Медыяадукацыя на ўроках беларускай літаратуры  

- 17:02II И III СТУПЕНИ, Беларуская мова і літаратура. Ідэі, Методичка

Алена ЧАРНАВУС,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Радунская сярэдняя школа” Воранаўскага раёна,
Гродзенская вобласць

aliona-by@yandex.ru

 

 

 

 

Беларуская літаратура ў школе – адзін з вучэбных прадметаў, з дапамогай якога рэалізуецца галоўная мэта навучання і выхавання. На ўроках літаратуры дзеці вучацца думаць, аналізаваць, супастаўляць. Сёння сродкі масавай інфармацыі адваявалі выхаваўчую функцыю ў барацьбе з мастацкай літаратурай, якая яшчэ ў мінулым стагоддзі на аснове літаратуры крытычнага рэалізму XIX–XX ст. фарміравала светапогляд грамадзяніна [4]. Як паказвае практыка, большасць вучняў выкарыстоўваюць інтэрнэт-рэсурсы з мэтай атрымання інфармацыі забаўляльнага характару. Адбываецца абмеркаванне медыя на дзіцячым або падлеткавым узроўні, перавага аддаецца эмацыйнаму ўспрыманню медыяпрадуктаў. Вучні не паглыбляюцца ў сэнс інфармацыі, успрымаюць яе павярхоўна, не думаюць аб наступствах і пагрозах.

Змагацца з новым не варта. А вось навучыцца правяраць інфармацыю, не давяраць яскраваму, аналізаваць убачанае – гэта і ёсць тая навука, якой неабходна вучыць у школе. І не важна, які прадмет ты выкладаеш: фізіку ці беларускую літаратуру, а быць медыйна граматным – задача кожнага.

Паўстала неабходнасць арганізаваць сваю дзейнасць так, каб праз прыёмы медыяадукацыі дапамагчы дзецям засвоіць важныя складнікі аналітычнага мыслення: уменне выяўляць і фармуляваць праблему, прыводзіць аргументы ў абарону свайго меркавання, рабіць вывады.

Медыяадукацыя – гэта не модны трэнд. Медыяадукацыя – гэта працэс выхавання медыякультуры, фарміруе крытычнае і аналітычнае мысленне, з дапамогай якога чалавек абараняе сябе ад шкоднай інфармацыі і выкарыстоўвае тую, што патрэбна для жыцця і прафесійнай дзейнасці.

У сваёй практыцы выкарыстоўваю сістэму медыяпрыёмаў, якія развіваюць навыкі шматаспектнага аналізу літаратурнага твора з улікам узроставых асаблівасцей вучняў. На маіх уроках побач са словамі зямля, класіка, род жывуць паняцці фэйк, хэштэг, лайфхак, каменты, рэспект і інш.

У падлеткаў V–VI класаў успрыманне медыякампанентаў грунтуецца найперш на эмацыянальным уздзеянні. Улічваючы гэтыя асаблівасці, выкарыстоўваю прыёмы гульнёвага характару, якія садзейнічаюць запамінанню вывучанага матэрыялу і выпрацоўваюць навык параўнальнай характарыстыкі герояў і суаднясенне з самім сабой.

Напрыклад, у V класе пры вывучэнні апавядання У.Караткевіча “Нямоглы бацька” выкарыстоўваю прыём “Хэштэгі”, які праз характарыстыку герояў, садзейнічае развіццю ўмення даваць ацэначнае меркаванне паводзінам герояў і параўноўваць са сваёй жыццёвай пазіцыяй. Прапаную скласці параўнальную характарыстыку герояў па ключавых словах-хэштэгах і суаднесці з сабой. Запаўненне табліцы адбываецца на ўроку, ключавыя словы-хэштэгі расшыфроўваюцца вучнямі цытатамі з тэксту і каментарыямі. Вучні разумеюць ідэйнае значэнне вобразаў твора, робяць вывад аб узаемаўплыве герояў адно на аднаго (Дадатак 1).

Улічваючы захопленасць вучняў сацыяльнай сеткай УКантакце, прапаную прыём “Старонка героя”. Для найбольш поўнай характарыстыкі галоўнага героя неабходна запоўніць яго асабістую старонку УКантакце, карыстаючыся ўрыўкамі з твора, фотаздымкамі. Мэтай прыёму з’яўляецца развіццё аналітычных уменняў рабіць высновы з тэкставага паведамлення, выяўляць матывы ўчынкаў герояў, аўтарскую пазіцыю (Дадатак 2).

На ўроках літаратуры ў старшых класах вывучэнне зместу мастацкага твора прадугледжвае разуменне сэнсу паслання паэта або пісьменніка. Часам вельмі цяжка прадбачыць, як дзеці “расчытаюць” той ці іншы вобраз твора, наколькі ім будуць зразумелыя аўтарскія прыёмы раскрыцця ідэі. Але ад гэтага ўрок становіцца цікавым і складаным адначасова: дзеці пачынаюць думаць, выказваць асабістыя меркаванні. Не трэба баяцца шматзначнасці меркаванняў, трэба навучыць адшукаць сярод іх праўдзівыя і памылковыя. Вельмі карысным становіцца ў гэтым сэнсе прыём “Каменты”. Пасля аналізу твора з настаўнікам, вучням неабходна пазнаёміцца з каментарыямі да гэтага ж твора на прапанаваным літаратурным партале, параўнаць са сваім поглядам, напісаць уласны каментарый. Праз выкарыстанне прыёму “Каменты” вучні развіваюць аналітычныя ўменні рабіць высновы з тэкставага паведамлення, суадносіць паведамленне з уласным вопытам у святле пастаўленай праблемы (Дадатак 3).

Развіццю аналітычных уменняў – правяраць надзейнасць інфармацыі, пададзенай у анлайн-прасторы – спрыяе прыём “Знайдзі фэйк”. Вучні выконваюць заданне ў класе пад кантролем і каментарыем настаўніка: аналізуюць медыятэкст па крытэрыях ацэнкі, знаходзяць фэйк, абгрунтоўваюць свой выбар (Дадатак 4).

У паўсядзённым жыцці вучні сустракаюцца з інфармацыяй, пададзенай у газетах, інтэрнэце, на тэлебачанні. Гэта інфармацыя складаецца з фактаў і меркаванняў. На ўроках літаратуры прапаную прыём “Фактчэкінг”, які садзейнічае развіццю аналітычных уменняў адрозніваць факты ад меркаванняў, вызначаць стыль тэксту, аналізаваць і ацэньваць твор. Выкарыстоўваю прыём пры вывучэнні публіцыстычнай прозы, якая грунтуецца не на фантазіі, а на адлюстраванні сапраўдных рэальных падзей і фактаў з аднаго боку, а з другога боку шырока выкарыстоўвае сродкі і прыёмы мастацкай літаратуры. У выніку, дзеці вучацца ўважліва чытаць тэкст і аналізаваць яго (Дадатак 5).

Выкарыстанне медыйных прыёмаў на кожным уроку спрыяе фарміраванню аналітычнага мыслення вучняў. У залежнасці ад пастаўленых задач кожны педагог з улікам індывідуальных асаблівасцей вучняў можа выбраць найбольш эфектыўныя медыяпрыёмы і выкарыстоўваць іх у практыцы. Важна, каб выбар метадаў і прыёмаў арганізацыі вучэбнай дзейнасці адпавядаў задачам, якія вырашаюцца на кожным этапе ўрока.

 

Дадатак 1

Прыём: “Хэштэгі”
V клас
Тэма ўрока: У.Караткевіч. Казка “Нямоглы бацька”.
Заданне: па ключавых словах-хэштэгах вызначыць знакам “+” наяўнасць гэтай рысы характару ў герояў, параўнаць з сабой.

Хэштэгі Бацька Пятро Гнат Я
#справядлівасць        
#мудрасць        
#павагадабацькоў        
#смеласць        

 

Дадатак 2

Прыём “Старонка героя”
VІ клас
Тэма: К.Чорны “Насцечка”. Вобраз Сержа.
Заданне: запоўніць персанальную старонку героя сацыяльнай сеткі “УКантакце”, выкарыстоўваючы ўрыўкі з аповесці і прапанаваныя фотаздымкі.

 

НаШтоБуЗУ:

— размясціць адзін фотаздымак на старонцы героя;
— назваць сяброў Сержа, іх колькасць;
— агучыць каментарыі на старонцы Сержа.

 

Дадатак 3

Прыём “Каменты”
VІІІ клас
Тэма: Р.Барадулін “Трэба дома бываць часцей”.
Заданне: прааналізаваць каментарыі да верша на літпартале і пакінуць свой каментарый.

НаШтоБуЗУ:

— наведаць літаратурны партал, прапанаваны настаўнікам;
— пазнаёміцца з каментарыямі да верша, знайсці тры станоўчыя каментарыі і адзін адмоўны;
— пакінуць свой каментарый.
— даслаць скрыншот настаўніку або раздрукаваць.

 

Дадатак 4

ПрыёмЗнайдзі фэйк”
VІІІ клас
Тэма: Я.Колас “Дзядзька-кухар” (урывак з паэмы “Новая зямля”).
Заданне: прааналізаваць медыятэкст, знайсці фэйкавую інфармацыю, абгрунтаваць свой выбар.

 

Дадатак 5

Прыём “Фактчэкінг”
VII клас
Тэма: У.Караткевіч “Вёска, о родная вёска”
Заданне: знайсці факты і меркаванні ва ўрыўку нарыса У.Караткевіча “Вёска, о родная вёска”.

Дык вось, вёска. Яна не такая, як на Украіне або на Доне. Там не рэдкасць вёскі ў 20030001000 двароў. У нас 20030 двароў – гэта ўжо вёска. Ёсць, праўда, і вялікія вёскі, двароў на 1500, такія, як Рубель на Століншчыне. Але іх мала, напэўна, некалькі соцень, не больш.

НаШтоБуЗУ:

— знайдзіце ў тэксце лічбы і ўласныя назвы;
— звярніце ўвагу на пабочныя словы;
— падкрэсліце прамой рыскай факты, хвалістай – меркаванні.

 

 

Спіс літаратуры

1 Апиш, М.Н. Формирование аналитических умений младших школьников в процессе работы с текстом на уроках литературного чтения / М.Н.Апиш, Л.Р.Заузолкова // Научно-методический электронный журнал «Концепт». – 2017. – Т. 38. – С. 132–141. https://e-koncept.ru/2017/771312.htm.
2 Баранов, О.А. Медиаобразование в школе и в вузе: Учеб. пособие. – Тверь : Изд-во Твер. гос. ун-та, 2002. – 87 с.
3 Вучэбная праграма па беларускай літаратуры.
4 Зазнобина, Л.С. Медиаобразование в школе: как выжить в мире СМИ // Человек. – 1999. – № 1. – С. 30–35.
5 Медыяадукацыя ў школе: фарміраванне медыяграматнасці вучняў: дапаможнік для настаўнікаў / М.І.Запрудскі, А.А.Палейка, А.У. Радзевіч [і інш.]; пад рэд. М.І.Запрудскага. – Мінск, 2016. – 336 с.
6 Федоров, А.В. Медиаобразование: История, теория и методика. – Ростов- на-Дону : Изд-во ЦВВР, 2001. – 708 с.
7 Формирование аналитических умений старшеклассников. https://cyberleninka.ru/article/n/formirovanie-analiticheskih-umeniy-starsheklassnikov/viewer

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий