Ручнік тканы, вышываны. Сцэнарый літаратурна-музычнай забавы для дзяцей старшай групы (5-6 гадоў)

- 9:45ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

У матэрыяле прадстаўлены сцэнарый літаратурна-музычнай забавы для дзяцей старшай групы.

 

 

Вольга ПАЛУХІНА,
музычны кіраўнік,
Галіна ХРЭШЧАНОВІЧ, Алена КАПКОВІЧ,
выхавальнікі дашкольнай адукацыі
ДУА “Дзіцячы сад № 2 г. Дзятлава”,
Гродзенская вобласць

 

Задачы:

– пашыраць уяўленні пра беларускія народныя промыслы (ткацтва, вышыўку), пра прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (вырабы з ільну);
– развіваць чуласць да прыгажосці і выразнасці мовы, уменні выразна выконваць паэтычныя і песенныя творы;
– выхоўваць павагу да гісторыі і культуры сваёй краіны, пазітыўнае стаўленне да музычнага і літаратурнага мастацтва.

Матэрыял: відэапраектар, фотапрэзентацыя аўдыязапісы музычных твораў, чатыры ручнікі, аб’ёмныя кветкі і каласкі для гульні, па дзве лыжкі кожнаму дзіцяці для песні, кветкі і каласкі па колькасці дзяцей для танцавальнай кампазіцыі.

Папярэдняя работа: тэматычныя выставы і бяседы, экскурсія ў гарадскі музей, развучванне песні, вершаў, складанне прыказак, гульняў, танцавальных рухаў.

 

Ход забавы

 

У зале інтэр’ер, упрыгожаны вышыванымі ручнікамі (куток бытавы, куток святочны, Чырвоны кут, куток вясельны).

Гучыць фрагмент песні “Слуцкія ткачыхі….” (муз. У.Мулявіна, сл. М.Багдановіча).

Выходзяць вядучы і дзеці, чытаюць верш А.Пысіна Ручнікі”.

Вышывала маці… У руках,
Як вясёлкі, ніткі мільгацелі.
Клаліся на белых ручніках
Роднай нівы фарбы і адценні.

Расцвіталі ружы і ляны
У непаўторных веснавых узорах.
Упляталіся напевы, сны,
Промні сонца і далёкіх зорак.

Дочкі і сыны ў жыццёвы шлях
Гэты дар-благаславенне бралі;
У партызанскіх баравых лясах
Ручнікі на ранах абгаралі;

Тлелі пад сцягамі і дажджом
На магільным помніку Герою.
Сёння ў хатах многіх над Сажом
Узоры тыя ж зіхацяць зарою.

На далёкім полі цаліны
Выцірае хлопец твар спацелы,
За паўсвету ў свет,
За край лясны
Ручнікі, як птахі, заляцелі.

Крылы ільняныя… Ручнікі…
Ружы незавялыя і краскі…
Прыкладзешся вільгаццю шчакі,
Быццам матчыну пачуеш ласку.

 

Вядучы. Ручнікі, у залежнасці ад прызначэння, бываюць розныя.

Дзіця 1 (паказвае на бытавы куток). Бытавыя ручнікі – гэта ручнікі, якімі выціралі твар, рукі, ручнікамі выціралі посуд, у ручніках пераносілі гліняны посуд з ежай.

Дзіця 2 (паказвае на вясельны куток). Вясельны ручнік – у час вяселля юнак і дзяўчына станавіліся на гэты ручнік, каб іх жыццё было шчаслівым і доўгім.

Дзіця 3 (паказвае на Чырвоны кут). Абразныя ручнікі – гэта ручнікі, якімі ў доме ўпрыгожвалі абразы.

Дзіця 4 (паказвае на святочны куток). Святочныя ручнікі – для гасцей, якія прыходзілі ў дом.

Вядучы. Вось і ў нас сёння ёсць усе ручнікі. А як рабілі гэтыя ручнікі?

Дзеці. Іх ткалі з ільну, потым на іх вышывалі розныя арнаменты і ўзоры.

 

Карагодная гульня “Святочны ручнік”

Гучыць ціхая музыка, дзеці стаяць у крузе, перадаюць адно аднаму складзены ручнік і гавораць словы:

Ручнік тканы, вышываны,
Ручнік тканы, вышываны.
З ільну тканы, кветкамі вышываны.
Наш ручнік для гасцей.
Будзе ўсім весялей!
Хто ручнік бярэ, да гасцей ідзе.

Дзіця (з ручніком ідзе ў круг і гаворыць): “Мы гасцей вітаем, усім дабра жадаем”

Вядучы. Па адметным, своеасаблівым узоры на ручніку можна не толькі пазнаць сваю Радзіму, але і зазірнуць у гісторыю роднага краю. Калі прачытаць узоры, можна даведацца, пра што марылі і чаго жадалі майстрыхі тым, для каго ткалі ды вышывалі ручнікі. Узоры на ручніках – гэта пажаданні, знакі, сімвалы краіны і прыроды. Арнамент – гэта кніга народнай мудрасці, гэта просьбы, мары, надзеі, добрыя пажаданні родным і блізкім. У кожным вытканым сантыметры тканіны, у кожным шыўку ўзору быў заключаны глыбокі сэнс. Арнамент дазваляў беларусам адметна выдзяляцца сярод іншых народаў.

 

Паведамленне “Назавём сімвал”

На экране – выявы сімвалаў беларускага арнаменту, дзеці паказваюць на экран і называюць сімвалы.

Вядучы. У беларускай народнай творчасці існуе шмат прыказак і прымавак. Мы вам прапануем паслухаць нашы аўтарскія прыказкі пра ручнік.

 

Моўная хвілінка “Прыказкі пра ручнік”

Дзеці расказваюць прыказкі.

– Ручніком гасцей сустракаць – дабра гасцям жадаць.
– Як ёсць ручнік у хаце, будзе дабрабыт і багацце!
– Калі ёсць лён, лянок, будзе прыгожы ручнічок.
– Ручнік, соль, каравай – гасцінны беларускі край!
– Як гасцей правядуць, ручнік у камод кладуць.

 

Гульня-дыялог “Упрыгожым ручнік”

Дзеці дзеляцца на дзве падгрупы і становяцца адна насупраць другой. У адной падгрупе дзіця трымае складзены ручнік.

Дзеці (1): Вы працавалі?

Дзеці (2): Працавалі.

Дзеці (1): Ручнік ткалі?

Дзеці (2): Ручнік ткалі.

Дзеці (1): Развярніце, пакажыце.

Дзеці (2): Калі ласка, паглядзіце! (Дзеці разварочваюць ручнік на ўсю даўжыню, і ўсе разам яго трымаюць).

Дзеці (1): Упрыгожым яго з вамі васількамі, каласкамі. (Дзеці раскладваюць кветкі і каласкі на ручнік).

Усе разам: Наш ручнік прыгожы стаў, усіх сяброў да нас сабраў.

Дзеці мяняюцца месцамі, гульня паўтараецца.

 

Вядучы. А зараз з вамі пачастуем гасцей смачнымі стравамі, пра якія паспяваем у песні.

 

Песня з лыжкамі “Ладачкі” (аўтар А.Дрык)

 

Дзеці чытаюць верш А.Дзеружынскага “Наш беларускі ручнік”

3 каласоў жытнёвых ён сатканы,
Наш ручнік, наш беларускі ўзор,
Васільком, пралескай вышываны,
Хвалямі блакітнымі азёр.

Наш ручнік, як золата, свяціцца,
Кветкамі вясновымі цвіце
І ў прасторных хатах, у святліцах
На вяселлі радуе гасцей.
Быццам веюць ветрыкам дубровы
І прыемнай свежасцю сады,
І пад лёгкі шолах ручніковы
Песні, пацалункі маладых.
Зіхаціць ручнік наш саматканы,
Родны беларускі наш узор,
І глядзіш, глядзіш зачараваны
На дзівосны, казачны ўбор.

 

Танцавальная кампазіцыя з ручнікамі, васількамі, каласкамі пад песню “Гэта Беларусь мая” (аўтар А.Кунец)

 

Вядучы. Існуе некалькі тлумачэнняў, чаму нашу Радзіму называюць Белай Руссю. Паслухайце.

Дзіця 1. Наша зямля называецца Белая Русь, бо яна мірная, а значыць белая, чыстая, вольная, незалежная.

Дзіця 2. Наша зямля называецца Белая Русь ад белага льнянога адзення і светлых валасоў беларусаў.

Дзіця 3. Наша зямля называецца Белая Русь ад ручнікоў, разасланых па берагах рэчак і азёр, якія ад сонца і вады становяцца белымі.

Вядучы. Ручнік – найкаштоўнейшы здабытак беларускай культуры і мастацтва. Ён суправаджае чалавека на працягу жыцця. Пра ручнік паэты і пісьменнікі складалі песні, вершы, мастакі малявалі карціны, у музеях афармляюць выставы. А сёння беларускаму ручніку прысвечана наша забава.

Дзіця 1:

Ручнік. Традыцыі. Радзіма. Свята.
Сям’я. Усмешкі. Мама. Тата.

Дзіця 2:

Ручнік. Гісторыя. Лён. Родны край.
Пашана. Згода. Мір. Каравай.

Дзіця 3:

Ручнік. Мінулае. Льняныя крылы.
Сучаснае і будучыня нашай краіны.

 

Вядучы: Мы рады, калі, наша свята было цікавым. Да новых сустрэч.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий