“Люблю мой край, старонку гэту!” Занятак па адукацыйных галінах “Дзіця і грамадства” і “Дзіця і прырода” для дзяцей старшай групы (5–6 год)

- 12:53ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Сцэнарый накіраваны на фарміраванне ў дзяцей такіх важных якасцей, як любоў да роднага краю, Радзімы, гісторыі, павага да людзей іншых нацыянальнасцей.

 

Таццяна ГОЛЬЦАВА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
Алена БУТКЕВІЧ, дырэктар
ДУА “Масалянская пачатковая школа” Бераставіцкага раёна,
Гродзенская вобласць.

 

 

Праграмныя задачы:

– замацаваць уяўленні аб дзяржаўных і прыродных сімвалах Рэспублікі Беларусь, жывёлах і птушках, якія жывуць у беларускіх лясах;
– практыкаваць уменні называць славутасці Беларусі, дрэвы, прадметы адзення, беларускія стравы;
– развіваць зрокавую і слыхавую ўвагу, творчае ўяўленне, памяць, мысленне, беларускае маўленне;
– выхоўваць патрыятычныя, маральныя і эстэтычныя пачуцці, павагу да сімвалаў Беларусі.

Матэрыял і абсталяванне: выявы Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, здымкі славутасцей Беларусі (Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь, Нясвіжскі замак, Палац Незалежнасці, Мірскі замак), страў нацыянальнай кухні (дранікі, кулага, мачанка, клёцкі, наліснікі, лазанкі, халаднік, жур), карткі з выявай звяроў, птушак Беларусі, кліматычных зон, дрэў (елка, сасна, дуб, бяроза, рабіна, клён, ліпа, каштан), муляж бульбы, малюнкі з беларускім адзеннем (кашуля, камізэлька, сукенка, спадніца, капялюш, хустка, фартух); сэрца, зробленае з паперы; магніты, указка, мультымедыйная ўстаноўка, магнітная дошка.

 

Ход занятку

 

Педагог. Добры дзень! Сёння да нас завітаў незвычайны госць – хлопчык, якога завуць Джан Марк, жыве ён у Турцыі, у Стамбуле. Джан Марк добра ведае турэцкую і рускую мову, разумее беларускую, а яшчэ вывучае англійскую мову ў дзіцячым садзе (Дадатак). Хлопчык шмат падарожнічае з бацькамі па іншых краінах, а сёння хоча больш даведацца пра нашу Радзіму.

Спадзяюся, вы таксама любіце вандраваць, таму сёння мы адправімся ў незвычайную вандроўку. Давайце пазнаёмім нашага замежнага госця з краінай, у якой мы жывём. Як яна называецца? (Беларусь). Як называюць жыхароў Беларусі? (Беларусы).

Верш Васіля Жуковіча “Беларус” (чытае адзін з дзяцей)

Белы ручнік мой,
Белы абрус, сам я няцёмны душою.
Хто ў белым свеце я?
Я – беларус, – будзьце знаёмы са мною.

Педагог. А як называецца месца, дзе мы з вамі жывём, наша малая радзіма? (Масаляны). А хто ведае, чаму наша вёска так называецца? (Раней тут жылі князі Масальскія, у іх гонар была названа наша вёска). А я ведаю, што наш замежны госць кожны год прыязджае ў Масаляны, таму што тут жывуць яго бабуля і дзядуля. Хлопчыку тут вельмі падабаецца.

Педагагічны работнік прапануе дзецям звярнуць увагу на дошку.

Назавіце, калі ласка, дзяржаўныя сімвалы нашай краіны.(Сцяг, герб, гімн)

Што такое гімн? (Гэта ўрачыстая песня нашай дзяржавы).

Размяшчае на дошцы выявы герба і сцяга Рэспублікі Беларусь. Дзеці апісваюць, што адлюстравана на іх, тлумачаць сэнс сімвалаў:

Якога колеру наш сцяг?
Што размешчана на гербе Беларусі?

Наш госць хоча даведацца пра славутасці нашай краіны, якія ён можа наведаць у час адпачынку ў Беларусі. Давайце назавём іх (на дошцы размяшчаюцца выявы Мірскага замку, Палаца Незалежнасці, Нацыянальнай бібліятэкі)

А зараз адгадайце, калі ласка, загадку:

3 грывай, а не конь,
3 рагамі, а не бык,
3 барадой, а не казёл.
Гучна-гучна зароў
Цар пушчанскіх звяроў!  (Зубр)

Правільна, зубр – гэта адзін з сімвалаў Беларусі. Джан Марк кажа, што ніколі не чуў пра такога звера, у Турцыі сустракаюцца леапарды, мангусты, чарапахі. (Дзеці расказваюць пра зубра, выхавальнік паказвае яго выяву на экране).

Дзеці, а якія іншыя прыродныя сімвалы Беларусі вы можаце назваць? (Сасна, бусел, лён, васілёк, кветка канюшыны). Малайцы!

Фізкультхвілінка

Куды ні глянь – лясы шумяць,
Цвіце за полем гай.
(Падымаюць рукі, махаюць імі з боку ў бок)
А поле – вокам не абняць.

(Выконваюць павароты ўправа-ўлева)
І гэта ўсё – мой край.

(Нахіляюцца ўправа-ўлева)
Жыве, працуе мой народ

Ці ў снежань, ці ў май,
(Выконваюць прысяданні)
І харашэе з году ў год

Мой родны, вольны край.
(Падскокваюць на месцы)

Гульня “Самы-самы”

Педагог. Сядзьце на дыванок, закрыйце вочы і ўявіце сабе, што мы трапілі ў казачны лес. Там жывуць розныя звяры, уявілі? А цяпер адкажыце па чарзе:

– У каго самыя кароткія ногі?
– У каго самы кароткі хвост?
– У каго самыя доўгія вушы?
– У каго самы доўгі хвост?
– У каго самыя вострыя зубы?
– У каго самыя вострыя іголкі?

Малайцы! Усё ведаеце! Прапаную вам яшчэ крыху пагуляць.

Дыдактычная гульня “Звяры і птушкі нашых лясоў”

На сталах размешчаны карткі з выявамі лесу, лугу, вадаёма. Дзецям неабходна выбраць выявы звяроў, птушак, насякомых нашых лясоў і размясціць іх у тым месцы, дзе яны жывуць. Пасля педагог разам з дзецьмі правярае правільнасць выканання задання, задае пытанні: якога звера ці птушку ты размясціў? Чаму ты не пасяліў у нашым лесе белага мядзведзя?

Педагог. Джан Марк вельмі задаволены, што вы так добра ведаеце сваю Радзіму. Звярніце ўвагу, як апрануты наш госць. Гэта нацыянальнае адзенне рэгіёну Карадэніз, які знаходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы Турцыі.

Давайце замежнаму госцю раскажам пра наша адзенне (дзеці сядаюць за сталы). Але спачатку выканаем пальчыкавую гімнастыку.

 

Пальчыкавая гімнастыка “Сонейка-сонца”

Сонейка-сонца, (пацерці далонь аб далонь)
Залатое донца, (пальцамі адной рукі пагладзіць далонь другой)
Не хавайся ў бары, (пастукаць кулак аб кулак)

А гары, гары, гары! (Выпрастаць пальцы абедзьвюх рук)

 

Практыкаванне “Адгадай адзенне”

Педагог. Перад кожным з вас ляжыць контур пэўнага прадмета беларускага адзення. Неабходна абвесці яго па кропках і назваць (спаднічка, камізэлька, кашуля, сукенка, фартух).

Прыгожае адзенне атрымалася!

Беларусы – вельмі гасцінныя, шчырыя, добрыя і спагадлівыя людзі. Сваіх гасцей любяць частаваць стравамі беларускай кухні. Наш замежны госць Джан Марк таксама любіць беларускія стравы, самыя любімыя – гэта дранікі і беларускі квас. Назавіце іншыя стравы нашай кухні, якія вы ведаеце. Хлопчыку будзе цікава даведацца пра іх.

(Дзеці называюць бабку, кулагу, мачанку, клёцкі, наліснікі, лазанкі, халаднік, жур. Педагог дэманструе на экране адпаведныя выявы).

Педагог. А з чаго гатуюць дранікі? Так, з бульбы (паказвае муляж бульбы). Гэта таксама адзін з сімвалаў Беларусі. Аднойчы Джан Марк нават саджаў бульбу з дзядулем у агародзе!

Стаміліся? Тады я прапаную вам адпачыць у церамку.

Дыдактычная гульня “Церамок” (з элементамі ТРЫЗ)

На падносе размешчаны карткі з рознымі выявамі. Педагог прапануе кожнаму з дзяцей узяць па картцы. Потым гаворыць: “Я – церамок і пушчу вас да сябе жыць, калі кожны назаве, што намалявана на картцы і што агульнае яно мае з Беларуссю”. Напрыклад: “Я – лісцік, я такі ж зялёны, як колер на сцягу Беларусі“,  “Я – кропелька, я такая ж блакітная, як неба Беларусі” і г.д.

Гульня “Блытанка”

Педагог. А зараз будзьце ўважлівымі! Калі я буду блытаць некаторыя факты пра Беларусь, вы мяне папраўце. Добра?

Мы жывём у Расіі.
Усе беларусы размаўляюць на англійскай мове.
На гербе нашай краіны размешчаны васількі.
У нашай краіне не растуць бананы.
Мачанку гатуюць з бульбы.
У лясах Беларусі жывуць белыя мядзведзі.
Палац Незалежнасці знаходзіцца ў Мінску.
Сталіца Беларусі – горад Гродна.

Педагог. Дзеці, на нашым занятку мы шмат гаварылі пра нашу Радзіму. Па ўсім відаць, што вы вельмі яе любіце, і я прапаную вам зараз прызнацца нашай Радзіме ў любві.

Гульня-рэфлексія “Перадай сардэчка – скажы славечка”

Дзеці становяцца ў круг. Перадаючы адно аднаму сэрца, яны падбіраюць эпітэты да слова Радзіма. Напрыклад: шчодрая, мілая, вялікая, светлая, свабодная, працавітая, адзіная, непаўторная, дарагая, любімая.

Педагог. Дзеці, наш госць вельмі дзякуе вам за дакладны і змястоўны аповед пра Беларусь. Цяпер ён ведае шмат цікавага пра нашу краіну, Радзіму яго маці. Джан Марк застаўся б у нас, але ён таксама любіць сваю Радзіму, таму што там жывуць яго бацькі, там яго сябры, там ён нарадзіўся.

Давайце развітаемся і да пабачэння!

 

Дадатак

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий