Матэрыял накіраваны на фарміраванне асноў нацыянальнай самасвядомасці, пашырэнне і замацаванне ўяўленняў пра родную краіну, сімвалы Беларусі, славутасці сталіцы, беларускія народныя промыслы.
Алена БЕДУГНІС,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Пагародзенскі дзіцячы сад” Воранаўскага раёна,
Гродзенская вобласць
Мэта: выхаванне патрыятычных пачуццяў.
Праграмныя задачы:
– фарміраваць асновы нацыянальнай самасвядомасці, пашырыць і замацаваць уяўленні пра родную краіну, сімвалы Беларусі, славутасці сталіцы, беларускія народныя промыслы; развіваць павагу і цікавасць да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь і нацыянальнай культуры;
– развіваць увагу, памяць, мысленне, уменне дзейнічаць па інструкцыі дарослага;
– выхоўваць любоў да Радзімы, жаданне больш даведацца пра родны край, сяброўскія ўзаемаадносіны.
Матэрыял і абсталяванне: аўдыязапіс песень: “Васільковае поле” А.Ланской, “Мой родны кут” ВІА “Песняры”; канверт, ліст з намаляваным воскам контурам карты Рэспублікі Беларусь; выявы абласцей Рэспублікі Беларусь; магнітная дошка; лісты фармату А3 з выявамі дзяржаўнай сімволікі (сцягам і гербам), карцінкі-налепкі з выявамі прыродных сімвалаў і іншых прадметаў; разразныя выявы славутасцей Мінска; сілуэты хлопчыка і дзяўчынкі, прадметы мужчынскага і жаночага беларускага нацыянальнага адзення, сучаснага адзення; лісты фармату А4 з выявамі майстроў-рамеснікаў, карткі з выявамі вырабаў з саломкі, гліны, дрэва, льну; відэафільм “Краявіды Беларусі”.
Папярэдняя работа: гутарка “Мы – маленькія грамадзяне”, дыдактычная гульня “Сімвалы Беларусі”, медыяпадарожжа па сталіцы Беларусі, прэзентацыя “Народныя рамёствы беларусаў”, загадкі, чытанне мастацкай літаратуры па тэме.
Дадатак: https://disk.yandex.by/d/4rDcXILy3p6DNA
Ход гульні
Пад песню “Васільковае поле” ў выкананні А.Ланской дзеці ўваходзяць у групу.
Выхавальнік. Сёння раніцай каля дзвярэй нашага дзіцячага садка я ўбачыла канверт, на ім напісана “Для дзяцей старшай групы”. Давайце паглядзім, што ж у гэтым канверце? (Выхавальнік адкрывае канверт). Ой, а ліст пусты…, думаю, гэта “сакрэтнае” пісьмо… Навошта нам яго прыслалі? Думаю, нездарма. Магчыма ў гэтым лісце схаваны адказ на гэтае пытанне. І я, здаецца, ведаю як можна яго расшыфраваць!
Нам спатрэбіцца фарба, ёй мы зафарбуем наш ліст і паглядзім, што ж атрымаецца. (Выхавальнік замалёўвае ліст блакітнай фарбай – праяўляецца выява карты Беларусі з контурамі абласцей). На што падобна выява? (Карта Беларусі). Так, гаворка пойдзе пра нашу краіну. Скажыце, калі ласка, як называецца краіна, у якой мы жывём? (Рэспубліка Беларусь.)
Запрашаю стаць удзельнікамі выдатнай квест-гульні. Выканаўшы заданні, вы даведаецеся многа цікавага пра нашу Радзіму.
За кожнае выкананае заданне атрымаеце адну з “абласцей Беларусі”, якую неабходна размясціць на карце. Гатовы? (Так!) Тады ўперад!
Гучыць урывак з песні “Мой родны кут” у выкананні ВІА “Песняры”. На экране дэманструюцца краявіды Беларусі.
Увага, увага! Першае заданне. Мы праслухалі ўрывак з песні “Мой родны кут”. Гэта песня пра нашу Радзіму. Што, на вашу думку, азначае слова “Радзіма”?
Практыкаванне “Радзіма – гэта…”
Выхавальнік дашкольнай адукацыі збірае дзяцей каля стала, на якім размешчаны карткі з выявамі: сям’я, маці з дзіцем, бабуля і дзядуля, прыродны пейзаж, групавая дзіцячага сада, сельскі пейзаж, гарадскі пейзаж, Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь, ручнік, беларускі нацыянальны касцюм, дранікі, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, пагранічнік, Стэла “Мінск – горад-герой”, контур межаў Рэспублікі Беларусь, аўтамабіль МАЗ, конь з саломы, дзеці ў гульні.
Выхавальнік. Разгледзьце карткі ўважліва і выберыце тую, якая, на вашу думку, найбольш адпавядае паняццю “Радзіма”, растлумачце свой выбар і прымацуйце да дошкі.
Дзеці выконваюць заданне.
Выхавальнік. (Абагульняючы, паказвае ўказкай на карткі, прымацаваныя да магнітнай дошкі). Давайце паўторым, што такое Радзіма. Радзіма – значыць родная, як мама і тата. Радзіма – гэта месца, дзе мы нарадзіліся, дзе жывём са сваімі бацькамі, братамі і сёстрамі, дзе жывуць нашы бабулі і дзядулі, сябры. Такой краіны, як наша Беларусь, не знайсці, яна для нас, як мама, адзіная і любімая.
Малайцы! Справіліся з заданнем! Вось вам першая ўзнагарода – выява Брэсцкай вобласці.
Дзеці атрымоўваюць і прымацоўваюць выяву Брэсцкай вобласці да карты Беларусі.
Увага, увага! Другое заданне.
Заданне “Стварэнне плаката “Сімвалы Беларусі”
Выхавальнік падводзіць дзяцей да стала, на якім размешчаны карцінкі-налепкі з выявамі сімвалаў Беларусі і іншымі выявамі. Дзеліць дзяцей на 2 каманды – каманда хлопчыкаў і каманда дзяўчынак. Каманда хлопчыкаў атрымлівае ліст з выявай сцяга Беларусі , а каманда дзяўчынак – з выявай герба Беларусі.
Выхавальнік. Дзеці, уважліва разгледзьце карцінкі-налепкі. Вам заданне: з карцінак выберыце толькі тыя, якія з’яўляюцца сімваламі нашай краіны, і прыляпіце іх побач з гербам/сцягам. Будзьце ўважлівыя. Не ўсе карцінкі з’яўляюцца сімваламі нашай краіны.
Дзеці прымацоўваюць карцінкі на вялікі ліст з выявай сімволікі.
Выхавальнік. Хачу пагаварыць з вамі пра галоўную песню, якая называецца гімн. Ці ведаеце вы, калі гучыць гімн? Магчыма, вы яго ўжо чулі. (Адказы дзяцей).
Усе вельмі важныя і знакавыя падзеі ў краіне пачынаюцца гучаннем гімна. Акрамя таго, кожную раніцу па тэлебачанні пачынаюцца трансляцыя перадач з гімна і заканчваецца тэлевізійны дзень таксама выкананнем гімна. І мы з вамі панядзелак, пачатак нядзелі, пачынаем з праслухоўвання гімна. Гімн трэба слухаць стоячы, выражаючы тым самым павагу і любоў да сваёй краіны. Прапаную вам паслухаць урывак Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Папрашу ўсіх устаць. Стаяць неабходна роўна, не размаўляць, слухаць уважліва.
Гучыць урывак Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.
Выхавальнік. Вельмі ўрачыста і строга прагучаў урывак з галоўнай песні нашай краіны пад назвай…
Дзеці. Гімн.
Выхавальнік. Малайцы, мае здольныя і кемлівыя дзеткі. Заданне выканалі. Атрымайце другую “вобласць” – Гродзенская вобласць. Дзеці прымацоўваюць выяву Гродзенская вобласці да карты Беларусі.
Увага, увага! Трэцяе заданне.
Заданне “Славутасці сталіцы Беларусі”
Выхавальнік размяркоўвае дзяцей парамі. Падводзіць да стала, на якім ляжаць разрэзаныя выявы славутасцей Мінска (плошча Перамогі, Траецкае прадмесце, Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны цырк, Мінскі заапарк, Дзіцячая чыгунка.)
Выхавальнік. Паглядзіце ўважліва на разрэзаныя элементы. Гэта часткі выяў славутасцей горада Мінска. Вам неабходна сабраць выяву і назваць славутасць. Пары выконваюць заданні, а пасля правяраюць сваіх суседзяў (узаемаправерка).
Паглядзіце, колькі прыгожых і цудоўных месцаў знаходзіцца ў нашай сталіцы. Малайцы, мае разумныя і здольныя маленькія грамадзяне! Справіліся з заданнем. Трымайце ўзнагароду – выява Віцебскай вобласці. Дзеці прымацоўваюць выяву Віцебскай вобласці да карты Беларусі.
Увага, увага! Чацвёртае заданне.
Заданне. Рухомая гульня: “Апрані Яніну і Яся ў нацыянальны касцюм”
Выхавальнік. Рабяты, дапамажыце, калі ласка, дзяўчынцы Яніне і хлопчыку Ясю апрануцца ў нацыянальны касцюм.
Дзеці дзеляцца на 2 каманды. На магнітнай дошцы размешчаны выявы хлопчыка Яся і дзяўчынкі Яніны. На століку, размешчанага з другога боку, знаходзяцца выявы прадметаў жаночага і мужчынскага адзення нацыянальнага і сучаснага.
Выхавальнік. Каманда справа ад мяне будзе апранаць хлопчыка, а каманда злева – дзяўчынку. Кожны ўдзельнік каманды выбірае неабходны прадмет адзення, гучна называе яго, тлумачыць свой выбар, бяжыць да дошкі і “апранае героя” з дапамогай магнітаў, а пасля перадае ход наступнаму ўдзельніку.
Вам неабходна выбраць толькі прадметы нацыянальнага касцюма.
Малайцы! Абедзве каманды выканалі правільна і хутка заданне! (Паказваючы на прыбраную дзяўчынку і хлопчыка). Так апраналіся нашыя продкі раней.
За правільна выкананыя заданні – вам яшчэ адна “вобласць” – Гомельская вобласць. Дзеці прымацоўваюць выяву Гомельскай вобласці да карты Беларусі.
Увага, увага! Пятае заданне.
Заданне “Сам сабе майстар”
Дзеці дзеляцца на 4 групы, размяшчаюцца вакол стала. Кожная група атрымоўвае ліст з пустымі акенцамі, размешчанымі вакол народнага майстра, карткі з выявамі вырабаў з саломы, тканіны, гліны, дрэва.
Вам неабходна запоўніць пустыя акенцы ліста вырабамі, якія, на вашу думку, вырабляе народны майстар. Дзеці выконваюць заданне ў групах.
Выхавальнік. Колькі цікавых і незвычайных вырабаў побыту зроблена рукамі майстроў! Беларусы з даўніх часоў былі народам таленавітым, працавітым і заўсёды з павагай ставіліся да рамёстваў.
Мае разумныя і кемлівыя дзеткі, вы зноў справіліся з заданнем! Атрымайце выяву Магілёўскай вобласці. Дзеці прымацоўваюць выяву Магілёўскай вобласці да карты Беларусі.
Увага, увага! Шостае заданне.
Заданне “Перакладчыкі”
Выхавальнік. На якіх мовах размаўляюць жыхары Беларусі? (На беларускай, рускай мовах.) Правільна. Прапаную вам пабыць у ролі перакладчыкаў.
Дзеці дзеляцца на дзве каманды. Каманды становяцца адна супраць другой.
Удзельнікам каманды справа ад мяне неабходна называць беларускае слова. Удзельнікі каманды з левага боку хутка адказваюць, што абазначае гэта слова па-руску, і называюць сваё беларускае слова для перакладу другой камандзе. Звярніце ўвагу, трэба адказваць хутка і правільна.
Малайцы, малайцы! Добра пагулялі і многа новых слоў пазналі!
І на гэты раз вы пастараліся: вось вам узнагарода – выява Мінскай вобласці.
Дзеці атрымоўваюць і прымацоўваюць выяву Мінскай вобласці да карты Беларусі.
Выхавальнік падводзіць дзяцей да складзенай карты Беларусі.
Выхавальнік. Паглядзіце, вы правільна выканалі ўсе заданні і ўвогуле атрымалі карту нашай краіны з яе абласцямі. Давайце назавём, якія вобласці ёсць у Беларусі. (Брэсцкая, Віцебская, Гродзенская, Гомельская, Мінская, Магілёўская).
Малайцы, дзеці! Сёння вы былі стараннымі, актыўнымі, уважлівымі! Я ганаруся маімі маленькімі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь! Выхавальнік падводзіць дзяцей да століка са званочкамі.
Няхай званочак зазвініць у тых, хто спазнаў нешта новае пра нашу Радзіму. Хай званочак зазвініць у таго, каму сёння было цікава гуляць. Што цікавага было для цябе, (імя дзіцяці)? А зараз званочак зазвініць у таго, каму было цяжка выконваць заданні. Што не атрымлівалася ў цябе, (імя дзіцяці)?
Паслухайце мой званочак і што вам хачу сказаць. Вы – маленькія беларусы. Вы можаце зрабіць нашу краіну моцнай і магутнай, калі будзеце любіць сваіх сяброў, сваіх блізкіх, сваю Радзіму. Давайце ўсміхнёмся і скажам разам: “Калі дружба вялікая, то і Радзіма будзе моцная!”