Поспех і сіла ўстановы адукацыі – у згуртаваным калектыве  

- 12:52Стиль работы

Алена ТАРАНОВIЧ
намеснiк загадчыка па асноўнай дзейнасц
ДУА “Яслi-сад № 79 г. Гродна”

 

 

 

Паспяховыя вынікі ўстановы адукацыі залежаць ад мэтанакіраванасці яе работнікаў. У сваю чаргу, жаданне імкнуцца да пакарэння вышынь нараджаецца ў камфортных умовах працы. Каб не спыніць гэты кругаварот, неабходна прытрымлівацца комплексу правіл і нават выкарыстоўваць пэўныя лайфхакі. Навучыць калег дыхаць сінхронна адным паветрам – адна з прыярытэтных задач адміністрацыі. І справа не толькі ў мірным суіснаванні, а ў камандным духу, у прафесійнай салідарнасці і сяброўстве.

Дзіцячы сад № 79 Гродна можа пахваліцца згуртаваным калектывам, які здольны загарацца агульнай ідэяй. У сценах установы заўсёды кіпіць актыўная дзейнасць, прычым, ніхто не застаецца ў баку. Нягледзячы на розны ўзрост, пасады, прыхільнасці і здольнасці, усе актыўна далучаюцца да справы. На нашым рахунку ўдзел у шэрагу разнастайных акцый, конкурсаў, чэленджаў, правядзенне яркіх мерапрыемстваў, апрабацыя ўласных ноу-хау. Скразным лейтматывам дзейнасці стала імкненне крочыць у нагу з часам.

Так, нядаўна быў запушчаны ютуб-канал установы, на якім трансліруюцца тэматычныя відэаролікі: майстар-класы бацькоў па вырабе святочнай атрыбутыкі, заняткі фізкультурай, парады лагапеда. Як вядома, сучасная шкала індывідуальнага росту – гэта лайкі ў сацыяльных сетках. Аўтарытэт вызначаецца папулярнасцю ў глабальным сеціве, яго вымяральнікамі сёння сталі колькасць праглядаў, падпісчыкаў, лайкаў. Разумеючы гэта, у выхаваўчай дзейнасці мы таксама выкарыстоўваем рэсурсы інтэрнэта. Праект з ютуб-каналам стаў запатрабаваным, бо і выхаванцы, і іх бацькі – актыўныя гледачы гэтага відэахостынгу, а зараз яшчэ атрымалі магчымасць стаць яго героямі.

Падобныя ідэі ў нас генерыруюцца даволі часта. Аднак, каб іх ажыццявіць і давесці да ладу, патрэбна напружаная дзейнасць, прычым сумесная. Знакавым з’яўляецца тое, што кожны з членаў калектыву не чакае прымусу, а добраахвотна прапануе сваю дапамогу. Калі неабходна прыняць удзел у конкурсе ці наладзіць мерапрыемства, мы імкнёмся задзейнічаць максімальную колькасць людзей.

Пры размеркаванні абавязкаў даводзіцца карыстацца прыёмамі менеджменту, паводле якіх акцэнт робіцца на індывідуальных магчымасцях асобнага чалавека. У сувязі з гэтым у нас функцыянуюць міні-групы пэўнага прызначэння. Так, інфармацыйная суполка збірае інфармацыю (вывучае палажэнні конкурсаў, аналізуе іх, робіць аб’явы); ініцыятыўная – прапануе варыянты рашэння пастаўленай задачы, падказвае, у якім кірунку рухацца; творчая групоўка займаецца непасрэдным выкананнем (падрыхтоўкай дэкарацый, рэпетыцыяй, афармленнем і г.д.); а кантралюючая – назірае за тэрмінамі, умовамі і вынікамі.

Адкрыты мы і да наватарства, цікавых новаўвядзенняў. Напрыклад, дзеля стварэння спрыяльнага псіхалагічнага клімату і разняволення ўжо традыцыяй стала правядзенне па пятніцах пяціхвілінкі смешных цытат і сітуацый. На працягу тыдня выхавальнікі запісваюць цікавыя выказванні дзетак і здарэнні, а потым дзеляцца з калегамі. Добры смех спрыяе разняволенню і паляпшэнню настрою.

Новы фармат мы апрабіравалі і ў правядзенні педсаветаў. Так, выніковую нараду праводзім у форме трансфармаванай гульні “Што? Дзе? Калі?”. Кожны з педагогаў, узгадваючы свой вопыт на працягу года, адказвае на тры пытанні: што я лічу найбольш эфектыўным? дзе гэта адбывалася? калі яго можна паўтарыць? Зразумела, такі від трансляцыі ўласнай дзейнасці з’яўляецца больш прадукцыйным, бо праходзіць у нязмушанай атмасферы, а не ў выглядзе класічнага рэфератыўнага выступлення. Паведамленні суправаджаюцца маляўнічымі прэзентацыямі і займальнымі майстар-класамі.

Дарэчы, ужо лозунгам у ажыццяўленні адукацыйнага працэсу ў нас стала выслоўе: “Перш чым прапанаваць штосьці дзецям, паспрабуй сам!” У сувязі з гэтым, на метадычных сходах мы часта праводзім гульні, трэнінгі, практыкумы, якія плануем укараніць на занятках з выхаванцамі. А на педсавеце, прысвечаным тэме развіваючага асяроддзя, ладзіўся майстар-клас па стварэнні атрыбутыкі кавярні. Як вядома, у кожнай групе дзіцячага сада аформлены куточак, які мадэлюе пэўную прафесію ці занятак і садзейнічае сацыялізацыі, – так званае развіваючае асяроддзе. Звыклымі сталі магазін, цырульня, кухня, а мы прапанавалі арганізаваць кавярню (гэты аб’ект грамадскага харчавання стаў вельмі папулярным зараз), а прадметы для яе зрабіць самастойна. Была абрана тэхніка работы з салёным цестам. Усе педагогі падчас педсавета заняліся вырабам разнастайных талерачак-шклянак ды пірожных-булачак. У выніку агульнымі намаганнямі быў створаны цэлы тэматычны набор.

Калі калектыў – гэта адзіны арганізм, які здольны з энтузіязмам выконваць супольную справу, калі гэта справа дае багатыя плады, значыць усе знаходзяцца на адной хвалі і атрымоўваюць асалоду ад працы. З’яднаныя калегі – гэта знаходка для адміністрацыі, хаця такі вынік патрабуе папярэдніх істотных намаганняў.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий