Сцэнарый свята да 8 Сакавіка для дзяцей старшай групы.
Маргарыта ТАРАСЕВІЧ,
музычны кіраўнік
ДУА “Яслі-сад № 83 г. Гродна”
Мэта: Стварыць вясёлы святочны настрой.
Матэрыял і абсталяванне: музычны рэпертуар, какошнік вожыка і мышэй, музычныя інструменты.
Папярэдняя работа: гутарка пра 8 Сакавіка, развучванне песень, танцаў, вершаў, аркестра.
Ход ранішніка
Музычная зала святочна ўпрыгожана. Пад музыку дзеці ўваходзяць у залу.
Вядучы:
Вось зіма аж пачарнела –
Годзе ёй тут святкаваць!
Гэй, маленства, жыва, смела
Выхадзі вясну вітаць!
Дзіця:
Хмара снегам не цярушыць,
І не гнуць вятры бяроз.
Ні за шчокі, ні за вушы
Не шчыпае Дзед Мароз.
Дзіця:
Радасна працуюць пчолкі,
Птушкі гімн пяюць вясне.
Вецер сонечны, вясёлы
Падпявае ім і мне.
Песня “Вясна”
Пад музыку ўваходзіць Вясна
Вясна:
Лёгкаю іду хадою, абуджаю ўсе жывое,
Траўку з глебы выпускаю, ліст бярозы распускаю.
Дзе ні іду я, гляньце, дзеткі, распускаю ўсюды кветкі.
І пачуўшы гоман мой, разлятаюцца гурбой
Птушкі з выраю ў свой кут,
І звіняць, спяваюць тут.
А навокал – навізна,
Гэта я прыйшла, Вясна!
Вядучы: Запрашаем цябе, Вясна-красна, у наш карагод.
Карагод “Я вясну гукаю!”
Вядучы: А цяпер пагуляем у беларускую гульню “Вожык і мышы”
Апiсанне гульнi: па лічылцы выбіраюцца “вожык” і “мышы” (2–3). Астатнія дзеці становяцца ў круг і ідуць управа, а вожык ідзе ўлева. Мышы знаходзяцца па-за кругам.
Дзеці прыгаворваюць:
Бяжыць вожык – тупу-туп!
Сам калючы, востры зуб!
Вожык, вожык, ты куды?
Ад якой бяжыш бяды?
Спыняюцца. Прагаворваюць цішэй:
Вожык ножкамі туп-туп!
Вожык вочкамі луп-луп!
Навакол пануе ціш,
Вожык чуе ў лісці мыш.
Вожык ходзіць у крузе, прыслухоўваецца.
Дзеці гучна кажуць:
Бяжы, бяжы, вожык!
Не шкадуй ты ножак!
Ты лаві сабе мышэй,
Не чапай другіх дзяцей!
Вядучы: Якія спрытныя ў нас дзеці!
Вясна: А зараз я вам загадаю загадкі. Слухайце ўважліва.
З-пад снегу выйшла, расцвіла,
І так, што аж зіма ўцякла.
(Пралеска)
То празрысты і вясёлы,
То працяглы і густы.
Луг яго чакае, поле,
А яшчэ – чакаеш ты.
Пройдзе ён, і каля хаты
Ручаінкі зазвіняць,
Выйдзеш, і бясконца рады
Ты караблікі пускаць.
(Дождж)
Сінявокі, слаўны, чысты,
Галавасты, залацісты,
Дасць абноў ен людзям шмат,
Будзе кожны вельмі рад.
(Лён)
Вясна: Малайцы, дзеці.
Дзіця:
Скача зайчык сонечны,
Скача па акне
Весела і зайчыку,
Весела і мне!
Песня “Сонечны зайчык”
Вясна: Сёння я віншую ўсіх мам і бабуль са святам. Жадаю ўсяго самага найлепшага! Дзеці, спявайце, у гульні гуляйце, лецейка чырвонае чакайце!
Пра мяне, Вясну, не забывайце! Але ж мне пара ўжо, яшчэ трэба зрабіць шмат вясновай працы! Да пабачэння!
Дзіця:
Для вас дарагія матулі,
Мілыя, для вас,
Канцэрт вясёлы, радасны
Пачнём мы ў гэты час.
Танец: “Крыжачок”
Дзіця:
Я віншую мамачку,
Кветку ёй дарую.
Ведаеш, матулечка,
Як цябе шаную.
Дзіця:
Мамачка, матулечка
Так радасна з табой!
Самая ласкавая,
Люблю я голас твой.
Песня “Мама”
Дзіця:
Сардэчна вас віншуем, родныя бабулі!
Прыміце віншаванні, шаноўныя красулі!
Песня “Бабуля”
Вядучы: А цяпер прыйшоў час пагуляць!
Гульня “Гарлачык”.
Апісанне гульні: дзеці сядзяць у крузе – гэта “гарлачыкі”. Па крузе ходзіць пакупнік. Спыніўшыся каля каго-небудзь, ён пытаецца:
Колькі каштуе гарлачык?
Дзіця адказвае:
За гарлачык гэты
Дай нам зусім крышку:
Каб ніколі не хварэць,
Маннай кашы лыжку.
Пасля гэтых слоў дзіця-гарлачык бяжыць па крузе ў адным напрамку, а пакупнік – насустрач яму. Кожны імкнецца заняць свабоднае месца. Той, хто спазняецца, становіцца пакупніком.
Правілы гульні: дзеці павінны бегчы па крузе ў розных напрамках пасля слоў «маннай кашы лыжку», кожны з іх імкнецца заняць свабоднае месца.
Дзіця:
Мамачка, матулечка,
Так весела з табой!
Свята мне прыносіш ты
Усмешкай маладой!
“Танец з мамамі”
Вядучы: Дзеткі, не сядзіце, музычныя інструменты бярыце.
Аркестр “Сонейка цёплае, сонейка добрае”
Вядучы: Самыя цёплыя віншаванні прыміце сёння, нашы дарагія матулі і бабулі! Моцнага ўсім здароўя, поспехаў ва ўсіх справах, сямейнага дабрабыту, цудоўнага настрою. А зараз прыміце падарункі ад дзяцей, якія яны зрабілі сваімі рукамі.
Пад музыку дзеці выходзяць з залы.