Тэматычны трэнажор па пунктуацыі паводле твораў Янкі Брыля (9–11 клас)  

- 12:06Беларуская мова і літаратура. Матэрыялы да ўрокаў, Методичка

Аўтар прапануе тэматычны трэнажор па пунктуацыі складаных сказаў і сказаў з простай мовай. Дапаможнік распрацаваны паводле твораў Янкі Брыля з нагоды юбілею пісьменніка (105-годдзе з дня нараджэння). Трэнажор можа быць выкарыстаны на ўроках у 9–11-х класах.

 

Таццяна ЯРЭМІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Субацкі НПК дзіцячы сад – сярэдняя школа” Ваўкавыскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Раздзел I. Складаназлучаны сказ

1. Адзначце правільныя сцвярджэнні.

1) Працяжнік паміж часткамі складаназлучанага сказа ставіцца тады, калі ў другой частцы перадаецца вынік, супрацьпастаўленне, рэзкая змена падзей.

2) У складаназлучаным сказе можа быць некалькі граматычных частак.

3) Граматычныя часткі складаназлучанага сказа могуць аддзяляцца адна ад адной коскай ці працяжнікам.

4) Паміж часткамі складаназлучанага сказа існуюць спалучальныя, супраціўныя і размеркавальныя адносіны.

5) Складаназлучаным называецца сказ, у якім граматычныя часткі звязваюцца толькі пры дапамозе злучальных спалучальных злучнікаў.

 

2. Адзначце складаназлучаныя сказы, у якіх на месцы пропуску трэба паставіць знак прыпынку.

1) Янка Брыль – класік нацыянальнай літаратуры _­­___ і заняў ён гэтае месца не па афіцыйным загадзе і не з афіцыйнага дазволу…

2) Пасля пачнуцца халады ____ і можна будзе абуцца!.. (“Сірочы хлеб”).

3) Вёска была вялікая ____ але “накрыць” яе ўдалося хутка і спраўна. (“Memento mori”).

4) Без папярэдняга стуку адчыніліся дзверы з сяней ____ і каля парога з’явіўся сам пан кіроўнік. (“Сірочы хлеб”).

5) Усе заўважылі гэта ____ і кожны па-свойму маўчаў. (“Галя”).

 

3. Адзначце складаназлучаныя сказы, у якіх правільна расстаўлены знакі прыпынку паміж часткамі.

1) Цяпер бы ёй якраз і заплакаць ад крыўды, але яна памаўчала хвілінку. (“Галя”).

2) Машына спынілася – і шафёр, адчыніўшы дзверцы кабіны, хацеў нешта крыкнуць. (“Ліпа і клёнік”).

3) Каштанка зафыркала ў адказ, і гэтае фырканне пакрыў вясёлы смех і гоман на таку. (“Галя”).

4) Хутка знікне імгла: і за пшаніцай, за лёнам адкрыецца чорны прастор свежай, духмянай раллі. (“Галя”).

5) Такіх гадзін бывае толькі дзве на тыдзень, і ў кожным класе іх вядзе пані Мар’я. (“Сірочы хлеб”).

 

4. Адзначце прыклады складаназлучаных сказаў, у якіх ёсць парушэнні пунктуацыйных нормаў.

1) Партызан уключыў электрычны ліхтарык: і гаспадар заморгаў у святле. (“Галя”).

2) Толькі што адшумела навальніца, і па вуліцы вёскі бягуць вясёлыя мутныя раўчукі. (“Усмешка”).

3) Маме нехта наказаў: і вось яна прыбегла. (“Сірочы хлеб”).

4) Думкі бездапаможна таўкліся ў беднай галаве, а слёзы самі капалі часам на зрэбны шавецкі фартух. (“Зялёная школа”).

5) Паны ўцяклі а Хамёнак застаўся. (“Галя”).

 

5. Адзначце толькі складаназлучаныя сказы.

1) Многія творы Янкі Брыля сёння сталі хрэстаматыйнымі, так як вывучаюцца ў школе і ў вышэйшых навучальных установах.

2) У вершыку польскі хлопец Янэк хваліўся сваёй маме, што ён наловіць многа рыбы. (“Сірочы хлеб”).

3) У першы дзень пасля вяселля свякроў зварыла чыгун бульбы ў лупінах і з чыгуном паставіла на стале. (“Галя”).

4) Нехта падстрэліў недзе жорава, і, абяссілены, ён асядаў на лузе. (“Сірочы хлеб”).

5) Быў нейкі момант разгубленасці, а потым зондэрфюрэр сарваў з правай рукі мокрую скураную пальчатку, адшпіліў кабуру, выхапіў пісталет і прыцэліўся. (“Memento mori”).

 

Раздзел II. Складаназалежны сказ

1. Адзначце правільныя сцвярджэнні.

1) У складаназалежным сказе вылучаюць галоўную і даданую (даданыя) часткі.

2) Складаназалежным называецца сказ, у якім адна з граматычных частак падпарадкоўваецца другой і звязваецца з ёй пры дапамозе падпарадкавальнага злучніка.

3) Даданая частка складаназалежнага сказа можа стаяць перад, пасля або ў сярэдзіне галоўнай часткі.

4) У складаназалежных сказах вылучаюць даданую дапаўняльную, азначальную і акалічнасную часткі.

5) Даданая частка не можа паясняць у галоўнай слова, словазлучэнне або адносіцца да ўсёй галоўнай часткі.

 

2. Адзначце складаназалежныя сказы, у якіх на месцы пропуску(-аў) трэба паставіць коску.

1) Яна аддала ім усё ____ што магла. (“Маці”).

2) І ўвесь гэты час, пакуль мы ішлі і стаялі ____ звінеў у небе жаваранак. (“Трохі пра вечнае”).

3) Каб не той іхні бунт у камандзе ____ Алесь ужо быў бы далёка. (“Птушкі гнёзды”).

4) А перад соснамі, калі глядзець на іх ад мора ____ неяк па-новаму бялее ў сонцы бярозка. (“Яшчэ раз пра першы снег”).

5) І пасядзеў ____ каб я паспеў падумаць пра яго цудоўны мікрасвет. (“Хвалі і сосны”).

 

3. Адзначце складаназалежныя сказы, у якіх правільна расстаўлены знакі прыпынку паміж часткамі.

1) Суткі тут пачыналіся ўвечары, калі выдаваўся хлеб. (“Птушкі гнёзды”).

2) Дзяўчаткі і хлопцы з пятага класа, якія сядзелі па чацвёра-пяцёра на адной парце заціхлі і загледзеліся на настаўніцу. (“Сірочы хлеб”).

3) І тут душа яе вярталася да гэтых, да чужых сыноў, з якімі так моцна зрадніла доля. (“Маці”).

4) І Алесю здавалася што там, у белым доміку на раз’ездзе, яны пакінулі штосьці вельмі дарагое… (“Птушкі гнёзды”).

5) І была пасля вечара ноч, у якую ў старой, занесенай снегам хаціне доўга не мог заснуць маленькі чалавек. (“Сірочы хлеб”).

 

4. Адзначце прыклады складаназалежных сказаў, у якіх ёсць парушэнні пунктуацыйных нормаў.

1) Хатка яе стаіць на ўскраіне мястэчка, дзе канчаецца доўгі Балотны завулак, і пачынаюцца Глінішчы. (“Зялёная школа”).

2) Аналізаваць усё, што здарылася і тым больш што яшчэ здарыцца ён не можа дый не імкнецца. (“Птушкі гнёзды”).

3) Так думалася мне, пакуль на ліпе бялела, адпачываючы, мая зусім неспадзяваная радасць. (“Трохі пра вечнае”).

4) Калі яны пакінулі гімназію стыхія польскага слова пачала спакваля адступаць. (“Птушкі гнёзды”).

5) Сівым яго празвалі за валасы, асабліва светлыя ўлетку калі яны выгаралі на сонцы. (“Сірочы хлеб”).

 

5. Адзначце толькі складаназалежныя сказы.

1) Яму хочацца крыкнуць “ура!” і выпусціць угару чаргу са свайго аўтамата, але ён маўчыць. (“Зялёная школа”).

2) Данік глядзіць на белую руку настаўніцы, потым крадком цікуе на мілы прыгожы твар яе, абапал якога звісаюць чорныя кучаравыя пасмы коратка астрыжаных валасоў. (“Сірочы хлеб”).

3) Хлопцы хацелі ўжо і самі чмыхануць у лес, ды тут у пройме хатніх дзвярэй паказалася, выйшла на крыты ранак пажылая, дзябёлая фрау. (“Птушкі гнёзды”).

4) Клёнік рос на тым баку шашы, цераз якую Ліпе няможна было пераходзіць. (“Ліпа і клёнік”).

5) Тут гер Ракаў даў яшчэ адзін доказ свае загадкавай саліднасці: ён выняў з нутранай кішэні пінжака, што ляжаў на пракосе, маленькі блакнот з аловачкам, вырваў з блакнота лісток і прылёг на пакошы. (“Птушкі гнёзды”).

 

Раздзел III. Бяззлучнікавы складаны сказ

1. Адзначце правільныя сцвярджэнні.

1) Бяззлучнікавым называецца сказ, у якім часткі аб’яднаны ў адно цэлае сэнсава і інтанацыйна (без злучнікаў і злучальных слоў).

2) У бяззлучнікавых складаных сказах звычайна адна частка аддзяляецца ад другой толькі коскай.

3) Двукроп’е паміж часткамі бяззлучнікавага складанага сказа можа ставіцца, калі другая частка ўтрымлівае вывад з таго, пра што паведамляецца ў першай.

4) Паміж часткамі ў бяззлучнікавых складаных сказах могуць выражацца наступныя сэнсавыя адносіны: супастаўляльныя, умовы, часавыя, паясняльныя.

5) Працяжнік паміж часткамі бяззлучнікавага складанага сказа можа ставіцца, калі другая частка ўтрымлівае вывад з таго, пра што паведамляецца ў першай.

 

2. Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску трэба паставіць коску.

1) Слова “случайный” было для яго асабліва балючым ____ яно абражала брудным, страшным намёкам. (“Птушкі гнёзды”).

2) Мазольная спрытная рука жняі пайшла па каласах ____ і пяшчотныя дотыкі іх разбудзілі ў душы пачуцці светлай, харошай палёгкі. (“Галя”).

3) І правільна думаў ____ вясна ў лесе – найпрыгажэйшая. (“Зялёная школа”).

4) Барацьба з самім сабой ____ уступіць каторай месца ці не? (“Нібыта рознае”).

5) Мільганула думка, трывогай тузануўшы за сэрца ____ ён яшчэ не вярнуўся!   (“Маці”).

 

3. Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску трэба паставіць двукроп’е.

1) Свайго поля было ў іх няшмат ____  для такой жняі, як Данікава мама, няма дзе і разгарнуцца. (“Сірочы хлеб”).

2) “…І я, і мама просім цябе ____ не рабі ты нічога сам…” (“Птушкі гнёзды”).

3) І старая схітрыла перад новым сямейнікам ____ павярнулася да стала спіной і плюхнула ў масла тры ложкі гарачай вады. (“Галя”).

4) На ліпу выкінуты быў белы сцяг вясны ____ там сядзеў першы сёлетні бусел (“Трохі пра вечнае”).

5) Мішка і тут прыйшоўся даспадобы ____ хлопцы ахвотна абкружылі яго чародкай, яшчэ ахвотней смяяліся. (“Птушкі гнёзды”).

 

4. Адзначце бяззлучнікавыя складаныя сказы, у якіх няма парушэнняў пунктуацыйных нормаў паміж часткамі.

1) Толя накроіў хлеба і сала; пачалі есці, пахрумстваючы свежымі агуркамі. (“Птушкі гнёзды”).

2) Яе справа закончана, гаспадар будзе гаварыць. (“Галя”).

3) Данік ведаў адно, тата быў вельмі вясёлы і добры. (“Сірочы хлеб”).

4) Прыйшла вясна, потым пачалося лета. (“Трохі пра вечнае”).

5) Паміж помнікаў і адзетых у камень магіл вось-вось распусцяцца ружы, сінеюць касачы тонка і квола каласіцца ячмень, пунсавеюць агеньчыкі маку, буяе цветам бэз, ціха і радасна бялеюць вішні. (“Знічка”).

 

5. Адзначце толькі бяззлучнікавыя складаныя сказы.

1) Захварэла Іванава маці, ён пайшоў туды, у сваю вёску, і нешта заначаваў. (“Птушкі гнёзды”).

2) Пайшоў гэты віхор і праз душу: ён нечакана вымеў з хаты абодвух старэйшых сыноў. (“Маці”).

3) І клопат адчуваецца: парнасць, зноў будзе непатрэбны дождж. (“Дарожны рэквіем”).

4) Дзень пачынаўся свістком на двары, пасля якога ў барак урываліся вахманы з кіямі.  (“Птушкі гнёзды”).

5) Ніхто не ведаў, што ў Зосінай хаце хаваецца яўрэйскае дзіця. (“Зялёная школа”).

 

Раздзел IV. Складаныя сказы з рознымі відамі сувязі частак

1. Адзначце правільныя сцвярджэнні.

1) Складаны сказ з рознымі відамі сувязі частак – гэта сказ, які складаецца з трох і больш частак.

2) Часткі складаных сказаў з рознымі відамі сувязі могуць аддзяляцца адна ад другой коскай, двукроп’ем, працяжнікам.

3) Сродкам сувязі ў складаных сказах з рознымі відамі сувязі частак з’яўляецца інтанацыя.

4) Часткі складаных сказаў з рознымі відамі сувязі нагадваюць складаназлучаныя, складаназалежныя і бяззлучнікавыя складаныя сказы.

5) Коска паміж часткамі складанага сказа з рознымі відамі сувязі не ставіцца пры збегу злучальнага і падпарадкавальнага злучнікаў, калі злучальны злучнік адносіцца да даданай часткі, а не да галоўнай.

 

2. Адзначце сказы з рознымі відамі сувязі, у якіх знакі прыпынку паміж часткамі пастаўлены правільна.

1) Паміж СССР і Германіяй была дамоўленасць пра абмен польскімі палоннымі па месцы іх жыхарства; пачаўся быў нават і абмен пад гарачую руку, а потым справа з ім паступова сціхла. (“Птушкі гнёзды”).

2) Сівы многа чытаў, і ён ужо ведаў, што тут трэба было б зрабіць. (“Сірочы хлеб”).

3) Калі нямелі рукі і дзяўчынка аб’язджала ўніз, Зося спушчала малую на снег і Ася тэпала сама. (“Зялёная школа”).

4) Разгорне хустку – гармонік ажно зіхаціць, а расцягне яго – раздасца кожная хата! (“Галя”). 

5) Не толькі Данік, а і ўсе дзеці нібы чакалі толькі сігналу каб драпануць адгэтуль на двор. (“Сірочы хлеб”).

 

3. Адзначце сказы з рознымі відамі сувязі, у якіх прапушчана коска паміж сэнсава-граматычнымі часткамі.

1) Сонца хоча, каб хлопчык устаў і яно прыпякае яго. (“Зялёная школа”).

2) Навічкі, што прыбылі сюды днямі, не разумеюць не толькі слоў гэтай песні, але і наогул не могуць пакуль што ўцяміць, да чаго яна і з якой такой радасці. (“Птушкі гнёзды”).

3) Калі малая зусім сціхла і, адкрыўшы галоўку, пачынала прыслухоўвацца, – на камінку мурлыкаў шэры кот а далёка-далёка за сценамі хаты чуваць былі стрэлы. (“Зялёная школа”).

4) У вёску, дзе Алесь быў зімой дайшла са шталага чутка: туды як быццам прывезена многа палякаў з савецкага боку. (“Птушкі гнёзды”).

5) А потым з’явілася думка другая: не, не адны яны памагаюць такім што пайшлі супроць нелюдзяў! (“Сцежка-дарожка”).

 

4. Адзначце правільны варыянт пастаноўкі знакаў прыпынку на месцы пропускаў у сказе:

Праўда ____ сонца ўзыходзіць тут трошкі пазней ____ але гэта яшчэ лепш ____ пакуль яно паднімецца над лесам ____ ды заблішчыць праз голле ў акенцы лагернай зямлянкі _ можна паспаць даўжэй ____ а потым нават лічыць ____ што і ты тут устаў вельмі рана. (“Зялёная школа”).

1) Нічога, коска, коска, нічога, коска і працяжнік, коска, коска.

2) Коска, коска, нічога, нічога, коска і працяжнік, коска, коска.

3) Коска, коска, двукроп’е, нічога, коска і працяжнік, коска, коска.

4) Нічога, нічога, коска, нічога, коска, коска, коска.

5) Нічога, коска, двукроп’е, коска, коска і працяжнік, коска, коска.

 

5. Адзначце толькі складаныя сказы з рознымі відамі сувязі.

1)  Чорныя, кучаравыя валасы растрэсліся па падушцы, а чырвоныя, нібы прыпухлыя, губы ўсміхаліся. (“Сірочы хлеб”).

2) Граніцы, у поўным разуменні гэтага слова, тут не было: дваццаць метраў нейтральнай паласы і – вораг, немцы, якія ўжо фактычна ператварылі “свабодны” Гданьск у свой Данцыг. (“Птушкі гнёзды”).

3) Усе смяюцца, а пані Мар’я бярэ ў Даніка яго пэндзлік, набірае чырвоныя фарбы і пачынае папраўляць яго няшчаснае яблыка. (“Сірочы хлеб”).

4) Яна смяялася, а нехта голасна паклікаў яе, нехта крыкнуў так моцна, што дзеці спыніліся. (“Зялёная школа”).

5) З узгорка ўніз па вуліцы ідзе белы, зусім сухі і чысты бычок, а на бычку сядзіць гадоў пяці-шасці дзяўчынка, што таксама не была пад дажджом. (“Усмешка”).

 

Раздзел V. Сказы з простай мовай

1. Адзначце правільныя сцвярджэнні.

1) Простая мова – гэта цалкам чужое выказванне, якое перадаецца даслоўна, без змен.

2) У сказах з простай мовай заўсёды захоўваецца змест і форма чужога выказвання.

3) Ускосная мова – гэта чужое выказванне, перадаецца не даслоўна, а толькі з захаваннем асноўнага зместу сказанага.

4) Простая мова можа знаходзіцца пасля слоў аўтара і ў сярэдзіне слоў аўтара.

5) Простая мова мае апавядальную, пытальную і клічную інтанацыі.

 

2. Адзначце сказы, у якіх знакі прыпынку пры простай мове расстаўлены правільна.

1) “Чытача не ашукаеш. Калі ты любіш, то любіш па-сапраўднаму, а ненавідзіш таксама на ўсю душу,” – часта гаварыў Янка Брыль.

2) “Ну, Адась, павітайся  – з усмешкай сказала яму пані Мар’я. (“Сірочы хлеб”).

3) “Мамка, – кажа Сонечка – а сёння Лёня Сцяпанаў смяяўся з мяне”. (“Галя”).

4) “Ой, татачка! – гаварыла яна і, не могучы дакончыць, звонка смяялася і паўтарала: – Ой, татачка! Ой!” (“Усмешка”).

5) “Хто паверыць, калі запішу? – падумаў я, ідучы – Дый сентыментальна будзе…” (“Хвалі і сосны”).

 

3. Адзначце сказы з простай мовай, у якіх на месцы пропуску трэба паставіць двукроп’е.

1) “Для гэтай кнігі я аддаў свайму герою многае з перажытага, – пісаў Янка Брыль у своеасаблівым уступе да рамана “Птушкі і гнёзды”, але дадаваў ____ – Але ўсё ж яна – “не аўтабіяграфія, а – біяграфія адной душы…”

2) “Ён – камандзір. Я так і ведала” ____ – міжволі з радасцю падумала Галя. (“Галя”).

3) “Скажыце яму, што жонка яго таксама не згарыць  ____ – загадаў зондэрфюрэр і дадаў: – Ён можа ўзяць яе”. (“Memento mori”).

4) “О доннарвэтар, ніхт нох маль!.. – з усімі разам смяяўся канвойны і, пакруціўшы каля скроні пальцам, заключыў  ____ – Яны там сядзяць пішуць, а я вам тут чытаю …” (“Птушкі гнёзды”).

5) “Гэта Купала, – сказаў Мікола ____ – Той самы, што і пра Машэку напісаў”. (“Сірочы хлеб”).

 

4. Выберыце схему, якой адпавядае сказ з простай мовай (знакі прыпынку не ўсе расстаўлены).

Цёплае адчуванне любасці да роднай зямлі і нашых людзей заўсёды жыло ўва мне і жыве пісаў Янка Брыль у свой час і дадаваў Гэта нармальна, што ў мяне яно ёсць, было і будзе.

1) “П,” – а.
2) “П, – а, – п”.
3) “П!” – а. – П”.
4) “А: “П!”
5) “П, – а: – П”.

 

5. Адзначце толькі сказы з простай мовай.

1) У адной мініяцюры Янка Брыль згадвае, што аднойчы сваё выступленне перад амерыканцамі ён пачаў з прывітання прадстаўнікам іхняй літаратуры, якую любіць пачынаючы са старонак Марка Твэна.

2) Ён адмыкае камеру, і хлопцы ледзь паспяваюць кіўнуць адзін аднаму: “Пакуль! Пабачымся…” (“Птушкі гнёзды”).

3) “І не сыходзь, – сказаў Мікола, – пастой ды падумай, чаго табе трэба хацець, чаго – не”. (“Сірочы хлеб”).

4) Трошкі пазней я падумаў з палёгкай: “Добра-такі ўсміхнуцца ў горкую хвіліну!..” (“Два галасы”).

5) Алесь прыўзняўся, заўважыў, што фортачка прычынілася, піхнуў яе на двор, і на яго расхрыстаныя грудзі ціха дыханула прахалодай. (“Птушкі гнёзды”).

 

Адказы

№ п/п Раздзел I Раздзел II Раздзел III Раздзел IV Раздзел V
1 1, 2, 3, 4 1, 3, 4 1, 4, 5 1, 4 1, 2, 3, 5
2 1, 3, 4, 5 1, 2, 3, 4, 5 2 1, 2, 4 1, 4
3 1, 3, 5 1, 3, 5 1, 2, 3, 4, 5 1, 3, 4, 5 1, 4
4 1, 3, 5 1, 2, 4, 5 1, 2, 4 3 5
5 4, 5 2, 4 1, 2, 3 2, 4, 5 2, 3, 4

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий