Паняцце пра кіслоты. Паняцце пра індыкатары. Урок хіміі ў 7-м класе

- 14:52II И III СТУПЕНИ, Методичка, ХИМИЯ, Химия. Сценарии

У выніку плануецца, што навучэнцы будуць ведаць састаў кіслот, класіфікацыю і прымяненне кіслот у прыродзе.

Аксана АНДРУКОНІС,
настаўнік хіміі і біялогіі
УА “Доцішская сярэдняя школа”
Воранаўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Тэма раздзела: Вадарод.

Месца ўрока ў вывучаемай тэме: трэці.

Мэта ўрока: арганізаваць дзейнасць навучэнцаў, накіраваную на фарміраванне прадстаўлення пра кіслоты і індыкатары. У выніку плануецца, што навучэнцы будуць ведаць састаў кіслот, класіфікацыю і прымяненне кіслот у прыродзе.

Задачы ўрока:

адукацыйныя:

– фарміраваць уяўленні пра састаў і ўласцівасці кіслот (на прыкладзе сернай, салянай, азотнай, фосфарнай, вугальнай), паняцце пра індыкатары;
– працягваць вывучаць уменне вызначаць валентнасць кіслотнага астатку па формуле кіслаты;
– азнаёміць вучняў з правіламі бяспечнага абыходжання з кіслотамі;
– развіваць уменне карыстацца лабараторным абсталяваннем;

развіваючыя:

– садзейнічаць развіццю лагічнага і творчага мыслення;
– скласці ўмовы для ўдасканалення ўменняў самастойнай работы з інфармацыяй, умення выказваць свой пункт гледжання, абагульняць, рабіць высновы;

выхаваўчыя:

– павышаць цікавасць да вывучэння хіміі;
– пашыраць кругагляд;
– выхоўваць паважлівае стаўленне да аднакласнікаў.

 

Формы дзейнасці на ўроку: індывідуальная, групавая, парная.

Тып урока: урок засваення новых ведаў.

Абсталяванне да ўрока: узоры рэчываў кіслот (серная, саляная, азотная, фосфарная, вугальная), падручнік “Хімія”, 7-ы клас пад рэдакцыяй І.Я.Шымановіча, раздатачны матэрыял да ўрока.

Дэвіз урока: «Чтобы что-то узнать, нужно уже что-то знать», – С.Лем.

 

Ход урока

І Арыенціровачна-матывацыйны этап

– Добры дзень, паважаныя сямікласнікі! Словы Станіслава Лема я нездарма выбрала ў якасці дэвіза нашага ўроку. Сёння мы паспрабуем, апіраючыся на ўжо атрыманыя раней веды, падняцца яшчэ на адну прыступку да вяршыні хімічнага Алімпу.

– Рабяты, вы памятаеце казку “Рэпка”? У чым асноўная думка казкі? (Усё рабіць разам.) Сёння ад нашай сумеснай працы, ад кожнага з вас залежыць поспех нашага ўрока ў цэлым.

– Каб наша праца была зладжаная і прадуктыўная, з найменшымі часовымі выдаткамі, нам неабходна выконваць правілы сумеснай працы. Памяткі ляжаць у вас на сталах. Давайце прагаворым іх.

1) Кожны мае права выказваць сваё меркаванне.
2) Умець слухаць і быць пачутым.
3) Паважаць меркаванне кожнага члена групы.
4) Не зневажаць другога, нават калі пункты гледжання не супадаюць.

– Прымаецца!

 

ІІ Актуалізацыя атрыманых ведаў, уменняў і навыкаў

– Перад вамі невялічкі тэст, які дапаможа нам рухацца ўперад. (Работа ў парах; тэсты з “чалавечкам”).

– Пры правільным выкананні задання пры злучэнні лініяй правільных адказаў у вас павінна атрымацца ўсмешка Хімчыка. Выконваем заданне.

 

Тэставае заданне

1) Складанае рэчыва, у састаў якога ўваходзяць атамы двух хімічных элементаў, адным з якіх з’яўляецца кісларод – гэта …

     а) аксід;                    б) аснова;                  в) кіслата.

2) Складанае рэчыва, у састаў якога ўваходзяць атамы вадароду і кіслотнага астатку – гэта …

           а) аксід;                   б) аснова;                  в) кіслата.

3) Складанае рэчыва, якое складаецца з атама металу і адной або некалькі гідраксагруп – гэта …

           а) аснова;                б) аксід;                     в) кіслата.

 

Франтальнае апытванне

1) Якія рэчывы (злучэнні) называюцца аксідамі?

2) На якія дзве групы падзяляюцца аксіды? (кіслотныя і асноўныя)

3) Як скласці формулы аксідаў?

 

Складаем формулы аксідаў:

Аксід алюмінію і аксід вугляроду (IV)

III    II                                                      IV   II
Al    O                                                      C    O
III і II = 6 (НАК)                                     IV і II = 4 (НАК)
6 : 3 = 2(Al)                                             4 : 4 = 1(С)
6 : 2 = 3(О)                                              4 : 2 = 2(О)
Al2O3                                                        CO2

 

III Матывацыя і мэтапакладанне

– І сёння мы з вамі працягнем знаёмства з рэчывамі. А вось з якімі, вы даведаецеся, паглядзеўшы на карцінкі, якія вы бачыце на дошцы. Усе гатовы працягваць наша падарожжа? Тады ўперад! (На дошцы карцінкі яблыка, лімона, шчаўе).

– Што вы бачыце?

– Што паміж імі агульнага? Як вы думаеце?

– Лімон, яблык, шчаўе – кіслыя на смак… Гэты смак прадуктам харчавання надаюць асаблівыя рэчывы – кіслоты. Агульная колькасць кіслот вельмі вялікая – іх некалькі тысяч. Але ў паўсядзённым жыцці мы сустракаемся толькі з некаторымі з іх. Акрамя кіслот, якія ўтрымліваюцца ў прадуктах харчавання, дома мы можам знайсці і іншыя кіслоты. Гэта напрыклад, борная кіслата з дамашняй аптэчкі, серная кіслата для запраўкі аўтамабільных акумулятараў.

– Такім чынам, тэма ўрока – “Паняцце аб кіслотах”. Давайце паспрабуем сфармуляваць свае мэты, дапоўніўшы некаторыя сказы:

Я хачу даведацца…
Я хачу навучыцца…
Я хачу атрымаць…
Я хачу пашырыць…
Я хачу паўтарыць…

 

IV Аперацыйна-пазнавальны этап

–  Давайце ўспомнім, што такое простыя і складаныя рэчывы, і адкажам на пытанне: “Да якіх рэчываў – простых ці складаных – адносяцца кіслоты?”(Кіслоты – гэта складаныя рэчывы.)

Праца ў парах з падручнікам

– На с. 119 прапаную разгледзіць табліцу 5 “Састаў кіслот і іх назвы”. Выпішыце назвы кіслот і іх формулы ў сшытак. Затым кожная пара ўслых чытае назву і формулу кіслаты.

– Што агульнага вы ўбачылі ў малекулах кіслот? (Прысутнасць H, ён і надае кіслы смак усім кіслотам.)

– Мы бачым, што кіслоты складаюцца з двух частак: спачатку атамы вадароду, а затым кіслотныя астаткі. Кіслотныя астаткі злучаны з атамамі вадароду ў адпаведнасці са сваёй валентнасцю.

– Як можна вызначыць валентнасць?

– Вы ведаеце, што вадарод заўсёды аднавалентны. Таму, калі ў малекуле HCl кіслотны астатак Cl злучаны з адным атамам H, то валентнасць кіслотнага астатку роўна аднаму, калі з двума атамамі H (H2SO4) – двум, а калі з трыма H (H3PO4) – тром.

– Давайце дадзім азначэнне, што ж такое кіслоты? (Кіслоты – гэта складаныя рэчывы, у састаў якіх уваходзяць атамы вадароду і кіслотныя астаткі.)

– Цяпер я прапаную вам прайсці па спасылцы і пазнаёміцца з такім паняццем, як індыкатары (https://youtu.be/XQM1rhYb9cY).

 Запісваем азначэнне ў сшыткі: індыкатары – гэта адмысловыя рэчывы, якія змяняюць свой колер у прысутнасці кіслот.

 

Выкананне лабараторнага доследу № 3

Перад выкананнем навучанне правілам бяспечных паводзін. Справаздача фіксуецца ў сшытках для лабараторных работ.

Меры засцярогі пры рабоце з кіслотамі

1) Пры рабоце з кіслотамі неабходна карыстацца сродкамі аховы – гумавыя пальчаткі, акуляры, рэспіратар і спецыяльнае адзенне: гумавы фартух і абутак.

2) Пры пападанні кіслаты на скуру або вопратку, неабходна неадкладна прамыць пашкоджаны ўчастак вялікай колькасцю вады, а затым прамыць слабым (1 %) растворам пітной соды.

3) Калі кіслата трапіла ў вочы, раствор неабходна разбавіць яшчэ ў два разы.

 

Выкананне доследу

– Перад вамі знаходзяцца дзве прабіркі: прабірка № 1 – раствор сернай кіслаты; прабірка № 2 – раствор салянай кіслаты.

1) У кожную прабірку дабаўце па адной кроплі раствору метыларанжу.

2) Якія змены адбыліся ў прабірках?

3) Параўнайце свае назіранні з данымі табліцы 6 на с. 122 падручніка.

 

Фізкультхвілінка для вачэй

 

IV Кантрольна-карэкцыйны этап

Заданне 1. Работа ў парах. Узаемаправерка

Дадзены тэкст, у якім “схованы” формулы кіслот. Падкрэсліце іх і дайце ім назву.

H2OSOHBrNa2CO3SO4KOH
H3PO4P2O5CaH2SHPH3HNO3CS2NH3CO3
HClBaSHKSHH2Na2OH2SiO3NaClH2SO4

 

Заданне 2. Работа з падручнікам 

Запаўненне табліцы ў сшытках, с 123, № 4.

 

Заданне 3. Работа ў парах 

Гульня “Хімічныя вагі”. Якая чаша вагаў пераважыць па агульнай малярнай масе кіслот?

– З атрыманнем кіслот і хімічнымі ўласцівасцямі кіслот больш падрабязна мы пазнаёмімся на наступным уроку.

 

V Рэфлексійна-ацэначны этап

– Прапаную вам скласці сінквейн (пяцірадкоўе).

Назоўнік (Тэма)
Прыметнік. Прыметнік (Апісанне)
Дзеяслоў. Дзеяслоў. Дзеяслоў.
Чатыры любыя часціны мовы (Вырашэнне адносін)
Адно слова (Вынік)

Кіслата
Аднаасноўная, ядавітая
Прымяняецца, змяшчаецца
Неабходная ў прыродзе
Смак

 

VI Дамашняе заданне (па ўзроўнях)

І узровень: § 20, заданне 2.
ІІ узровень: § 20, заданне 3 + творчае заданне: скласці адну гульню па тэме “Кіслоты”.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий