Правілы пабудовы складаных сказаў (складаназалежных), знакі прыпынку. План урока па беларускай мове ў 11-м класе

- 11:11II И III СТУПЕНИ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

Форма арганізацыі ўрока садзейнічае праяўленню сфарміраванай актыўнай грамадзянскай пазіцыі вучняў, раскрыццю асабістых якасцей моладзі ў адносінах да сваёй будучыні, знаёмству з развіццём грамадства, выхаванню павагі да працы, уменню адбіраць і прадстаўляць матэрыял з інфармацыйнага асяроддзя.

Ірына ІЛЬЕНЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 3 г. Светлагорска”,
Гомельская вобласць

 

 

 

 

 

Выкарыстанне нестандартных форм навучання ў практыцы з’яўляецца ўмовай павышэння якасці навучання, інтэлектуальнага, творчага і маральнага развіцця вучняў. Сучасныя сродкі візуалізацыі агульнаадукацыйнага кантэнту, іх змест, асаблівасці выкарыстання на ўроку, сёння актуальны ў школьнай практыцы.

Адным з прыкладаў арганізацыі працы на ўроку беларускай мовы з’яўляецца ўрок у 11-м класе па тэме “Правілы пабудовы складаназалежных сказаў, знакі прыпынку”. Вучням была прапанавана праца над стварэннем рубрык у газету “Светлагорскія навіны”. Назва рубрык, падбор матэрыялу, абгрунтаванне выбару – усё адпавядала пастаўленым задачам на ўроку. Асновай для працы быў узяты ўрывак з рамана І.Шамякіна “Сэрца на далоні”, які вывучаўся паралельна па беларускай літаратуры. Вучні выступалі ў ролі карэспандэнтаў раённага выдавецтва.

На ўроку выкарыстоўваліся сучасныя прыёмы візуалізацыі: інтэрактыўны плакат, скрайбінг, візітка, інтэрв’ю, праца з QR-кодамі, схемамі, медыятэкст. Уздымаліся і вырашаліся важныя тэмы па выхаванні працавітасці ў вучняў на прыкладах і ўзорах вядомых асоб. Выпускнікі творча падышлі да стварэння нумара газеты. Была арганізавана праца па выкананні задання часткі В цэнтралізаванага экзамену, знаёмства з інфармацыяй па QR -кодзе, каб адказаць на праблемныя пытанні, скласці візітку паспяховага чалавека, звярнуцца да актуальнасці літаратурнага твора, звязаць тэму з сучаснасцю, адказаць на пытанні інтэрв’ю.

Такая форма арганізацыі ўрока садзейнічала праяўленню сфарміраванай актыўнай грамадзянскай пазіцыі вучняў, раскрыццю асабістых якасцей моладзі ў адносінах да сваёй будучыні, знаёмству з тэмамі развіцця грамадства, выхаванню павагі да працы, уменню адбіраць і прадстаўляць матэрыял з інфармацыйнага асяроддзя.

 

Тэма ўрока: Правілы пабудовы складаных сказаў (складаназалежных); знакі прыпынку.

Мэты ўрока:

– агульнаадукацыйная – узнавіць і пашырыць веды пра складаназалежныя сказы, правілы пастаноўкі знакаў прыпынку ў складаназалежных сказах;
– развіваючая – удасканальваць уменні афармляць складаназалежныя сказы, садзейнічаць развіццю камунікатыўных кампетэнцый вучняў праз працу з тэкстам;
– выхаваўчая – выхоўваць павагу да роднага краю, роднай мовы, прывіваць любоў да працы праз працу ў групах.

Тып урока: урок замацавання і паглыблення ведаў.

Плануемыя вынікі: да канца ўрока вучань будзе

ведаць:

– сінтаксічныя прыметы складаназалежных сказаў;
– віды даданых частак у складаназалежных сказах;
– віды падпарадкавання даданых частак галоўнай у складаназалежных сказах з некалькімі даданымі часткамі;
– пунктуацыйныя нормы пры пісьмовым афармленні складаназалежных сказаў;

умець:

– вызначаць сінтаксічныя прыметы і асаблівасці будовы складаназалежных сказаў;
– размяжоўваць падпарадкавальныя злучнікі і злучальныя словы;
– вызначаць віды даданых частак;
– адрозніваць сузалежнае і паслядоўнае падпарадкаванне даданых частак;
– правільна ставіць знакі прыпынку ў складаназалежных сказах.

Асноўны прыём навучання: візуалізацыя.

Прыёмы дзейнасці настаўніка: арганізуе працу па тэксце, патрабуе афішыраванне работ у групах, вызначае прабелы ў ведах, карэкціруе іх, кансультуе.

Арганізацыя дзейнасці вучняў: выконваюць заданні, развіваюць мову, абагульняюць вывучанае, складаюць сказы, схемы, працуюць са слоўнікам, атрымліваць па QR-кодзе інфармацыю, выконваюць тэст па QR-кодзе, працуюць у групах, ацэньваюць свае веды, праходзяць рэфлексію.

Формы дзейнасці вучняў: індывідуальная, парная, групавая.

Віды дзейнасці вучняў: дзяленне на групы, самамэтапакладанне, самакантроль, самаацэнка, самакарэкцыя.

Метапрадметныя сувязі: з урокам беларускай літаратуры.

Абсталяванне: навейшы беларуска-рускі слоўнік / Аўт.-склад. А.АБулыка, Х.П.Булыка. – Мінск: Радзіёла-плюс, 2012. – 608 с., урывак з рамана І.Шамякіна “Сэрца на далоні”, карткі-заданні, QR-коды, тэставыя заданні, карткі ўліку дзейнасці, табліца “Адрозненне злучнікаў ад злучальных слоў”, схема “Правілы пабудовы складаназалежных сказаў”, фармат газеты “Светлагорскія навіны”, відэа “Адзін дзень з жыцця Беларусі”.

Эпіграф: “Няма нічога, што не пераадольвалася б працай.” (Д.Бруна)

 

Ход урока

Каментарыі

I Арыенціровачна-матывацыйны этап урока

1 Уваходжанне ва ўрок
Прытча аб працавітасці

Аднойчы малады чалавек прыйшоў да мудраца. “Кожны дзень я паўтараю сабе: я буду ў жыцці паспяховым! Але радасці няма ў маім жыцці.
Мудрэц паклаў перад сабой лыжку, свечку і кружку. “Назаві, што ты выбіраеш?” “Лыжку”, – сказаў юнак. “Паўтары гэта 5 разоў”.
“Я выбіраю лыжку”, – паслушна паўтарыў юнак. Вось бачыш, паўтарай гэта хоць мільён разоў, але яна не стане тваёй. Трэба… Трэба працягнуць руку і ўзяць яе”.

Стварэнне спрыяльнай атмасферы. Праверка правільнасці выбару групы (праверка дамашняга задання). Арганізацыя працы.

2 Уступнае слова настаўніка
(відэа пра Беларусь)
– З цяжкасцямі ствараецца ўсё прыгожае і ўсё самае неабходнае на зямлі. Праца неймаверна без чалавека, а чалавек неймаверны без працы. Галоўнае – адчуць радасць працы, і тады жыццё напоўніцца іншым сэнсам, стане ярчэй і багацей. Стараннасцю і працавітасцю можна дасягнуць вялікіх вышынь.

Зварот да эпіграфа: “Няма нічога, што не пераадольвалася б працай” (Д.Бруна)

Задача: арганізаваць працу па актуалізацыі ведаў вучняў, пазнаёміць з рабочай карткай.

3 Актуалізацыя і сістэматызацыя вывучанага. Знаёмства з тэкстам. Асэнсаванне
Праца ў групах:

1-я група – вызначыце стыль тэксту, узгадайце назву твора і аўтара;
2-я група – вызначыце від сказа, дайце яму характарыстыку;
3-я група – вызначыце від складанага сказа, пабудуйце схему, растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку;
4-я група – вызначыце від складанага сказа, пабудуйце схему, растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку;
5-я група – абгрунтуйце выбар: злучнік або злучальнае слова?
На выкананне задання адводзіцца да 5 хвілін.
(Вучням прапануецца ацаніць свае веды па паўтарэнні ў рабочай картцы)

Своеасаблівае ўваходнае ацэньванне, якое дазваляе праверыць веды вучняў і падрыхтаванасць да ўрока.

4 Мэтапакладанне
Зварот да эпіграфа. – Які па будове гэты сказ?

Вучні прыходзяць да новай тэмы і ставяць задачы да ўрока, запісваюць тэму на асобных лістах. Прапаноўваецца падумаць, чаго хочуць дасягнуць да канца ўрока?

Стварэнне праблемнай сітуацыі.

Самамэтапакладанне. Арганізуецца сітуацыя для пастаноўкі вучнямі задач на ўроку. Карэкцыя задач настаўнікам. Стварэнне матывацыі да дзейнасці.

II Аперацыйнапазнавальны этап урока

1 Арганізацыя пазнавальнай дзейнасці вучняў па працы ў групах
– 2023 год аб’яўлены Годам міру і стварэння, давайце ўявім, што знаходзімся ў рэдакцыі і створым сваёй плённай працай нумар газеты “Светлагорскія навіны” і, як выпускнікі, пакінем пра сябе памяць нашаму любімаму гораду.

– Адзін з прыкладаў працавітасці мы бяром з доктара Яраша, урывак з гэтага рамана нам прадставіла 1-я група. Усе заданні ў групах выконваюцца на падставе матэрыялу прапанаванага тэксту. 30 студзеня будзе яшчэ адзначацца 102 гады з дня нараджэння І.Шамякіна.
Звяртаецца ўвага, што на старонцы газеты, над стварэннем якой будзем працаваць, ёсць цытата, што будзе характарызаваць значнасць выказаных думак “Няма нічога немагчымага”.
Праца ў групах:

1-я група будзе працаваць над рубрыкай “З жыцця “зорак” і складаць інтэрв’ю з апорай на прапанаваны тэкст, ужываючы складаназалежныя сказы;
2-я група – рубрыка “Выходзім у свет” будзе складаць візітку паспяховага чалавека, знойдзе прыклад сказа з тэксту;
3-я група – рубрыка “Навіны з урока” перабудуе простыя сказы ў складаназалежны сказ з паслядоўным падпарадкаваннем, прадставіць сказ схематычна;
4-я група – рубрыка “ Далучайся” – выканае заданні па тэксце (частка В пры падрыхтоўцы да ЦЭ); знойдзе ў тэксце ўласнабеларускія словы, перакладзе іх на рускую мову, размясціць на дошцы ў рубрыку “Вучымся разам размаўляць на роднай мове”
5-я група будзе працаваць над рубрыкай “Хачу паведаміць”, дзе карыстаючыся QR-кодам, атрымае новую інфармацыю, пазнаёміць прысутных, ужываючы ў маўленні складаназалежны сказ.
Для выканання заданняў даецца 10 хвілін.

Задача: развіццё камунікатыўных навыкаў маўлення, аналіз вучэбнага матэрыялу, афішыраванне асабістых вынікаў працы.
Праца ў групах. Стварэнне сітуацыі ўзаемадзеяння вучняў па авалоданню матэрыялам, развіццё маўленчай дзейнасці, выпрацоўваецца ўменне слухаць іншага, здольнасць правільна арганізоўваць маўленне павышаецца цікавасць да арганізацыі маўлення пры выкананні творчых работ, адбіраюцца моўныя сродкі, аналізуюцца асаблівасці ўжывання моўных адзінак, павышацца ўзровень вуснага маўлення.

Вучні прадстаўляюць вынікі працы і замацоўваюць адказы на старонку газеты.
(Адзначаюць бал выканання задання ў сваёй рабочай картцы)

Прадстаўленне вынікаў працы вучні каменціруюць словамі: “Мы выконвалі заданне… вось вынік працы”. Настаўнік падводзіць паэтапную рэфлексію матывуе на наступную дзейнасць

2 Першаснае замацаванне ведаў. Хвіліна здароўя
Праверым, наколькі вы былі ўважлівымі, выканайце адпаведныя дзеянні і назавіце, чым адрозніваюцца сказы па сінтаксічных прыметах.

Я чалавек, які заўсёды гатовы працягнуць руку дапамогі, лёгка нахіліцца да малога і слабага, падставіць плячо дапамогі і абярнуцца, махнуць рукой на стомленасць і боль, змагацца з уласным ценем, пранесці праз усё жыццё сяброўства і каханне, дацягнуцца да мары, глыбока ўздыхнуць і, удыхнуўшы, прысесці.

У час правядзення хвіліны здароўя атрымліваецца магчымасць развіваць у вучняў працавітасць; даецца магчымасць зняць стомленасць; на слых адрозніць сказ па сінтаксічных прыметах.

3 Падвядзенне вынікаў этапа
Складзіце складаназалежны сказ, з “мудрасці душы”, выказванняў, прыказак на выбар, якія будуць паказваць вынік вашай працы ў групах над стварэннем рубрык.
(Вучні ацэньваюць у картцы адпаведнасць сказаў прапанаваным схемам)

Па выкананых заданнях робіцца агульны вынік аб правілах будовы складаназалежных сказаў.

III Кантрольна-ацэначны этап урока

1 Выхадны кантроль
Выканайце тэставыя заданні па тэме

Для выканання прапануецца не больш як 5 хвілін.
(Вынікі працы над тэстам запісваюцца ў рабочую картку)

Задача: праверыць веды вучняў па разгледжаным матэрыяле.
Вучням прапануецца выкананне тэставых заданняў: заданні па QR-кодзе, рознаўзроўневыя заданні па варыянтах. Праверка праводзіцца па ключы, які запісаны на дошцы.

2 Самакантроль. Дамашняе заданне
Абмяняйцеся тэстамі ў парах, праверце па ключы, прааналізуйце свае памылкі.

Ці ўзніклі ў вас пытанні пры праверцы тэставых заданняў?
Выберыце дамашняе заданне, улічваючы вашу працу на працягу ўрока. Запішыце яго ў дзённікі.
(Вучні ацэньваюць выкананне тэста, выстаўляюць у рабочую карту, выбіраюць дамашняе заданне)

Па выніках тэста ацэньваецца ўзровень ведаў вучня па тэме, якая разглядалася на ўроку, выбар дамашняга задання, якое забяспечыць скарэкціраваць недахопы ведаў у кожнага вучня.

3 Рэфлексія. Самаацэнка
– Падлічыце суму набраных балаў на ўроку і па шкале пераводу выстаўце атрыманы бал, пастаўце адзнакі ў дзённікі.
– Падвядзём вынік нашай працы: што карыснага вы ўзялі для сябе з урока?

– Ці цікава было працаваць над стварэннем газеты?
– Замацуйце паперкі да той калонкі ў газеце, якая адпавядае вашай дзейнасці на ўроку:
“Як прыемна ведаць, што нешта даведаўся” (Арыстоцель).
“Скажы мне – і я забуду, пакажы мне – і я запомню, уцягні мяне – і я навучуся” (Канфуцый).
“Пазнанне пачынаецца са здзіўлення” (Мальер).

Вучнямі прасочваюцца ўсе дзеянні, якія выконваліся на ўроку, каб дасягнуць пастаўленых задач.
Жадаючыя могуць выказацца
Дамашняе заданне вучні выбіраюць самастойна, улічваючы парады настаўніка.

Дамашняе заданне дыферэнцыраванае і мае творчы характар.

Давайце звернемся да пастаўленых задач у пачатку ўрока, ці вырашылі мы іх? Ці адбылося тое, што задумалі?
Зачытваецца эпіграф “Няма нічога ў жыцці, што не пераадольвалася б працай”. Трэба памятаць гэта кожны дзень, кожны час, кожную хвіліну. Поспехаў вам пры здачы цэнтралізаванага экзамену!
На гэтым урок скончаны!

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий