Падарожжа па родным аграгарадку Дубна. Занятак па адукацыйнай галіне “Дзіця і грамадства” для выхаванцаў старшага дашкольнага ўзросту

- 9:02ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Сцэнарый занятку для дзяцей старшай групы па адукацыйнай галіне “Дзіця і грамадства”. Матэрыял можна адаптаваць пад любы горад, вёску.

 

Таццяна ПАЎЛЮЧУК,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дубненскі дзіцячы сад”
Мастоўскага раёна,
Магілёўская вобласць

 

Праграмныя задачы:

– пашырыць уяўленні пра родны аграгарадок, яго славутасці;
– замацаваць уменне называць дамашні адрас, назву вуліцы;
– развіваць пазнаваўчыя працэсы, увагу, маўленне, дробную маторыку;
– выхоўваць гонар за свой аграгарадок, славутых жыхароў аграгарадка, патрыятызм.

Абсталяванне: лялька Ганначка-беларусачка, выстава малюнкаў “Вуліцы аграгарадка”, канверты (у канвертах паштоўкі з разразнымі фотаздымкамі будынкаў агр. Дубна), мяч, карцінкі – ілюстрацыі беларускіх народных казак, праектар, экран для мультымедыйнай прэзентацыі, музычнае суправаджэнне, прэзентацыя “Мой аграгарадок Дубна”.

Прэзентацыя: https://docs.google.com/presentation/d/1RmATbINs0VJJ-Df3c9EargNVUJutde_u/edit?usp=share_link&ouid=118248151997275522254&rtpof=true&sd=true

Папярэдняя работа: гутарка “Аграгарадок Дубна”, чытанне беларускіх народных казак, развучванне вершаў пра родны край, падрыхтоўка паведамленняў, экскурсія па аграгарадку, маляванне на тэму “Вуліцы аграгарадка”, дыдактычная гульня “Мой адрас”, разгляданне альбома “Мая малая радзіма” (матэрыялы пра славутасці агр. Дубна).

Метадычныя прыёмы: пытанні рознага тыпу, удакладненні, паведамленні дзяцей, паўторы слоў дзецьмі, выкарыстанне гульнявых момантаў – дыдактычныя гульні, рухомая гульня; тлумачэнне, высновы.

 

Ход занятку

 

Выхавальнік:

Добры дзень, мае сябры!
Рада бачыць вас заўжды!
Устала сонца над зямлёй, (падымаюць рукі, цягнуцца да сонейка)
У небе хмаркі ні адной, (махаюць рукамі, малюючы хмаркі)

З добрым ранкам, родны край –
Мая дубненская зямля, (бяруцца за рукі і ўсміхаюцца адно аднаму)
Дзе жыву шчасліва я.

 

Сёння да нас завітала дзяўчынка Ганначка (лялька ў касцюме дзяўчынкі-беларусачкі). Яна прыехала з горада і хоча пазнаёміцца з нашым аграгарадком.

– Дзеці, а як называецца аграгарадок, дзе мы з вамі жывём?
– У якой рэспубліцы ён знаходзіцца? (Адказы дзяцей)
– Адкажыце, што мы з вамі называем родным краем? (Адказы дзяцей)
– У кожнага чалавека ёсць вялікая і малая радзіма. Вялікая Радзіма – гэта наша краіна. А як яна называецца? (Беларусь).

Сёння я запрашаю вас у цікавае падарожжа па Дубна, падчас якога мы пазнаёмім Ганначку з будынкамі нашай мясцовасці.

Малая радзіма – гэта той куток Беларусі, дзе вы нарадзіліся, дзе жывуць вашыя бацькі і сябры, дзе знаходзіцца наш дзіцячы сад. Аграгарадок Дубна і ёсць малая радзіма, маленькая частачка нашай Беларусі.

Рабяты, паглядзіце ўважліва на экран. Я вам буду паказваць вядомыя будынкі нашага аграгарадка, дзе вы часта бываеце, дзе бываюць або працуюць вашы бацькі. Вы павінны пазнаць гэты будынак і сказаць, што ў ім знаходзіцца.

 

Слайд 1 (агр. Дубна)

Дзіця 1: Калі ехаць па трасе Скідзель – Слонім, то ў дзесяці кіламетрах ад г. Масты ўбачыш указальнік “Дубна”. Звернеш з трасы, і праз два кіламетры перад табой раскінецца прыгожая сучасная вёска. У 2006 годзе вёска перайменавана ў аграгарадок. З’явілася новае жыллё – цэлая вуліца Сонечная, добраўпарадкаваны вуліцы. Абнавіліся школа, дзіцячы сад, бальніца, магазін, аптэка. Вёска не ўступае гораду.

Размешчана вёска на правым беразе Нёмана, у адным з жывапісных месцаў Мастоўскага раёна.

 

Слайд № 2 (помнік воінам-землякам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны)

Дзіця 2: У цэнтры Дубна знаходзіцца помнік землякам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Кожны год жыхары аграгарадка ад малога да вялікага збіраюцца, каб ушанаваць памяць пра загінуўшых.

 

Слайд № 3 (бібліятэка)

Выхавальнік: Навошта нам у вёсцы патрэбна бібліятэка? (Адказы выхаванцаў)

Дзіця 3: У бібліятэцы захоўваюцца кнігі. Кожны чалавек можа прыйсці ў бібліятэку, узяць любую кнігу, часопіс і пачытаць дома, потым вярнуць назад. Наша Ганначка вельмі любіць казкі. Давайце пагуляем з ёй у гульню “Даведайся па малюнку назву беларускай народнай казкі”

 

Дыдактычная гульня “Даведайся па малюнку назву беларускай народнай казкі”

Выхавальнік паказвае карцінку – ілюстрацыю да беларускай народнай казкі, дзеці называюць казку. (“Пра быка і яго сяброў”, “Жаронцы”, “Не сілай, а розумам”, “Лёгкі хлеб”, “Як кот звяроў напалохаў”, “Верабей і Мыш”, “Гарошак”.

 

Слайд № 4 (бальніца)

Выхавальнік: Для чаго нам у вёсцы патрэбна бальніца? (Адказы выхаванцаў)

 

Слайд № 5 (царква)

Дзіця 4: А галоўнай славутасцю нашай вёскі з’яўляецца царква – Храм Святога Міколы, якая была пабудавана ў 1844 годзе і з’яўляецца гістарычным і архітэктурным помнікам.

Згодна легендзе царква была пабудавана італьянскім архітэктарам у в.Дубна памылкова. Праект быў створаны для горада Дубна, які знаходзіцца ва Украіне. Будаўнікі пераблыталі і ўзвялі храм у вёсачцы Дубна непадалёку ад Мастоў, якая тады налічвала некалькі дзясяткаў двароў.

Кожны год, у чэрвені ў царкве праходзіць богаслужэнне аб загінуўшых, зажыва спаленых жыхарах суседняй вёскі Княжаводцы. У дзень трагедыі мясцовыя жыхары збіраюцца каля брацкай магілы “Смуткуючая маці”. Яны ўскладваюць кветкі, прыносяць дзіцячыя цацкі як напамін пра трагедыю, якая не павінна паўтарыцца.

Выхавальнік: Вы выдатна справіліся з заданнем. А зараз я прапаную вам прагуляцца па нашых вуліцах.

 

Дынамічная паўза (пад музыку)

Мы па вуліцы гуляем (крочым) ,
За прыродай назіраем (павароты галавы направа і ўлева).
Уверх на сонца паглядзелі (глядзім уверх) –
І нас праменьчыкі сагрэлі (рукі ўверх, варушым пальцамі).
Птушкі ў хатцы сядзяць (прыселі),
Птушкі па небе ляцяць (махі рукамі).

Выхавальнік: Стаміліся? Сядайце на лавачку. Скажыце, а якія вуліцы ёсць у нашай мясцовасці? (Адказы дзяцей) А ці добра вы ведаеце назвы вуліц? Вось зараз мы пагуляем у гульню “На якой вуліцы ты жывеш?” і праверым.

 

Гульня з мячыкам “На якой вуліцы ты жывеш?”

Мэта: замацаваць уменне называць правільна вуліцу.

Правілы: Дзеці становяцца ў круг. Выхавальнік па чарзе кідае кожнаму выхаванцу мячык, а ён называе вуліцу, на якой жыве.

(Сонечная, Савецкая, 40 гадоў БССР, Нёманская, Школьная, Кастрычніцкая).

 

Слайд № 6 (пошта)

Выхавальнік: Навошта нам у аграгарадку патрэбна пошта? (Адказы выхаванцаў). Чыя мама працуе на пошце? (Імя дзіцяці). У мяне для вас ёсць паштоўкі. Іх перадала нам мама (Імя дзіцяці). На іх напісаны ваш адрас. Назавіце свой адрас і атрымайце паштоўку.

 

Дыдактычная гульня “Славутасці аграгарадка Дубна”

Мэта: пашырыць уяўленні пра будынкі аграгарадка.

Правілы гульні: Дзеці дзеляцца на групы і атрымліваюць па канверце, дзе ляжаць разрэзаныя карцінкі будынкаў. Кожная група павінна з прапанаваных разрэзаных картак скласці выяву будынка і замацаваць на мальберце.

Выхавальнік: Вы правільна здагадаліся, якія будынкі адлюстраваны на вашых карцінках. Напэўна, вам добра знаёмы гэтыя мясціны.

Дзеці па чарзе выстаўляюць паштоўкі на мальберт і расказваюць пра будынкі аграгарадка Дубна: царква Святога Мікалая Цудатворца, школа, дзіцячы сад, Дом культуры, помнік салдатам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны.

 

Слайд № 7

Выхавальнік: Уважліва паглядзіце на экран. Скажыце, дзе мы апынуліся. (Адказы дзяцей). Правільна, гэта рака Нёман, на яе беразе стаіць ваша вёска.

Дзіця 5:

А калі зара гуляе,
Падымаецца над лесам,
Сонца шчодра абуджае
Цябе, мілы край мой,
І тады паўсюдна гоман
Чую я рытмічны твой.
Адчуваю, што мой Нёман
Пахне ліпай.
Пахне мёдам,
Мятай лугавой.
       (В.Юрэвіч, урывак “Край Мастоўскі”)

Выхавальнік: Паслухаем паведамленні пра раку Нёман нашых маленькіх журналістаў.

Дзіця 6: Галоўная славутасць нашага краю – рака Нёман. Яна то плаўна, то бурліва нясе свае воды з усходу на захад Мастоўшчыны, каб трапіць у Балтыйскае мора. Гэта самая вялікая рака Мастоўскага раёна.

Дзіця 7: Вельмі даўно жылі ў Прынямонні адважныя людзі. Найбольшая слава ішла пра Нёман і яго сяброў. Легенда сведчыць, што імя славутага правадыра і дало назву рацэ.

Выхавальнік: Прыгожая і магутная рака Нёман. Яна спрадвеку карміла і паіла вашых продкаў, выхоўвала дужымі і мужнымі патрыётамі свайго краю.

Нідзе я не бачыла такіх працавітых, вясёлых, шчырых людзей, як на Беларусі. Таго, хто любіць мір, працу і родную зямлю, я заўсёды шчыра вітаю.

 

Слайд № 8 (дзіцячы сад)

Выхавальнік: Так, мы з вамі вярнуліся ў наш любімы дзіцячы сад. Дзеці, вам спадабалася наша падарожжа? Любоў да Радзімы пачынаецца з любові да сваёй малой радзімы – месца, дзе мы нарадзіліся, жывём і ходзім у дзіцячы сад. Але проста любіць родную зямлю недастаткова, неабходна ведаць і паважаць яе гісторыю, культуру, традыцыі, запаведныя куткі, тое, чым славіцца наш аграгарадок.

Ганначка мне сказала, што ёй таксама спадабалася падарожнічаць, бо Дубна – прыгожы, чысты, знакаміты аграгарадок. І яна раскажа пра яго дзецям другіх садкоў, сваім сябрам.

Раскажыце, які цудоўныя будынкі вы бачылі ў час падарожжа па аграгарадку Дубна? Што цікавага вы сёння даведаліся? (Адказы дзяцей)

Багата пра што вы даведаліся, ды толькі ўсё пра адно – пра наш любы край, пра Дубна, пра дабрыню і шчасце.

 

Заключная частка. Рэфлексія

Выхавальнік: Прадоўжыце фразу “Я ганаруся сваёй малой Радзімай, таму што…”. (Адказы дзяцей)

Сёння, вы сваімі ведамі даказалі, што вартыя насіць званне грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

Вялікую зямлю, любую зямлю,
Дзе мы нарадзіліся і жывём,
Мы Радзімай светлай, мы Радзімай мілай,
Мы Радзімай нашай завём.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий