўскай лініі. Мы з вучнямі нават напісалі даследчую работу, адправілі яе на конкурс. Дарэчы, вось у альбоме і колішняя грамата маёй дачкі за работу “Маё радаслоўнае дрэва”… Радзіма і сям’я — гэта для мяне агульнае. Таму і рэліквіі, і традыцыі роднага краю, і нашы рэкі-азёры, і гісторыя царквы — як тэмы даследаванняў. Калі пералічыць усе — старонкі не хопіць толькі на іх назвы… Краязнаўства стала маім ладам жыцця, маім душэўным настроем. Таму і вучняў сваіх выхоўваю на родных прыкладах, і не толькі на ўроках мовы.

Калі была на апошнім Рэспубліканскім педагагічным савеце, для сябе адзначыла: настаўнік ніколі не застанецца без увагі дзяржавы, і асабіста нашага Прэзідэнта.

Калі часам у мяне цікавяцца, ці складаней стала працаваць з сучаснымі дзецьмі, адказваю так: дзеці заўседы аднолькавыя. Заўсёды былі і ёсць тыя, якіх не трэба прымушаць займацца, даследаваць, штосьці шу­каць. Памятаю, яшчэ ў Сукліне дырэктар пытаўся — а што вы робіце ў школе так позна? Адказвала — дык мне ж трэба падрыхтаваць матэрыял, каб мае дзеці ведалі… І зараз гэтак жа. Тыя дзеці, хто хоча вучыцца, нечага дасягнуць, абавязкова будуць старацца, будуць ­удзельнічаць у розных конкурсах. Як і наадварот… Адна з маіх унучак вучыцца ў гімназіі ў Глыбокім, хоча паступіць у юрыдычны каледж, а там прахадны бал вельмі высокі. Дык яна стараецца з усіх сіл, каб яго наб­раць ды паступіць. Імкнецца да мэты…

Амаль 40 гадоў працую ў школе, а да Азярцоў ніколі не працавала класным кіраўніком. А зараз задаволена, бо ў мяне вельмі добрыя дзеці — вяду іх з 5 класа, яны ўжо ў 8-м, і добрыя ўзаемаадносіны з іх баць­камі. Разам мы і на экскурсіі, і ў паходы, і святы ладзім. Калі зімой трэба было (ужо, на вялікі жаль, без майго гаспадара) выг­наць машыну, завесці яе, двор пачысціць ад снегу, думала: ужо б і на пенсію пайшла ды сядзела спакойна. Потым: а мае ж дзеці як?.. 

— Ведаю, з нядаўняга часу вы выкладаеце ў школе і факультатыў па асновах духоўна-маральнай культуры і патрыятызму. Наколькі ён вам па душы?

— Гэты факультатыў — вельмі арганічны працяг таго, чым займаюся па жыцці. Ведаеце, такія словы, як маральнасць, духоўнасць, грамадзянскасць, міласэрнасць, патрыятызм, — на адной лініі. Як і сям’я, адзінства, род, Бог… Што дрэннае можа сказаць святар, які прыходзіць у школу? Ці скажа ён — украдзі, забі?.. Толькі добрае! А як мой 6 клас любіць прыходзіць на гэты факультатыў!.. На днях запрасілі на заняткі майстра з Дома рамёстваў, каб расказаў, як пісанкі, царапанкі рабіць… А масляны баран, наша Глыбоцкая культурная каштоўнасць? Таксама запрасілі майстра і з цікавасцю даведаліся, як ён робіцца. І яшчэ шмат чаго пазнаём разам. Не люблю праводзіць мерапрыемствы, нешта расказваючы, мне трэба ўсё паказаць дзецям, захапіць іх! Дзякуй богу, у нас ёсць дапаможнік — мультыборд.

Як я смяюся, піянерважатай працавала з такой любоўю і натхненнем, што нават сваю дачку нарадзіла 19 мая, у дзень нараджэння піянерскай арганізацыі.  

Выхаваць грамадзяніна 

— Вы заўсёды вылучаліся актыўнай жыццёвай пазіцыяй, Галіна Міхайлаўна. І, напэўна, невыпадкова не раз удзельнічалі ў значных рэспубліканскіх мерапрыемствах, прадстаўляючы сваю Глыбоччыну…

— Калі была на апошнім Рэспубліканскім педагагічным савеце, для сябе адзначыла: настаўнік ніколі не застанецца без увагі дзяржавы, і асабіста нашага Прэзідэнта. Там уздымалася, напрыклад, пытанне наконт аплаты працы класнага кіраўніка — сёння ўжо маем дзвесце з лішнім рублёў за класнае кіраўніцтва! Гаварылі аб неабходнасці экскурсій для вясковых дзяцей — зараз, за кошт бюджэту, ужо маем такую магчымасць. Былі ў Наваполацку, у цэнтры МНС. Цяпер 8 класу прапанавалі паездку ў музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінск. Паедзем. Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць кіраўніцтву раёна, нашаму аддзелу адукацыі за ўвагу. Таццяна Вячаславаўна Гаўрылава, загадчык аддзела, штогод возіць кіраўнікоў устаноў адукацыі раёна, па магчымасці — настаўнікаў, на экскурсіі па ўсёй краіне. Толькі ў Магілёве яшчэ не былі… 

Што да неабыякавасці да жыцця, ужо шмат гадоў я дэпутат мясцовага Савета дэпутатаў. Дзве вёскі пад маім наглядам. З задавальненнем спяваю ў хоры. 

Але ж самае галоўнае — я люблю сваю работу, дзяцей, люблю сваю даследчую дзейнасць. Мне, лічу, сёння пашчасціла на дружны калектыў, у нас вельмі добры і адказны дырэктар Людміла Аляксандраўна Лукашэвіч — яна заўсёды побач з намі, заўсёды параіць, дапаможа. Дарэчы, большая частка настаўнікаў — былыя выпускнікі школы… Але арганізаваць усіх у суполку, лічу, цяжка, бо калі закрываюцца, на жаль, маленькія школы — настаўнікаў, як і мяне, запрашаюць сюды. А ў кожнага свой светапогляд, сваё адчуванне прафесіі. І свой дом у іншай вёсцы, да якога пасля ўрокаў яшчэ трэба дабрацца.

— Шмат сёння гаворыцца пра будучыню нашай школьнай адукацыі. На погляд настаўніцы Галіны Барткевіч, якая ўсё ж такі яе галоўная мэта?  

— Грамадзяніна выха­ваць, патрыёта. А выхаваць яго можа толькі грамадзянін. Які б ты ні быў прафесіянал, але, калі не любіш сваю краіну, калі табе не цікавы яе лёс, настаўніка не будзе. Абавязкова трэба любіць сваю малую радзіму, свой род, сваю сям’ю… Таму выхаваўчы напрамак развіцця школьнай адукацыі ўзяты, на мой погляд, правільны. 

 

Кацярына ДУБІНСКАЯ.
Фота аўтара.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий