Назоўнікі 2-га скланення, іх канчаткі. 4-ы клас

- 17:00Методичка, НАЧАЛЬНАЯ ШКОЛА, Начальная школа. Сценарии

Пры планаванні ўрока выкарыстаны краязнаўчы матэрыял, які садзейнічае грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню.

Святлана ЧАКАВАЯ,
настаўнік пачатковых класаў,
ДУА “Бакштаўская сярэдняя школа імя М.М.Чэрнік”
Іўеўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

 

 

Мэты ўрока: мяркуецца, што да канца ўрока вучні будуць:

– ведаць склонавыя канчаткі назоўнікаў 2-га скланення мужчынскага роду ў назоўным, вінавальным і родным склонах;
– умець адрозніваць назоўнікаў 2-га скланення мужчынскага роду ў назоўным, родным і вінавальным склонах.

Задачы асобаснага развіцця: 

– садзейнічаць развіццю ў вучняў навыкаў параўнання і аналізу, самакантролю; 
– фарміраваць пазнавальную цікавасць і развіваць камунікатыўныя кампетэнцыі вучняў.

Выхаваўчыя задачы: ствараць умовы для выхавання ў вучняў пачуцця гонару за Радзіму.

Абсталяванне: мультыборд; мультымедыйная прэзентацыя, музыка для арганізацыйнага моманту (https://disk.yandex.ru/d/TTj8SnjEr1vlcg), ілюстрацыі “Манумент “У гонар чатырох канфесій”, “Музей нацыянальных культур”, “Касцёл Пятра і Паўла”; тэст “Правільнае і няправільнае сцвярджэнне”; ацэначныя лісты; індывідуальныя карткі са словамі.

Месца ўрока: першы ўрок па тэме “Назоўнікі 2-га скланення, іх канчаткі”.

 

Ход урока 

I Арганізацыйна-матывацыйны этап

Псіхалагічны настрой (гучыць музыка).

– Заплюшчыце вочкі і ўявіце сабе яркае, цёплае сонейка. Сонечны прамень напоўніў ваша сэрца цяплом, энергіяй дабрыні, пяшчоты і любові. Дарыце радасць людзям, будзьце самі крыніцай святла, дабра і любові. Я спадзяюся, што і на нашым уроку будзе панаваць атмасфера дабрыні і цяпла.

– А зараз паглядзіце, калі ласка, на экран. Сонца намалявана і на дзяржаўным гербе нашай краіны. Яно – крыніца жыцця. І кожны яго праменьчык нясе цяпло і радасць (Слайд 2).

– Сёння я прапаную вам павандраваць па розных кутках нашай Радзімы: дзіўных мясцінах, дзе шмат цікавага і незвычайнага. Наша Беларусь становіцца з года ў год усё больш і больш прыгожай. У нас чыстыя, цудоўныя гарады і вёскі, у якіх створаны ўсе ўмовы для шчаслівага жыцця.

– Усю сваю дзейнасць на ўроку вы будзеце ацэньваць самі і вынікі заносіць у ацэначны ліст (Дадатак 1).

 

II Актуалізацыя атрыманых раней ведаў

– Паглядзіце, праменьчыкі сонца рассыпаліся па класе. Нам трэба яго сабраць, і яно заззяе яшчэ ярчэй. (На кожным праменьчыку напісана слова).

– Давайце вызначым, да якой часціны мовы адносяцца гэтыя словы? (Назоўнікі.)

– А чаму вы так лічыце? Якую часціну мовы называюць назоўнікам? (Назоўнікі – гэта словы, якія абазначаюць назвы прадметаў, з’яў і адказваюць на пытанні хто? што?)

– На якія тры групы размеркавана большасць назоўнікаў? (У залежнасці ад склонавых канчаткаў большасць назоўнікаў адносіцца да 1-га, 2-га і 3-га скланення.)

– Ваня збірае праменьчыкі з назоўнікамі 1-га скланення, Эвеліна – 2-га скланення, Ніна збірае праменьчыкі з назоўнікамі 3-га скланення.

1                                 2                     3

краіна                      свет                мыш

зорка                       неба                восень

карціна                   герб                 гусь

– Дакажыце, што вы размеркавалі правільна. (Да 1-га скланення адносяцца назоўнікі ж.р. з канчаткамі -а, да 2-га – м.р. з нулявым канчаткам, н.р. з канчаткам -а, да 3-га скланення – назоўнікі ж.р. з нулявым канчаткам.)

– Ацаніце сваю работу (Ацэначны ліст).

Арфаграфічная размінка

– Малайчынкі! А назавіце арфаграмы, якія сустрэліся ў гэтых словах.

– Вы справіліся з заданнем. Звярніце ўвагу, як ярка заззяла сонца! Паглядзіце на экран. Расшыфраваўшы рэбус, вы даведаецеся, які горад у Беларусі самы вялікі.

– Што гэта за горад? (Слайд 3)

– Малайцы. Гэта горад Мінск. Што вы ведаеце пра Мінск? (Сталіца Рэспублікі Беларусь, самы вялікі горад нашай краіны. За ўвесь час існавання Мінска ён згараў дашчэнту 18 разоў і кожны раз дружныя і працавітыя беларусы адбудоўвалі нанова.)

Хвілінка чыстапісання

– Мы будзем працаваць са словам “Мінск”.

– З якой мэтай мы будзем выконваць заданне, для чаго нам патрэбна хвіліна чыстапісання? (Для ўмення правільна і прыгожа пісаць.)

– А пра што трэба памятаць на хвілінцы чыстапісання? (Пра правільнае злучэнне літар і элементаў.)

– З якой літары будзем пісаць слова Мінск? (З вялікай.) Чаму? (Назва горада.)

– Зараз прапішам вялікую літару “М”, і злучэнне “Мі” (адзін радок). Звярніце ўвагу на правільнасць верхняга злучэння.

– Другі радок: “Мінск – сталіца Рэспублікі Беларусь”.

– Чаму “Рэспубліка Беларусь” пішацца з вялікай літары? (Назва краіны.)

– Якая часціна мовы ўжыта ў гэтым сказе? (Назоўнік.)

– Ацаніце сваю работу (Ацэначны ліст).

 

III Знаёмства з тэмай урока. Пастаноўка мэты і задач урока

Пастаноўка праблемы

Прачытайце сказы пра Мінск (Слайд 4).

Сёння Мінск лічыцца найбуйнейшым горадам нашай краіны. Рака Свіслач вельмі ўпрыгожвае горад. У Мінску ёсць прыгожы праспект Пераможцаў. Мінчане вельмі ветлівыя і гасцінныя, яны любяць свой горад і ганарацца ім.

– Да якой часціны мовы адносяцца выдзеленыя словы? (Да назоўнікаў.)

– Вызначце скланенне гэтых назоўнікаў. (2-е скланенне.)

– Якія канчаткі маюць гэтыя словы? (Нулявы канчатак.)

– Вызначце склон выдзеленых назоўнікаў?

– Ці ведаем мы, якія канчаткі маюць назоўнікі 2-га скланення?

– А як вы лічыце, над якой тэмай мы будзем сёння працаваць на ўроку?

– Тэма нашага ўрока – “Канчаткі назоўнікаў 2-га скланення”.

– І якую задачу вы паставіце перад сабой? (Слайд 5)

Даведацца … (якія канчаткі пішуцца ў назоўніках 2-га скланення).
Вучыцца… (вызначаць канчаткі назоўнікаў 2-га скланення).
Правільна… (пісаць назоўнікі 2-га скланення м.роду).

 

IV Знаёмства з новым матэрыялам

– Працуючы са сказамі пра Мінск, вы правільна вызначылі канчаткі, але былі цяжкасці ў вызначэнні склонаў. Разгарніце падручнік на старонцы 100, практыкаванне 162. Прачытайце назоўнікі. Да якога тыпу скланення яны адносяцца?

– Я прапаную вам выступіць у ролі даследчыкаў. Ваша задача – вызначыць, ад чаго залежыць напісанне канчаткаў назоўнікаў 2-га скланення.

– Да якога роду адносяцца запісаныя назоўнікі?

– Сёння мы звернем увагу менавіта на назоўнікі 2-га скланення мужчынскага роду. Разгледзім табліцу з практыкавання 163.

– Прачытайце ланцужком, якія канчаткі маюць назоўнікі 2-га скланення мужчынскага роду.

– Калі супадаюць канчаткі ў назоўніках мужчынскага роду ў назоўным і вінавальным склонах? У родным і вінавальным склонах?

Вывад: калі назоўнік мужчынскага роду 2-га скланення адказвае на пытанне хто?, то ён мае аднолькавыя канчаткі ў формах роднага і вінавальнага склонаў. Калі ён адказвае на пытанне што?, то мае аднолькавыя канчаткі ў формах назоўнага і вінавальнага склонаў.

– А цяпер паглядзім, наколькі вы былі ўважлівымі пры вывучэнні тэмы “Назоўнікі 2-га скланення мужчынскага роду, іх канчаткі”. Давайце вернемся да сказаў пра Мінск (Слайд 6).

– Спішыце, выдзеліце канчаткі і склон выдзеленых назоўнікаў.

(Самаправерка са слайдах).

– Хто выканаў без памылак? У каго ўзніклі цяжкасці? Ацаніце сваю працу (Ацэначны ліст).

– Цудоўна! А зараз прапаную адпачыць нашым вочкам.

Гімнастыка для вачэй. Практыкаванне “Сава”

На “раз” – шырока адкрыць вочы.
На “два” – моцна зажмурыцца. (3 разы)
Заплюшчыць вочы. Адпачынак 10–15 с. Адкрыць вочы. Паўтарыць 2–3 разы.

– У нашай краіне ёсць шмат цудоўных мясцін. Я прапаную вам адправіцца ў месца, дзе амаль у некранутым выглядзе захаваўся вялікі масіў гістарычнай забудовы пачатку ХХ стагоддзя, чым могуць пахваліцца вельмі нешматлікія беларускія гарады. Паглядзіце на слайд. Пазналі? Горад Іўе. Ён быў абвешчаны горадам 23 гады таму і можа лічыцца адным з самых маладых гарадоў нашай краіны (Слайд 7).

 

V Замацаванне новага матэрыялу

Мазгавы штурм

– Як вы лічыце, што з’яўляецца візітнай карткай Іўя? (Помнік “У гонар дружбы і адзінства канфесій Іўеўскага раёна”.)(Малюнак вывешваецца на дошку. Дадатак 2).

– Якія асацыяцыі з’явіліся ў вас пры гучанні гэтага слова? (Дружба, адзінства.) Сапраўды. Іўе знакамітае сваім унікальным манументам “У гонар дружбы і адзінства канфесій Іўеўскага раёна”. Гэты манумент узведзены ў 2012 годзе на цэнтральнай плошчы горада. Манумент уяўляе сабой чатыры велічныя стэлы з аркамі, кожная з якіх прысвечана адной з чатырох канфесій, прадстаўнікі якіх жывуць у горадзе Іўе і раёне: католікам, праваслаўным, мусульманам і іудзеям. Гэтая скульптура – вельмі ўнікальны помнік, такіх няшмат знойдзецца ва ўсім свеце.  

– А што яшчэ можна наведаць у Іўі? (Музей.) (Малюнак вывешваецца на дошку. Дадатак 2).

– Якія асацыяцыі з’явіліся ў вас пры гучанні гэтага слова? (Гісторыя, звесткі, цікавасць.)

– А яшчэ, дзеці, нельга абысці ўвагай і касцёл Святых Пятра і Паўла ў Іўі. Гэты старадаўні храм пабудаваны больш за 500 год назад. (Малюнак вывешваецца на дошку. Дадатак 2).

– А зараз, каб лепш запомніць канчаткі назоўнікаў, давайце па чарзе вусна праскланяем словы манумент, музей і касцёл.

(Адзін вучань скланяе, а астатнія сочаць па табліцы за правільнасцю выканання задання).

– Ацаніце сваю працу (Ацэначны ліст).

 

– Пакуль мы падарожнічалі, у нас здарылася бяда. Што ж здарылася, дапаможа даведацца практыкаванне 165.

– Прачытайце тэкст. Звярніце ўвагу: на некаторыя літары папалі сняжынкі, літары зніклі. І наша мэта – аднавіць іх. Вызначце склон выдзеленых назоўнікаў (Слайд 8).

– Звяраем правільнасць выканання задання слайдам. Абмяняйцеся сшыткамі.

– Хто справіўся без памылак? У каго ўзніклі цяжкасці? Ацаніце сваю працу (Ацэначны ліст).

 

Фізкультхвілінка

– Каб прагнаць віхор, трэба паказаць, якія мы шчаслівыя (Танец.)

 

– Адпачылі. Можам рухацца далей.

– У нашай рэспубліцы ёсць вельмі прыгожыя старажытныя гарады. Горад, у які мы адпраўляемся, з’яўляецца цэнтрам нашай вобласці. Як называецца гэты горад? (Гродна.) Чым знакаміты гэты горад? (Заапарк, драматычны тэатр, Каложская царква.) Турысты з усяго свету спяшаюцца наведаць Гродна. Чаго там толькі не ўбачыш! Даведаецеся пра гэта, выканаўшы заданне на картках.

 

Заданне на картках

– Запішыце спалучэнні слоў. Вызначце ў іх склон назоўнікаў 2-га скланення.

Сустрэлі аленя, выява аленя, бераг Нёмана, убачыць Нёман, наведаць тэатр, пабудова тэатра.

Падказка: сустрэлі (каго?) аленя – прывіталі (каго?) маму (В.с.)  аленя (В.с.); выява (каго?) аленя – выява (каго?) мамы (Р.с.) аленя (Р.с.).

– Ацаніце сваю працу (Ацэначны ліст).

 

VI Першасная праверка засваення ведаў

Тэст “Правільныя і няправільныя сцвярджэнні”

– Калі сцвярджэнне правільнае, вы ставіце “+”, калі няправільнае, ставіце ““.

1. Да другога скланення адносяцца назоўнікі мужчынскага роду з нулявым канчаткам у назоўным склоне і ніякага роду з канчаткамі -а, -е, -о, -ё ў назоўным склоне.

2. Назоўнікі 2-га скланення ў родным склоне маюць канчаткі -а, -я, -у, -ю.

3. Каб вызначыць скланенне назоўнікаў ва ўскосным склоне, трэба знайсці яго пачатковую форму.

4. Назоўнікі мужчынскага роду 2-га скланення маюць аднолькавыя канчаткі ў формах роднага і вінавальнага склонаў, калі адказваюць на пытанне хто?

5. Назоўнікі мужчынскага роду 2-га скланення маюць аднолькавыя канчаткі ў формах вінавальнага і назоўнага склонаў, калі адказваюць на пытанне што?

Самаправерка па ўзоры на слайдзе. (Слайд 9)

– Ацаніце сваю працу (Ацэначны ліст.)

 

VII Падвядзенне вынікаў урока

– Вось і падышло да канца наша падарожжа. Мне вельмі б хацелася, каб над нашай краінай заўсёды свяціла сонца. Але гэта залежыць толькі ад нас з вамі. Кожны з нас павінен зрабіць нешта для краіны: добра вучыцца, добра працаваць. Пакуль мы разам – мы моцныя. Наша краіна будзе квітнець і развівацца.

– Давайце падвядзём вынік нашай працы.

– Вернемся да пачатку ўрока і ўспомнім, якія задачы ставілі перад сабой? (Слайд 10)

– Ці атрымалася вырашыць пастаўленыя задачы?

 

VIII Выстаўленне і каменціраванне адзнак

– На працягу ўрока вы ацэньвалі сваю працу. У лінеечцы “Вусны адказ” сабе плюсікі могуць паставіць …

– За ўрок адзнакі атрымаюць усе пасля таго, як я праверу вашу працу ў сшытках.

 

IX Інфармацыя аб дамашнім заданні (Слайд 11)

– Калі ў вашых ацэначных лістах стаяць адны плюсы, то ваша дамашняе заданне – практыкаванне 167.

– Калі ў вашых ацэначных лістах сустракаюцца мінусы, то ваша дамашняе заданне – практыкаванне 164.

 

X Рэфлексія (Слайд 12)

– Сонейка ярка свеціць у любую пару года, а зімой яно адкрывае нам сапраўдныя цуды. Асаблівую прыгажосць зімоваму пейзажу надае сонца. Менавіта дзякуючы яму, сняжынкі, якія ляжаць, пачынаюць блішчаць. Да нас у клас сёння заляцелі сняжынкі, і яны таксама хочуць ззяць ярка.

– Каб яны заззялі, вам трэба выбраць сняжынку і перамясціць яе на снежны фон:

– было цікава на ўроку, з усімі заданнямі справіўся – залацістая сняжынка.

– было цікава на ўроку, былі цяжкасці ў выкананні заданняў – блакітная сняжынка.

– тэма была цяжкая, патрэбна дапамога настаўніка – шэрая сняжынка.

(Навучэнцы выбіраюць сняжынкі і перамяшчаюць на шэры фон. Калі ўсе вучні справіліся з заданнем, фон становіцца яркім і прыгожым).

 

 

Дадатак  1

Ацэначны ліст _____________________________________________________

Этапы ўрока

+ ? –

1

Работа са словамі

 

2

Чыстапісанне

 

3

Вусныя  адказы

 

4

Работа са сказамі пра Мінск

 

5

Скланенне слоў: манумент, музей, касцёл

 

6

Работа над пр. 165

 

7

Работа з  карткамі

 

8

Тэст “Правільныя і няправільныя сцверджанні”

 

9

Мая актыўнасць на ўроку

 

 

Выніковая адзнака за ўрок

 

 

 

Дадатак 2

 



Манумент “У гонар чатырох канфесій”



\

Музей нацыянальных культур

 

Касцёл Пятра і Паўла

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий