Таццяна ЖЫХАРАВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Ленінскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Краснапольскага раёна
2018–2020 гады ў Беларусі праходзяць пад знакам Года малой радзімы. Малая радзіма мае адметнае значэнне ў лёсе кожнага чалавека. Я лічу, што ў сучасных умовах навучанне і выхаванне грамадзяніна, які ведае гісторыю свайго краю, яго мінулае і сучаснае, з’яўляецца прыярытэтным. Чым паўней, глыбей і змястоўней будуць веды навучэнцаў пра родны край і яго людзей, тым больш дзейнаснымі будуць яны ў выхаванні любові да роднай прыроды, павагі да традыцый свайго народа, сваіх землякоў.
Вялікую ролю ў выхаванні і адукацыі школьнікаў адыгрывае школьнае краязнаўства. На працягу некалькіх год мы разам з вучнямі займаемся зборам краязнаўчага матэрыялу, звязанага з дзейнасцю жыхароў нашай мясцовасці, здабываем звесткі пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, сустракаемся са старажыламі нашых вёсак, узнаўляем тапанімічныя звесткі пра знікаючыя населеныя пункты ці ўрочышчы. Такая краязнаўчая работа дапамагае вучням развіваць назіральнасць, мысленне, навуковую цікаўнасць, пашырае кругагляд і эрудыцыю, далучае да творчай дзейнасці, павышае інтэлектуальны, культурны і маральны узровень асобы, выхоўвае любоў да роднага краю, а праз яго – да Радзімы.
Наша краязнаўчая дзейнасць праходзіць ў некалькі этапаў:
1) вывучэнне мясцовага матэрыялу на ўроках;
2) вывучэнне краязнаўчай літаратуры, у якой разглядаецца гісторыя краю, яго геаграфія;
3) правядзенне школьных экскурсій, паходаў;
4) апрацоўка і афармленне матэрыялаў;
5) выкарыстанне краязнаўчага матэрыялу ў вучэбна-выхаваўчым працэсе.
У сваёй навучальнай практыцы я выкарыстоўваю разнастайныя метады і прыёмы з прымяненнем краязнаўчага матэрыялу:
— моўныя гульні;
— фанетычныя размінкі;
— арфаграфічныя і лексічныя хвілінкі.
Мясцовы матэрыял можна выкарыстоўваць пры правядзенні:
— міні-дыктовак;
— пераказаў;
— водгукаў;
— дыдактычных гульняў;
— фізкультхвілінак.
Выкарыстоўваю такі від працы, як водгукі на вершы пра малую радзіму, аўтарамі якіх з’яўляюцца самі вучні і мясцовыя паэты.
Вывучэнне краязнаўчага матэрыялу адыгрывае вялікую ролю падчас напісання работ даследчага характару. Вучнямі нашай установы быў даследаваны матэрыял фальклорнай накіраванасці і напісана праца “Вусна-паэтычная творчасць нашай мясцовасці”. Для напісання даследчай працы “Малая радзіма Сцяпана Кухарава” вучні 10–11 класаў азнаёміліся з архіўнымі матэрыяламі, што дало магчымасць больш дасканала вывучыць творчасць вядомага земляка-літаратара. Гэтыя даследванні набываюць асаблівую актуальнасць, бо яны прысвечаны Году малой радзімы.
У краязнаўчай дзейнасці вялікае значэнне мае школьны музей, таму што менавіта музей з’яўляецца захавальнікам памяці, а гістарычная памяць вельмі важная і неабходная ва ўсе часы. У нашай навучальнай установе захавальнікам сапраўдных каштоўнасцей стаў этнаграфічны куток, дзе створаны пэўныя ўмовы не толькі для адукацыйнага, але і для выхаваўчага працэсу. Менавіта тут дзеці пазнаюць невядомыя старонкі гісторыі роднага краю. Былы дырэктар школы, настаўнік гісторыі і вядомы краязнаўца, Аляксандр Іванавіч Марзалюк, на працягу ўсёй сваёй педагагічнай дзейнасці збіраў, апрацоўваў і папаўняў музейны фонд цікавымі, падчас зусім раней не вядомымі матэрыяламі і экспанатамі. І вось зараз шматлікія экспанаты этнаграфічнага кутка мы выкарыстоўваем пры правядзенні ўрокаў.
Падчас вывучэння раздзела “Лексіка” ў 5-ым класе значную частку ўрокаў мы праводзім з наведваннем музея. Напярэдадні разгляду тэмы “Устарэлыя словы” дзеці атрымоўваюць заданне: вызначыць лексічнае значэнне слоў верацяно, прасніца, калаўрот, кудзеля, трапло, бёрды, збан, андарак і г.д. Урок праходзіць абавязкова ў музеі. Дзеці дакранаюцца да прылад працы нашых продкаў, адчуваюць цеплыню рук чалавека, які імі карыстаўся, складаюць сказы са словамі (адначасова адбываецца актывізацыя ведаў па тэме “Сказ”). Такая праца садзейнічае паспяховаму засваенню тэарэтычных звестак, фарміраванню арфаграфічных, пунктуацыйных, стылістычных навыкаў і ўменняў вучняў, развіццю іх звязнага маўлення, творчых здольнасцей. Правядзенне такіх урокаў дазваляе ў поўным аб’ёме выкарыстаць этнаграфічны і фальклорны матэрыял, узбагаціць мову вучняў, развіць інтэлект і памяць, рэалізаваць прынцып сувязі з жыццём, сфарміраваць уважлівасць, у больш поўнай ступені рэалізаваць выхаваўчыя мэты ўрока.
Правядзенне такой напружанай і карыснай працы на ўроках беларускай мовы і літаратуры не застаецца незаўважаным і дае свае вынікі. У кастрычніку 2017 года вучаніца 9-га класа Ганна Зайцава стала пераможцам раённага конкурсу рытарычнага майстэрства “Гавары са мной па-беларуску”. Вучань 8-га класа Станіслаў Занудзенка у 2018 годзе прыняў удзел у раённым конкурсе дзіцячай творчасці “Ратавальнікі вачыма дзяцей” у намінацыі “Верш” і быў адзначаны пераможным дыпломам. Вучаніца 5-га класа Паліна Аўсянікава ў 2019 годзе атрымала грамату аддзела па адукацыі, спорце і турызме Краснапольскага райвыканкама за выніковы ўдзел у алімпіядзе па вучэбных прадметах “Беларуская мова і беларуская літаратура”. У 2018 годзе ўжо асабіста я атрымала дыплом I ступені за ўдзел у раённым конкурсе творчых работ, прысвечаных гадавіне Чарнобыльскай трагедыі ў намінацыі “Паэзія”. У красавіку 2019 года прыняла ўдзел у фестывалі педагагічных ідэй “Каб мова родная гучала”. У студзені 2020 года мы ўдзельнічалі ў раённым этапе рэспубліканскага інтэрнэт-конкурсу літаратурных прац “Зямля пад белымі крыламі” у рамках Года малой радзімы ў намінацыіі “Вершаваны твор”. Вучань 9-га класа Станіслаў Занудзенка прадставіў верш “Вёска, о родная вёска!” і атрымаў дыплом I ступені.
Выкарыстанне краязнаўчых матэрыялаў на ўроках беларускай мовы і літаратуры, у пазакласнай дзейнасці па прадмеце якраз і ёсць тое неад’емнае звяно паміж мінулым і будучым, якое забяспечвае выдатную працу ў духоўна-маральным і грамадзянска-патрыятычным выхаванні нашых школьнікаў. Багатыя краязнаўчыя матэрыялы дапамагаюць прывіць навучэнцам цікавасць да моўнага і літаратурнага зместу прадмета, выхаваць у іх пачуццё любові да сваёй малой радзімы – Краснапольшчыны, гонар за яе вялікае гістарычнае мінулае, за таленавітых землякоў.