Дапаможам зайчыку. Канспект занятку па адукацыйнай галіне “Элементарныя матэматычныя ўяўленні” для дзяцей малодшага ўзросту

- 13:24ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Канспект занятку па адукацыйнай галіне “Элементарныя матэматычныя ўяўленні” для дзяцей малодшага ўзросту.

 

Людміла ЧАМЕРКА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА“Гарадзечненская сярэдняя школа” Навагрудскага раёна
Гродзенская вобласць

 

Тэма занятку: Дапаможам зайчыку.

Праграмны змест:

– фарміраваць уменні ўстанаўліваць адносіны паміж групамі прадметаў практычным шляхам (параўнанне двух прадметаў па параметрах велічыні “высокі”, “нізкі” практычным спосабам);
– працягваць фарміраваць уяўленні пра знаёмыя геаметрычныя фігуры (круг, квадрат, трохвугольнік); працягваць фарміраваць уяўленні пра спосабы элементарнага абследавання плоскіх геаметрычных фігур (круг) датыкальна-рухальным шляхам пад кантролем зроку (абводзіць пальцам па контуры; уменне адрозніваць паняцці “адзін”, “многа”);
– развіваць псіхічныя пазнавальныя працэсы, уважлівасць; здольнасць успрымаць і адрозніваць некаторыя матэматычныя характарыстыкі аб’ектаў бліжэйшага акружэння (велічыня), праяўляць да іх цікавасць;
– выхоўваць цікавасць да элементарных матэматычных дзеянняў.

 

Ход занятку

 

1 Арганізацыйны момант

Псіхагімнастыка

Выхавальнік: Добрай раніцы, дзеці! Вы ведаеце, у мяне сёння вельмі радасны настрой, і я хачу ім падзяліцца з вамі. Давайце станем усе ў круг, возьмемся за рукі і ўсміхнёмся адно аднаму. Які ў вас цяпер стаў настрой? (Адказы дзяцей).

2 Асноўная частка

Выхавальнік: Дзеці, вы любіце гуляць? Пагуляем? А я прыйшла да вас не адна, а са сваім сябрам. Ой, а дзе ж ён? Вы, дзеці, не бачыце? І я не бачу. Схаваўся! Ён у мяне такі свавольнік! Будзем шукаць? (Адказы дзяцей). Ён пакінуў нам падказку. Нам трэба адгадаць загадку:

Доўгае вуха,
Камячок пуха,
Моркаўку смакуе,
З намі сябруе. (Зайчык)

Зайчык, ты дзе? Выходзь! Не выходзіць, напэўна хоча, каб мы з вамі яшчэ выканалі адно яго заданне.

Я думаю, што калі мы збяром карцінку, то зайчык абавязкова выйдзе да нас.

Трэба праверыць. Падыходзьце сюды бліжэй. Дзеці збіраюць карцінку зайца з разразных частак.

 

Сюрпрызны момант

Выхавальнік: Дзе ж наш зайчык? (Выхавальнік дастае цацку-зайца). Вось ён! (Зайчык “нешта кажа” выхавальніку на вуха). Дзеці, зайчык кажа вам: “Прывітанне, якія вы малайцы! Як хутка сабралі яго карцінку!” Зайчык вельмі рады і хоча з вамі паскакаць.

Гульнёвае практыкаванне “Будуем хатку з геаметрычных фігур”

Выхавальнік: Вы ведаеце, дзеці, зайчык прыйшоў не толькі пагуляць з вамі, але ён просіць вашай дапамогі. Ён мне сказаў, што ў яго няма хаткі, а на вуліцы холадна. Хто ведае, а чаму на вуліцы холадна?

Якая пара года? (Адказы дзяцей). Дапаможам зайчыку? А як мы зможам яму дапамагчы? Пабудаваць хаткі для зайкі і яго сяброў. Паглядзіце, якую хатку пабудавала я. (Разглядаем хатку, з чаго яна складаецца – з якіх геаметрычных фігур, якога колеру). У нас з вамі ёсць будаўнічы матэрыял. Падыходзьце да стала.

Назавіце фігуру. (Квадрат). Якога колеру? Што можна зрабіць з квадрата? (Адказы дзяцей).

Назавіце фігуру. (Круг) Якога колеру круг? Што з яго можна зрабіць? Абследаванне круга : пальчык бяжыць, а вочкі сочаць за ім, не даюць яму ўпасці. Бачыце, як прабег наш пальчык, не сустракаючы перашкод, па роўненькай дарожцы.

А што можна зрабіць з круга? (Акенца).

Назавіце наступную фігуру? (Трохвугольнік). Якога колеру трохвугольнік?

Што можна зрабіць з трохвугольніка? (Дах).

Вельмі прыгожыя хаткі атрымаліся! Зайчык, табе падабаюцца? (Дзеці працуюць за сталамі. Напамінаць дзецям, што спінка павінна быць прамая, ножкі трэба паставіць роўна пад сталом).

Зайчык ізноў “шэпча” на вуха выхавальніку.

Выхавальнік: Дзеці, зайчык мне сказаў, што ён трошкі стаміўся і хоча з вамі пагуляць. Дзеці ідуць на палас.

Рухомая гульня “Зайка беленькі сядзіць”

Пад музыку дзеці скачуць да дрэў.

Зайка беленькі сядзіць – вушкамі шавеліць,
Вось так, вось так – вушкамі шавеліць.
Зайку холадна сядзець – трэба лапачкі пагрэць,
Вось так, вось так – трэба лапачкі пагрэць.
Зайку холадна стаяць – трэба зайку паскакаць,
Вось так, вось так – трэба зайку паскакаць.
Хтосьці зайку напужаў – зайка скок і паскакаў.

 

Выхавальнік: А дзе зайчыкі жывуць? У лесе. А якія дрэвы растуць у лесе? Вось гэтыя дрэвы як называюцца? (Ёлачкі) Гэта ёлачка вялікая ці малая? Давайце параўнаем іх, яны аднолькавыя ці розныя?

Пакажыце высокую (вось такая высокая), а цяпер пакажыце нізкую (вось такая нізкая). Давайце станем каля высокай ёлачкі, а цяпер – каля нізкай ёлачкі. (Затым прапаную кожнаму індывідуальна стаць каля высокай і нізкай ёлачкі).

Зайчык “шэпча”, што ён прагаладаўся.

А што ядуць зайчыкі? (Адказы дзяцей). У нас стаіць кошык з прадуктамі для зайчыка. Давайце паглядзім, што там? (Морква і капуста). Чаго ў карзіне многа? (Морквы) А капуста – адна. (Замацоўваю веды індывідуальнымі адказамі выхаванцаў).

Дзеці, мы дапамаглі зайчыку?
Накармілі яго? Малайцы, зайчык застаўся вельмі задаволеным.
А як мы дапамаглі зайчыку? Што мы для яго зрабілі? (Зрабілі хатку, пагулялі, накармілі яго).
І ён яшчэ абавязкова прыйдзе да вас у госці, каб з вамі пагуляць.

А за тое, што вы былі вельмі актыўнымі, дапамагалі зайчыку, ён прынёс вам кошык з гасцінцамі. Вы частуйцеся, а зайчыку пара бегчы ў лес, да сваіх сяброў. Давайце скажам зайчыку: “Да пабачэння!”

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий