Свая хатка, як родная матка. Канспект занятку па адукацыйнай галіне“Дзіця і грамадства” для выхаванцаў старшай групы

- 15:06ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Канспект занятку па адукацыйнай галіне“Дзіця і грамадства” для выхаванцаў старшай групы.

 

Таццяна КРЫКАЛА,
выхавальн
iк дашкольнай адукацыi
ДУА “Дзіцячы сад №
 4 г. Ляхавічы”,
Брэсцкая  вобласць

 

 

Тэма: Свая хатка, як родная матка.

 

Праграмныя  задачы: 

фарміраваць уяўленні пра беларускія народныя промыслы, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва;
развіваць цікавасць да роднага краю, беражлівыя адносіны да прадметаў рукатворнага свету;

– выхоўваць цікавасць да гістарычнага мінулага Беларусі, паважлівыя адносіны да гісторыі і культуры сваёй краіны.

Матэрыял і абсталяванне: афармленне для сялянскай хаты, беларускае адзенне, чыгунок, гарох, фасоль, ячныя крупы, вілкі, куфар, гладыш, гляк, збанок, аўдыязапіс беларускай народнай музыкі.

Папярэдняя работа: чытанне твораў на беларускай мове, малых форм фальклору, развучванне гульні “Гарлачык”, чытанне верша “Мы – беларусы” М.Пазнякова.

 

Ход занятку

 

Выхавальнік: Дзеці, сёння нас запрашае да сябе ў госці бабуля Васіліна. Давайце хутчэй збірацца.

(Гучыць беларуская музыка. У сялянскую хату ўваходзяць дзеці, іх сустракае Гаспадыня.)

Дзеці: Добры дзень.

(Да дзяцей выходзіць Гаспадыня ў беларускім нацыянальным строі)

Гаспадыня: Добры дзень, дарагія дзеці! Рада вас сустракаць у сваёй хаце. Адкуль вы да мяне завіталі? У якой краіне вы жывяце?

Дзеці: Мы жывём у Беларусі.

Гаспадыня: Раз вы жывяце ў Беларусі, значыць, вы хто?

Дзеці: Мы беларусы.

Плыве ў блакіце белы бусел,
І луг квяцісты, як абрус.
А мы з табою – беларусы.
Радзіма наша – Беларусь!
                          (М.Пазнякоў)

Гаспадыня: Ну што ж, мае юныя беларусы, запрашаю вас у мінулае нашых дзядуль, бабуль. Заходзьце, калі ласка! Будзьце ласкавы кожнага ў нашай хаце госцем быць. Падыходзьце ўсе бліжэй сюды. Я вас, госцейкі, чакала разам з маім сябрам. Здагадайцеся, хто гэта?

Хто з зялёнымі вачамі
Грозна бліскае начамі?
Мае пухленькія лапкі,
Мае кіпцікі-царапкі?
Спінку пругка выгінае,
Страх на мышак наганяе? (Кот.)

Гаспадыня: Дзеці, вы не бачылі майго ката Васіля? Ён такі свавольнік, любіць хавацца. Давайце яго пашукаем.

(Дзеці шукаюць ката і знаходзяць яго на печы.)

Гаспадыня: Печка цяпло захоўвае, вось кот там і спіць.

Дзеткі, як вы думаеце, што займала галоўнае месца ў хаце? Я вам загадаю загадку.

У хаце стаіць мураванка,
З комінам, але без ганка. (Печка.)

Што вы ведаеце пра печ? З чаго яна зроблена?  (Адказы дзяцей.)

(Выхавальнік знаёміць дзяцей з новым беларускім словам – цэгла.)

Гаспадыня: Дзеці, печ зроблена з цэглы. Зімой на ёй можна грэцца. У печы вараць смачны боршч, кашу, бульбу. Боршч і бульбу гатуюць у чыгунках, а кашу – у гаршчочку. Так, печ у сялянскай хаце займала пачэснае месца. У ёй не толькі варылі, смажылі, штодзённа гатавалі ежу, а на ёй яшчэ і спалі, сушылі вопратку, абутак, ад яе было цёпла ў хаце. Здаўна вядома, што калі чалавек уваходзіў у хату, дзе знаходзіўся хворы, то госць павінен перш за ўсё зірнуць на печ, і хвароба ў такім выпадку да яго не прыстане. На печ казалі: ласкавая матуля, бо ў ёй пяклі хлеб.

Гаспадыня: Ой-ой, дзеці, загаварылася я з вамі і зараз нічога не паспею. Сёння я хацела вас пачаставаць смачнай кашай. Ай-вай-вай. Што ж мне рабіць? Дзе мой чыгунок? А, знайшла. Мой чыгунок моцны, агню не баіцца, таму што кавалі ў кузні адлілі яго з чыгуну.

Гаспадыня: Дзеці, ці ведаеце вы, як варыць кашу? Што для гэтага патрэбна? (Адказы дзяцей.)

Гаспадыня: Вой, парвалася торбачка з крупамі, і яны ўсе змяшаліся. Дзеткі, дапамажыце мне іх перабраць.

Гульня “Крупы рассыпаліся”

(Сабраць асобна гарох, фасоль, ячныя крупы.)

Гаспадыня: Добра, дапамаглі вы мне. Зварым кашу. А каб рукі не апячы, я вазьму вілкі. (Паказвае вілкі, ставіць чыгунок у печ.)

(Дзеці прагаворваюць словы “чыгунок”, “вілкі”.)

Дзеці: Ой, які цікавы посуд стаіць на стале.

Гаспадыня: Гэта посуд з гліны.  Паколькі ў Беларусі гліны было многа, то з яе майстры-ганчары рабілі разнастайны посуд. Ляпілі нават дзіцячыя цацкі: свістулькі, розныя фігуркі людзей, жывёл, птушак для ўпрыгожвання інтэр’еру. Якія вырабы з гліны вы тут бачыце? (Выхавальнік падводзіць дзяцей да палічкі з глінянымі вырабамі. Дзеці адказваюць)

Гаспадыня: Зараз я вас пазнаёмлю з некаторымі назвамі посуду. Вось гладыш (гарлачык). Для чаго ён прызначаецца? (Адказы дзяцей.)

Гаспадыня: Так, у ім можна трымаць малако або квас. Паглядзіце на гэты посуд. Гэта гляк і збанок. Яны вельмі падобныя адзін на другі. Як вы думаеце, а чым яны адрозніваюцца? (Адказы дзяцей.)

Гаспадыня: У збанка горла шырокае, а ў гляка – вузенькае.

(Дзеці паўтараюць словы “гляк”, “збанок”, “гладыш”.)

Гаспадыня: Нешта мы, дзеці, засядзеліся. Запрашаю вас пагуляць у гульню.

 

Гульня “Гарлачык”

Сядайце ў круг – гэта “гарлачык”. Па крузе ходзіць “пакупнік”. Спыніўшыся каля каго-небудзь, “пакупнік” пытае: “Колькі каштуе гарлачык?”

За гарлачык гэты дай
Нам зусім крышачку –
Каб ніколі не хварэць,
Маннай кашы лыжачку.

Пасля гэтых слоў дзіця-“гарлачык” ускоквае і бяжыць па крузе, а “пакупнік” – насустрач. Кожны імкнецца заняць свабоднае месца. Хто спазняецца  – той “пакупнік”.

Гаспадыня: Дзеці, а вы ведаеце, што такое куфар? (Адказы дзяцей.)

Раней ў куфар клалі адзенне, ручнікі. Звычайна ён быў размаляваны яркімі кветкамі, а па краях быў беларускі ўзор.

Загадаю я вам зараз загадкі, а адгадкі знаходзяцца ў маім куфры. (Дзеці паўтараюць слова куфар.)

На двары стаіць зіма.
Гурбы – як ахапкі.
Мерзнуць вушы, мерзне лоб,
Як ідзеш без … (Шапкі)
Бягуць – скрыпяць, стануць – маўчаць. (Боты)
Чатыры вушкі і два брушкі. (Падушка)
Раніцу кожную лашчыць,
сушыць шыю, рукі, твар і вушы. (Ручнік)


Гаспадыня: Дзеці, што я дастала з куфра?

Дзеці: Ручнік.

Гаспадыня: Правільна, па-руску “полотенце”, а па-беларуску – ручнік.

(Дзеці паўтараюць слова “ручнік”.)

Гаспадыня: Ручнік патрэбны для таго, каб выціраць рукі. Гэта доўгая тканіна белага або шэрага колеру, вышытая арнаментам.

(Дзеці разглядваюць арнамент, звяртаюць увагу на колер)

Гаспадыня: Як добра было мне з вамі ў хатцы.

А што вам спадабалася ў маёй беларускай хаце?

Аб якіх цікавых рэчах вы даведаліся сёння? (Адказы дзяцей.)

Гаспадыня: Паслухайце прыказкі пра хату.

Свая хатка, як родная матка.
Слаўна хата не вугламі, а пірагамі.

Лепш нічога няма свайго роднага вугла.

Гаспадыня: Дзеці, а зараз я вас запрашаю пакаштаваць смачную кашу. Ідзіце хутчэй, мыйце рукі і сядайце за стол! Частуйцеся, калі ласка!

 

 Фотаздымкі занятку “Свая хатка, як родная матка”.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий