Аксід вугляроду (ІІ). Аксід вугляроду (IV). Урок хіміі ў 9-м класе

- 9:56II И III СТУПЕНИ, Методичка, ХИМИЯ, Химия. Сценарии

Алена РУБЕЛЬ,
настаўнік хіміі
ДУА “Геранёнская сярэдняя школа”
Іўеўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Тэма: Аксід вугляроду (ІІ). Аксід вугляроду (IV)

Мэты: стварыць умовы для

– фарміравання ўяўлення аб саставе, фізічных і хімічных уласцівасцях, спосабах атрымання аксідаў вугляроду, падрыхтоўкі вучняў да напісання практычнай работы;
– развіцця лагічнага мыслення, умення прымяняць раней атрыманыя веды пры вывучэнні новага матэрыялу;
– выхавання камунікатыўных навыкаў.

Абсталяванне і рэактывы: ЭСН, пластыкавая бутэлька, свечка, воцат, сода, вапнавая вада.

Тып урока: камбінаваны.

Месца ўрока: 21-ы ўрок у раздзеле “Неметалы”.

НПБП: работа з хімічнымі рэактывамі, з хімічным абсталяваннем, са спіртоўкай.

Прэзентацыя да ўрока

Ход урока

1 Арганізацыйны момант

Настаўнік вітае вучняў пад песню “Пора-пора-порадуемся…” (к/ф “Д’Артаньян і тры мушкецёры”).

 

2 Актуалізацыя ведаў

На экране слайд з выявай брыльянтавых падвесак.

Пытанні:

– Якім чынам брыльянтавыя падвескі звязаны з вашым дамашнім заданнем?
– Што засталося б ад гэтых падвесак, калі б узнік пажар?

Вучні атрымліваюць рознаўзроўневыя заданні, працуюць каля дошкі, рыхтуюцца адказваць.

– Першы вучань рыхтуе дэманстрацыю абясколервання лакмусу актываваным вугалем, тлумачыць дамашні эксперымент з кампотам, зялёнкай і чаем, пералічвае фізічныя ўласцівасці вугляроду.

– Другі вучань састаўляе электронны пашпарт вугляроду. Тлумачыць яго валентныя магчымасці і ступені акіслення.

– Трэці вучань састаўляе рэакцыю аднаўлення аксіду металу вугляродам. Расстаўляе каэфіцыенты метадам электроннага балансу.

– Чацвёрты вучань запісвае дзве рэакцыі гарэння вугляроду ў кіслародзе і тлумачыць розніцу.

Астатнія вучні працуюць франтальна з прэзентацыяй і даюць назвы непадпісаным кадрам, на якіх адлюстраваны алмаз, вугаль, графіт, крышталічныя рашоткі. Затым усе слухаюць адказы вучняў, якія працавалі каля дошкі.

 

3 Вывучэнне новага матэрыялу

Настаўнік звяртае ўвагу вучняў на прадукты рэакцый гарэння вугляроду і аб’яўляе тэму ўрока.

Работа ў парах. На сталах у вучняў карткі “СО” і “СО2(Дадатак 1). На экране па чарзе з’яўляюцца сцвярджэнні (Дадатак 2). Вучням неабходна падымаць патрэбную картку. З тых сказаў, якія выклікалі цяжкасці ў вучняў, фармулююцца задачы ўрока.

Настаўнік адкрывае газіраваную ваду.

Пытанні:

– Што вы назіраеце?
– Які гэта газ?
– Ці назіралі вы яго ўтварэнне ў хатніх умовах?
– У якіх выпадках ён яшчэ ўтвараецца?

Дыхальная гімнастыка

Зрабіце 10 глыбокіх удыхаў і выдыхаў. Які газ мы выдыхаем?

 

Настаўнік дэманструе атрыманне вуглякіслага газу з соды і кіслаты ў 5-літровай бутэльцы. Звяртае ўвагу вучняў на масу газу. Дэманструе гарэнне свечкі. Звяртае ўвагу на ніжнюю частку полымя, у якой блакітным колерам гарыць чадны газ. Дэманструе тушэнне свечкі вуглякіслым газам.

Настаўнік прапануе вучням запоўніць “Лінію параўнання СО і СО2(Дадатак 3). Работа ў групах-дублях (дзве групы працуюць з падручнікам над вуглякіслым газам, дзве – над чадным, вынікі работы запісваюць у сшыткі, а затым на дошцы абменьваюцца інфармацыяй).

Настаўнік дэманструе якасную рэакцыю на вуглякіслы газ.

 

4 Замацаванне

Настаўнік звяртаецца да сцвярджэнняў, якія былі прапанаваны пры пастаноўцы мэты ўрока. Вучні выцягваюць карткі са сцярджэннямі і размяркоўваюцца на дзве групы каля лініі параўнання з боку “СО” і “СО2” адпаведна. Вучні зачытваюць сцвярджэнні.

Настаўнік дэманструе вучням “Сабачыя пячоры” ў Італіі і прапануе растлумачыць, чаму людзі адчуваюць там сябе добра, а сабакі гінуць.

 

5 Рэфлексія

Настаўнік прапануе вучням прадоўжыць сказы:

Сёння я даведаўся…
Мяне здзівіла…
Я зразумеў, што …
Мне неабходна працаваць над…

 

6 Дамашняе заданне

§ 31 № 3,6; § 39 № 7.

 

7 Выстаўленне адзнак з каментарыямі

 

Дадатак 1

 

 

Дадатак 2

1 Вуглякіслы газ
2 Чадны газ
3 Сухі лёд
4 Несолеўтваральны
5 Аднаўляе металы з іх аксідаў
6 Вапнавая вада мутнее
7 Утварае вугальную кіслату
8 Гарыць
9 Не падтрымлівае гарэнне
10 Яд
11 Мы яго выдыхаем
12 Можна атрымаць з соды і воцату
13 Прымяняецца для тушэння пажараў
14 Удзельнічае ў фотасінтэзе
15 Цяжэйшы за паветра
16 Лягчэйшы за паветра
17 Шкодны ў вялікіх дозах.
18 Аксід вугляроду (ІІ)
19 Аксід вугляроду (ІV)
20 Рэагуе са шчолачамі.

 

Дадатак 3

Лінія параўнання СО і СО2

 

СО                                                                              СО2

1. Трывіяльная назва
2. Якасны састаў
3. Колькасны састаў
4. Тып сувязі
5. Ступень акіслення
6. Мr
7. Фізічныя ўласцівасці

– агрэгатны стан
– колер
– пах
– растваральнасць у вадзе
– дзеянне на арганізм

8. Атрыманне
9. Хімічныя ўласцівасці

– з кіслародам
– з вадой
– з аксідамі металаў
– са шчолачамі

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий