Гімназісты з Маладзечна трапілі на “галівудскі” баль

- 9:19Клуб юного журналиста

Традыцыйны баль сярод вучняў дзясятых класаў прайшоў у гімназіі № 7 г. Маладзечна напрыканцы навучальнага года.

Сёлета ўдзельнікаў балю натхніў перыяд залатога стагоддзя Галівуда. “Шаўковыя пальчаткі, яскравы бляск брыльянтаў і жэмчугу”, такі папулярны ў сярэдзіне ХХ стагоддзя гламур, плакаты ў стылі рэтра, аздабленне залы ў залатым, чорным і белым колерах – усё стварала атмасферу таго часу.

– Баль стаў нечым супрацьлеглым свайму бесклапотнаму гучанню, – расказала член журы, класны кіраўнік 10 “Б” класа Дыяна Ільіч. – Падзея, якая прайшла праз вялікую колькасць перашкод і розных эмоцый – ад нежадання далучацца да працэсу арганізацыі да агульнага ўдзелу з сапраўдным энтузіязмам. Тэматыка Галівуда не была толькі знешняй абалонкай падзеі, а “прасачылася” ў кожнага. Падлеткі не абіралі вобразы для копіі, а стварылі свае асабістыя, прымусіўшы адчуваць нешта цёплае і новае не толькі бацькоў, але і настаўнікаў.

Юнакі і дзяўчаты каля двух месяцаў рыхтаваліся да балю і ў выніку змаглі захапіць гледачоў пяшчотнасцю вальса і задзірыстым выкананнем танца ў стылі джаз. Таксама не абышлося без вершаў, песень і віктарын. Настальгічныя пачуцці ў бацькоў выклікалі папулярныя ў іх маладосці “Танец на газеце” і гульня “Музычныя крэслы”. З кожнай хвілінай баль раскрываў усё больш талентаў.

Напрыканцы вечара па традыцыі абралі караля і каралеву балю. Па выніках галасавання гэтыя тытулы атрымалі Кацярына Раманюк і Іван Мечай.

– Тое, што мяне вылучылі сярод астатніх, было зусім нечакана, – падзялілася ўражаннямі Кацярына Раманюк. – На рэпетыцыях здавалася, што баль не атрымаецца захапляльным, у выніку ж ён стаў адной з тых яркіх падзей, якія будуць асацыявацца са школай.

Ульяна ІЎКО,
навучэнка аб’яднання па інтарэсах “Школа журналістыкі”
Маладзечанскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік”
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий