Урок накіраваны на засвойванне вучнямі парадку марфалагічнага разбору дзеепрыметніка, удасканальванне ўмення знаходзіць дзеепрыметнікі і вызначаць іх граматычныя прыметы, правільна ўтвараць і ўжываць дзеепрыметнікі.
Наталля РУБАНІК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Валмянская базавая школа” Дзяржынскага раёна,
Мінская вобласць
Тэма: Марфалагічны разбор дзеепрыметніка.
Мэта: стварыць умовы для фарміравання ключавых кампетэнцый вучняў (камунікатыўнай, вучэбна-пазнавальнай, інфармацыйнай, сацыяльнай) на ўроку беларускай мовы па тэме “Марфалагічны разбор дзеепрыметніка”.
Задачы ўрока:
– дапамагчы засвоіць парадак марфалагічнага разбору дзеепрыметніка;
– садзейнічаць замацаванню тэрміналагічных паняццяў па тэме;
– удасканальваць уменне знаходзіць дзеепрыметнікі і вызначаць іх граматычныя прыметы, правільна ўтвараць і ўжываць дзеепрыметнікі;
– развіваць навуковы стыль маўлення, пашыраць слоўнікавы запас;
– развіваць арфаграфічныя і пунктуацыйныя навыкі вучняў;
– развіваць назіральнасць, мысленне, памяць;
– выхоўваць запатрабаванне ў ацэньванні сваёй дзейнасці;
– выхоўваць культуру маўлення, любоў да слова, роднай мовы;
– выхоўваць павагу, добрыя адносіны адзін да аднаго.
Тып урока: камбінаваны.
Абсталяванне: Валочка, Г.М. Беларуская мова: вучэб. дапам. для 7-га кл. устаноў агульнай сяр. адукацыі з белар. і рус. мовамі навучання. – Мінск, 2020; прэзентацыя, карткі, запісы на дошцы, кластар.
Эпіграф: “Добра таго вучыць, хто хоча ведаць”.
Ход урока
1 Арганізацыйны момант. Стварэнне псіхалагічнага настрою
Пачаць нашу працу на ўроку хочацца з антычнага міфа пра Сізіфа, які цягаў цяжкія камяні на гару, а калі да самай вяршыні заставалася некалькі крокаў, то камень зрываўся і падаў уніз. Сізіфу зноў даводзілася пачынаць усё спачатку. Гэты міф даў назву ўстойліваму спалучэнню “сізіфава праца” – гэта значыць марная праца, якая не мае выніку.
Так і ў нашым жыцці. Каб ваша праца на ўроках не была марная, мела вынікі, то давайце будзем добра працаваць на ўроку, набываць веды, якія спатрэбяцца вам у жыцці.
2 Праверка засваення папярэдняга матэрыялу
1) Праверка дамашняга практыкавання.
Апытанне пра правапіс не (ня), ні з дзеепрыметнікамі.
2) Выкананне пісьмовага задання на картках:
“Карэктар” (выправіць памылкі).
а) У пакоі былі не пабеленыя сцены.
б) Каля дома стаяў нікім незаўважаны чалавек.
в) Гэта было невывучанае, а толькі прачытанае правіла.
г) На лузе трава яшчэ няскошана.
д) Я ўбачыў хлопцаў за скверам, дзе ляжаў не таптаны снег.
Узаемаправерка.
а) У пакоі былі непабеленыя сцены.
б) Каля дома стаяў нікім не заўважаны чалавек.
в) Гэта было не вывучанае, а толькі прачытанае правіла.
г) На лузе трава яшчэ не скошана.
д) Я ўбачыў хлопцаў за скверам, дзе ляжаў нетаптаны снег.
3 Падрыхтоўка вучняў да работы на асноўным этапе. Мэтавызначэнне
Перш чым пачаць знаёмства з новай тэмай, давайце ўспомнім, што вы ведаеце пра дзеепрыметнік. На дошцы вы бачыце кластар, але ў ім дапушчаны памылкі. Знайдзіце іх.
Звярніце ўвагу на тэму нашага ўрока. Як вы думаеце, чаму будзе прысвечаны наш сённяшні ўрок? Як вы думаеце, чым мы будзем займацца? Якія задачы мы паставім сёння перад сабою?
Сапраўды, сёння мы будзем:
– засвойваць парадак марфалагічнага разбору дзеепрыметніка;
– замацоўваць тэрміналагічныя паняцці па тэме;
– удасканальваць уменне знаходзіць дзеепрыметнікі і вызначаць іх граматычныя прыметы, правільна ўтвараць і ўжываць дзеепрыметнікі.
4 Этап засваення новых ведаў і спосабаў дзейнасці
1) Звярніце ўвагу на парадак разбору дзеепрыметніка.
Праца па апорнай схеме. Гутарка па кожным азначэнні:
І. Часціна мовы. Агульнае значэнне.
ІІ. Марфалагічныя прыметы.
1. Пачатковая форма (назоўны склон, адзіночны лік, мужчынскі род).
2. Стан (залежны/ незалежны).
3. Час (цяперашні/ прошлы).
4. Трыванне (закончанае/ незакончанае).
5. Поўная/ кароткая форма (для дзеепрыметнікаў залежнага стану).
6. Род.
7. Лік.
8. Склон (для поўнай формы дзеепрыметнікаў).
ІІІ. Сінтаксічная роля.
2) Гутарка па апорнай схеме пісьмовага разбору дзеепрыметніка.
Узор пісьмовага разбору:
Дзе ж вы, мае гаючыя вытокі, дзе песня мая радасная, дзе?
Гаючыя – дзеяслоўная форма – дзеепрым., абазначае прымету паводле дзеяння; п.ф. – гаючы, незал. ст., ц. ч., незак. тр., поўны, мн. л., Н. скл.; уваходзіць у зваротак.
3) Запішыце сказы, расставіўшы знакі прыпынку.
У ціхім возеры адлюстроўваецца грэбень лесу і паэтычна загадкавае неба размаляванае хмарамі.
Многае ў жыцці забыта змецена і змыта.
– Якія знакі прыпынку мы паставілі? Чаму? (Дзеепрыметны зварот, аднародныя азначэнні.)
Зрабіце марфалагічны разбор выдзеленых дзеепрыметнікаў (калектыўны разбор).
5 Этап праверкі разумення вывучанага
1) Работа ў парах. Запішыце, раскрываючы дужкі і ўтвараючы ад дзеясловаў дзеепрыметнікі. Зрабіце марфалагічны разбор дзеепрыметніка з тэксту.
Я іду па старым садзе, (абнесці) густым частаколам, за якім віднеюцца ўжо (пажаўцець) клёны і ліпы. Усё нагадвае мне блізкае, даўно знаёмае. Шырокая вуліца вёскі (апусцець), як бы і жыцця на ёй няма. Але яно ёсць на палях, у садах, у гумнах. Там людзі ўпарадкоўваюць плён сваёй працы. Неўзабаве ж позняя восень, і ўвесь (вырасціць), (сабраць) ураджай павінен быць (давесці) да ладу.
– Да якога стылю адносіцца тэкст?
– Вызначце тып тэксту.
– Якая асноўная думка тэксту?
Фізкультхвілінка
На зарадку ўставайце.
Рукі ўгору падымайце.
Апусціце да плячэй.
Зноў – уверх, уніз хутчэй.
Улева галаву схіліце.
Управа тое ж паўтарыце.
Ды так некалькі разоў
Паўтарайце зноў і зноў.
А цяпер пара сядаць.
Будзем дружна працаваць.
2) Прыём “Белыя плямы” (у марфалагічным разборы ўставіць прапушчаныя характарыстыкі). Работа па варыянтах.
Варыянт 1.
Над гняздом, нібыта ў паклоне, схіліўся наліты жытні колас.
Наліты (колас) – ……….. – дзеепрым., абазначае прымету паводле дзеяння; пач. ф. – наліты; ………, пр.ч.,…………; поўны, у адз.л., ………, Т.скл; ……….
Варыянт 2.
Трапляліся даўнія лесасекі, зарослыя дрэўцамі і маліннікам.
Зарослыя (лесасекі) – дзеяслоўная форма – дзеепрым., ………….; пач. ф. – ………; нез. ст., ………, зак. тр.; у мн.л., Н.скл., ………
Самаправерка.
Над гняздом, нібыта ў паклоне, схіліўся наліты жытні колас.
Наліты (колас) – дзеяслоўная форма – дзеепрым., абазначае прымету паводле дзеяння; пач. ф. – наліты; зал.ст., пр. ч., зак. тр.; поўны, у адз. л., м. р., Т. скл; азначэнне.
Трапляліся даўнія лесасекі, зарослыя дрэўцамі і маліннікам.
Зарослыя (лесасекі) – дзеяслоўная форма – дзеепрым., абазначае прымету паводле дзеяння; пач. ф. – зарослы; нез. ст., пр. ч., зак. тр.; у мн. л., Н. скл., азначэнне.
6 Этап замацавання новых ведаў і спосабаў дзейнасці
Запішыце дзеепрыметнікі, падабраўшы адпаведныя суфіксы.
Разбі..ы, дагледж..ы. засея..ы, паспе..ы, прыбр..ы, пасіве..ы, асветл..ы, загар..ы, прачыт..ы, пачу..ы.
Складзіце з адным дзеепрыметнікам сказ. Зрабіце марфалагічны разбор гэтага дзеепрыметніка (са сказа).
7 Кантрольна-карэкцыйны этап
Альтэрнатыўны тэст (выбраць правільныя сцвярджэнні).
1) Поўныя дзеепрыметнікі скланяюцца так, як і прыметнікі.
2) Дзеепрыметнік мае граматычныя прыметы назоўніка і прыметніка.
3) У сказе дзеепрыметнік называецца дзеепрыметным зваротам.
4) Дзеепрыметнікі ў сказе бываюць залежнага і незалежнага стану.
5) Кароткія дзеепрыметнікі не скланяюцца.
6) У сказе дзеепрыметнік бывае толькі азначэннем.
7) Дзеепрыметнікі маюць прошлы і цяперашні час.
Самаправерка. (1, 4, 5, 7)
– Хто правільна выканаў усе заданні?
– Якія памылкі зрабілі?
8 Рэфлексія
Закончыце выраз:
Дзеепрыметнік абазначае…
Дзеепрыметнік змяняецца…
Дзеепрыметнік у сказе з’яўляецца…
– Якія задачы неабходна было сёння вырашыць на занятках?
– Што ўдалося вырашыць?
– Якія пытанні засталіся?
– Хто задаволены сваёй работай і чаму?
– Хто не задаволены і чаму?
– Якую б адзнаку самі сабе паставілі?
9 Дамашняе заданне. Выстаўленне адзнак
1) С. 100 – кантрольныя пытанні і заданні, практ. 175;
2) Напісаць міні-сачыненне “Мая вёска”, выкарыстоўваючы дзеепрыметнікі, зрабіць марфалагічны разбор аднаго дзеепрыметніка.