Захворванні органаў стрававання. 11-ы клас

- 12:05Медицинская подготовка, Методичка

Урок заняў першае месца ў раённым конкурсе распрацовак на лепшы ўрок па медыцынскай падрыхтоўцы

Тэрэса ЖАДЗІНЕЦ,
настаўнік медыцынскай падрыхтоўкі
ДУА “НПК Бабровіцкі дзіцячы сад – сярэдняя школа”
Іўеўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

Здачы:

– садзейнічаць фарміраванню ведаў навучэнцаў аб захворваннях органаў стрававання, прычынах, сімптомах, прынцыпах лячэння, прафілактычных мерапрыемствах па папярэджанні захворванняў органаў стрававання;
– спрыяць развіццю навыкаў і ўменняў аказання першай дапамогі пры захворваннях органаў стрававання; удасканальваць уменні працаваць з тэкстам, навыкі работы ў групах, развіваць уменні аналізаваць, выдзяляць галоўнае, абагульняць;
– стварыць умовы для выхавання міласэрнасці пры доглядзе за хворымі і пацярпелымі, пачуцця калектывізму, садзейнічаць здароваму ладу жыцця.

Тып урока: урок вывучэння новага матэрыялу.

Від урока: камбінаваны ўрок.

Асноўныя віды вучэбна-пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў: індывідуальная, франтальная, групавая.

Асноўныя паняцці: адрыжка, пякотка, ірвота, метэарызм, востры гастрыт, язвавая хвароба страўніка і дванаццаціперснай кішкі, вострая пячоначная коліка.

Абсталяванне: інтэрактыўная панэль “Мультыборд”, прэзентацыя, відэаролік, плакат “Схема будовы органаў стрававання”, тэсты.

Прэзентацыя Захворванні органаў стрававання

Эпіграф: Адзіная прыгажосць якую я ведаю, – гэта здароўе” (Генрых Гейне).

 

Ход урока

1 Арганізацыйна-матывацыйны этап

“Жыў мудрэц, які ведаў усё. Адзін чалавек хацеў даказаць, што мудрэц не ўсё ведае. Заціснуўшы ў далонях матылька, ён спытаў: ”Скажы, мудрэц, які матылёк у мяне ў руках: жывы ці не? А сам думае: ”Скажа жывы – я яго прыдушу, скажа мёртвы – выпушчу. “Мудрэц, падумаўшы, адказаў: “Усё ў тваіх руках”.

У нашых руках і наша здароўе.

І я рада бачыць усіх вас прыгожымі і здаровымі, бо, як сказаў Генрых Гейне: “Адзіная прыгажосць якую я ведаю, – гэта здароўе”.

Мы працягваем вывучаць захворванні органаў. Тэма сённяшняга ўрока “Захворванні органаў стрававання”. На ўроку мы з вамі разгледзім захворванні органаў стрававання. У рэфлексійных лістах, якія знаходзяцца на вашых сталах, адзначце ўзровень вашых ведаў на пачатак урока па гэтай тэме (Дадатак 1).

 

2 Актуалізацыя апорных ведаў

Вядомы амерыканскі прапагандыст здаровага ладу жыцця Поль Брэг у адной са сваіх кніг пісаў: “Чалавек, які не мае меры ў ежы, піцці, памірае, не пражыўшы і паловы таго жыцця, якога мог бы пражыць. Ён ужывае самую цяжкую ежу, запіваючы яе ядавітымі напоямі, і пасля гэтага здзіўляецца, чаму не дажывае да 100 гадоў”.

Як лічаць вучоныя-медыкі, мы бяздумна, дзень за днём, разбураем сваё здароўе, не аддаючы сабе справаздачы ў тым, што і як ядзім. Але ў харчаванні, як і ва ўсім астатнім, існуюць вызначальныя законы, парушаць якія нельга. Харчуючыся чым прыйдзецца і як прыйдзецца, мы робім адну памылку за другой, а разлічваемся потым за гэтыя памылкі ўласным здароўем. Дыетолагі гавораць: “Калі бацька хваробы невядомы, то яе маці заўсёды – харчаванне”.

Давайце паспрабуем разабрацца ў сваіх памылках харчавання. Але спачатку ўспомнім, якім працэсам падвяргаецца ежа ў органах стрававальнага тракту.

Экспрэс-апытанне

– Якія органы ўваходзяць у стрававальную сістэму?
– Успомніць з курса біялогіі будову і функцыі стрававальнай сістэмы.
– Якія змены адбываюцца з ежай у роце, у страўніку, у 12-перснай кішцы?
– Якая роля печані і падстраўнікавай залозы ў страваванні? (Адказы навучэнцаў)

 

Так, стрававальная сістэма складаецца з наступных органаў і аддзелаў: ротавая поласць; глотка; стрававод; страўнік; тонкі і тоўсты кішэчнік; печань; падстраўнікавая залоза. Апорныя веды для вывучэння новай тэмы ў вас ёсць. Аб чым вы хацелі б даведацца на сённяшнім уроку? Якія задачы мы павінны вырашыць? (Адказы навучэнцаў).

Так, больш блізка пазнаёміцца з захворваннямі органаў стрававання, вывучыць сімптомы захворванняў, прынцыпы лячэння і прафілактыкі.

 

3 Вывучэнне новага матэрыялу

3.1 Якія фактары могуць прывесці да захворванняў?

Як і любая частка чалавечага цела, стрававальная сістэма органаў можа быць схільная да розных захворванняў. Часта яны звязаны з пранікненнем патагенных мікраарганізмаў. Аднак, калі чалавек здаровы і страўнік у яго працуе без перашкод, то ўсе шкодныя бактэрыі гінуць у кіслым асяроддзі. Калі па шэрагу прычын гэты орган функцыянуе ненармальна, то практычна любая інфекцыя можа развіцца і прывесці да цяжкіх наступстваў, такіх, як рак органаў стрававальнай сістэмы.

Усё пачынаецца з малога: нерацыянальнае харчаванне, ужыванне алкаголю, курэнне,  дыеты, ужыванне антыбіётыкаў, харчовыя атручэнні, інфекцыі, псіхічнае перанапружанне і стрэсавыя сітуацыі, хімічныя апёкі, дрэнная экалогія.

Усё гэта і іншыя неспрыяльныя фактары паступова знішчаюць наш арганізм і правакуюць развіццё захворванняў органаў стрававання (прыём “Практычнасць тэорыі”).

Стрававальная сістэма органаў асабліва схільная разбуральнаму ўплыву звонку. Таму не забывайце своечасова праходзіць дыспансерызацыю і звяртацца да ўрача пры збоях у нармальным функцыянаванні арганізма. Беражыце сваё здароўе!

Вядома, што гэтыя хваробы ў сувязі з іх шырокім распаўсюджаннем з’яўляюцца адной з важнейшых праблем унутранай паталогіі органаў чалавека. На першым месцы па зваротах да ўрачоў стаяць хворыя з гастрытамі, на другім – з хваробамі печані і жоўцевага пузыра, на трэцім – з язвавымі хваробамі страўніка і дванаццаціперснай кішкі (прыём “Цікава ведаць”).

– Якія асноўныя сімптомы хворых? (Адказы вучняў з дапамогай тэксту падручніка с. 173–174: адрыжка, пякотка, метэарызм, боль у жываце, парушэнне апетыту, моташнасць, ірвота, парушэнні функцыі кішэчніка, непрыемны горкі смак у роце).

 

3.2 Асаблівасці хвароб органаў стрававання

Сёння ў нас у гасцях доктар-гастраэнтэролаг, які пазнаёміць нас з асаблівасцямі хвароб органаў стрававання.

Прагляд відэароліка.

 

3.3 Самастойная работа з падручнікам

Вы атрымалі пэўную інфармацыю ад гастраэнтэролага, а цяпер больш падрабязна азнаёмцеся з праграмным матэрыялам. Адкрыйце падручнік на с. 174–178. Наша праца будзе арганізавана, як і на папярэднім уроку. Запоўніце ў сшытку табліцу па плану: 1 – захворванне, 2 – этыялогія, 3 – сімптомы, 4 – першая дапамога, 5 – прафілактыка (пакуль не запаўняць) (Дадатак 2).

Працуем у групах:

1-я група вывучае востры гастрыт,
2-я група – язвавую хваробу страўніка і дванаццаціперснай кішкі,
3-я група – вострую пячоначную коліку.

 

Рэлаксацыйная паўза

Людзі, якія не могуць знайсці час для адпачынку, рана ці позна будуць абавязаны знайсці час для хваробы.

Практыкаванні на паляпшэнне мазгавога кровазвароту. Размінка для вачэй.

 

3.4 Прэзентацыя вынікаў работы навучэнцаў

“Востры гастрыт”, “Язвавая хвароба страўніка і дванаццаціперснай кішкі”, “Вострая пячоначная коліка”.

 

3.5 Іншыя захворванні страўнікава-кішэчнага тракту

Паведамленне навучэнкі:

– хранічны гастрыт (запаленне аднаго органа сістэмы прыводзіць да захворванняў другіх органаў),
– халецыстыт ці “святочная хвароба” (пераяданне, якое адбіваецца на жоўцевым пузыры),
– каліт (захворванне тоўстай кішкі),
– панкрэатыт падстраўнікавай залозы,
– востры апендыцыт (неспецыфічнае запаленне чэрвепадобнага адростка сляпой кішкі),
– анарэксія (парушэнне харчовых паводзін, якое прыводзіць да развіцця цяжкай недастатковасці харчавання). ”Я не хачу паміраць!” – гэтыя словы адна з ахвяр анарэксіі Валерыя Левітаніна адрасавала ўсім, хто імкнецца быць падобным на вядомых мадэлей. На жаль, гэта страшная хвароба, звязаная з модай на дыеты, перайманнем мадэляў для многіх людзей, асабліва дзяўчат, стала актуальнай. Хвароба настолькі сур’ёзная што, немагчыма абысціся без медыцынскай дапамогі спецыялістаў.

 

3.6 Прафілактыка

Як не захварэць? Якія існуюць прафілактычныя мерапрыемствы па перашкоджванні паражэння органаў стрававання? З імі нас пазнаёміць медсястра ўстановы адукацыі Г.І.Шарлан (Паведамленне медсястры).

У медыцыне старажытнага Кітая галоўным напрамкам было папярэджванне ўсіх захворванняў на аснове правільнага харчавання, адказ ад ужывання моцных напояў, курэння і вядзенне здаровага ладу жыцця.

 

Правілы правільнага харчавання

– Навучэнцы выпрацоўваюць правілы згодна з выказваннем Авіцэны “Не будзь да ўсякай ежы лас. Парадак ведай, месца, час”. Заданне дыферэнцыравана:

– паспяваючыя вучні самастойна складаюць свае правілы правільнага харчавання згодна з прапанаванымі тэзісамі;
– слабапаспяваючыя навучэнцы павінны суаднесці тэзісы з правіламі харчавання, якія і пацвярджаюць правільнасць харчавання) (прыём “Практыкум”).

– Асноўныя правілы харчавання (прыкладныя адказы):

1) Рэгулярнае харчаванне.
Выпрацоўваецца ўмоўны рэфлекс, адпаведна перад прыёмам ежы ўжо выдзяляецца страўнікавы сок, што садзейнічае лепшаму пераварванню ежы.

2) Ежа павінна мець прывабны выгляд, прыемны пах і смак.
Такая ежа выклікае апетыт і садзейнічае выдзяленню страўнікавага соку.

3) Разнастайнае харчаванне.
Харчовыя рэчывы знаходзяцца ў розных прадуктах харчавання. Бялкі ў мясе, бабовых, малочных прадуктах, тлушчы ў арэхах, у раслінных і жывёльных тлушчах, вугляводы ў мучных вырабах.

4) Умеранасць у ежы.
Пераяданне вядзе да атлусцення.

5) Есці не спяшаючыся.
Добрае перажоўванне ежы садзейнічае лепшай яе механічнай апрацоўцы.

6) Захаванне правіл асабістай гігіены.
Перад ежай неабходна вымыць рукі, каб не занесці інфекцыю ў арганізм.

– Суаднесці тэзісы з правіламі харчавання

 

1. Рэгулярнае харчаванне

а) Харчовыя рэчывы знаходзяцца ў розных прадуктах харчавання. Бялкі ў мясе, бабовых, малочных прадуктах, тлушчы ў арэхах, у раслінных і жывёльных тлушчах, вугляводы ў мучных вырабах

2. Ежа павінна мець прывабны выгляд, прыемны пах і смак

б) Выпрацоўваецца ўмоўны рэфлекс, адпаведна перад прыёмам ежы ўжо выдзяляецца страўнікавы сок, што садзейнічае лепшаму пераварванню ежы

3. Разнастайнае харчаванне

в) Перад ежай неабходна вымыць рукі, каб не занесці інфекцыю ў арганізм

4. Умеранасць у ежы

г) Добрае перажоўванне ежы садзейнічае лепшай яе механічнай апрацоўцы

5. Есці не спяшаючыся

д) Такая ежа выклікае апетыт і садзейнічае выдзяленню страўнікавага соку    

6. Захаванне правіл асабістай гігіены

е) Пераяданне вядзе да атлусцення

Вывад: правільнае харчаванне дазваляе захаваць здароўе і папярэдзіць многія захворванні, у тым ліку і хваробы органаў стрававання.

 

4 Замацаванне вывучанага матэрыялу

Вы атрымалі пэўныя веды і вы можаце прымяніць іх у сітуацыі прыбліжанай да рэальных абставін.

4.1 Пасяджэнне кансіліума ўрачоў (рашыць сітуацыйную задачу)

“Мужчына пажылога ўзросту скардзіцца на частыя, ныючыя болі ў сярэдняй частцы жывата. Болі ўзнікаюць пасля прыёму ежы або выкурвання цыгарэты. Да прыёму ежы ён зрэдку адчувае пякотку ў гэтай вобласці, якую лёгка здымае прыняўшы раствор пітной соды”.

Растлумачце прычыну болі, які ўзнікае, і раскажыце аб мерах прафілактыкі гэтага захворвання.

Адказ: язва страўніка. Парушаецца рэфлекторная рэгуляцыя работы органаў стрававання з-за нерэгулярнага харчавання, курэння. Выдзяленне стрававальных сокаў не заўсёды адпавядае характару ежы. Працэсы стрававання ежы парушаюцца, і на сценках страўніка ўтвараюцца язвы. У страўніку і кішэчніку збіраецца вялікая колькасць газаў. Зрэдку яны выходзяць праз стрававод, цягнучы за сабою вадкае змесціва страўніка. Страўнікавы сок трапіўшы ў стрававод, раздражняе яго сценкі, вызываючы пякотку. Пітная сода нейтралізуе саляную кіслату, якае змяшчаецца ў стрававальным соку, супыняючы на нейкі час пякоту. Прафілактыкай язвы страўніка з’яўляецца рэгулярнае збалансаванае харчаванне, адказ ад курэння.

Кансультацыя была кампентэнтная. Дарэчы, наша вучаніца Паліна Мусік плануе звязаць сваю прафесійную будучыню з медыцынай. Хочацца спадзявацца, што яна здзейсніць сваю мару і стане добрым урачом.

 

4.2 Экспрэс-тэст (Дадатак 3)

Самаправерка

 

5 Падвядзенне вынікаў. Выстаўленне адзнак (з каменціраваннем)

 

6 Дамашняе заданне:

§ 42, 43, успомніць тэму з вучэбнага прадмета “Біялогія” аб органах эндакрыннай сістэмы, падрыхтаваць паведамленні пра хваробы органаў эндакрыннай сістэмы.

 

7 Рэфлексія:

А зараз вазьміце свой рэфлексійны ліст і адзначце ваш узровень ведаў на канец урока і ваш эмацыянальны стан на працягу ўсяго ўрока (Каментарыі навучэнцаў).

“Адзіная прыгажосць якую я ведаю, – гэта здароўе” (Генрых Гейне).

Калі хочаш быць разумным і прыгожым – трэба заўжды памятаць пра правільныя адносіны да свайго здароўя, а сёння я жадаю ўсім нам моцнага здароўя!

 

Дадатак 1

Рэфлексійны ліст

Эмацыянальны стан на працягу ўрока

Узровень ведаў
на пачатак урока

Узровень ведаў
на канец урока

Адносіны да сваёй работы на ўроку

Вельмі дрэнны
Дрэнны
Прыпадняты
Камфортны

Нізкі
Здавальняючы
Сярэдні
Дастатковы
Высокі

Нізкі
Здавальняючы
Сярэдні
Дастатковы
Высокі

Задаволены
Не зусім задаволены
Не задаволены
Абыякавы

 

Дадатак 2

Табліца “Захворванні органаў стрававання

Захворванне

Этыялогія

Сімптомы

Прынцыпы лячэння

Прафілактыка

 

 

 

 

 

 

Дадатак 3

Экспрэс-тэст

1. Выбраць агульныя прыметы захворванняў органаў стрававання:

а) кашаль, ірвота;
б) адрыжка, пякотка, парушэнне функцый кішэчніка;
в) кашаль, задышка;

2. Сімптомы вострага гастрыту пасля ўздзеяння раздражняльніка ў сярэднім праяўляецца праз:

а)10-24 г;
б)1-3 г;
в) 4-8 г.

3. Указаць сімптомы пячоначнай колікі:

а) боль;
б) павышаная смага;
в) дзегцепадобны стул;
г) млоснасць;
д) ірвота.

4. Вострае запаленне слізістай абалонкі страўніка характэрна для:

а) вострага гастрыту;
б) язвавай хваробы 12-перснай кішкі;
в) пячоначнай колікі.    

5. Выбраць правільнае выказванне:

а) фарміраванне камянёў адбываецца пры правільным харчаванні;
б) прычынамі вострага гастрыту можа быць ужыванне недабраякаснай ежы.

Адказы:1-б; 2-в; 3-а, г, д; 4-а; 5-б.

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий