Ніл Гілевіч. “Маці”. Урок беларускай літаратуры ў 7-м класе

- 16:26БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

У метадычнай распрацоўцы аўтар дзеліцца сваім вопытам правядзення ўрока беларускай літаратуры па тэме “Ніл Гілевіч. “Маці” ў 7-м класе. Гэта дазволіць не толькі папоўніць базу метадычных матэрыялаў настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, але і зрабіць іх дзейнасць больш эфектыўнай.

Алена ЮШКЕВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 41 імя А.М.Кузняцова г. Гродна”

 

 

На сучасным этапе развіцця адукацыі перад настаўнікам кожны дзень стаіць дастаткова складаная задача: развіццё пазнавальнай актыўнасці і самастойнасці вучняў. Дзякуючы таму што змест адукацыі змяняецца, з’яўляюцца новыя падыходы да адукацыйнага працэсу, новыя тэхналогіі, настаўнік мае магчымасць якасна змяніць працэс навучання і выхавання.

 

Прапанаваная метадычная распрацоўка мае наступныя мэты:

– абнаўленне і папаўненне базы метадычных матэрыялаў настаўніка беларускай мовы і літаратуры;
– распаўсюджанне ўласнага педагагічнага вопыту, дэманстрацыя прыкладу правядзення ўрока беларускай літаратуры па вывучэнні тэмы “Ніл Гілевіч. “Маці”;

Метадычная распрацоўка вырашае наступныя задачы:

– дэманструе асноўныя метады і прыёмы, якія можна прымяніць пры вывучэнні адзначанай тэмы;
– дэманструе віды і формы дзейнасці, якія накіраваны на рэалізацыю моўнага, маўленчага, камунікатыўнага і лінгвакультуралагічнага аспектаў навучання і выхавання вучняў;
– дапамагае вучням засвоіць асноўны змест урока па заяўленай тэме.

Тэма “Ніл Гілевіч. “Маці” вывучаецца адну гадзіну ў агульнай тэме “Паэзія. Разнастайнасць ідэйна-эстэтычнага пафасу паэтычных твораў” (7-ы клас).

Урок разлічаны на вучняў 7-га класа агульнай сярэдняй установы адукацыі з рускай і беларускай мовамі навучання.

 

Мэта ўрока: паглыбляць веды пра жанравыя асаблівасці лірычнай споведзі (даверлівасць інтанацый, глыбокі лірызм, задушэўнасць); данесці шчырасць і задушэўнасць лірычнага верша-споведзі на прыкладзе паэтычнага прызнання ў любові да маці; развіваць навыкі выразнага чытання, аналізу лірычных твораў; вучыць ствараць невялікія выказванні; выхоўваць паважлівыя адносіны да бацькоў.

Абсталяванне і матэрыялы: вучэбны дапаможнік па беларускай літаратуры для 7-га класа, слайд-прэзентацыя, індывідуальныя рабочыя лісты, раздаткі з тэкстам “Цікавыя факты пра Ніла Гілевіча”, набор ілюстрацый да тэксту “Цікавыя факты пра Ніла Гілевіча”, набор ілюстрацый “Палітра вобразаў і пачуццяў”, індывідуальныя лісткі для рэфлексіі.

Падрыхтоўчая работа настаўніка: была абрана тэма для метадычнай распрацоўкі ўрока, прааналізавана адпаведная літаратура па тэме, вызначаны асноўныя этапы работы над метадычнай распрацоўкай, праведзены адбор метадаў і прыёмаў і распрацоўка відаў і формаў дзейнасці вучняў.

Падрыхтоўчая работа вучняў: якасная падрыхтоўка дамашняга задання па папярэдняй тэме. Вучням неабходна было падрыхтаваць выразнае чытанне верша Еўдакіі Лось “Дзяўчаты мінулай вайны” і скласці сінквейн з ключавым словам “Дзяўчаты мінулай вайны”. Адзначанае дамашняе заданне спрыяла падрыхтоўцы вучняў да ўспрымання новай тэмы: удасканаленне навыку выразнага чытання, уменне аналізаваць змест паэтычных твораў і ролю сродкаў мастацкай выразнасці ў стварэнні паэтычных вобразаў.

Прэзентацыя да ўрока “Ніл Гілевіч. “Маці”. Урок беларускай літаратуры ў 7-м класе”. PDF

 

Ход урока

1 Арганізацыйны момант. Псіхалагічны настрой вучняў на ўрок

НАСТАЎНІК: Добры дзень! Кожны ўрок літаратуры – гэта ўрок маральнасці і дабрыні. На кожным уроку мы стараемся шукаць шлях да сябе, шлях, каб стаць Чалавекам з вялікай літары. А з чаго, на вашу думку, пачынаецца чалавек? (Гучаць адказы і думкі вучняў) А чалавек пачынаецца з таго, што думае не толькі сам пра сябе, але і пра тых, хто вакол яго. Сёння на ўроку мы дакранёмся да творчасці дзіўна таленавітага чалавека.

Але спачатку звернемся да дамашняга задання.

 

2 Праверка дамашняга задання

Выразнае чытанне верша Еўдакіі Лось “Дзяўчаты мінулай вайны” (некалькі вучняў).

Вучні агучваюць складзеныя сінквейны з ключавым словам “Дзяўчаты мінулай вайны” (вучні стыхійна аб’ядноўваюцца ў групы (прыкладна 6 груп), абмяркоўваюць свае работы і выбіраюць самы прыгожы ці крэатыўны сінквейн, агучваюць яго). Настаўнік прапануе ацаніць і яго ўласны сінквейн.

 

3 Мэтаматывацыйны этап

Фармулёўка тэмы ўрока.

 

НАСТАЎНІК: Прапаную звярнуцца да эпіграфа ўрока на рабочых лістах, гэта словы Адама Русака (вучань зачытвае эпіграф):

Я пакланюся маці за рукі,
За чулае сэрца, за тыя вочы,
Якімі я бачу гэты цудоўны свет.

А Рыгор Барадулін выказаў такія шчырыя пачуцці да маці: “І калі б была воля мая на тое – пачаў бы я азбуку менавіта з літары М: як і ўсё на зямлі, усё ў нас пачынаецца з Маці. Усё ад маці, усё з-пад матчынага сэрца…Маці адна, маці незаменная…”

У жыцці маім слова найпершае “маці”,
І цяпер для мяне сама міла гучыць…

Так шчыра і па-сыноўняму пісаў пра сваю маці, Кацярыну Мікалаеўну, Ніл Гілевіч. Маці, па яго ўспамінах, была непісьменная, але “розуму жывога і кемнага”, таму вельмі хацела, каб набылі адукацыю яе сыны і дочкі, і рабіла дзеля гэтага ўсё, што магла. Ёй жа Ніл Сымонавіч прысвяціў верш пад назвай “Маці”, з якім мы сёння і пазнаёмімся.

Агучце, калі ласка, тэму ўрока. Як вы думаеце, якія ўменні вам сёння спатрэбяцца на ўроку? (Адказы вучняў)

 

4 Актуалізацыя ведаў, уменняў і навыкаў

НАСТАЎНІК: Прапаную вам самастойна азнаёміцца з тэкстам “Цікавыя факты пра Ніла Гілевіча”.

На дошцы прадстаўлены асноўныя ілюстрацыі-трыгеры, якія дапамогуць вучням узнавіць прачытаны матэрыял (прымяненне элементаў інфаграфікі).

Цікавыя факты пра Ніла Гілевіча

Нарадзіўся 30 верасня 1931 года ў сям’і Сымона Пятровіча і Кацярыны Міхайлаўны Гілевічаў. Бацькі вырашылі назваць сына Нінелам (гэта значыць “Ленін” наадварот), у будучыні Гілевіч зменіць гэта імя на Ніл.Усяго ў сям’і было васьмёра (дзесяць) дзяцей.

Яго першая прафесія – паштальён. Адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны ён уладкаваўся працаваць паштальёнам у калгасе. Праца, акрамя матэрыяльнай падтрымкі для сям’і, была добрай жыццёвай школай, даючы магчымасць назіраць клопаты, радасці і беды вясковага жыцця.

Першы верш Н.Гілевіча “Яблынька” быў надрукаваны ў 1946 годзе ў часопісе “Бярозка”. Пятнаццацігадовы аўтар расказваў пра салдата, які перад самай вайной пасадзіў дзічку, прышчапіў яе і праз усё ваеннае ліхалецце пранёс надзею на сустрэчу з ёю.

Ніл Гілевіч падрыхтаваў і нават выдаў 23 тамы сваіх твораў. Планавалася выданне яшчэ 7 тамоў, але Ніл Сымонавіч не паспеў…Памёр 29 сакавіка 2016 (84 гады).

Ён вельмі прыгожа апранаўся, у яго была шыкоўная прычоска. Ён быў чалавек высокі і вылучаўся з астатніх. У яго быў цудоўны голас, чытаў свае вершы лепш, чым артыст. Яркі, прыгожы, артыстычны, запамінальны, выключны сатырык. Чалавек жывога гумару, фантан афарызмаў!

 

Фізкультхвілінка

НАСТАЎНІК: У працяг фразы “фантан афарызмаў”. Успамінаю свае студэнцкія гады і тыя лекцыі, на якіх прысутнічаў сам Ніл Гілевіч… (настаўнік распавядае камічны выпадак, дзеліцца сваімі ўласнымі ўспамінамі і плаўна пачынаецца фізкультхвілінка). Пасля дзвюх гадзін лекцыі Ніл Сымонавіч раптоўна спыніўся, акінуў позіркам аўдыторыю і прамовіў: “Давайце трохі з вамі патопчамся! Уставайце!!! Будзеце рабіць тое, што я буду гаварыць і паказваць” (абвесці вачамі, глядзець коса, глядзець скрозь пальцы, бліскаць вачыма, атрасаць рукі, паціраць рукі, сагнуцца ў тры пагібелі, даць задні ход, хадзіць на пальчыках, таптацца на адным месцы, сесці склаўшы рукі). 

 

5 Вывучэнне новай тэмы

Выразнае чытанне верша настаўнікам.

Праверка першаснага ўспрымання.

НАСТАЎНІК: Якім пачуццём прасякнуты верш? (Твор прасякнуты глыбокім пачуццём любові сына да сваёй матулі).

Верш Ніла Гілевіча напісаны ў форме споведзі. Давайце прыгадаем значэнне слова “споведзь”. (Адзін з рэлігійных абрадаў пакаяння, які складаецца з прызнання ў зробленым граху).

У чым спавядаецца ў вершы сын? Чым кранае нас яго споведзь? (Аўтар агучвае адну вельмі важную ісціну – толькі дарослымі мы можам зразумець сваю няўдзячнасць у адносінах да бацькоў).

Паўторнае чытанне верша вучнямі.

Аналітычная гутарка па змесце верша.

НАСТАЎНІК: Вобраз галоўнай гераіні. Што мы даведваемся пра яе жыццё? Намалюйце вобраз словамі, абапіраючыся на змест верша. (Маці аўтара, якой ён прысвячае верш, – увасабленне ўсіх нашых матуль. Яна ўсё жыццё правяла ў вёсцы, нястомная працаўніца, якая праводзіць вялікую частку дня на гародзе, у клопатах па гаспадарцы, рана ўстае, позна лажыцца, яе рукі ў мазалях. Яна ганарыцца і перажывае за свайго сына, яе адзінае жаданне – на “сынка наглядзецца”. Вобраз маці створаны аўтарам з вялікай любоўю і замілаваннем).

Якую ролю маюць шматкроп’і ў канцы кожнай страфы? (Роля шматкроп’яў заключана ў стварэнні своеасаблівай паўзы пры пераходзе ад адной думкі да другой).

Лірычны герой верша стварае палітру пачуццяў, якія звязаны з вобразам яго маці. Да наступных паэтычных вобразаў неабходна падабраць адпаведныя вершаваныя радкі (ілюстрацыі на дошцы).

                                    

Вочы маці – Якімі яны запомніліся аўтару?: “Вясёлымі зоркам ззялі”, “усміхаліся нам, забаўлялі…” (увасабленне чысціні, дабрыні, шчасця, радасці)

Рукі маці – “У працы не зналі прынукі”, “насілі мазалі”, “мілыя рукі” (увасабленне працавітасці, клапатлівасці, пяшчоты)

Сэрца маці – “наш боль быў тваім”, “кропля Радасці…напаўняла цябе, разлівалася морам” (крытэрый дабра, спагадлівасці, любові, справядлівасці, самаахвярнасці, маральнай чысціні).

Аналіз і каментар табліцы на слайдзе.

 

Звярніцеся, калі ласка, да апошняй страфы верша. Зачытайце. Як можна растлумачыць значэнне гэтых радкоў і што хацеў данесці аўтар сваім вершам? (Аўтар з сумам і пэўнай трывогай адзначае, што мы позна пачынаем разумець тую ўвагу, любоў, цеплыню, якую ўсё сваё жыццё атрымліваем ад бацькоў. Аўтар падводзіць нас да думкі, што жыццё кожнага з нас было б значна прыгажэйшым і месцамі лягчэйшым, калі б мы больш прыслухоўваліся да маці. Бо толькі маці любіць нас проста за тое, што мы ёсць).

 

6 Абагульненне і сістэматызацыя вывучанага

Работа ў парах па радах (заданні змешчаны на рабочых лістах вучняў)

1-ы рад: Аднавіце парадак падзей у творы (у кружках пастаўце адпаведныя лічбы).

Ο  Вочы маці – вясёлыя зоркі;
Ο  Напоўненае пяшчотай матчына сэрца;
Ο 
Аповед пра наведванне роднай хаты і сустрэчу з маці;
Ο 
Матчыны рукі, што не ведаюць стомы;
Ο 
Горыч за няўдзячнасць і няўважлівасць да маці;
Ο 
Павага да маці, да яе паўсядзённай працы.

2-і рад: Назавіце сродкі выразнасці, якія выкарыстоўвае аўтар у сваім вершы, прывядзіце прыклады (эпітэты, метафары, звароткі, клічныя сказы, асабовыя займеннікі).

3-і рад: Калі б вам давялося браць інтэрв’ю ў Ніла Гілевіча, якое б пытанне вы яму задалі?

Вучні агучваюць адказы на свае заданні.

 

7 Дамашняе заданне

С. 61–63 – падрыхтаваць выразнае чытанне.

Творчае заданне (адно на выбар): прыгадайце легенды, прысвечаныя маці (адну з іх запішыце) або напісаць невялічкае апавяданне (ці верш) “Самы родны ў свеце чалавек”, прысвечанае сваёй маці.

 

8 Падвядзенне вынікаў. Выстаўленне адзнак

 

9 Рэфлексія

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий