Выхаванцы ЛПіА “Садружнасць” і ДАЛ “Юныя алімпійцы” Карэліцкага раёна адправіліся ў вандроўку па дарогах малой радзімы

- 12:52Клуб юного журналиста

З надыходам лета практычна кожны падлетак задаецца пытаннем “чым заняцца” ў гэты перыяд. Вядома, хацелася б правесці час так, каб было не толькі цікава, але і карысна. А калі пры гэтым можна яшчэ і трохі зарабіць – то такі адпачынак становіцца ідэальным.

Самае выдатнае, што такі варыянт сапраўды ёсць – лагер працы і адпачынку. На базе Турэцкай сярэдняй школы ўжо каторы год функцыянуе ЛПіА “Садружнасць”, у якім адпачываюць і працуюць падлеткі 14–16 гадоў.

Другі год запар я разам з сябрамі наведваю “Садружнасць”. Кожны дзень у першую палову дня мы працуем, рыхтуем памяшканне пад прыёмку зерневых культур у дзяржаўным прадпрыемстве КУСП “Чанряхоўскі-Агра”, а пасля абеду прапаноўваюцца найцікавейшыя, на наш погляд, мерапрыемствы як асобна для нас, так і сумесна з нашымі малодшымі сябрамі з дзіцячага аздараўленчага лагера “Юныя алімпійцы”, якія адпачываюць паралельна з намі.

Адміністрацыя і выхавальнікі лагера пастараліся скласці праграму работы лагернай змены так, каб мы мелі магчымасць разважаць, мадэліраваць сваю будучыню, павысіць веды аб слаўным мінулым і цяперашнім нашай Радзімы, сустрэцца з цікавымі і знакамітымі людзьмі і абавязкова наведаць непаўторна прыгожыя мясціны нашага роднага краю – Карэліцкага раёна.

У адзін з дзён разам з выхаванцамі лагера “Юныя алімпійцы” мы наведалі аграгарадок Варончу, які славіцца цікавай і незвычайнай гісторыяй.

Адпраўляючыся ў падарожжа, мы падрыхтаваліся, каб расказаць нашым малодшым сябрам цікавыя факты з гісторыі аграгарадка. Часткова ў гэтым нам дапамаглі веды з урокаў і факультатыўных занятках па гісторыі краю на працягу навучальнага года.

Ціхенька заходзім у касцёл Святой Ганны, уважліва слухаем аповед мясцовага святара. Робім для сябе выснову, што гісторыя помніка духоўнай культуры спалучыла ў сабе і звесткі аб знакамітых людзях, і імкненне людзей, нашых землякоў, захаваць прыгажосць сваёй роднай зямлі для сваіх нашчадкаў. Цікава, што тут хрысціліся Ян Чачот і Марыля Верашчака (каханая Адама Міцкевіча). А яшчэ менавіта тут Марыля пабралася шлюбам і са сваім мужам Ваўжынцам Путкамерам. 

Пасля наведвання касцёла некаторы час маўчым, уражаныя цеплынёй і шчырасцю прыёму святара, прыгажосцю помніка духоўнай культуры. У душы ўзмацняецца гонар за сваю родную зямлю, за людзей, што жывуць тут, сваёй працай, духоўнымі здабыткамі ўзбагачаючы свой край.

Далей вандруем па акуратных вуліцах, робім прыпынак, уражаныя прыгажосцю і непаўторнасцю архітэктуры будынка, дзе размясцілася сучаснае прадпрыемства РУП “Варанчанскі спіртзавод”, наведваем невялічкі лясок, што размясціўся на ўзгорку, прысаджваемся на мяккую траўку, гутарым, выказваем свае ўражанні аб наведаных толькі што мясцінах нашай малой радзімы. Удзельнікі ДАЛ “Юныя алімпійцы” выказваюць прапанову прыехаць яшчэ раз сюды зімой, каб палюбавацца на наваколле. А старшыя рабяты разважаюць аб тым, колькі яшчэ нязведанага і цікавага можна адкрыць тут, на сваёй радзіме, дзе кожны каменьчык і сцежачка маюць сваю гісторыю.

Безумоўна, кожны з нас удзячны нашым выхавальнікам, што дапамаглі нам убачыць непаўторнае і незвычайнае ў гісторыі нашай роднай зямлі, адчуць у душы гонар, што мы нарадзіліся тут, што тут наша малая радзіма.

Анастасія БРЫЛЕВІЧ,
выхаванка лагера працы і адпачынку “Садружнасць”
Турэцкай сярэдняй школы Карэліцкага раёна
Гродзенскай вобласці

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий