Сцэнарый занятку-гульні на беларускай мове для дзяцей старшай групы
Галіна ЗАЛОГІНА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА «Дзіцячы сад № 31 г. Мазыра»,
Гомельская вобласць
Праграмныя задачы:
– фарміраваць у дзяцей станоўчыя адносіны да беларускай мовы, замацоўваць разуменне абагульняючага слова “посуд”, вiдаў посуду, iх прызначэнне;
– узбагачаць слоўнікавы запас, развіваць камунікатыўныя навыкі дзяцей; выхоўваць любоў да роднай мовы.
Абсталяванне: прадметы беларускага быту, стол з вышытай сурвэткай, прадметы посуду (кухонны, сталовы, чайны), старадаўні посуд (чыгунны, гліняны, драўляны, саламяны), куфэрак, гарлачык, гліна.
Ход занятку
Выхавальнік:
Жыў на свеце стары дзед,
У пячы варыў абед.
На кульгавы ўслон сядаў,
Што зварыў, усё з’ядаў.
Мыў гаршчок і міску мыў,
У пячы абед варыў.
У гэты час дзед выходзіць з-за печкі, выцірае посуд, садзіцца на лаўку.
Дзед: Добры дзень, даражэнькія дзеці! Як добра, што вы завіталі да мяне.
Выхавальнік і дзеці: Добры дзень, дзядуля. Як твае справы, чым займаешся?
Дзед: Ды вось, ежу згатаваў, ды і посуд памыў. Вось гаршчочак, місачку.
Выхавальнік: Але чаму твой гаршчочак разам з місачкай на адной паліцы стаяць?
Дзед: А як трэба? Што посуд бывае розны?
Выхавальнік: Дзеці, раскажыце дзядулю, які посуд бывае (кухонны, сталовы, чайны). Для чаго патрэбен кухонны посуд? Сталовы, чайны? (Адказы дзяцей)
Дзед: А вы мне дапаможаце правільна расставіць мой посуд? (Дзеці расстаўляюць посуд: кухонны на прыпечак, сталовы на паднос, чайны на стол. У гэты час выхавальнік задае пытанні: Назва? Для чаго? Від? Куды паставіць?)
Выхавальнік: Дзядуля, паглядзі, ці падабаецца табе, як мы расставілі твой посуд?
Дзед: Тыжкі, тыжкі, тыжкі – а дзе мае лыжкі?
Дзеці: Тыжкі, тыжкі, тыжкі – вось твае лыжкі.
Дзед: Эльня, эльня, эльня – дзе мая патэльня?
Дзеці: Эльня, эльня, эльня – вось твая патэльня.
Дзед: Ерка, ерка, ерка – а дзе мая талерка?
Дзеці: Ерка, ерка, ерка – вось твая талерка.
Дзед: Убкі, убкі, убкі – дзе мае кубкі?
Дзеці: Убкі, убкі, убкі – вось твае кубкі.
Дзед: Вось дзякуй, даражэнькія, зараз усё зразумела. А вось гэты посуд чаму вы нікуды не паставілі? (Бярэ ў рукі гарлачык) Ці вы не ведаеце, што гэта? (Адказы дзяцей)
Выхавальнік: Нашы дзеці вельмі любяць гуляць у гульню, якая так і называецца “Гарлачык”.
Дзед: Вельмі цікава паглядзець, што гэта за гульня.
Гульня “Гарлачак”
Пры дапамозе лічылкі выбіраецца “пакупнік”:
Раз, два, тры, чатыры, пяць
Выйшаў зайчык пагуляць.
Свеціць у небе маладзік –
Хай к нам выйдзе пакупнік.
Дзеці сядзяць у крузе на кукішках – гэта “гарлачыкі”. Па крузе ходзіць “пакупнік”. Спыніўшыся каля каго-небудзь, ён пытаецца: “Колькі каштуе гарлачык?” Дзеці адказваюць:
За гарлачык гэты
Дай нам зусім крышку:
Каб ніколі не хварэць,
Маннай кашы лыжку.
Пасля гэтых слоў дзіця-“гарлачык” паднімаецца на ногі і бяжыць за кругам у адным напрамку, а “пакупнік” – насустрач яму. Кожны імкнецца заняць свабоднае месца. Той, хто спазняецца, становіцца пакупніком.
Дзед: Добрая гульня. Малайцы. Вы такія спрытныя, хуткія. Але ці ведаеце вы, для чаго патрэбны гэты посуд? (Адказы дзяцей) Гэты гарлачык у мяне застаўся яшчэ ад маіх бацькоў.
Выхавальнік: А можа ў цябе ёсць яшчэ які-небудзь старадаўні посуд? Вельмі было б цікава на яго паглядзець.
Дзед: Недзе ў мяне быў такі посуд. Даўно я яго не даставаў. (Дастае з-пад печы куфэрак з старадаўнім посудам: гліняную латушку, чыгунок, драўляныя лыжку і талерку, саламяную хлебніцу).
Дзеці садзяцца, разглядаюць посуд. Дзед расказвае, для чаго што патрэбна.
Дзед: А паслухайце, кожны посуд мае свой асаблівы гук (Стукае па посуду). А зараз я прапаную з заплюшчанымі вачыма адгадаць, які посуд гучыць.
Будзем з посудам гуляць, посуд будзем называць.
Вочкі закрывайце, ну-ка, адгадайце.
Які посуд так гучыць?
(Адказы дзяцей: так гучыць драўляны посуд, саламяны, чыгунны, гліняны).
Дзед: Малайцы. Вы вельмі ўважлівыя.
Выхавальнік: Дзякуй табе, дзядуля. Вельмі цікава было пазнаёміцца з старадаўнім посудам. Дзеці, а які посуд вас больш за ўсё ўразіў? (Латушка) Да, вельмі цікавы прадмет. А вы хочаце пазнаёміць сваіх бацькоў з латушкай? Я вам прапаную ў групе зляпіць яе. Але, на жаль, гліны ў нас няма.
Дзед: Не хвалюйцеся, я вам дапамагу (Выносіць гліну).
Выхавальнік: Дзякуй, дзядуля. Нам вельмі спадабалася ў цябе ў гасцях. А на развітанне дзяўчынка (імя дзіця, якое прачытае верш) вельмі хоча расказаць табе верш. С.Грахоўскага “Хто вінаваты?”
Зaпытaлa мaмa ў мышкi:
– Хтo тyт лaзiў y глaдышкi,
Пaздымaў yce вяpшкi,
Пaнaдкycвaў пipaжкi?
Мышкa мaмe aдкaзaлa:
– Я cмятaны нe лiзaлa,
Мoжa, нexтa з’eў дpyгi
І вяpшкi, i пipaгi.
Пaцягнyўcя шэpы кoт:
– Я нe бpaў cмятaны ў poт,
Скaжyць вaм i cтoль, i cцeны,
Штo зpaбiўcя я cyмлeнны.
– Кy-кa-pэ-кy!
– Тyт дapэчы Пeвeнь выпыpxнyў з-пaд пeчы:
– Вaм xлyciць i я нe cтaнy,
Кoт дaўнo нe eў cмятaнy.
Шэпчa мышцы кoт нa вyxa:
– Нa глaдышкy ceлa мyxa.
Мышкa cкaчa, мышкa paдa:
– Гэтa ж мyxa вiнaвaтa.
Нe гaвopыць тoлькi Янкa,
Дзe пaдзeлacя cмятaнкa.
Дзед: Які цудоўны верш! Абавязкова прыходзьце да мяне яшчэ. Да пабачэння!