У метадычнай распрацоўцы ўрока прымяняюцца такія тэхнікі візуалізацыі, як інфаграфіка і таймлайн. Рэгулярнае выкарыстанне тэхнік візуалізацыі на вучэбных занятках садзейнічае праяўленню пазнавальнай актыўнасці і пазнавальнай самастойнасці вучняў, спрыяе павышэнню вучнёўскай камп’ютарнай дасведчанасці.
Алена ЮШКЕВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 41 імя А.М.Кузняцова г. Гродна”
alenagrodno87@gmail.com
Мэты метадычнай распрацоўкі:
– абнаўленне і папаўненне ўласнай базы метадычных матэрыялаў;
– распаўсюджанне ўласнага педагагічнага вопыту, дэманстрацыя прыкладу правядзення ўрока беларускай літаратуры па вывучэнні тэмы “Інтымная лірыка. Максім Багдановіч. Раманс (“Зорка Венера”)”;
– апісанне відаў дзейнасці настаўніка і вучняў.
Метадычная распрацоўка вырашае наступныя задачы:
– дэманструе асноўныя метады і прыёмы, якія можна прымяніць пры вывучэнні адзначанай тэмы;
– дэманструе прымяненне тэхнік візуалізацыі вучэбнага матэрыялу (інфаграфіка і таймлайн);
– рэалізуе выхаваўчы аспект пры вывучэнні твораў беларускай літаратуры, біяграфіі пісьменнікаў, спрыяе асэнсаванню вучнямі значэння пачуцця кахання ў жыцці чалавека;
– дапамагае вучням засвоіць асноўны змест урока па заяўленай тэме.
Тэма “Інтымная лірыка. Максім Багдановіч. Раманс (“Зорка Венера”)” вывучаецца 1 гадзіну ў агульнай тэме “Лірычныя жанры. Інтымная лірыка”.
Урок разлічаны на вучняў 8-га класа агульнай сярэдняй установы адукацыі з рускай і беларускай мовамі навучання.
Падрыхтоўчая работа настаўніка: была абрана тэма для метадычнай распрацоўкі ўрока, прааналізавана адпаведная літаратура па тэме, вызначаны асноўныя этапы работы над метадычнай распрацоўкай, праведзены адбор метадаў і прыёмаў і распрацоўка відаў і формаў дзейнасці вучняў.
Падрыхтоўчая работа вучняў. Якасная падрыхтоўка дамашняга задання па папярэдняй тэме. Адзначанае дамашняе заданне спрыяла падрыхтоўцы вучняў да ўспрымання новай тэмы: удасканаленне навыку выразнага чытання, уменне аналізаваць змест паэтычных твораў і ролю сродкаў мастацкай выразнасці ў стварэнні паэтычных вобразаў. Была праведзена работа з літаратурай на тэму “Жыццё і творчасць Максіма Багдановіча”, адабраны неабходны матэрыял для выступлення. Было распрацавана эстэтычнае і змястоўнае афармленне таймлайну для нагляднасці на дошцы.
Мэты:
– пашырыць уяўленне вучняў пра жанры лірычных твораў і пазнаёміць з такім жанрам, як раманс;
– даведацца пра гісторыю напісання твора, паназіраць за рухам перажыванняў лірычнага героя, вызначыць ролю сродкаў мастацкай выразнасці ў раскрыцці пачуццяў лірычнага героя;
– выхоўваць у вучняў культуру ўзаемаадносін.
Абсталяванне і матэрыялы: вучэбны дапаможнік па літаратуры для 8-га класа, раздаткі з заданнямі “Лірычныя жанры”, раздаткі “Партрэт М.Багдановіча”, прэзентацыя, інфаграфіка “Голасам душы і сэрца”, таймлайн “Жыццё і творчасць Максіма Багдановіча”, карткі для рэфлексіі.
Тып урока: вывучэнне новай тэмы ў межах вывучэння лірычных твораў.
А.Юшкевіч. Інтымная лірыка. Максім Багдановіч. Раманс (“Зорка Венера”)
Ход урока
1 Арганізацыйны момант. Вітанне
– Добры дзень! У Яўгеніі Янішчыц ёсць такія радкі:
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Сто дарог за маімі плячыма.
Пачынаецца ўсё з любві,
А інакш і жыць немагчыма.
– Гэтыя словы вельмі добра падыходзяць да тэмы сённяшняга ўрока, яны будуць суправаджаць нашыя думкі і развагі, якімі мы сёння падзелімся адно з адным.
2 Праверка дамашняга задання
– Пачнем з праверкі дамашняга задання. Дома вам неабходна было выканаць заданне № 7 на с. 76 вучэбнага дапаможніка.
– У чым была сутнасць задання? (Адказы вучняў)
Верш М.Танка “Я спытаў чалавека…” выводзіцца на слайд без апошняга радка.
Вучні агучваюць свае ўласныя варыянты апошняга радка верша М.Танка “Я спытаў чалавека…”
На слайд выводзіцца і апошні арыгінальны радок верша.
3 Мэтаматывацыйны этап
– Як вы думаеце, з якім прыгожым пачуццём вельмі цесна звязана пачуццё вернасці, пра якое сказаў нам М.Танк у сваім вершы? (Каханне).
– Малайцы! Сёння мы пазнаёмімся з лірычным творам, які тэматычна адносіцца да інтымнай лірыкі.
– Пазнаёмімся з такім жанрам, як раманс.
– Даведаемся пра гісторыю стварэння твора.
– Паслухаем уласна лірычны твор.
– Паназіраем за рухам перажыванняў лірычнага героя.
– Вызначым ролю сродкаў мастацкай выразнасці ў раскрыцці самых патаемных чалавечых пачуццяў і перажыванняў.
4 Актуалізацыя ведаў і ўменняў
– Успомніце, з якімі відамі лірыкі вы пазнаёміліся на папярэдніх уроках? (Грамадзянская і філасофская лірыка)
Заданне (выконваецца ў парах):
– Размяркуйце прыклады вершаў і імёны аўтараў, якім яны належаць.
На кожнай парце ёсць раздрукоўка з заданнем – табліцай + словы для даведкі. Таксама на некаторых партах ёсць раздрукоўкі з магнітамі, на іх надрукаваны словы для даведкі вялікім шрыфтам. Пасля работы ў парах вучні робяць агульную табліцу на дошцы. Пасля запаўнення гэтай табліцы выкананае заданне звяраецца са слайдам-інфаграфікай “Голасам душы і сэрца”.
Лірычныя жанры
Словы для даведкі: Янка Купала, Максім Багдановіч, Уладзімір Караткевіч, Максім Танк, Генадзь Пашкоў, Анатоль Вярцінскі;
“Спадчына”, “Слуцкія ткачыхі”, “Беларуская песня”, “Шчасце”, “Пазвоніць аднойчы вясна…”, “Жыццё даецца, каб жыццё тварыць…”
5 Вывучэнне новай тэмы
– Пазначце, калі ласка, у сшытках па літаратуры дату і тэму ўрока: Інтымная лірыка. Максім Багдановіч. Раманс (“Зорка Венера”)
5.1 Слова пра аўтара
– Традыцыйна перад тым, як знаёміцца з творам, мы знаёмімся з асобай аўтара. З асобай Максіма Багдановіча, з яго творамі, мы ўжо сустракаліся і ў гэтым навучальным годзе. У табліцы мы гэта ўзгадалі.
Але пра Максіма Багдановіча можна гаварыць бясконца. Слова даецца Арыяне, якая падрыхтавала для нас таймлайн і раскажа пра асноўныя і самыя цікавыя моманты з жыцця і творчасці паэта (Выступленне вучаніцы).
Фізкультхвілінка
– Дзякуй вялікі за цікавы і змястоўны аповед пра аўтара.
– Скажыце, калі ласка, якія моманты жыцця і творчасці аўтара вам запомніліся, зацікавілі вас? (Адказы вучняў)
5.2 Знаёмства з жанрам раманс і творам М.Багдановіча
Праца з падручнікам (с. 76). Дыялог настаўніка з вучнямі.
– Што перадае інтымная лірыка? (Адценні кахання)
– Назавіце асноўныя адметнасці інтымнай лірыкі (Асаблівая меладычнасць, мяккае і задушэўнае гучанне, спавядальная інтанацыя).
– Якую ролю адыгрывае інтымная лірыка ў станаўленні і развіцці чалавека як асобы? (Робіць нас лепшымі, больш чулымі і шчырымі).
– Як вы думаеце, дзе мы можам сустрэцца з такім паняццем, як раманс? (Адказы вучняў)
– Так, у музыцы і ў паэзіі.
Інфармацыя на слайдзе
У музыцы: невялікі вакальны твор для голасу з інструментальным суправаджэннем.
У паэзіі: невялікі лірычны верш напеўнага характару пра каханне.
Першаснае выразнае чытанне твора на памяць настаўнікам.
Слова настаўніка:
– У гэтым рамансе прысутнічае неба з планетай Венерай – зоркай закаханых. Гэта шчыры маналог лірычнага героя да дзяўчыны, у якую ён закаханы. І ў гэтым маналогу ён заяўляе аб тым, што “расстацца нам час”. Хто ж натхніў М.Багдановіча на напісанне гэтага верша? Даследчыкі лічаць, што музай паслужыла Ганна Какуева, сястра яго аднакласніка, таленавітая піяністка (звярнуцца да партрэта на дошцы). Іх ядналі духоўныя інтарэсы, захапленне літаратурай і музыкай. Ганна была натурай тонкай, далікатнай, як і сам паэт. Іх дарогам было не суджана сысціся.
5.3 Аналіз вобразаў і малюнкаў у рамансе
Праца з інфармацыяй на слайдзе.
Вучням у форме табліцы прапануюцца асноўныя вобразы і малюнкі з твора. Ім неабходна запоўніць графу “Уражанні” (даць уласнае тлумачэнне вобразам і малюнкам; у вучняў можа атрымацца іншае тлумачэнне, адрознае ад прапанаванага ў табліцы). Вучні працуюць у парах.
Вучні агучваюць запоўненую табліцу.
5.4 Аналіз сродкаў мастацкай выразнасці ў творы
– Вартасць лірычнага твора заключаецца не толькі ў яго тэматычнай прыналежнасці, у багацці вобразаў і малюнкаў, створаных паэтам, але і ў разнастайнасці і арыгінальнасці сродкаў мастацкай выразнасці, якімі карыстаецца аўтар. Давайце ўзгадаем, якія сродкі мастацкай выразнасці знаёмыя вам (Адказы вучняў).
– Што мы называем эпітэтам? (Адказы вучняў)
– У чым адметнасць метафары? (Адказы вучняў)
– Аналізуючы твор М.Багдановіча, нам неабходна знайсці ў творы прыклады эпітэтаў і метафар (самастойнае выкананне).
Вучні агучваюць свае прыклады эпітэтаў і метафар, пасля калектыўнага абмеркавання адказы вучняў параўноўваюцца з “воблакам слоў” на слайдзе.
5.5 Вобраз лірычнага героя, аналіз. Малюем словамі
Вучні аб’ядноўваюцца ў групы па чатыры чалавекі. Кожная група мае партрэт-раздатку М.Багдановіча.
На гэтых раздатках вучні ствараюць слоўны партрэт лірычнага героя. Выкарыстоўваюцца пытанні-падказкі настаўніка:
– Як вы думаеце, як выглядае лірычны герой гэтага твора? (Апісанне знешнасці)
– Як лірычны герой адносіцца да каханай дзяўчыны?
– Якія рысы характару ўласцівы лірычнаму герою?
– Як вы думаеце, ці можна атаясамліваць лірычнага героя і аўтара твора, з якім мы сёння знаёмімся?
6 Замацаванне вывучанага
– Сфармулюйце галоўную думку верша, выкарыстоўваючы радкі з твора (Адказы вучняў).
– Гэты верш М.Багдановіча пакладзены на музыку і існуе ў песенным выкананні ў рэпертуары многіх спевакоў. Гэты верш часта чытаюць на чытацкіх конкурсах і літаратурных сустрэчах. Ён застаецца модным не толькі для аматараў паэзіі, але і для дылетантаў.
– Адкажыце на праблемнае пытанне: У чым сакрэт папулярнасці гэтага твора сёння?
7 Абагульненне і сістэматызацыя вывучанага
– Узнавіце радкі верша, якія прапушчаны (работа са слайдам).
8 Дамашняе заданне
Заданне 5 (с. 77).
Вывучыць верш на памяць.
9 Падвядзенне вынікаў і выстаўленне адзнак
10 Рэфлексія
Прыём “Падзяка” (калі азначэнне падыходзіць вучням, то яны паднімаюць картку з зоркай)
– Я дзякую тым:
– хто з задавальненнем працаваў на ўроку;
– хто прыйшоў на ўрок з добрым настроем і ў каго ён такім і застаўся;
– хто атрымаў добрую адзнаку на ўроку.