Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 22 імя І.П.Бохана г. Гродна”
Цяжка падлічыць, колькі добрых і славутых імён дала нам магутная беларуская літаратура. Наша зямля шчодрая на пісьменніцкія таленты: Васіль Быкаў, Янка Купала, Максім Багдановіч, Іван Мележ, Максім Танк, Рыгор Барадулін, Якуб Колас і іншыя. У гэтым шматлікім сузор’і асабліва прыкметна вылучаецца сольны голас вялікага сына, натхнёнага песняра, палымянага патрыёта – Якуба Коласа. Няма такой старонкі на ніве прыгожага пісьменства, дзе б не ззяла слаўнае імя духоўнага бацькі, не праявілася б якая-небудзь грань яго таленту. Пра Патрыярха слоўнага мастацтва напісана столькі, што, здаецца, ужо новага і няма чаго сказаць. Але жыццё і дзейнасць гэтага волата – невычарпальныя.
Прайшло шмат гадоў, калі былі напісаны паэмы “Новая зямля”, “Сымон- музыка”, трылогія “На ростанях”, аповесць “Дрыгва”, алегарычныя апавяданні “Казкі жыцця”, багатая палітра зборнікаў паэзіі. Божа, якія літаратурныя здабыткі, якія вяршынныя дасягненні! Гэта – эталон багацця і хараства роднага слова. Чым больш мы чытаем і перачытваем яго шэдэўры, тым больш пісьменнік вырастае ў нашых вачах у святую і недасягальную постаць. Унікальныя творы і сёння хвалююць чытача, бяруць у палон, абуджаюць імкненне да чытання, таму яны жылі, жывуць і будуць жыць у памяці новых і новых пакаленняў.
Чаму так адбываецца? Адкуль такі ўсплёск цікавасці? Магчыма, таму што ў іх гучыць бязмежная любоў да нашай Беларусі, знітаванасць чалавека з роднай зямлёй, з тымі запаветнымі мясцінамі, дзе нарадзіўся, дзе жылі яго продкі, пра вернасць іх традыцыям, звычаям.
“Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы…” Менавіта з такіх шчымліва-журботных, эмацыянальна-пранікнёных, узвышана-прачулых слоў сардэчнага прызнання паэта ў сыноўскай любові да таго незабыўнага ў сваёй някідкай і сціплай прыроднай красе роднага кутка любай зямлі пачынаецца знакамітая паэма – жамчужына мастацкай літаратуры – “Новая зямля”. Гэта буйное ліра-эпічнае палатно стала сапраўднай візітоўкай Якуба Коласа. Менавіта з яго свет даведаўся пра Беларусь і беларусаў.
2023 год – юбілейны для нашай краіны, бо 100 гадоў таму радкі – залацінкі “Новай зямлі” ўпершыню ўбачылі свет. Чытаючы іх, уяўляюцца мілыя мясціны, знаёмыя і дарагія сэрцу вобразы ды імгненні. Бо ў кожнага з нас яны свае. Нагадваецца выказванне Барыса Сачанкі, які праўдзіва гаварыў: “Нішто-нішто не заменіць чалавеку радзімы, таго куточка зямлі, дзе ён вырас, дзе спазнаў першую радасць і першае гора, дзе кожны куточак на полі, кожнае дрэўца, кожная дарожка і сцежачка – не проста курганок, дрэва, дарожка, сцежачка, а яшчэ і ўспаміны…”
Не кожны ведае, што пісалася паэма больш 12 гадоў з перапынкамі. Чараўнік слова і волат думкі пісаў проста, зразумела, захапляюча, як усё роўна дыхаў свежым, гаючым паветрам, седзячы ў мінскім астрозе, у бетоннай камеры. Нягледзячы на тое, што імкліва праляцела цэлае стагоддзе, паэма і сёння не страціла сваёй мастацкай і ідэйнай каштоўнасці.
Варта адзначыць, што ў творы знайшлі адлюстраванне старонкі ўласнай біяграфіі паэта. Жыццёвай першаасновай твора паслужыла гісторыя сям’і яго бацькоў, звязаная са службай Міхала Міцкевіча лесніком у князя, а таксама з купляй уласнай зямлі. Прататыпамі большасці герояў былі рэальныя асобы: бацькі паэта, дзядзька Антось, сам пісьменнік, яго браты і сёстры. Захаваны таксама назвы вёсак, гарадоў, рэк Прынямоння.
Перад вачыма дзевяцікласнікаў ва ўсёй красе паўстаюць звычайныя старонкі штодзённага чалавечага жыцця, дзе свеціцца кожная маленькая драбніца, якая асвечана мілагучнасцю, святлом душы: і тое, як “у дзень святы, яшчэ ад рання блінцы пякліся на сняданне”, і як лес каля леснічоўкі стаяў “пад шнурочак, гожаю падковай”, і як дзядзька Антось выбіраў “на звон, на вобмацак, нібы песню складаў касу” і варыў у бярозавым соку клёцкі, забаўкі і вучоба дзяцей, вясёлыя святы і цяжкая праца хлебароба на зямлі, летні дзень і зімовы вечар, псіхалогія, мова, асаблівасці нацыянальнага характару. Але філасофская ідэя – пошук зямлі і волі – галоўны лейтматыў твора. Адным словам, пісаў ён пра ўсё дарагое і блізкае, з дзяцінства ўведанае-пераўведанае. Таму паэму справядліва называюць панарамнай карцінай, мастацкай энцыклапедыяй жыцця беларускага сялянства канца XIX стагоддзя.
Якуб Колас стварыў выдатную галерэю народных характараў, цікавых і самабытных: Міхал, яго жонка Ганна, іх дзеці, дзядзька Антось. Усе яны верна і горача любяць зямлю, умеюць на ёй гаспадарыць.
Гонар, годнасць, самапавага, адказнае стаўленне да сваіх абавязкаў, патрэба ў харастве, імкненне ісці ў нагу з часам, духоўная незалежнасць, сумленнасць, працавітасць – такія маральныя якасці ўвасоблены ў вобразе цэнтральнага персанажа – Міхала. Служыў ён лесніком, таму ў большасці выпадкаў вучні бачаць яго ў працы, у паўсядзённых праявах. Прага Міхала да набыцця зямлі і вызвалення з паднявольнай службы складае ідэйна-канфліктную аснову паэмы. Зямля ў яго ўяўленні:
То наймацнейшая аснова
І жыцця першая ўмова.
Зямля не зменіць і не здрадзіць,
Зямля паможа і дарадзіць,
Зямля дасць волі, дасць і сілы,
Зямля паслужыць да магілы,
Зямля дзяцей тваіх не кіне,
Зямля – аснова ўсёй Айчыны.
Дзеці ў працэсе самастойнай і калектыўнай працы, праблемнай гутаркі, тэставых адказаў, дыскусійных выказванняў засяроджваюць увагу на тым, што зямля для Міхала – сімвал лепшага жыцця. Мара аб вольнай працы на вольнай зямлі становіцца запаветнай мэтай, не дае яму спакою, таму што ўласная зямля давала не толькі кавалак хлеба, але выступала гарантам годнасці, незалежнасці чалавека ад уладаў, адкрывала магчымасць пастаяць за сябе:
Купіць зямлю, прыдбаць свой кут,
Каб з панскіх выпутацца пут,
І там зажыць сабе нанова:
Свая зямля – вось што аснова!
Але, на жаль, яго мара не здзейснілася. Герой памірае, але верыць, што Антось здольны ажыццявіць яго запавет:
Зямля… зямля… туды, туды, брат,
Будуй яе… ты дай ёй выгляд…
На новы лад, каб жыць нанова…
Вобраз Міхала выхоўвае ў чытачоў патрэбу шанаваць зямлю – аснову дабрабыту сям’і і народа, праслаўляе чалавека і яго працу. Менавіта за тое, так горача палюбіла яго моладзь.
Хараство душы селяніна, адданага сына зямлі, які “цягнуў ярэмца хлебароба” ярка раскрыта ў вобразе дзядзькі Антося. У юнакоў і дзяўчат ён стварае ўмовы для фарміравання захаплення, павагі і сімпатыі; зачароўвае адкрытасцю, шчырасцю, спагадлівасцю, ветлівасцю, дасціпнасцю, гумарам. У жыццёвых нягодах Антось не ачарсцвеў. Яму не суджана было мець уласных дзяцей, таму ўвесь пыл сваёй душы, усю сваю дабрыню, прыродныя бацькоўскія пачуцці ён перанёс на братавых дзяцей – запрашаў з сабой на рыбу, хадзіў у ягады і грыбы, расказваў казкі, чытаў вершы:
Наш дзядзька, мілы наш Антоні,
Ў дзіцячым часта быў палоне;
Вось так гуртом яго абсядуць
І час работы яго крадуць…
Таленавіты самародак меў да дзяцей ласку і падыход, раскрываў перад імі вялікую, поўную загадак і таямніц кнігу прыроды, вучыў жыць у міры і згодзе. Ён – дарадчык, настаўнік і суддзя:
І дзядзька майстар быў на штукі,
І быў механік на ўсе рукі:
І дудку скруціць вам, і стрэлку,
І нарысуе нават елку…
Мама, матуля..! Ёй выказваем сваю ўдзячнасць і нізка схіляем галаву за тое, што падаравала жыццё, атуліла клопатам і бязмежнай любоўю. У паэме Ганна паказана са сваімі радасцямі, хваляваннямі, няшчасцямі. Яна заўсёды за працай, у вясковых клопатах і турботах: добрая, руплівая гаспадыня, сумленная працаўніца, мудрая і ласкавая маці. Ганну трывожыць будучыня дзяцей (чатыры хлопцы, тры дзяўчаці), дабрабыт і ўтульнасць, узаемаразуменне і лад у сям’і:
А дома з дзецьмі была маці.
Яе жаночая работа
І гэта вечная турбота
То каля печы, то на полі…
І ручак некалі злажыць –
Жыццё жаночае такое!
Проста, звычайна, але як сказана!..
У выніку асэнсавання ідэйна-мастацкага аналізу юнакі і дзяўчаты далучаюцца да духоўных скарбаў, адчуваюць самабытнасць культуры беларусаў у сівую даўніну, пашыраюць веды пра асаблівасці народных святаў, выхоўваюць інтарэс да этнаграфіі, гісторыі, фальклору. Асабліва выразна выяўляецца вернасць сям’і лесніка нацыянальным традыцыям у святкаванні Калядаў і Вялікадня.
Вялікдзень у хаце быў святам-фэстам чалавечай душы, калі ўсіх перапаўняе лагоднасць, шчырасць, зычлівасць адзін да аднаго, бескарыслівае жаданне рабіць дабро. Невыпадкова дзеці з ахвотай і стараннем прыбіраюць панадворак, хату, маці з задавальненнем рыхтуе святочны стол. Так і хочацца пакаштаваць народныя далікатэсы, сапраўдную смакату! Чытаеш і не можаш адарвацца ад радкоў, якія падаюцца нам нейкімі блізкімі, роднымі, таму песцяць і лашчаць асаблівай цеплынёй і шчырасцю:
А на стале тым – рай ды годзе,
Што рэдка трапіцца ў народзе;
Ляжала шынка, як кадушка,
Румяна-белая пампушка…
Кілбасы-скруткі, як падковы;
Між сцёган, сала і грудзінак
Красуе ўсмажаны падсвінак…
Гэтыя сціплыя словы вучаць маладое пакаленне радаваць і любіць бацькоў, з павагай адносіцца да сямейнага жыцця; пераконваюць, што дабрабыт і агульная атмасфера ў сям’і залежаць ад кожнага і вызначаюцца намаганнямі ўсіх сямейнікаў.
Чытаючы твор, вучні звяртаюць увагу на тое, што Якуб Колас пяшчотна і страсна любіў прыроду, тонка адчуваў і перадаваў усю яе прыгажосць, паэзію, усе адценні яе хараства ў сваім трапным слове. Праз захапленне роднымі краявідамі героі выяўляюць свае патрыятычныя пачуцці:
Малюнкі родныя і з’явы!
Як вы мне любы, як цікавы!
Сакавітасць і маляўнічасць беларускіх пейзажаў, ад якіх сэрцу радасна і балесна, праходзяць чырвонай ніткай амаль праз усю паэму. Паэт як бы запрашае чытача паглядзець і пачуць тое, што цешыць вока і слых, сагравае душу, супакойвае чалавека, улагоджвае яго. Кожны малюнак у творы мае сваю чароўнасць і непаўторнасць, прываблівае сваім водарам, пераліваецца толькі яму ўласцівымі колерамі: лесніковая пасада, дзе прырода сабрала выключнае багацце красы і разнастайнасць фарбаў, малюнкі восені і зімы, вясны і лета:
Ужо сонца ўгару падхадзіла,
На лісцях роску асушыла;
У небе хмарачкі дзянныя
Плылі, як гускі маладыя…
Вучні вылучаюць найбольш запамінальныя і кранальныя радкі, якія чытаюць з асалодай і хваляваннем. Асабліва падабаюцца эпізоды, прысвечаныя касьбе:
Ідуць касцы, звіняць іх косы,
Вітаюць іх буйныя росы,
А краскі ніжай гнуць галовы,
Пачуўшы косак звон сталёвы.
У прыродзе пануе ўрачыстасць, а таму постаці касцоў нагадваюць казачных асілкаў. “Касцы, ваякі мірнай працы, выходзяць з коскамі на пляцы”. Навучэнцы захапляюцца і прыгажосцю прыроды, і веліччу вяскоўца-працаўніка, якія падаюцца як непадзельнае, вышэйшай красы адзінства.
Такім чынам, паэма “Новая зямля” – памяць неспакойнага сэрца літаратурнага генія, залатога Коласа сучаснікам і нашчадкам. У свае дзівосныя мелодыі яна шчодра ўпляла ўсе гукі роднай старонкі, мудрасць народа, яго сардэчнасць і гуманізм. На небасхіле мастацкага слова паэма будзе ззяць вечна – “то дарунак ад Зямлі і Неба, то бальзам для цела і душы”.