Дыдактычны матэрыял лэпбука “Размаўляем і гуляем, нашу мову развіваем” дазваляе папоўніць слоўнікавы запас выхаванцаў сярэдняй групы, працаваць над правільным гукавымаўленнем, развіваць складную гаворку дзяцей.
Наталля ЖУЛІНСКАЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дзіцячы сад № 12 г. Навагрудка”,
Гродзенская вобласць
Адным з найважнейшых напрамкаў развіцця выхаванцаў дашкольнага ўзросту з’яўляецца маўленчае развіццё. Чым больш паспяхова развіваецца мова дзіцяці, тым больш у яго магчымасцей у зносінах з іншымі людзьмі і ў пазнанні навакольнага свету. Гульнявая форма паднясення матэрыялу найбольш адпавядае псіхалагічным магчымасцям дзяцей дашкольнага ўзросту. Менавіта таму я вырабіла лэпбук для развіцця маўлення і маўленчых зносін “Размаўляем і гуляем, нашу мову развіваем”.
Гэта інтэрактыўная папка, зручная, інфарматыўная, адпавядае ўзроставым патрабаванням, патрабаванням вучэбнай праграмы, а таксама падабаецца дзецям. Лэпбук “Размаўляем і гуляем нашу мову развіваем” – інтэрактыўны дапаможнік, у якім сабраны матэрыял, накіраваны менавіта на развіццё маўлення і маўленчых зносін выхаванцаў сярэдняй групы. Дыдактычны матэрыял, сабраны ў дапаможніку, накіраваны на папаўненне і актывізацыю слоўніка, фарміраванне правільнага гукавымаўлення, удасканаленне граматычнага ладу мовы, развіццё складнай гаворкі.
Лэпбук “Размаўляем і гуляем нашу мову развіваем” можа выкарыстоўвацца як у індывідуальнай працы, так і ў працы з невялікай падгрупай дзяцей. Практыкаванні, якія прадстаўлены дзецям у выглядзе гульняў, не стамляюць іх, не выклікаюць негатыўных рэакцый і адмовы ад выканання ў выпадку няўдачы.
Лэпбук вырабіла сваімі рукамі. Кожная гульня знаходзіцца ў асобнай кішэньцы. Змесціва перыядычна папаўняю або мяняю.
Дыдактычныя гульні, прадстаўленыя ў дапаможніку
“Запомні словы”
Мэта: развіваць уменне правільна называць словы на беларускай мове.
Ход гульні: дзеці разглядваюць карцінкі і называюць прадметы на беларускай мове.
“Што спачатку, а што потым?”
Мэта: знайсці правільную паслядоўнасць і раскласці карцінкі па парадку. Ход гульні: у гульні могуць прымаць удзел як адно дзіця, так і падгрупа. Карцінкі раскладваюцца на стале перад кожным выхаванцам. Дзіцяці неабходна разгледзець карцінкі і расказаць, што на іх намалявана. Далей вядучы прапануе раскласці карцінкі ў патрэбным парадку, што было спачатку, што потым. Дзеці павінны выкласці карткі ў пэўнай паслядоўнасці, тлумачачы свой выбар.
“Які, якая, якое?”
Мэта: абагаціць слоўнікавы запас прыметнікамі; развіваць кемлівасць, мысленне, мову.
Ход гульні: выхавальнік прапаноўвае дзецям да назвы прадмета падабраць словы, якія дапамогуць адказаць на пытанне “Які гэта прадмет?”.
“Адзін ці многа?”
Мэта: фарміраваць ўменне змяняць назоўнікі па ліках.
Ход гульні: дзеці адказваюць, колькі прадметаў намалявана на картцы: адзін ці многа.
“Назаві адным словам”
Мэта: замацаваць у мове дзяцей словы, якія абазначаюць агульныя паняцці; актывізаваць слоўнікавы запас; развіваць лагічнае мысленне, кемлівасць.
Ход гульні: дзеці разглядваюць карткі з выявамі прадметаў, называюць намаляваныя прадметы. Затым называюць гэтыя прадметы адным словам.
“Чацвёрты лішні”
Мэта: навучыць дзяцей знаходзіць агульныя і розныя ўласцівасці прадметаў, аб’ядноўваць прадметы па якой-небудзь асноўнай істотнай прымеце, праводзіць класіфікацыю; развіваць лагічнае мысленне, увагу, кемлівасць, маўленне.
Ход гульні: дзецям прапаноўваецца знайсці лішняе слова (прадмет), якое не падыходзіць да ўсіх астатніх у групе, а затым растлумачыць, чаму яны так думаюць. Напрыклад: рамонак, дзьмухавец, званочак, пчала.
“Складзі загадку”
Мэта: фарміраваць у дзяцей моўную актыўнасць, хуткасць мыслення.
Ход гульні: дзецям прапаноўваецца прыдумаць загадку пра прадмет, які намаляваны на картцы.
“Збіраемся ў паход”
Мэта: фарміраваць у дзяцей моўную актыўнасць, хуткасць мыслення.
Ход гульні: неабходна разгледзець малюнкі і расказаць, якія прадметы яны возьмуць у паход, тлумачачы свой выбар. (Напрыклад: Я вазьму ў паход мяч, таму што…).