Фальклорнае свята “Ідзе Масленка з блінамі” для вучняў 1–2-х класаў

- 13:23Методичка, НАЧАЛЬНАЯ ШКОЛА, Начальная школа. Внеклассная работа

Задачы: садзейнічаць засваенню ведаў пра беларускае народнае свята Масленіца, развіццю творчых здольнасцей вучняў, выхаванню любові да Бацькаўшчыны, павагі да беларускай народнай культуры.

Галіна УС,
выхавальнік
ДУА “Іўеўская пачатковая школа”,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэта: знаёмства з гісторыяй, традыцыямі і абрадамі свята Масленіца.

Задачы: садзейнічаць засваенню ведаў пра беларускае народнае свята Масленіца, развіццю творчых здольнасцей вучняў, выхаванню любові да Бацькаўшчыны, павагі да беларускай народнай культуры.

Матэрыял і абсталяванне: касцюмы Бабулі, Алеські, Масленіцы; аўдыязапісы народнай музыкі па выбары выхавальніка; печ, на якой стаяць чыгункі, збоку вілкі; стол, у цэнтры стала бліны на ручніку.

Дзеючыя асобы: Бабуля Марыля, Алеська (унучка), Масленіца.

Месца правядзення: этнаграфічны музей Іўеўскай пачатковай школы “Скарбы Бацькаўшчыны” ці гульнявы пакой групы падоўжанага дня.

Аўдыторыя і яе ўзрост: вучні 1–2-х класаў.

 

Ход мерапрыемства

Вядучы. Дзеці, сёння мы з вамі на свята сабраліся, свята зімовае, свята вясёлае. Будзем зіму праводзіць, а з вясной карагодзіць. Вас чакаюць гульні, жарты, быць пахмурным тут не варта.

Алеська разгадвае крыжаванку. Бабуля, прыбраная па-святочнаму, завіхаецца ля стала, на якім бліны ды аладкі, розныя ласункі, і спявае песню.

Алеська. Па гарызанталі “вясёлае народнае свята”. Першая літара “М”. Што гэта за свята? (Задумваецца.) Бабуля, ты не ведаеш?

Бабуля. Паглядзі, унучанька, можа падыдзе Масленіца.

Алеська. Ой, бабулечка, ты адгадала. А што гэта за свята з такой смачнаю назваю?

Бабуля. Гэта не толькі смачнае свята, але і вясёлае. Калі я была маладой, дык мы яго так добра і весела адзначалі! Гэта народнае свята праводзін зімы. У нас казалі: “Зіма з вясною сустракаюцца, пра здароўе адна ў адной пытаюцца”.

Алеська. Зіма са снегам, вясна са смехам сышлі з дарожкі, бяруцца ў рожкі.

Бабуля. Так, так, унучанька. Вясна на парозе, а зіма – у дарозе. Хоць прыйшла яе пара, не хоча яна ісці са двара.

Алеська. Бабулечка, а чаму такая назва “Масленіца”?

Бабуля. Круглы і гарачы блін – сімвал веснавога сонца. А якія смачныя блінцы былі: з маслам, смятанкаю, мёдам, сырам! Свята было вясёлым і шумным. Ведаеце, дзеткі: хто на Масленку сумуе, таму ў годзе не шанцуе.

Алеська. Гэй, людзі, давайце гукаць, Масленку зваць.

Бабуля. Прыйдзі, Масленка, хутчэй, ды парадуй усіх гасцей.

Алеська. Прыйдзі, Масленка, хутчэй, сонейкам усіх абагрэй.

Усе. Прыйдзі, Масленка, хутчэй, ды парадуй усіх гасцей. Прыйдзі, Масленка, хутчэй, сонейкам усіх абагрэй.

Гучыць музыка. У залу ўбягае страката апранутая Масленіца на трох конях (іх ролю выконваюць дзеці, абвешаныя стужкамі са званочкамі).

Масленіца. О-го-го! Хто тут мяне так прыгожа клікаў?

Бабуля. Мы клікалі! Добры дзень, Масленіца дарагая, наша госця залатая, на саначках размалёваных, на конях вараных. Давайце, дзеткі, усе разам Масленіцу прывітаем. (Дзеці вітаюцца, пляскаюць у далоні.)

Масленіца. Добры дзень, дзеці! Добры дзень, паважаныя госці! Даўно ўжо ніхто мяне не клікаў. Зараз я вам раскажу пра гэтае свята.

Шмат гадоў таму ў канцы зімы рабілі чучала Масленіцы (паказвае чучала Масленіцы), апраналі на яго адзенне дзяўчыны і размаўлялі з ім, як з жывой істотай. Чучала называлі пані Масленіца, спадарыняй Масленіцай. Казалі ёй такія словы: “Душа ты мая, Масленіца, цукровыя вусны, салодкая твая мова! Прыязджай да нас у госці на шырокі двор з горкі пакатацца, у блінах паваляцца, сэрцам павесяліцца”. Потым ставілі на віднае месца і весяліліся цэлы тыдзень. Вось і я пастаўлю гэтае чучала на віднае месца, і будзем весяліцца.

Бабуля. А як весяліліся? Раскажы, калі ласка, нашым дзеткам.

Масленіца. Спявалі розныя песні, гойдаліся на арэлях, спаборнічалі паміж сабой у сіле, лоўкасці. Мужчыны качалі на вуліцы калоду, каб летам рос добры лён. I, вядома, частаваліся смачнымі блінамі, з маслам і рознымі іншымі прысмакамі. Я думаю, што і зараз атрымаюцца цікавыя спаборніцтвы. Ведаеце, у першы дзень гэтага свята спявалі песні, вадзілі карагоды, гукалі Масленіцу.

Бабуля. Даражэнькія госцейкі, становімся ў кружок на масленічны карагод. (Тлумачэнне танца.)

 

Гульня-карагод з хусткай (Масленіца праводзіць.)

Дзеці становяцца ў круг, трымаючыся за рукі. Пад музыку водзяць карагод. Масленіца – у цэнтры круга, прытанцоўвае. Музыка перастае гучаць, усе спыняюцца, і Масленіца становіцца насупраць двух дзяцей, паказваючы хусткай на іх. Яны становяцца спінай адно да аднаго. Дзеці ўсе разам прамаўляюць: “Гары, гары ясна, каб не згасла. Раз, два, тры – бяжы!” Пасля гэтых слоў дзеці бягуць у супрацьлеглых напрамках вакол карагода. Хто прыбяжыць першым і возьме хустку з рук Масленіцы – пераможца.

1-е дзіця.

А мы Масленку дажыдалі,
У акенца паглядалі,
Гару сырам набівалі,
Зверху маслам палівалі.

2-е дзіця.

Масленіца – белая вутка,
Нясі сыру, масла хутка.
Нясі сыру, масла,
Каб зіма згасла.

3-е дзіця.

Надакучыла зіма,
Цёплыя валёнкі,
Хочацца ўжо цяпла,
Песень птушак звонкіх.

Бабуля. На другі і трэці дзень – аўторак і сераду – пачыналіся ігрышчы. Каталіся на конях, санях, штурмавалі снежныя горкі. Раней быў такі цікавы звычай: унукі і ўнучанькі запрагалі коней, садзілі сваю бабулю ў санкі і везлі частавацца блінамі. Зараз і мы пакатаемся на санках.

 

Гульня “Хто хутчэй адвязе бабулю на бліны”

Хлопчыкі перавозяць на “санках” (упрыгожаных кардонках ці мяшках) дзяўчынак пад песню “Саначкі мае”.

Масленіца. У чацвёрты дзень хлопцы красаваліся перад дзяўчынкамі, паказвалі сваё маладзецтва, спявалі песні. Свой спрыт хлопчыкі пакажуць у конкурсе “Апрані Масленіцу”

 

Гульня “Апрані Масленіцу” (абсталяванне: спадніцы, хусткі, фартухі, патэльні, апалонікі, прыхваткі і г.д.)

У кожнай камандзе выбіраецца «Масленіца», астатнія ўдзельнікі па чарзе падбягаюць, апранаюць дэталь гарнітура, прыбраная «Масленіца» крычыць: «Масленіца ідзе, блін ды мёд нясе».

 

Гульня “Сцяжынка”

Хлопчыкі і дзяўчынкі становяцца насупраць. Паміж імі – імправізаваны плот, на якім прымацаваны стужкі. Кожны хлопчык бярэ канец стужкі і па камандзе пачынае намотваць яе на невялікую драўляную палачку. Перамагае той, хто хутчэй і лепш за ўсіх “пракладзе сцяжынку” да дзяўчынкі.

Бабуля. У пяты і шосты дзень – пятніцу і суботу – хадзілі да сваіх родных, частаваліся там блінамі і пірагамі, успаміналі тых, каго ўжо няма. І я таксама прыгатавала вам пачастунак. Калі пачастунак падабаецца, гаварыце: “Ням-ням”, “ням-ням-ням”, а калі не, то гаварыце: “Фу-фу”, “фу-фу-фу”. Зразумела?

 

Гульня “Пачастунак”

Булачкі хрумсткія, (“Ням-ням, ням-ням-ням”)
Тапкі гразнючыя, (“Фу-фу, фу-фу-фу”)
Піражкі салодкія, (“Ням-ням, ням-ням-ням”)
Аладкі сырныя, (“Ням-ням, ням-ням-ням”)
Сурвэткі тлустыя, (“Фу-фу, фу-фу-фу”)
Піражкі салодкія, (“Ням-ням, ням-ням-ням”)
Пернікі смачныя, (“Ням-ням, ням-ням-ням”)
Яблыкі хрумсткія, (“Ням-ням, ням-ням-ням”)
Сялёдачка марынованая, (“Ням-ням, ням-ням-ням”)
Грыбочкі паганыя, (“Фу-фу, фу-фу-фу”)
Шышкі яловыя, (Фу-фу, фу-фу-фу)
Крэслачкі новыя, (Фу-фу, фу-фу-фу)
Вазы тры смятаныю (“Ням-ням, ням-ням-ням”).

Бабуля. Якія вы ўважлівыя, разумныя, аж люба на вас глядзець.

Масленіца:У мяне для вас, дзеткі, таксама цікавае заданне. Вы станеце ўдзельнікамі славеснай гульні “Блін”. Звычайны блін можна назваць рознымі незвычайнымі добрымі словамі. Слухайце ўважліва, падказвайце старанна.

 

Гульня “Блін”

На талерцы ён адзін – завём проста… (блін),
шмат спяклі іх мы – назавём тады… (бліны),
спяклі для дочак – назавём (бліночак),
будзе есці іх сынок – назавём тады… (блінок)
Вялізны, як дамішча, – назавём яго… (блінішча).

Бабуля. А цяпер, мае даражэнькія, пакажаце свой спрыт у гульні “Блін гарыць”.

 

Гульня “Блін гарыць”

Першыя ўдзельнікі каманд прыбіраюцца ў хатніх гаспадынь (фартух, прыхватка). У руцэ патэльня. Дабегчы да бліноў (кругі з кардона), пакласці блін у патэльню і бягом на старт. Перадаць эстафету наступнаму ўдзельніку каманды. Выйграе тая каманда, якая больш прынясе бліноў. Гучыць песня “Ой, бліны”.

Бабуля. А цяпер сядайце, адпачывайце і ўважліва слухайце.

Масленіца. (Раздае дзецям сонейкі.) Дзеці, ад мяне ў вас у руках запаліліся сонейкі, і яны нагадалі мне пра апошні дзень – нядзелю – масленічнага тыдня, які называюць Даравальная нядзеля. Людзі просяць даравання ў тых, каго пакрыўдзілі. Гэта вельмі добры старадаўні звычай, трэба пра яго памятаць. Давайце і мы абдымемся і папросім даравання адзін у аднаго. (Дзеці выконваюць пажаданне Масленіцы.)

Бабуля. У гэты дзень танцавалі, спявалі, развітваліся з Масленіцай. Каб сустрэць вясну-красну з лёгкім сэрцам, раскладвалі вогнішча, спальвалі пудзіла, а з ім усё чорнае, нядобрае.

Ульянка.

Гэта пудзіла зімы,
Разрываем на шматкі,
Занясём у агарод,
Каб урадлівым быў увесь год.

Масленіца. Дзякуй вам, даражэнькія, за спрыт, за весялосць вашу. Пара мне развітвацца з вамі да наступнага года. А на развітанне хачу вас пачаставаць блінамі. (Масленіца і Бабуля частуюць усіх блінамі. Гучыць песня “Бліны”.)

Масленіца. Ну ўсё, даражэнькія, бывайце, Масленіцу ўспамінайце і праз год у госці чакайце. Да пабачэння!

Бабуля. Вось і закончылася наша свята. Ці спадабалася яно вам? (Адказы дзяцей.)

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий